Цімафей Хведашчэня
Цімафей Хведашчэня | |
---|---|
Дата нараджэння | 9 чэрвеня 1893 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 2 сакавіка 1977 (83 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Альма-матар | |
Прыналежнасць |
Руская імператарская армія Рабоча-сялянская Чырвоная армія Войска Польскае |
Род войскаў | пяхота, авіяцыя |
Гады службы | 1916—1947 |
Званне | палкоўнік |
Камандаваў | Асобным беларускім батальёнам 2-й Мінскай дывізіі |
Бітвы/войны |
Першая сусветная вайна Слуцкае паўстанне |
Узнагароды і званні |
Цімафе́й Хведашчэ́ня (Федашчэня, Федасеня; 9 чэрвеня 1893 — 2 сакавіка 1977) — беларускі вайсковы і грамадска-палітычны дзеяч, настаўнік, адзін з камандзіраў беларускага антыбальшавіцкага руху. Псеўданімы: Вішнеўскі, Кулеўскі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паходжанне і адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў 1893 г. у вёсцы Заравічы пад Лунінцам Пінскага павета ў Расійскай імперыі[1]. Навучаўся ў гімназіі ў Слуцку, у 1916 г. скончыў шосты клас.
Пачатак вайсковага змагання за Беларусь
[правіць | правіць зыходнік]У 1916 г. скончыў 6‑месячныя афіцэрскія курсы. У 1917 г. быў дэмабілізаваны з расійскай арміі. У снежні 1917 г. быў паручнікам 1-га беларускага пяхотнага палка ў Мінску, які фармаваўся Цэнтральнай беларускай вайсковай радай з дазволу бальшавіцкага галоўнакамандуючага расійскай арміі М. Крыленкі, аднак камандзір Заходняга фронту А. Мяснікоў загадаў ліквідаваць полк і далучыць яго жаўнераў да 289-га запаснога палка. Калі немцы рушылі на ўсход, Цімох Хведашчэня быў сярод беларускіх вайскоўцаў, якія 19 лютага 1918 г. паднялі ў Менску паўстанне і перанялі ўладу ў горадзе (гл. Падзеі ў Мінску 19—21 лютага 1918 года). Прымаў удзел у стварэнні 1-га Мінскага Беларускага нацыянальнага палка. Аднак немцы не дазволілі сфармаваць беларускую армію.
Пасля гэтага Хведашчэня, падобна, вярнуўся ў родную старонку, бо ў канцы 1918 г. ён служыў у Пінска-Валынскім батальёне валанцёраў. У 1919 годзе ён быў ужо камандзірам батальёна Чырвонай арміі ў Слуцку.
Партызанка на Барысаўшчыне
[правіць | правіць зыходнік]Падчас польскага наступу ў Беларусі Хведашчэня падняў антыбальшавіцкі рокаш у сваім батальёне і далучыўся да 1-га беларускага партызанскага атрада пад камандаваннем Лукаша Сяменіка, які дзейнічаў у раёне Барысава. Выціснуты бальшавіцкай карнай экспедыцыяй, атрад хаваўся ў лясах. Калі польскія войскі падышлі пад Барысаў, кіраўніцтва атрада паразумелася з польскім камандаваннем і вывела свой атрад разам з польскім 3-м уланскім палком на тылы бальшавікоў, што паскорыла іх адыход з Барысава. Атрад Сяменіка, у якім ваяваў Хведашчэня, заставаўся на фронце да лістапада 1919 года.
У арміі генерала Балаховіча
[правіць | правіць зыходнік]З ліпеня 1919 да лета 1920 Хведашчэня служыў у Войску Польскім як супрацоўнік ІІ аддзела (выведка і контрвыведка) пры камандаванні 2-й дывізіі (пазней 6-й дывізіі).
Увосень 1920 года Хведашчэня як камандзір групы мінскіх партызанскіх атрадаў разам з Вячаславам Адамовічам-старэйшым, старшынём Беларускага палітычнага камітэту, Паўлам Алексюком і інш. з мэтай распачаць супрацоўніцтва дзеля вызвалення Беларусі падпісаў тэлеграму-зварот на адрас старшыні Расійскага палітычнага камітэту на чале з Барысам Савінкавым і Станіславам Булак-Балаховічам, у якой гаварылася: «Пакутуючы пад ігам захопнікаў-бальшавікоў, беларускі народ кліча дапамагчы яму вызваліцца і здзейсніць запаветную мару многіх пакаленняў аб самастойнай дэмакратычнай Беларусі».
Затым капітан Хведашчэня займаўся вярбоўкай добраахвотнікаў у Слуцку ў войска генерала С. Булак-Балаховіча. Зноў утварыў свой партызанскі атрад, які ў 1920 годзе далучыўся да балахоўцаў. Ва ўмовах той вайны атрад Хведашчэні, як адзначалі сучаснікі, вылучаўся ў лепшы бок у плане маралі і дысцыпліны. Яго атрад меў свой сцяг і нават невялікі аркестр. Атрад капітана Хведашчэні быў далучаны як Асобны Беларускі батальён (разам з кавалерыйскім узводам налічваў 700 чал.) да 2-й Мінскай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка Мэдарда Мікошы.
Капітан Хведашчэня прыняў удзел у Палескім вайсковым паходзе генерала Булак-Балаховіча супраць бальшавікоў. У складзе групы палкоўніка Мікошы, якой была пастаўлена задача захапіць Жлобін, браў удзел баях пад Мазыром, Петрыкавым, Калінкавічамі, Даманавічамі.
Капітан Хведашчэня належаў да тых, хто вырашыў не здавацца і працягваць змаганне з бальшавіцкай уладай. Пасля інтэрнавання арміі генерала С. Булак-Балаховіча палякамі ў канцы лістапада 1920 года Хведашчэня прабраўся са сваім атрадам у Слуцк, дзе выступаў як камандзір Мінскага аддзела народнай добраахвотніцкай арміі. Варожа прыняты эсэраўскім кіраўніцтвам Рады Случчыны, ён накіраваўся ў Вызну. Урэшце, калі дайшло да баёў з бальшавікамі, Хведашчэня стаў афіцэрам 1-й Слуцкай брыгады. З-пад Морача, апошняга апорнага пункта паўстанцаў, разам з іншымі жаўнерамі ён адступіў у Давыд-Гарадок. Пасля таго, як брыгада скончыла баявыя дзеянні і была інтэрнаваная палякамі, Хведашчэня быў сярод тых случчакоў, якія ўсё яшчэ хацелі працягваць змаганне.
Партызанскі атаман у «Зялёным дубе»
[правіць | правіць зыходнік]Пасля вызвалення Хведашчэня накіраваўся ў Лунінец, дзе размяшчаўся галоўны штаб атрадаў Сялянскай партыі «Зялёнага Дуба», узброеныя атрады якога перыядычна ладзілі напады на памежныя тэрыторыі, занятыя бальшавікамі. З канца снежня 1920 г. Хведашчэня быў адным з атаманаў «Зялёнага Дуба» (меў псеўданім «Вішнеўскі»; карыстаўся таксама псеўданімам «Кулеўскі»).
Польскае камандаванне спрабавала арганізаваць некалькі тысяч беларускіх вайскоўцаў, што былі сканцэнтраваныя пад Нясвіжам, ствараючы з іх г. зв. рабочыя дружыны. Яны займаліся адбудовай мастоў, рамонтам дарог і іншымі падобнымі працамі ў прыфрантавой зоне. Гэтыя дружыны служылі базай для фармавання дыверсійных груп з самых надзейных і па-антыбальшавіцку настроеных асоб, якіх перакідалі на савецкі бок. У лютым 1921 г. камандзірам гэтых дружын быў Хведашчэня. Аднак ужо вясной 1921 г. польскае камандаванне вырашыла распусціць беларускія атрады, якія праз свае ўзброеныя акцыі прыносілі шмат клопатаў і самім палякам тым, што парушалі мірныя дамоўленасці. У канцы красавіка 1921 г. капітан Хведашчэня быў арыштаваны палякамі і перададзены для пакарання атаману Адамовічу-«Дзергачу».
Пасля вызвалення з-пад арышту 10 чэрвеня 1921 г. Хведашчэня падаўся на тэрыторыю Савецкай Беларусі і пачаў арганізоўваць падполле на тэрыторыі Бабруйскага і Слуцкага паветаў, прызваўшы ў пакрытыя лесам Вераб’ёвы горы сваіх колішніх жаўнераў і зялёнадубцаў, за якімі пацягнуліся і дэзертыры з Чырвонай арміі. Хведашчэня падзяліў іх на чатыры атрады па 250 чалавек пад камандаваннем сваіх афіцэраў, хутка стварыў сетку інфарматараў па вёсках і арганізаваў пяцёркі, якія распаўсюджвалі літаратуру, вялі агітацыю сярод сялян і жаўнераў Чырвонай арміі ды займаліся выведкай.
Хведашчэня нядоўга быў у Савецкай Беларусі, магчыма, што ён знаходзіўся там толькі да 29 чэрвеня 1921 г. Пасля вяртання ён звязаўся з арганізацыяй Народны хаўрус «За Бацькаўшчыну», створанай случчаком Арсенем Паўлюкевічам летам 1921, якая ставіла сабе за мэту «вызваленне Бацькаўшчыны з рук камуністаў і ўтварэнне Незалежнай Непадзельнай Беларусі ў яе этнаграфічных межах». Штаб Паўлюкевіча стварыў партызанскія атрады, на чале якіх стаяў Хведашчэня. У кастрычніку 1921 г. ён быў арыштаваны ІІ аддзелам 2-й арміі Войска Польскага ў мясцовасці Морач па абвінавачанні ў службовых і фінансавых злоўжываннях, але 24 снежня быў вызвалены з-пад варты ў Брэсце. Незразумела, чым быў сапраўды выкліканы гэты арышт, але якраз перад тым арганізацыя «За Бацькаўшчыну» стала пераходзіць на антыпольскія пазыцыі.
У Белавежы
[правіць | правіць зыходнік]У ліпені 1923 г. капітан Хведашчэня жыў ужо ў Белавежы. Камендантура Палітычнай паліцыі на г. Вільня, якая тады рабіла верыфікацыю беларускіх дзеячаў, палічыла яго прапольска настроеным беларускім вайскоўцам. Атаман Хведашчэня, падобна, патрапіў у гэтую пушчанскую мясцовасць разам з сотнямі іншых балахоўцаў, паселеных там сваім камандзірам. Белавежац Георгій Ваўкавыцкі ўспамінаў, што Хведашчэня «ажаніўся з тутэйшай жанчынай, мусіць з Ваўкавыцкіх, якіх называлі Цярэнцьевымі, ад бацькі Цярэнція. Жыў на жончыным, на Заставе (цяпер вул. Вольгі Габец). Мужчына быў вельмі высокі, мажны, мусіць самы моцны на Заставе. Да Другой сусветнай вайны абуваў белавежцаў у гумовыя лапці — прадаваў матацыклавыя і самаходавыя шыны, з якіх рабілі лапці, у параўнанні з традыцыйнымі — вечныя».
11 лістапада 1928 года Хведашчэня быў узнагароджаны медалём «Удзельнік вайны 1918—1921». У студзені 1939 г. ён звярнуўся да Міністэрства вайсковых справаў з просьбай разгледзець яго заяву ў справе ўзнагароджання Крыжам Незалежнасці. У гэты час ён жыў у Гайнаўцы. У 1939—1941 г. настаўнічаў у Белавежы.
Падчас нямецкай акупацыі стаў старшынём філіі Беларускага аб’яднання ў Белавежы, якое налічвала 84 асобы. Арганізаваў беларускую школу і стаў яе кіраўніком. Займаўся таксама культурнай дзейнасцю. У 1942 г. арганізаваў канцэрт спевака Забэйды-Суміцкага. Хведашчэні належала таксама крама з пісьмовымі матэрыяламі і газетамі, у якой гандлявала старэйшая дачка — Тамара. У ёй можна было купіць беларускія газеты, беластоцкую «Новую Дарогу» і берлінскую «Раніцу». Пад канец вайны, у 1944 г., перад надыходам Саветаў, разам з сям’ёй выехаў з немцамі.
Пасля вайны быў палкоўнікам Войска Польскага і служыў у авіяцыі. Дачка Тамара вучылася ў 1947 г. у Акадэміі палітычных навук на факультэце журналістыкі. У 1947 годзе ён быў арыштаваны. У 1954 годзе ён быў вызвалены з турмы, жыў у Варшаве. Памёр Цімафей Хведашчэня ў 1977. Быў пахаваны ў Варшаве: у 2013 годзе сябры Беларускай нацыянальнай памяці адшукалі на варшаўскіх Паўночных камунальных могілках ягоную магілу[2][3].
Зноскі
- ↑ Алег Латышонак. Цімафей Хведашчэня — атаман і настаўнік // Ніва : газета. — 30 лістапада 2008. — № 48 (2742). — С. I-III. — ISSN 0546-1960.
- ↑ Знойдзеная магіла кіраўніка беларускай антысавецкай партызанкі 1920-х // Наша ніва
- ↑ Zarząd Cmentarzy Komunalnych w Warszawie. Tymoteusz Fiedoszczenia
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ніна Стужынская. Беларусь мяцежная. З гісторыі узброенага антысавецкага супраціву у 20-я гг. ISBN 978-9-85703-504-5
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Алесь Кіркевіч (13 жніўня 2013). "Знойдзеная магіла кіраўніка беларускай антысавецкай партызанкі 1920-х". Наша Ніва. Праверана 10 лістапада 2013.
- Цімафей Хведашчэня. Атаман і настаўнік
- Нарадзіліся 9 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1893 годзе
- Нарадзіліся ў Пінскім павеце (Расійская імперыя)
- Памерлі 2 сакавіка
- Памерлі ў 1977 годзе
- Памерлі ў Варшаве
- Пахаваныя на Паўночных камунальных могілках у Варшаве
- Выпускнікі Слуцкай гімназіі
- Асобы
- Нарадзіліся ў Лунінецкім раёне
- Педагогі Беларусі
- Члены арганізацыі «Зялёны дуб»
- Удзельнікі Слуцкага паўстання
- Ваенныя Беларусі
- Партызаны
- Палкоўнікі
- Камандзіры батальёнаў