Гарадскі пасёлак Ушачы
| Горад
Ушачы
Ушачы
|
Ушачы — гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці Беларусі, цэнтр Ушацкага раёна, на р. Ушача. У 150 км да захаду ад Віцебска і 36 км ад чыгуначнай станцыі Лепель. Вузел аўтамабільных дарог на Мінск, Віцебск, Полацк, Лепель, Глыбокае, Докшыцы. Насельніцтвы 5,6 тыс. чал. (2009).
|
[правіць] Гісторыя
Вядомыя з 16 ст. Належылі полацкаму стольніку Ю. Кляноўскаму, з 1672 — Д. Радзімінскаму-Францкевічу, Шчытам, затым Плятэрам. У 1716 подвоевода полацкі В. Жаба заснаваў касцёл і дамініканскі кляштар з шпіталем і школай. З 1772 галоўны горад часткі Полацкага ваяводства, якая засталася за ВКЛ пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. У 1758 атрымалі магдэбургскае права.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) Ушачы сталі цэнтрам той часткі Полацкага ваяводства, што засталася ў Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. як заштатны горад, мястэчка, цэнтр Лепельскага павета Ушачы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.
3 1805 г. яны — цэнтр воласці ў Віцебскай губерні. У 1846 г. у мястэчку 95 жыхароў, 22 двары. Тут быў вадзяны млын, стаялі 2 карчмы. У 1880 г. дзейнічалі вінакурны завод, млын, былі 2 царквы, касцёл, 18 крам, 3 яўрэйскія малітоўныя школы, з 1890 г. працавала царкоўнапрыходская школа. Паводле перапісу 1897 г., у мястэчку 1268 жыхароў, 170 двароў, былі гарбарны і паташны заводы, млын, лячэбніца, аптэка, 16 крам, 8 шынкоў, заезныя дамы.
У 1919 г. Ушачы знаходзіліся ў складзе РСФСР, у 1924 г. увайшлі ў БССР і сталі цэнтрам Ушацкага раёна Полацкай, у 1935—38 гг. Лепельскай акруг. У 1938 г. Ушачам нададзены статус гарадскога пасёлка Віцебскай вобласці. У 1941 г. у пасёлку было 2,7 тыс. жыхароў, 600 двароў.
У Вялікую Айчынную вайну 7 ліпеня 1941 г. Ушачы акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. Яны загубілі тут 735 чалавек. Ва Ушачах і раёне дзейнічала патрыятычнае падполле. У канцы верасня 1942 г. партызаны разграмілі мясцовы варожы гарнізон і вызвалілі Ушацкі і суседнія з ім раёны ад фашысцкіх захопнікаў. Была створана Полацка-Лепельская партызанская зона. У снежні 1943 г. — красавіку 1944 г. ва Ушачах дыслацыраваліся штабы Полацка-Лепельскай аператыўнай групы ЦК КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху, партызанскай брыгады імя В.Чапаева. Тут размяшчалася падпольная друкарня, дзейнічалі партызанскі тэлефонны вузел, электрастанцыя, лесазавод. 30 красавіка 1944 г. Ушачы былі захоплены гітлераўцамі. Вызвалены войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту 29 чэрвеня 1944 г.
3 1944 г. Ушачы былі ў складзе Полацкай, з 1954 г. — Віцебскай абласцей. У 1962—66 гг. уваходзілі ў Лепельскі раён.
У 1969 г. ва Ушачах 2459 жыхароў. У 1969 г. быў распрацаваны праект забудовы цэнтральнай часткі гарадскога пасёлка. У 1977 г. створаны генеральны план Ушачаў. З 1924 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гарадскі пасёлак. У 1962—1966 у Лепельскім р-не.
Цэнтр пасёлка захаваў гістарычную планіроўку. Рака Ушача падзяляе пасёлак на 2 часткі. Левы бераг забудаваны пераважна індывідуальнымі дамамі сядзібнага тыпу. На правым беразе знаходзіцца адміністрацыйна-грамадскі цэнтр і асноўная жылая забудова. У цэнтры, які захаваў гістарычную планіроўку, пастаўлены 2—5-павярховыя дамы.
[правіць] Эканоміка
Прадпрыемствы лясной і дрэваапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасці. Вытворчая зона размешчана на паўднёвы ўсход ад пасёлка. Тут працуюць камунальнае унітарнае прадпрыемства «Ушацкі камбінат прамысловых тавараў», адкрытае акцыянернае таварыства «Ушацкі льнозавод», унітарнае вытворчае прадпрыемства «Ушацкі агароднінасушыльны завод» і інш.
[правіць] Адукацыя і культура
Ёсць сярэдняя, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, Цэнтр пазашкольнай работы з дзецьмі. Дзейнічаюць Дом культуры, 2 бібліятэкі, Дом рамёстваў, дзіцячая школа мастацтваў. Працуюць 9 калектываў аматарскай мастацкай творчасці, 2 народныя: клубы «Ветэран» і народных майстроў, 1 узорны — дзіцячы хор школы мастацтваў. Створаны Ушацкі музей народнай славы ім. В. Е. Лабанка.
[правіць] Выдатныя мясціны
- Гарадзішча днепра-двінскай культуры і часоў Русі (на ўсходняй ускраіне)
[правіць] Літаратура
- Барадулін, Р. Паклон табе… : нарыс / Р. Барадулін // Маладосць. — 1970. — № 11. — С. 118—121;
- Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ушацкага раёна / рэдкал. Г. К. Кісялёў [і інш.]. — Мн., 2003. — 640 с.: іл.
- Ушачы // Гарады і гарадскія пасёлкі Беларусі / рэд. Л. К. Калошына. — Мн., 1981. — С. 244—245;
- Ушачы // Рэспубліка Беларусь : вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт. — склад. Л. В. Календа. — Мн., 2004. — С. 165—166;
- Ушачи // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
[правіць] У Сеціве
| Ушацкі раён | ||
|---|---|---|
| Гарадскія пасёлкі | Ушачы | |
| Сельсаветы | Вялікадолецкі с/с • Вяркудскі с/с • Глыбачанскі с/с • Жарскі с/с • Кубліцкі с/с • Сарочынскі с/с • Ушацкі с/с | |
