Іван Іванавіч Луцкевіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з І. Луцкевіч)
Jump to navigation Jump to search
Іван Луцкевіч
Ivan Lutskevich.jpg
POL COA Nowina.svg
Герб «Навіна»
 
Партыя: Беларуская сацыялістычная грамада
Адукацыя: Мінская мужчынская гімназія
Дзейнасць: публіцыст
Веравызнанне: рыма-каталік
Нараджэнне: 28 мая (9 чэрвеня) 1881
Шаўлі, Шавельскі павет[d], Ковенская губерня, Расійская імперыя
Смерць: 20 жніўня 1919(1919-08-20) (38 гадоў)
Закапанэ, Татранскі павет[d], Малапольскае ваяводства, Польшча
Пахаванне: Могілкі Роса
Дынастыя: Луцкевічы
Бацька: Ян Баляслаў Луцкевіч
Маці: Зоф'я Эмерыкава з Лычкоўскіх

Іва́н Іва́навіч Луцке́віч (28 мая (9 чэрвеня) 1881, Шаўлі, Ковенская губерня, Расійская імперыя — 20 жніўня 1919, Закапанэ, Польшча) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, археолаг, краязнавец.

Карыстаўся псеўданімамі Ян Міхальчык, Нашанівец, Шчасны, Palissander Нев.

Біяграфічны нарыс[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў з шляхецкага роду герба «Навіна». Брат Антона Луцкевіча.

У 1890 г. пачаў вучобу ў Лібаўскай гімназіі, у 18971902 гг. працягваў у Мінскай гімназіі. Займаўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта; у Маскоўскім археалагічным інстытуце. За сваю палітычную дзейнасць у 1903 г. трапіў у турму.

У 1904—1905 гг. працягваў вучобу ў Венскім універсітэце. У 1903 г. быў адным з заснавальнікаў БРГ (пазней БСГ). Прымаў актыўны ўдзел у падзеях 1905 года ў Мінску. У лютым 1906 г. сумесна з братам Іванам пераехаў у Вільню. Там яны адразу перайшлі на нелегальнае становішча, бо распачалося следства ў справе замаху на мінскага губернатара П. Курлова. Замах здзейснілі Іван Пуліхаў і сёстры Ізмайловіч, якія былі частымі гасцямі на мінскай кватэры Луцкевічаў, таму апошнія аўтаматычна падпадалі пад падазрэнне[1]. Ёсць звесткі, што з віленскімі кантактамі Луцкевічам дапамог Вацлаў Іваноўскі, іх паплечнік па пецярбургскай студэнцкай дзейнасці[2].

Ініцыятар стварэння ў Вільні многіх беларускіх арганізацый і выданняў, у тым ліку газеты «Наша доля» і «Наша ніва», выдавецтва «Наша хата» (1908), Беларускага выдавецкага таварыства (1913), Беларускага народнага камітэта (1915—1918), першых беларускіх школ на Віленшчыне, Гродзеншчыне, Беласточчыне (1916), настаўніцкіх курсаў, Віленскай беларускай гімназіі (1919), Беларускага навуковага таварыства (1918). Збіральнік і даследчык беларускіх старажытнасцей. Яго асабістая калекцыя стала асновай Беларускага музея ў Вільні.

У сярэдзіне чэрвеня 1919 г. выехаў на лячэнне на польскі курорт Закапанэ, дзе і памёр.

У палітыцы[правіць | правіць зыходнік]

Карціна «Партрэт Івана Іванавіча Луцкевіча», 1914 г. Мастак Анікіта Пятровіч Хатулёў. (Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь)

Разам з Антонам Луцкевічам, Вацлавам Ластоўскім і інш., Іван Луцкевіч распрацоўваў пытанні дзяржаўнага самавызначэння Беларусі — ад канцэпцыі краёвай аўтаноміі, аднаўлення на канфедэратыўнай аснове дзяржаўнай уніі Беларусі і Літвы (1906—1918) да абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах. Лічыў дэнацыяналізуючай у адносінах да беларусаў ролю рэлігійна-царкоўных праваслаўных і каталіцкіх структур на Беларусі як праваднікоў палітыка-ідэалагічных інтарэсаў Расіі і Польшчы. Выступаў за аднаўленне на Беларусі царкоўнай уніі дзеля паяднання рэлігійнага і грамадска-палітычнага рухаў у адзіным нацыянальна-адраджэнскім працэсе. Паводле яго ініцыятывы і з асабістым яго ўдзелам пытанне аб нацыянальным самавызначэнні беларускага народа ўпершыню прагучала на міжнародных форумах — канферэнцыі сацыялістычных і рэвалюцыйных партый (Фінляндыя, 1905), Славянскім з'ездзе прагрэсіўных студэнтаў (Прага, 1908), Міжнароднай канферэнцыі нацый (Лазана, 1916). Быў прыхільнікам раўнапраўных адносін Беларусі з Расіяй, Польшчай, Украінай, Літвой.

Практык-арганізатар, таленавіты прамоўца, Іван Луцкевіч спрыяў ажыўленню культурна-асветнай працы, абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай і студэнцкай моладзі, інтэлігенцыі. Паўплываў на творчы лёс Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Максіма Гарэцкага і інш.

У навуцы[правіць | правіць зыходнік]

«Кінуўшы рынуўшы паўстанне…». Сялянскі верш пра Паўстанне 1863—1864 гг., запісанае ў 1903 г. І. Луцкевічам у вёсцы Ухвішчы Лепельскага павета ад лесніка К. Касцюка. Аўтограф І. Луцкевіча

Іван Луцкевіч — аўтар навукова-публіцыстычных прац па гісторыі, мастацтве, кніжнай культуры Беларусі. Увёў у навуковы ўжытак помнікі старабеларускай літаратуры XVI ст., пісаныя арабскай графікай «Аль-Кітаб». Яго багатыя калекцыі сталі асновай для створанага ў 1921 Беларускага музея.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

У 1991 г. Іван Луцкевіч перапахаваны на могілках Роса ў Вільні. У Мінску створана Фундацыя сацыяльных ініцыятыў і даследаванняў імя братоў Луцкевічаў (1993).

7 сакавіка 2018 года ў Мінску ў рамках мерапрыемстваў да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі быў усталяваны памятны знак у гонар братоў Антона і Івана Луцкевічаў. Памятны знак размешчаны на месцы дамоў Зоф’і Луцкевіч па колішняй Садовай вуліцы (цяпер парк імя Янкі Купалы), дзе браты жылі ў 1896—1906 гадах[3].

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Аб беларускім мастацтве // Гоман. 1918, № 70 (перадрук: Скарыніч. Вып. 2. Мн., 1993);
  • Ай-Кітаб // Зборнік «Наша ніва». Вільня, 1920;
  • Ай-Кітаб-Кіцёп // Беларускае жыццё. 1920, 11 сак. (перадрук: Спадчына. 1992, № 3; Скарыніч. Вып. 2).

Зноскі

  1. Луцкевіч, А. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы / Антон Луцкевіч; [Уклад., прадм., камент., анатав. індэкс імёнаў А. Сідарэвіча]. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2003. — 287 с. — С. 90. — ISBN 985-6730-09-0.
  2. Собственноручные показания А. И. Луцкевича // Луцкевіч, А. Да гісторыі беларускага руху... — С. 11.
  3. Максім Ляшко У парку Янкі Купалы ў Мінску ўсталявалі мемарыяльную дошку ў гонар братоў Луцкевічаў. nn.by (7 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 7 сакавіка 2018. Праверана 7 сакавіка 2018.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Памяці Івана Луцкевіча. У першыя ўгодкі сьмерці яго. (20.8.1919 — 20.8.1920). Вільня, 1920;
  • Кветка Вітан. «Наша ніва» і Іван Луцкевіч // На суд гісторыі: Успаміны, дыялогі / Уклад. Б. І. Сачанка. Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. С. 61-65;
  • Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928 (рэпрынт, Мн., 1991);
  • Луцкевіч А. Беларускі музей ім. Івана Луцкевіча. Вільня, 1933 (рэпрынт, Мн., 1992);
  • Станкевіч А. Іван Луцкевіч — закладчык Віленскай Беларускай гімназіі // 25-лецьце Беларускай гімназіі ў Вільні, 1919—1944. Вільня, 1944;
  • Запруднік Я. Браты Луцкевічы й мы // Беларус. Нью-Ёрк, 1970, № 153—155;
  • Каваль А. (Каўка А.). Іван Луцкевіч, 1881—1919 // Ніва. 1981. № 23;
  • Каваль А. (Каўка А.). Яшчэ пра Івана Луцкевіча // Ніва. 1981. № 45, 46;
Мастацкая капэрта Белпошты 2006 года. Мастак Мікола Рыжы.
  • Iваноў М, Мірачыцкі Л. Асветнік, папулярызатар, збіральнік // Голас Радзімы. 1981. 18 чэрв.;
  • Адамовіч А. Як дух змагання Беларусі… Нью-Йорк, 1983;
  • Крывіцкі Л. (Луцкевіч Л.). Нельга абысці маўчаннем // Спадчына. 1991. № 1;
  • Гужалоўскі А. Сабранае застаецца, калі свой не адхінецца…: Іван Луцкевіч — збіральнік беларускіх старажытнасцяў // Мастацтва Беларусі. 1991. № 10;
  • Гарэцкі М. Псторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992. С. 283;
  • Каваль А. (Каўка А.). Іван Луцкевіч — адраджэнец // Беларусіка-Albaruthenica. Мн., 1993. Вып. 1.;
  • Лабынцаў Ю. Архіў беларускага адраджэння. Мн., 1993;
  • Вітан-Дубейкаўская Ю. Мае ўспаміны. Вільня, 1994;
  • Луцкевіч Іван // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.;
  • ЭГБ, т. 4;
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]