Кізіл звычайны

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Кізіл звычайны
CornusMas Fruits 01.jpg
Галіна з пладамі
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Cornus mas

Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на ВікіСховішчы
ITIS   565094
NCBI   4285
EOL   591119
GRIN   t:11563
IPNI   271612-1
TPL   kew-47432

Кізі́л звычайны, кізіл мужчынскі, дзёран звычайны (Cornus mas) — кветкавая расліна сямейства кізілавых. Гэта адзіны від кізілаў, пашыраны ў культуры.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Лістападныя кусты.

Плод — цёмна-чырвоная мясістая падоўжаная касцянка. Плады кізілу маюць у сабе цукры, арганічныя кіслоты (пераважае яблычная), дубільныя і фарбавальныя рэчывы, вітамін C. У свежым лісці ёсць вітаміны E і C. У спелых пладах мякаці 68—88 %.

Выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

Плады спажываюць свежыя, гатуюць з іх кампоты, пасцілу, варэнне, марынады, начынкі, фруктовае цеста, кісель і інш.; яны з'яўляюцца сыравінай для прыгатавання натуральных і падсалоджаных сокаў з высокай колькасцю экстрактыўных рэчываў і вітамінаў, а таксама соку-паўфабрыкату з якога гатуюць сіропы, экстракты і іншыя харчовыя прадукты. 3 кізілу робяць джэм, а таксама дзіцячыя і дыетычныя стравы. Жыхары Крыма з фруктовага цеста выпякаюць салодкія праснакі. На Каўказе з кізілу гатуюць розныя прыправы да мясных страў. Свежыя плады захоўваюцца даўжэй, калі іх засыпаць цукровым пяском. 3 сушанага кізілу гатуюць настоі і адвары. Падсмажаныя і змолатыя костачкі — добры заменнік кавы.

Дзякуючы наяўнасці фітанцыдаў плады, лісце і кара галінак валодаюць бактэрыцыднымі ўласцівасцямі. У народнай медыцыне плады кізілу і прадукты іх перапрацоўкі, якія валодаюць вяжучымі ўласцівасцямі, выкарыстоўваюць для лячэння страўнікава-кішачнага тракту, узбуджэння апетыту, як мачагонны і агульнаўмацавальны сродак.[3]

Агратэхніка[правіць | правіць зыходнік]

Расліны кізілу садзяць у рад праз 2,5—3 м, на месцы, якое добра праграецца. Паверхню глебы мульчыруюць. Надземную частку абразаць неабавязкова, таму што саджанцы маюць добра разгалінаваную валасніковістую каранёвую сістэму і лёгка прыжываюцца.

Догляд за раслінамі заключаецца ў тым, каб прыствольную паласу шырынёй 1—1,5 м трымаць у рыхлым і чыстым ад пустазелля стане. Глыбіня рыхленняў у прыкуставой зоне не павінна перавышаць 5—8 см, таму што недапушчальна пашкоджванне валасніковістых каранёў, якія залягаюць паверхнева. Звычайна раз у 2—3 гады глебу ўгнойваюць. Каля прыкуставой паласы маладога кізілу можна вырошчваць бабовыя травы або гародніну.[3]

Сеянцы вырошчваюць у нізкаштамбавай (30—50 см) форме. У прышчэпленых раслін вышыня штамбаў павялічваецца да 50—70 см. Кізіл лепш вырошчваць у куставой форме, пакідаючы на кожнай расліне 5—7 найбольш моцных галін. Асноўны тып абрэзкі — прарэджванне. Выразаюць галіны і парасткі прыкаранёвыя, тыя, што загушчаюць крону, а таксама хворыя, якія труцца, паламаныя і няправільна размешчаныя.

Кізіл амаль не пашкоджваецца шкоднікамі і хваробамі, таму яго амаль не апрацоўваюць пестыцыдамі. Спелыя, цёмнаафарбаваныя плады збіраюць з галін або зямлі пасля іх ападання. Лепш захоўваюцца плады, сабраныя з пладаножкамі. Працяглае іх захоўванне ў свежым выглядзе магчыма пры тэмпературы каля 1—2 °C.

Зноскі

  1. Выкарыстоўваецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. 3,0 3,1 Энцыклапедыя сельскага гаспадара. Мн., 1993.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Энцыклапедыя сельскага гаспадара. — Мн.: БелЭн, 1993.