Перайсці да зместу

Глеб Усяславіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Глеб Менскі)
Глеб Усяславіч
аг.-усх.-слав.: Глѣбъ Всеславичь
Глеб Усяславіч на манеце Нацбанка Беларусі (2007).
Глеб Усяславіч на манеце Нацбанка Беларусі (2007).
князь менскі
1101 — 1118

Нараджэнне каля 1070
Смерць 13 верасня 1119[1][2]
Месца пахавання
Род Ізяславічы Полацкія
Бацька Усяслаў Брачыславіч[5]
Маці Усяславава Брачыславіча[d][5]
Жонка Анастасія Яраполкаўна
Дзеці Расціслаў Глебавіч, Валадар Глебавіч і Усевалад Глебавіч[5]
Веравызнанне праваслаўе
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Глеб Усясла́віч (аг.-усх.-слав.: Глѣбъ Всеславичь; не раней за канец 1040-х і не пазней за 1070 — 13 верасня 1119, Кіеў) — князь менскі (да 1118)[6].

З роду Ізяславічаў Полацкіх, сын полацкага князя Усяслава Брачыславіча[6].

Імя Глеб — старажытнаскандынаўскага паходжання[7]. Імаверна, полацкі князь Усяслава назваў сваіх сыноў у памяць родзічаў — Барыса (у хрышчэнні Рамана) і Глеба (Давыда) Уладзіміравічаў, кананізаваных у 1071 годзе (гл. Барыс і Глеб). У выпадку Глеба Усяславіча гэта пацвярджае выява Святога Глеба на яго пячатцы.

Усяслаў Брачыславіч з сынамі (магчыма, Барысам і Глебам) плыве цераз Дняпро на перамовы з вялікім князем кіеўскім Ізяславам Яраславічам у 1067 годзе. Справа — кіеўскі поруб, куды Ізяслаў іх пасадзіў. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу, XV ст.

Напэўна, Глеб быў другім сынам Усяслава, хоць пытанне старшынства Усяславічаў застаецца дыскусійным. Таму, на думку адных даследчыкаў, мог нарадзіцца ў канцы 1040-х гадоў. На думку іншых, Глеб нарадзіўся каля 1070 года[6], бо ў 1073 годзе, магчыма, ён заручаны з дачкой князя Яраполка Ізяславіча. За Яраполкаўнай, магчыма, Глеб і атрымаў Менск[8], які пасля смерці бацькі ў 1101 годзе стаў яго ўдзелам.

На думку Васіля Тарасенкі, пры Глебе ў Менску будавалі каменную царкву[9].

Глеб імкнуўся пашырыць свой удзел. Неўзабаве па смерці бацькі пачаў вайну з братамі — выгнаў Давыда і, магчыма, Рамана. У 1104 годзе абараняў Менск ад аб’яднанага войска паўднёварускіх князёў — вялікі князь Святаполк Ізяславіч паслаў супраць Глеба ваяводу Пуцяту Вышаціча, князь пераяслаўскі Уладзімір Манамах — свайго сына Яраполка, князь чарнігаўскі Алег Святаславіч прыйшоў сам і прывёў глебава брата Давыда. Мэтай, імаверна, было вяртанне Давыду ўдзела[10]. Аднак паход на Менск не меў поспеху[6], імаверна, бо вялікі князь Святаполк не хацеў паразы Глеба — свайго сваяка і саюзніка.

Напэўна, са згоды вялікага князя Святаполка Глеб далучыў да сваіх уладанняў землі абапал Дняпра, дзе пабудаваў крэпасці ў Оршы, Копысі і іншыя (напрыклад гарадзішчы каля вёсак Германы, Кісялі і Стражава Дубровенскага раёна[11]), усе гэтыя ўмацаванні з’явіліся на пачатку XII ст.[11][12]. У пачатку XI ст. тэрыторыю абапал Дняпра са «шляхам з вараг у грэкі» кантраляваў непасрэдна Кіеў[11]. У Смаленскім княстве, вылучаным у 1054 годзе, у 2-й палове XI ст. часта мяняліся князі і не было ўмоў для інтэнсіўнага збірання тэрыторыі, да канца XI ст. яго заходнімі валасцямі ў Падняпроўі былі Басея і Мірацічы, якія ахоплівалі басейны Басі і Мярэі[13]. У канцы XI ст. Смаленскае княства замацавалі за сабою дзецьмі Уладзіміра Манамаха, яны, напэўна, таксама імкнуліся атрымаць кантроль над Дняпром, што стала прычынай іх варожасці да Глеба[11].

У 1106 годзе, магчыма, Глеб разам з братамі ўдзельнічаў ў няўдалым паходзе на земгалаў. Апроч зямель абапал Дняпра з Оршай і Копыссю, Глеб далучыў да свайго княства і Друцк[14], акалічнасці гэтага невядомы.

У 1108 годзе ахвяраваў Кіева-Пячэрскаму манастыру на пабудову трапезнай 600 грыўняў срэбра і 50 грыўняў золата[6] (100 грыўняў срэбра і 50 грыўняў золата таксама ахвяравала жонка пасля смерці князя паводле яго завяшчання).

Сярэдневяковае гарадзішча Менска (з XI ст.). Фота XIX ст.
Схема размяшчэння сярэдневяковага гарадзішча Менска на плане сучаснага горада. Каляровыя пазначэнні з нумарамі — месцы археалагічных раскопаў.

Па смерці Святаполка (16.4.1113) вялікім князем кіеўскім стаў Уладзімір Манамах — праціўнік Святаполка і Глеба, які разыходзіўся з імі па многіх пытаннях, у тым ліку па спадчынных правах на княжанні. У 1116 годзе Глеб напаў на зямлю дрыгавічоў і спаліў Слуцк[6], які належаў Уладзіміру. Паводле летапісу, Уладзімір, быццам, угаворваў Глеба вырашыць пытанні мірам, але Глеб, быццам, не хацеў прызнаваць сябе вінаватым і абвінавачваў ва ўсім самога Уладзіміра. Урэшце, на Менскае княства скіраваны ўдар шматлікага войска з трох бакоў — Кіева і Пераяслава, Смаленска і Чарнігава. Смаленскі князь Вячаслаў (сын Уладзіміра) захапіў Оршу і Копысь. Аб’яднанае войска чарнігаўскага князя Давыда Святаславіча (стрыечнага брата Уладзіміра) і пераяслаўскага князя Яраполка (сына Уладзіміра) узяло прыступам Друцк. Сам Уладзімір скіраваўся да Менска і аблажыў горад. Двухмесячная аблога не мела поспеху, Уладзімір вырашыў яе працягваць і загадаў будаваць пад менскім дзядзінцам сабе хату на зіму.

Глеб убачыў падрыхтоўку да працяглай аблогі і адправіў паслоў да Уладзіміра, які згадзіўся на перамовы[6]. Менскі князь выйшаў з горада з дзецьмі і дружынай і паабяцаў ва ўсім слухацца. Уладзімір павучаў Глеба, як ён павінен паводзіць сябе, і даў яму, паводле летапісу, Менск — такім чынам, як лічаць некаторыя даследчыкі[15][16], забраў значную частку ўладанняў, у тым ліку Друцк і Падняпроўе. Сын Уладзіміра Яраполк вывеў у палон жыхароў захопленага Друцка і пасяліў у сваім Пераяслаўскім княстве, пабудаваў для іх горад Жэлні  (руск.).

Глеб нядоўга трымаўся павучанняў Уладзіміра і, паміж 1116 і 1118 годам, напаў на смаленскія і ноўгарадскія воласці[6]. Гэтым разам Уладзімір паслаў у 1118 годзе свайго сына Мсціслава з вялікім войскам, ён аблажыў і ўзяў Менск. Глеб трапіў у палон і адвезены ў Кіеў[6].

Памёр 13 верасня 1119 года ў кіеўскай вязніцы. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры, у паўднёвай частцы Успенскага сабору ў галовах ігумена Феадосія, аднаго з заснавальнікаў манастыра, пазней побач пахавана і жонка — Яраполкаўна, якая перажыла мужа на 40 гадоў[17].

Віслая пячатка Глеба Усяславіча, тып 2. Аверс і рэверс.

Вядомы 3 тыпы віслых пячатак, якія даследчыкі звязваюць з Глебам Усяславічам. На аверсе ўсіх тыпаў — выява святога Глеба ў княжацкай шапцы, з мучаніцкім крыжам на грудзях і двухкалонкавым надпісам «Глѣбъ». На рэверсе: тып 1 — шасціканцовы расквітнелы крыж і надпіс «ІС ХС» (Ісус Хрыстос), тып 2 — надпіс «Госпадзеі, дапамажы рабу свайму Глебу», тып 3 — выява Маці Божай. Зарэгістраваны 3 пячаткі 1-га тыпу (дыяметр 20—21 мм, дзве з Кіева і адна з Гродна) і 3 пячаткі 2-га тыпу (дыяметр 22—23 мм, дзве з Ровенскай і адна з Жытомірскай абласцей Украіны). Да 3-га тыпу належыць 1 пячатка з Валынскай вобласці (Украіна) дыяметрам 22 мм. Нумарацыя тыпаў — у парадку знаходак.

Да пячатак 1-га тыпу падобны дзве пломбы (адбіткі малых пячатак), знойдзеныя ў Полацку, з выявай святога Глеба і надпісам «ГЛ» (Глеб), а на зваротным баку — 6-канцовы расквітнелы крыж; дыяметр — 13 мм. Іх таксама можна аднесці да Глеба Усяславіча.[18]

Пячаткі тыпу 1, на думку некаторых даследчыкаў, маглі належаць гарадзенскаму князю Глебу Усеваладавічу.

Жонка з 1090 года Анастасія Яраполкаўна (пам. 1159), дачка князя ўладзімірскага Яраполка Ізяславіча. З крыніц вядома трое іх сыноў: 

  • Расціслаў (1090-я — пасля 1161/1162) — князь менскі (1140-я — 1151, 1158—1161/1162), полацкі (1151—1158);
  • Валадар (1090-я — пасля 1176/1177) — князь менскі (1151—1158; 1162—1167/1183), полацкі (1167);
  • Усевалад — князь ізяслаўскі (да 1159), стрэжаўскі (пасля 1159).

Васіль Тацішчаў паведамляе пра смерць Ізяслава Глебавіча, якога лічыць полацкім князем[19], пад 14 мая 1134 года, але гэта сын курскага князя Глеба Ольгавіча.

Урывак з «Тэратургімы» з эпітафіяй Глебу Усяславічу і яго жонцы.
  • Саборны манах Пячэрскага манастыра Афанасій (Кальнафойскі)[uk] у сваёй «Тэратургіме[uk]» (1638) дае сярод эпітафій фундатарам Лаўры і эпітафію Глебу Усяславічу і яго жонцы з вершаваным прысвячэннем.
  • Памятныя манеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь «Глеб Менскі» серыі «Умацаванне і абарона дзяржавы». Наміналы: 1 рубель (медна-нікелевая), 20 рублёў (срэбная). Дызайн Святланы Заскевіч. Чаканка ЗАТ «Літоўскі манетны двор», Вільня. Выпуск у абарачэнне 12 ліпеня 2007 года[20].
  1. Глеб Всеславич // Русский биографический словарь / пад рэд. A. PolovtsovСПб.: 1905. — Т. 14. — С. 400–401.
  2. Данилевич В. Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетияКиев: 1896. — С. 71. — 260 с.
  3. Данилевич В. Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетияКиев: 1896. — С. 75. — 260 с.
  4. А. Э. Глеб Всеславич // Энциклопедический словарьСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1893. — Т. VIIIа. — С. 915.
  5. а б в Pas L. v. Genealogics — 2003.
  6. а б в г д е ё ж з Глеб Всеславич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 148. — 737 с.
  7. Behind the Name: Meaning, Origin and History of the Name Gleb. (англ.)
  8. Заяц Ю. Л. Менская зямля… С. 10.
  9. Тарасенко, В. Р. Раскопки Минского замчища в 1950 г. / В. Р. Тарасенко // Краткие сообщения о докладах и полевых исследованиях института истории материальной культуры. — Вып. 44. — Москва, 1952. — С. 130.
  10. Рапаў…
  11. а б в г «На Рши у Смолиньска» 1997, с. 19;.
  12. Ляўко В. М. Смаленска-Полацкае… С. 174—175.
  13. «На Рши у Смолиньска» 1997, с. 17, 19;.
  14. Семянчук, Г. Глеб Усяславіч / Г. Семянчук // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — С. 43. ISBN 985-11-0041-2.
  15. Загарульскі, Ермаловіч…
  16. «На Рши у Смолиньска» 1997, с. 20;.
  17. Аθанасій Калнофойскій. Эпитафіи фундаторам лавры / Отделъ ІІ. Извѣстія очевидцевъ, современниковъ и иностранныхъ писателей // Сборникъ матеріаловъ для исторической топографіи Кіева и его окрестностей.— Кіевъ: типографія Е. Я. Федорова, 1874.— С. 28
  18. Жуков, И. Вислые печати полоцкого князя Всеслава Брячеславича и его сыновей Бориса и Глеба Всеславичей Архівавана 4 сакавіка 2016. / И. Жуков // Нумізматика і фалеристика. — 2013. — № 4. — С. 18—21. (руск.)
  19. Тацішчаў 1962; Т. 2., С. 145.
  20. Памятныя манеты «Глеб Менскі» Архівавана 5 сакавіка 2016. // Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь
  • Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. — М., 1975.
  • Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мн., 1998, − 260с.
  • Заяц Ю. Л. Менская зямля // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 4.
  • Кежа Ю. Н. Глеб Всеславич и Киево-Печерский монастырь: место полоцких князей в родословной структуре Рюриковичей // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы: науч. сб. — Вып. 15. — Минск: РИВШ, 2022. — ISSN 2079—1488 — С. 55-62.
  • Литвина А., Успенский Ф. К уточнению семантики древнерусского «свататися»/«сватитися» и «сват(ь)ство» // Die Welt der Slaven LVIII, 2013. — С. 308—325.
  • Ляўко В. «На Рши у Смолиньска» // Беларуская мінуўшчына. — 1997. — № 2 (24). — С. 15-20.
  • Ляўко В. М. Смаленска-Полацкае памежжа ў Верхнім Падняпроўі (па археалагічных і пісьмовых крыніцах) // ГАЗ — № 12. — Мн., 1997.
  • Рыжов К. Все монархи мира. Россия. — М.: Вече, 1998. — 640 с. — 16 000 экз. — ISBN 5-7838-0268-9.