Касцёл Святой Ганны (Мосар)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Касцёл Святой Ганны, Мосар)
Jump to navigation Jump to search
Каталіцкі храм
Касцёл Святой Ганны
Kaścioł śv. Hanny, Mosar, Biełaruś.jpg
55°13′28,10″ пн. ш. 27°27′43,97″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Вёска Мосар
Канфесія Каталіцызм
Епархія Віцебская дыяцэзія
Архітэктурны стыль класіцызм
Дата пабудовы 1792 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000397шыфр 212Г000397
Стан дзейнічае

Касцёл Святой Ганны — каталіцкі храм у в. Мосар, Глыбоцкі раён. Пабудаваны ў 1792 г. з цэглы, размешчаны ў цэнтры вёскі. Помнік архітэктуры класіцызму.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл быў фундаваны Робертам і Ганнай з Плятэраў Бжастоўскімі і названы ў гонар апошняй. Храм узведзены ў неакласіцыстычным стылі, прамавугольнай у плане формы. Асвячоны ў 1851 г. віленскім біскупам Вацлавам Жылінскім.

Колькасць вернікаў у 1929 годзе складала звыш 5700 чалавек.

Мосар у пачатку 20 ст., фотаздымках Яна Балзункевіча

У 1945-46 гг. набажэнства ў касцёле вёў кс. Баляслаў Гаймар, у 1948-54 гг. — Рычард Стагандаль з Параф'янава, у 1954-61 гг. — Міхаіл Сухарэвіч, які вярнуўся з сібірскай ссылкі. Да 1988 года пастаяннага пробашча не было, потым парафію прыняў Уладзіслаў Завальнюк. З 1990 года ў Мосар прызначаны ксёндз-пробашч Юозас Булька.

Будынак касцёла быў рэстаўраваны ў 1922 г. і 90-х гг. Перад апошняй былі знішчаны астанкі фундатараў касцёла, якія знаходзіліся ў касцельным склепе. Ва ўшанаванне іх памяці ксёндз-пробашч Юозас Булька побач з храмам усталяваў драўляную скульптуру Ісуса. Таксама ксяндзом закладзены дэндрапарк з рэдкімі раслінамі, мноствам кветак, фантанамі і садам камянёў.

У 2004[1] годзе на вяршыні ўзгорку, які знаходзіцца на ўсходзе вёскі быў усталяваны 23-метровы крыж, які з'яўляецца самым высокім у Беларусі і бачны за 15 км навокал у яснае надвор'е. Крыж быў усталяваны ў гонар 490-годдзя вёскі дзякуючы намаганням ксяндза Ю. Булькі[1].

15 жніўня 2005 года ля сцяны касцёла, пры вялікай колькасці вернікаў урачыста асвячоны помнік Яну Паўлу ІІ[2].

Архітэктуры[правіць | правіць зыходнік]

Помнік архітэктуры класіцызму. Вырашаны прамавугольным аб'ёмам пад 2-схільным дахам. Галоўны і бакавыя фасады завершаны высокімі трохвугольнымі франтонамі, раскрапаваны на 3 часткі канелюраванымі пілястрамі, прарэзаны ў цэнтры прамавугольным дзвярным і арачным аконным праёмамі, па баках дэкараваны квадратнымі панэлямі надарачнымі экседрамі са скульптурамі святых. Бакавыя плоскасныя фасады рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў ліштвах.

Зала перакрыта люстраным скляпеннем. Сцены па перыметры раскрапаваны канелюраванымі пілястрамі і апяразаны магутным антаблементам з карнізам з сухарыкамі і фрызам, дэкараваным трыгліфамі і вытанчаным стукавым раслінным арнаментам. Плоская алтарная сцяна расчлянёна канелюраванымі пілястрамі, паміж якімі ў цэнтры вялікі абраз «Укрыжаванне». Бакавы алтар вырашаны 4-калонным порцікам з антаблементам з анёламі; у цэнтры абраз «Маці Божая Адзігітрыя» (18 ст.). Па перыметры інтэр'ера над вокнамі ў прамавугольных плакетках 14 сюжэтных гарэльефных пано-стацый на тэму «Крыжовы шлях Хрыста» (мяжа 18—19 ст.). На кансольным балконе-хорах з трэльяжным парапетам пастаўлены арган.

Парк перад касцёлам
Мосарская П'ета
Скульптура ў парку

Касцёл абкружаны мураванай аркатурнай агароджай-сцяной з брамай і 3-яруснай шатровай званіцай, узведзенай у 1931 г. з цэглы і бутавага каменю на месцы драўлянай канца 19 ст. У 1997 г. сярод мураванай агароджы з левага боку пабудавана двухпавярховая прамавугольная ў плане капліца Маці Божай Вастрабрамскай пад двухсхільным дахам. 3 правага боку агароджу фланкіруе трох'ярусная чатырохгранная шатровая званіца; 1-ы ярус з бутавай муроўкі, верхні — цагляны, атынкаваны, з арачнымі прасветамі. Мураваная арачная брама агароджы завершана ступеньчатым атыкам, крапавана пілястрамі і прафіляваным карнізам. Намаганнямі ксяндза-прэлата Ю. Булькі на тэрыторыі касцёла разбіты парк, перад храмам пастаўлена копія скульптуры Мікеланджэла «П'ета», створаны грот Маці Божай, збудавана 14 стацый пакут Хрыста і інш.

Мошчы Св. Юстына[правіць | правіць зыходнік]

У касцёле знаходзяцца з 1838 г. мошчы Святога Юстына. У архіве захаваліся дакументы аб асвячэнні касцёла, сапраўднасці рэліквій Св. Юстына, а таксама аб устанаўленні свята Св. Яна. У 1851 годзе віленскім біскупам Вацлавам Жылінскім рэліквіі апячатаны і, згодна з адпаведнымі дакументамі, змешчаны ў драўляную з пасярэбранай бляхай пахавальную труну, у якой асвятляюцца верхняя і пярэдняя часткі і якая абабіта знутры шаўковай тканінай. На труне перш стаялі дзве фігуры анёлаў пасярэбраных і дзве з бляхі, а таксама карона. Да 1928 года цудатворныя мошчы знаходзіліся на галоўным алтары. У нашы дні перанесены ў бакавую капліцу і змешчаны ля алтара Маці Божай.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Лілія Брэкун. Юбілей Мосара // «Ave Maria» № 11(114), 2004.
  2. Касцёл Святой Ганны (Мосар) на сайце Radzima.org

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 266-267.
  • Капліца // Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы Беларусі / А.М. Кулагін ; фатограф А.Л. Дыбоўскі. – Мн., 2008. – С. 239.
  • Касцёл Ганны // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэд.: Б.І. Сачанка [і інш.] ; маст. А.М. Хількевіч. – Мн., 1995. – С. 63-64.
  • Касцёл святой Ганны // Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А.М. Кулагін ; маст. І.І. Бокі. - Мн., 2000. – С. 102-103.
  • Касцёл святой Ганны // Хрысціянскія храмы Беларусі на фотаздымках Яна Балзункевіча. Пачатак XX стагоддзя / уклад.: А.М. Кулагін, У.А. Герасімовіч. – Мн., 2000. – С. 116.
  • Колосовская, А.Н. Мосарский костел Анны / А.Н. Колосовская // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г.П. Пашков [и др.]. – Мн., 2007. – Т. 5. – С. 228.
  • Костел Святой Анны // Духовные святыни Витебщины = Geistliche heiligtuemer des Gebiest Witebsk / текст Н.И. Степаненко, В.Г. Синковец. - Витебск, 2007. – С. 24.
  • Мосарский костёл Святой Анны // Туристская энциклопедия Беларуси / под ред. И.И. Пирожкова. – Мн., 2007. – С. 365-366.
  • Юркайць, А. Скарбніца прыгожага і ўзнёслага / А. Юркайць // Краязнаўчая газета. - 2007. - № 8 (люты). - С. 6.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]