Перайсці да зместу

Паўночнафрызская мова

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Паўночнафрызская мова
Саманазва Frasch, Fresk, Freesk, Friisk
Краіны Германія
Рэгіёны Шлезвіг-Гольштэйн
Афіцыйны статус Паўночная Фрысландыя, Хельгаланд (Германія)
Агульная колькасць носьбітаў
  • 10 000 чал. (1976)[1]
Статус сур’ёзная пагроза[d][2]
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Пісьменнасць лацінскае пісьмо
Моўныя коды
ISO 639-1
ISO 639-2 frr
ISO 639-3 frr
WALS fno
Atlas of the World’s Languages in Danger 394
Ethnologue frr
ELCat 3283
IETF frr
Glottolog nort2626
Вікіпедыя на гэтай мове
Фрызскія мовы на карце Еўропы. Паўночнафрызская — цёмна-блакітным, на поўначы

Паўно́чнафры́зская мова (саманазва: Frasch, Fresk, Freesk, Friisk) — рэгіянальная мова, на якой размаўляюць прыкладна 10 000 чалавек у рэгіёне Паўночная Фрызія, што на захадзе нямецкай федэральнай зямлі Шлезвіг-Гольштэйн[3][4]. Адносіцца да фрызскіх моў англа-фрызскай падгрупы заходнегерманскай групы германскай галіны індаеўрапейскай сям'і моў. Разам з заходнефрызскай і ўсходнефрызскай мовамі ўтварае групу фрызскіх моў.

Лінгвістычна найбліжэйшымі да паўночнафрызскай мовы з'яўляюцца ўсходнефрызская, распаўсюджаная на паўночным захадзе нямецкай федэральнай зямлі Ніжняя Саксонія, і заходнефрызская мова, распаўсюджаная на поўначы Нідэрландаў. Усе тры мовы ўтвараюць групу фрызскіх моў, якая ўваходзіць у вышэйшую, англа-фрызскую, разам з англійскай мовай. Англа-фрызскія мовы ўваходзяць у склад інгвеонскіх моў разам з геаграфічна блізкай фрызскім мовам ніжненямецкай мовай. Аднак апошняя больш аддаленая, бо са старасаксонскага перыяду развівалася адасоблена і страціла вялікую колькасць інгвеонскіх рыс[5].

Дыялекты паўночнафрызскай мовы.

Дыялекты паўночнафрызскай мовы звычайна аб'ядноўваюцца ў дзве групы: мацерыковыя і астраўныя. Усяго налічваецца дзесяць дыялектаў[6]. Некаторым выключэннем з'яўляецца дыялект вострава Халіген, які адносіцца да кантынентальных дыялектаў.

Гісторыя вывучэння паўночнафрызскіх дыялектаў пачалася ў XIX ст.

Дыялекты паўночнафрызскай мовы:

  • Астраўныя дыялекты:
    • Зюльцкі (Сельрынскі)
    • Фёр-Амрумскі
    • Хельгаландскі
  • Кантынентальныя дыялекты:
    • Відынгхардскі
    • Бёкінгхардскі
    • Кархардскі
    • Паўночнагёсхардскі
    • Сярэднегёсхардскі
    • Паўднёвагёсхардскі (лічыцца вымерлым з 1981 года)
    • Халігенскі

Мацерыковыя і астраўныя дыялекты маюць рад выразных адрозненняў адзін ад аднаго, бо яны сфарміраваліся з маўлення розных пакаленняў перасяленцаў. Так, напрыклад, астравы Зюльт, Фёр і Амрум былі каланізаваны фрызамі ў ІХ ст., тады як бліжэйшае мацерыковае ўзбярэжжа было заселена імі праз тры стагоддзі.

Між тым, дыялектныя разыходжанні таксама характарызуюцца ступенню ўплыву іншых моў. Зюльцкі, фёрскі і амрумскі дыялекты, а таксама некаторыя дыялекты поўначы арэала паўночнафрызскай мовы былі пад моцным уплывам дацкай мовы, хельгаландскі дыялект і дыялекты мацерыка адзначаюцца ўплывам з боку ніжненямецкай мовы. Апроч гэтага, дыялектнаму драбненню паспрыяла і геаграфічная адасобленасць розных частак паўночнафрызскага моўнага арэала, ад чаго ні адзін з дыялектаў мовы не змог стаць прэстыжным, і так і не была выпрацавана наддыялектная норма.

Версія Вікіпедыі на паўночнафрызскай мае асобныя падраздзелы для напісання артыкулаў на розных дыялектах.

Прыклады дыялектных адрозненняў па фразе «„Свяці, стары месяц, свяці!” — плакаў Хэвельман, але нідзе не было відно ні месяца, ні зорак: яны ўжо ўсе леглі спаць»[7].

  • Астраўныя:
    • Зюльцкі:

„Ljucht, ual Muun, ljucht!” skriilt Häwelmann, man di Muun wiar narigen tö sen en uk di Stiaren ek; ja wiar al altermaal tö Bēr gingen.

    • Фёр-Амрумскі:

„Locht, ual muun, locht!” rep Heewelmaan, man a muun wiar nochhuaren tu sen an a stäären uk ei; jo wiar al altermaal tu baad gingen.

    • Хельгаландскі:

„Lochte, ool Muun, lochte!” rüp Heäwelman, oawers de Muun wear naarni tu sin'n en uk de Steern ni; dja wear al allemoal tu Baad gingen.

  • Мацерыковыя:
    • Паўночнагёсхардскі:

„Jocht, uule moune, jocht!” biilked Hääwelmoon, ors e moune waas närngs to schüns än da steere ok ai; ja weern al aal to beede gingen.

    • Відынгхардскі:

„Ljocht, uuile moone, ljocht!” biilked Hääwelmuon, män e moone was näärgen to schüns än uk e steere ai; jä würn al altomoale to beerd gingen.

    • Халігенскі:

„Jaacht, uale mööne, jaacht!” bölked Hääwelmoon, man de mööne woas näärngs to siinen än de steere uk ee; jä weern al altomaole to beed giangen.

    • Бёкінгхардскі:

„Jucht, üülje moune, jucht!” biiljked Hääwelmoon, ouers e moune wus nargne tu schüns än e stääre uk ai; ja wjarn ål åltumååle tu beed lim..

У табліцы ніжэй прыведзеныя прыклады падабенстваў і адрозненняў паміж дыялектамі паўночнафрызскай мовы[8]:

Дыялект бацька маці сястра брат
Зюльцкі Faaðer Mooter Sester Bröðer
Фёрскі aatj mam saster bruler
Амрумскі bruder
Халігенскі baabe mäm soster bröör
Хельгаландскі Foor Mem Söster Bruur
Відынгхардскі tääte määm broor
Кархардскі mäm brauder
Бёкінгхардскі taatje mam brouder
Сярэднегёсхардскі ate mäm broor
Паўднёвагёсхардскі fåår, fååðer brööðer
Паўночнагёсхардскі fååje soster brår

Вымерлыя дыялекты

[правіць | правіць зыходнік]

Сярод вымерлых дыялектаў паўночнафрызскай мовы адзначаецца айдэрштэдцкі дыялект, носьбіты якога перайшлі на ніжненямецкую мову ў XVII ст. У адрозненне ад астатніх рэгіёнаў распаўсюджання паўночнафрызскай мовы, паўвостраў Айдэрштэдт, дзе быў распаўсюджаны дыялект, быў эканамічна арыентаваны на больш паўднёвыя рэгіёны, дзе была распаўсюджана ніжненямецкая мова, што і прывяло да паступовага заняпаду дыялекту. Страце дыялекту таксама спрыяла плыня нідэрландскіх перасяленцаў[9].

Падобная сітуацыя таксама адсочваецца на востраве Странд, які ў 1634 годзе моцна пацярпеў ад т.зв. паводкі Бурхардзі. Жыхары ўсходняй часткі Странда былі вымушаны пакінуць востраў, ад чаго мясцовы паўночнафрызскі дыялект быў скора забыты наступнымі пакаленнямі. На заходняй частцы Странда для мясцовага дыялекту захаваліся лепшыя ўмовы, аднак і там дыялект вымер ужо пасля XVIII ст. Дыялект Странда, скарэй за ўсё, быў бліжэй за ўсё да халігенскага дыялекту.

Іншым блізкім да халігенскага дыялекту быў дыялект мястэчка Вік-аўф-Фёр, пакуль яго носьбіты не перайшлі на ніжненямецкую мову. Дыялект Вік-аўф-Фёра, як мяркуюць, узнік у выніку ўзаемадзеяння дыялектаў перасяленцаў з Халігена і Странда.

Сярод нядаўна зніклых дыялектаў паўночнафрызскай мовы адзначаецца паўднёвагёсхардскі, які вымер разам са смерцю яго апошняга носьбіта ў 1981 годзе. Іншыя мацерыковыя дыялекты таксама знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Гістарычна паўночнафрызская мова была распаўсюджана і паўночней, на поўнач ад нямецка-дацкай мяжы, аднак тамашнія дыялекты на сёння з'яўляюцца вымерлымі[10].

У сувязі з ярка выражанай дыялектнай раздробленасцю паўночнафрызскай мовы яе носьбіты не маюць адзінай назвы для мовы. Напрыклад, носьбіты відынгхардскага і халігенскага дыялектаў называюць паўночнафрызскую мову словам freesk, бёкінгхардскага — frasch, гёсхардскага — fräisch або freesch. Аднак паўночныя фрызы ў межах літаратурнага стандарту мовы (напрыклад, у пытаннях афіцыйнага наймення) пагадзіліся на агульнае найменне мовы словам friisk, што адпавядае заходнефрызскаму frysk. Між тым, арганізацыя «Міжфрызскі Савет» узяло сабе назву Frasche Rädj з бёкінгхардскага дыялекта.

Нягледзячы на выразныя дыялектныя адрозненні паміж дыялектамі паўночнафрызскай мовы, мова мае некаторыя агульныя наддыялектныя рысы ў фанетыцы. Сярод падобных рыс — пераход /ɪ/ у /a/, які, аднак, поўнасцю адбыўся толькі ў цэнтральных дыялектах, а ў астатніх спыніўся толькі на пераходзе ў гукі /ɛ/ ці /eː/ (напрыклад, бёкінгхардскае fasch і фёр-амрумскае fask, але fesk у зюльцкім дыялекце).

Глухія выбухныя p, t, k праз леніцыю развіліся ў звонкія выбухныя ці нават фрыкатывы (у цэнтральных дыялектах): напр., бёкінгхардскае waase, фёр-амрумскае wed, зюльцкае weet, хельгаландскае wet. Усе дыялекты паўночнафрызскай мовы маюць з'яву шырока распаўсюджанай палаталізацыі, што з'яўляецца рэдкім для астатніх германскіх моў. Збольшага больш складаная сістэма зычных гукаў адзначаецца ў астраўных дыялектах.

Апошнім часам фанетыка паўночнафрызскай мовы характарызуецца перабудовай на ўзор стандартнае нямецкай мовы[11].

Двухмоўны знак на нямецкай і паўночнафрызскай, горад Хузум, Шлезвіг-Гольштэйн, Германія.

Афіцыйна колькасць носьбітаў паўночнафрызскай мовы вагаецца ў межах 8000 — 10000 чал.[4], аднак, на думку лінгвістаў, рэальныя лічбы значна ніжэйшыя. У 2007 годзе ў некаторых даследаваннях падаваліся лічбы пра прыкладна 5000 носьбітаў у Паўночнай Фрызіі і 1500 — 2000 носьбітаў па-за рэгіёнам[6]. Даследаванняў з дакладнай колькасцю носьбітаў на цяперашні час не існуе.

Паўночнафрызская мова знаходзіцца пад пагрозай знікнення, бо ў большасці мясцовасцей не вывучаецца дзецьмі. У Чырвонай кнізе моў пад пагрозай знікнення ЮНЕСКА паўночнафрызская мова ўпамінаецца як мова пад сур'ёзнай пагрозай[12]. Выключэнне складаюць астравы Фёр і Амрум і рэгіён Рызум-Ліндхольм; асабліва моцна мова захоўваецца на захадзе Фёра[6]. Колькасць носьбітаў на Фёры і Амруме адзначаецца ў прыкладна 3500 чалавек. Іншыя дыялекты, такія як кархардскі, сярэднегёсхардскі і халігенскі, знаходзяцца пад сур'ёзнай пагрозай.

Мясцовыя дыялекты паўночнафрызскай мовы выкладаюцца ў школах Фёра і Амрума, у Рызум-Ліндхольме існуе двухмоўная дацка-паўночнафрызская школа.

Усе носьбіты паўночнафрызскай мовы з'яўляюцца білінгвамі ці нават мультылінгвамі. Носьбіты звычайна ведаюць паўночнафрызскую і нямецкую, а ў некаторых выпадках паўночнафрызскую, нямецкую, ніжненямецкую, часам нават чацвёртую — паўднёваютландскі дыялект дацкай мовы.

У нямецкай федэральнай зямлі Шлезвіг-Гольштэйн мова мае падтрымку згодна з Еўрапейскай хартыяй рэгіянальных моў. 24 снежня 2004 года апублікаваны зямельны закон, паводле якога паўночнафрызская мова можа афіцыйна выкарыстоўвацца ў рэгіёнах Нордфрысланд і Хельгаланд Шлезвіг-Гольштэйна[13].

  1. Ethnologue — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
  2. UNESCO Atlas of the World's Languages in Danger Праверана 24 чэрвеня 2018.
  3. Звесткі паводле Ethnologue і Stephens на 1976 год.
  4. а б Schleswig-Holstein.. Die Friesen und ihr Friesisch (ням.)(недаступная спасылка). Урад федэральнае зямлі Шлезвіг-Гольштэйн, Германія (16 снежня 2013). Архівавана з першакрыніцы 23 сакавіка 2015. Праверана 21 мая 2015.
  5. Nielsen, Hans Frede. Frisian and the Grouping of the Older Germanic Languages / Horst H. Munske. — Handbuch des Friesischen — Handbook of Frisian Studies. — Tübingen: Niemeyer, 2001. — ISBN 3-484-73048-X.
  6. а б в Århammar, Nils. Das Nordfriesische, eine bedrohte Minderheitensprache in zehn Dialekten: eine Bestandsaufnahme / Munske, Horst H. — Sterben die Dialekte aus? Vorträge am Interdisziplinären Zentrum für Dialektforschung an der Friedrich-Alexander-Universität Erlangen-Nürnberg. — University of Erlangen-Nuremberg.
  7. Крыніца — Theodor Storm: Der kleine Häwelmann, гл. таксама Die Nordfriesen und ihre Sprache. Nordfriisk Instituut Архівавана 27 верасня 2007.
  8. Walker, Wilts, ст. 286
  9. Steensen, Thomas. Holländer. — Geschichte in Schleswig-Holstein. — Gesellschaft für Schleswig-Holsteinische Geschichte. Архівавана 18 студзеня 2015.
  10. Siewertsen, Benny. Friserne — vore glemte forfædre. — Lyngby: Slot Forlag, 2004. — ISBN 978-87-90476-08-3..
  11. Walker, Wilts
  12. Salminen, Tapani. Northern Frisian. — UNESCO Red Book of endangered Languages: Europe. — University of Helsinki, 1993–1999.
  13. Friesisch-Gesetz, нямецкамоўныя ВікіКрыніцы (ням.)
  • Walker, Alastair G.H.; Ommo Wilts (2001). „Die nordfriesischen Mundarten”. In Horst H. Munske. Handbuch des Friesischen — Handbook of Frisian Studies. Tübingen: Niemeyer. ISBN 3-484-73048-X.
Вікіпедыя

Вікіпедыя мае раздзел, напісаны
на паўночнафрызскай мове