Лазанкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Краіна паходжання
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Лаза́нкі — даўняя мучная страва. Ужываюцца як дадатак да супоў (напрыклад, грыбнога), або для гатавання своеасаблівых запяканак.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Крута замешанае цеста з пшанічнай, жытняй або грэчняй мукі тонка раскатвалі, рэзалі на кавалкі (квадраты, трохвугольнікі), варылі, адцэджвалі, залівалі салам, алеем з цыбуляй ці смятанай, у пост — цёртым макам, тоўчаным семем, размятымі ягадамі. У больш дасканалых варыянтах адвараныя лазанкі тушылі ў пячным духу са смятанай, або запякалі з мясам, капустай і іншым, часам смажылі. Страва шырока вядома ў Браслаўскім, Мядзельскім, Ваўкавыскім раёнах, часткова на Магілёўшчыне, Цэнтральным і Усходнім Палессі. У некаторых раёнах заходняй і цэнтральнай частках Беларусі, на Магілёўшчыне лазанкі пяклі з пшанічнай мукі («праснаком») у форме «кантовых» кавалачкаў (іх называлі ламанцамі). Елі з цёртым макам, семем, звычайна на посную куццю[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Назва стравы і тэхналогія прыгатавання пазычаныя з італьянскай кухні праз польскую. Італьянская лазанья (італ.: lasagne) — страва з вельмі даўняй гісторыяй, найбольш старажытная форма пасты. Думаюць, што пачаткова ў Старажытнай Грэцыі laganon называлі пляскатую хлебную ляпёшку; рымляне, пераняўшы ад грэкаў, пачалі разразаць яе на тонкія скрылі, якія называлі lagani. У ранняе сярэднявечча страва трансфармавалася ў адмену мучных клёцак, якія дадаваліся ў гаршчок з тушанымі мясам або садавіной. У часы Марка Пола (XIII стагоддзе) лазанья ўжо ў асноўным была падобнай на сучасную: тонкія пляскатыя шырокія кавалкі цеста (звычайна прамавугольныя; пры масавай вытворчасці пераважна гафрыраваныя на ўзор шыферу) спачатку адварваюцца як локшына, а потым тушацца ў пячы ці духоўцы з разнастайнымі дадаткамі (садавіной, мясам, грыбамі і гэтак далей)[2]. Лазанья — адна з найбольш папулярных страў італьянскай кухні.

Зноскі

  1. Г. Ф. Вештарт. Лазанкі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 98.
  2. Алесь Белы. X-files: лазанкі // Наша Ніва. — 25 лютага 2005. — № 8 (414). — С. 16.(недаступная спасылка)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]