Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Жодзішкі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каталіцкі храм
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
54°37′24,67″ пн. ш. 26°26′32,3″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска
Канфесія Рымска-каталіцкая царква, да 1820 года - кальвінізм
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Тып будынка збор
Архітэктурны стыль рэнесанс
Заснавальнік Крыштоф Камар
Дата пабудовы 1612 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000594шыфр 412Г000594
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — каталіцкі храм (былы кальвінскі збор) у в. Жодзішкі Смаргонскага раёна. Помнік архітэктуры рэнесансу.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Мястэчка Жодзішкі з боку Віліі. Злева касцёл, справа — калегіум. Юзаф Азямблоўскі. XIX ст.

Уладальнікі мястэчка Осцікавічы заснавалі тут першы касцёл. У 1550 годзе ён узгадваецца ўжо як дзеючы ў межах Свірскага дэканата. Пры канцы XVI ст. па фундацыі наступных уладальнікаў, Кішкаў, у Жодзішках узводзіцца каменны кальвінскі збор у стылі рэнесанс. Па іншых звестках, яго пабудаваў на месцы касцёла Крыштаф Комар у 1612 годзе, а сын Крыштафа, Геранім Комар, вярнуў род у каталіцкую веру і да 1669 года пабудаваў новы драўляны касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, пры якім заснаваў парафіяльную школу. Іншыя крыніцы сцвярджаюць, што Крыштаф Комар у 1612 годзе пабудаваў касцёл, а Геранім павялічыўшы фундуш, падараваў яму маёмасць, пабудаваў плябанію і парафіяльную школу (не захаваліся).

Згодна з візітамі 1654—1700 гадоў касцёл ужо тады быў мураваны, меў дзве капліцы ў крылах трансепта — Маці Божай Ларэтанскай і св. Ганны — з адпаведнымі алтарамі і галоўны алтар Найсвяцейшай Тройцы. Пад галоўным алтаром знаходзіўся склеп з трунамі фундатараў і яшчэ два склепы былі зроблены «пад ларэтам». Побач з касцёлам стаялі гаспадарчыя будынкі, плябанія і шпіталь

У 1708 г. побач, у падоранай Барбарай (з Комараў) Мінкевіч (Міцкевіч) і яе сынам Адамам сядзібе, аселі езуіты. У 1727 г. яны пабудавалі касцёл Св. Іуды Тадэвуша, у 1745 г. адкрылі музычную бурсу, у 1767 г. — аптэку. Непадалёк ад збора ў 17571766 гадоў паводле праекта архітэктара Т. Жаброўскага пабудаваны двухпавярховы калегіум, для ўпрыгожання якога жывапіснымі размалёўкамі запрасілі беларускага мастака М. Бейтніка. З 1756 года тут пачалі выкладаць філасофію, так мясцовы калегіум перайшоў у ранг вышэйшых навучальных устаноў. Ад калегіума езуіты заснавалі місіі ў Войстаме і Данюшаве. Аднак сваёй галоўнай мэты айцы езуіты так і не дасягнулі — кальвіністы па-ранейшаму заставаліся ў Жодзішках і валодалі зборам.

Касцёл на малюнку Канстанціна Тышкевіча, XIX ст.

Пад ціскам кальвіністы пакінулі Жодзішкі. Са скасаваннем ордэна будынак калегіума перайшоў у 1774 г. да новых уладальнікаў Жодзішак Ласкарысаў (паводле іншых звестак — Патоцкіх, Мілашэўскіх, у 1830-я гг. — Бакшанскіх) і быў прыстасаваны пад сядзібу. У 1820-я гг. збор быў пераўтвораны ў парафіяльны Троіцкі касцёл. Пасля паўстання 1863—64 гг. святар касцёла Вішнеўскі быў сасланы ў Кастраму, касцёл застаўся парафіяльным, але былі канфіскаваны 3 абразы: «Сэрца Ісуса», «Св. Іазафат» і «Благаверны Андрэй Баболя».

Касцёл, фота 1915

У 1886 г. касцёл абкружаны высокай мураванай агароджай. У 1902 г. да яго прыбудаваны бакавыя капліцы. У гады Першай сусветнай вайны германскія войскі разбурылі вежы і арганізавалі ў будынку шпіталь, а потым шавецкую фабрыку.

Айцец В. Гадлеўскі падчас імшы ў Жодзішскім касцёле. Сярэдзіна 1920-х гадоў.

У 1924 г. пробашчам быў прызначаны прыхільнік беларусізацыі касцёла Вінцэнт Гадлеўскі. Троіцкі касцёл быў рэстаўрыраваны (на ўспамін аб пашкоджаннях часоў вайны над акном сакрыстыі былі ўмураваны часткі шрапнельных снарадаў). У 1929 годзе да парафіі далучылася капліца на ў Дубцы. У тыя гады ў парафіі было больш за 4100 вернікаў. У 1937 годзе мастак Пётра Сергіевіч размаляваў скляпенні касцёльных капліц. У савецкі час касцёл працягваў дзейнічаць.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Спачатку будынак уяўляў сабой аднанефавы прамавугольны ў плане храм без апсіды, з двух’яруснай чацверыковай вежай-званіцай на галоўным фасадзе. Пры перабудове да нефа прыбудаваны вялікія прамавугольныя ў плане бакавыя капліцы з трохвугольнымі шчытамі ў завяршэнні тарцовых сцен, зменена арыентацыя храма на процілеглую — вежа апынулася над прэсбітэрыем (зруйнаваная пад час Першай сусветнай вайны).

Цяпер гэта мураваны крыжападобны ў плане аднанефавы храм з больш нізкай квадратнай у плане алтарнай апсідай з сакрысціем на поўначы і вуглавымі контрфорсамі. Неф і капліца накрытыя двухсхільнымі дахамі. Галоўны фасад вырашаны плоскасна, завершаны шчытом, партал уваходу аформлены рустыкай. Сцены расчлянёныя плоскімі лапаткамі, прарэзаныя лучковымі вокнамі і нішамі, завершаныя прафіляваным карнізам. Унутры неф перакрыты цыліндрычным, капліцы — крыжовымі скляпеннямі. Над уваходам — хоры.

Скляпенні капліц упрыгожаны ў 1-й палове ХХ ст. размалёўкай мастака П. Сергіевіча. У капліцы св. Пятра паказана казанне Апостала, укрыжаванне Пятра, уручэнне ключоў і выцягванне сецяў з рыбай; тут жа мастак пакінуў і сваю манаграму «P.S.1937». У капліцы Учынкаў Міласэрнасці таксама прадстаўлены 4 сцэны па краях скляпення: напаіць прагнучага, наведаць хворага, прыняць падарожнага, накарміць галоднага. У гэтых фрэсках мастак увекавечыў вобразы мясцовых парафіян (яшчэ да сённяшняга дня жыхары называюць тых, хто намаляваны) і нават самога сябе.

На мясцовых могілках у руінным стане захавалася трох’ярусная каплічка-слупок. Калісьці стаялі ў мястэчку яшчэ дзве прыдарожныя капліцы: адна, пры павароце на могілкі, была прысвечана св. Ганне, другая, у цэнтры на скрыжаванні, — св. Яну Непамуцэну. У 1970-я гг. капліцы былі знесены, захавалася толькі фігурка св. Яна, якая цяпер стаіць у касцёле.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]