Замкавая царква, Мінск

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Славутасць
Замкавая царква
Рэканструкцыя выгляду Замкавай царквы ў Мінску. Генадзь Лаўрэцкі
Рэканструкцыя выгляду Замкавай царквы ў Мінску. Генадзь Лаўрэцкі
53°54′26″ пн. ш. 27°33′11″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Мінск
Дата пабудовы XII стагоддзе

За́мкавая царква́ — рэшткі храма ў Мінску, размешчаныя у раёне плошчы 8 Сакавіка, за 22 метры на ад усходняй сцяны Дома фізкультуры Добраахвотнага спартыўнага таварыства «Працоўныя рэзервы»[1]. Царква не мае аналагаў у старажытна-рускім манументальным будаўніцтве, але мае рысы раманскай архітэктуры.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Схема Мінскага замчышча і месцы археалагічных раскопаў. Белым контурам пазначаны абрыс Замкавай царквы

Будаўніцтва замкавай царквы вялося ў пачатку XII ст., паводле меркавання Э. М. Загарульскага паміж 1069 і 1073 гг., ва ўсходняй частцы Замчышча, на правым беразе р. Свіслач[1][2]. Мураваны храм пачалі будаваць з бутавага каменю пасля моцнага пажару, які знішчыў забудову дзядзінца і, верагодна, драўляную царкву, якая тут была раней. Па невядомых прычынах будаўніцтва не было скончанае[2]. На думку Э. Загарульскага, у яе ўзвядзенні прымалі ўдзел польскія майстры[3].

Амаль праз стагоддзе пасля спынення будаўніцтва царквы на яе месцы ўзнік хрысціянскі могільнік знатных гараджан[2].

План Замкавай царквы паводле даных раскопак

У 19491951 гг. помнік даследаваў В. Р. Тарасенка. У 1976 г. паўторнае даследаванне правёў Г. В. Штыхаў[2].

Матэрыялы даследаванняў захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН Беларусі і Дзяржаўным музеі Беларусі[2].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Рэшткі храма

На месцы старой драўлянай царквы былі зробленыя падмуркі, ніжнія часткі апсід, паўдёвай і заходняй сцен. Паводле плана падмуркаў меркавалася паставіць кампактны чатырохслуповы крыжова-купальны храм, амаль квадратны ў плане, з трыма паўавальнымі апсідамі. Памер асноўнага аб'ёму 12х12 м, даўжыня з апсідамі 16,3 м, таўшчыня сцен 1,5 м. На ўнутранай паверхні паўднёвай і паўночнай сцен захаваліся выступы лапатак. Памеры бакоў падкупальнага квадрата каля 3,3 м, падмуркі слупоў, якія яго ўтвараюць, у плане Г-падобныя, складзены з невялялікіх камянёў, паміж імі стужкавыя фундаменты. Фундамент будынка мае выгляд дзвюх сценак, складзеных з бутавага каменю, прастора паміж якімі запоўненая неапрацаванымі камянямі на вапнавым растворы. Усе падмуркі ўрэзаныя ў пясчаны грунт (глыбіня месцамі больш за 1 м). Устаноўленая наяўнасць апалубкі з тонкіх дошак, забітых вертыкальна ўздоўж сценак рова падмурку (паўторнае даследаванне Г. В. Штыхава ў 1976 г.)[2].

У цэнтральнай апсідзе зафіксаваны квадратны ў плане вянок з бярвён і абчасаная каменная пліта ад алтара. Упоперак малых бакавых апсід былі пакладзеныя бярвёны, якія злучалі падмуркамі. Унутры храма на яго паўднёвай і часткова заходняй сценках захавалася абліцоўка з добра апрацаваных плітак (памеры 5,4х14,5х19 см і 9,4х20х29,4 см), вырабленых з наздраватага даламіту і пакладзеных гарызантальна з перавязкай швоў. Месцамі пліткі захаваліся ў 5—6 радоў[2].

Памятны знак на месцы царквы
Муляж падмуркаў храма

На паўночны ўсход ад царквы выяўленыя яма для прыгатавання вапны плошчай 25 м² і пляцоўка майстэрні, дзе абчэсвалі пліткі, калі вялося будаўніцтва[2].

Цяпер падмурак храма знаходзіцца на глыбіні 0,5—2,1 м ад сучаснай дзённай паверхні[1]. У 1967 г. за 30 м ад падмуркаў замкавай царквы быў пабудаваны яе муляж[2].

Гарадскі некропаль[правіць | правіць зыходнік]

Пахаванне 1-й паловы 13 ст.

Амаль праз стагоддзе пасля спынення будаўніцтва царквы на яе месцы ўзнік хрысціянскі некропаль знатных гараджан. Выяўленае 21 пахаванне XIII ст. ў дамавінах скрынкавага тыпу з вялікіх хваёвых дошак на шыпах без цвікоў. Саркафагі мелі прамавугольную форму, некаторыя вечкі і бакавыя сценкі абгорнуты бяростай. Нябожчыкі пахаваны па славянскім звычаі галавой на захад са скрыжаванымі на грудзях рукамі, без рэчаў. Захаваліся рэшткі шарсцянога адзення і скуранога мяккага абутку (чаравікі, вышытыя ніткамі). Каля аднаго дзіцячага пахавання зпойдзены залаты бранзалет вагай 75,5 г, відаць, пакладзены як ахвярапрынашэнне ці схаваны як скарб[1].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск /АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ, 1988.— 333 с.: іл. ISBN 5-85700-006-8.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 2,5 2,6 2,7 2,8 Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.
  3. Загорульский Э. М. Возникновение Минска. С. 201,202.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]