Фрызскія мовы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Фрызскія мовы
Саманазва:

Frysk

Краіны:

Нідэрланды, Германія, Данія

Рэгіёны:

Фрысландыя, Ніжняя Саксонія, Шлезвіг-Гольштэйн, Гронінген, Ютландыя

Афіцыйны статус:

Нідэрланды

Агульная колькасць носьбітаў:

350 000 - 750 000

Класіфікацыя
Катэгорыя:

Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Германская галіна
Заходнегерманская група
Англа-фрызская падгрупа
Пісьменнасць:

лацініца

Моўныя коды
ISO 639-1:

fy

ISO 639-2:

fry

ISO 639-3:

fry — заходная
stq — усходная
frr — паўночная

Гл. таксама: Праект:Лінгвістыка
Фрызскія мовы на карце Заходняй Еўропы.
Цёмна-сінім — заходнефрызская мова,
сінім — паўночнафрызская,
блакітным — усходнефрызская

Фрызскія мовы (саманазва Fryske talen) — група моў фрызаў, якая адносіцца да заходняй групы германскіх моў.

Распаўсюджаны галоўным чынам у правінцыі Фрысландыя ў Нідэрландах, уключаючы Заходне-Фрызскія астравы Тэрсхелінг і Схірманіког (каля 350 тыс. чал.), а таксама на паўночным захадзе Германіі, у Затэрландзе (зямля Ніжняя Саксонія; каля 3 тыс. чал., часам лічыцца самастойнай мовай, гл. «Усходнефрызская мова») і на крайняй поўначы (зямля Шлезвіг-Гольштэйн, уключаючы Паўночна-Фрызскія астравы і востраў Гельгаланд; каля 16 тыс. чал., гл. «Гельгаландскі дыялект»).

Раней мова была распаўсюджана на шырокай тэрыторыі па ўзбярэжжы Паўночнага мора (ад заліва Зёйдэрзэ ў Нідэрландах да паўднёвай Даніі). Пасля страты (да XVI стагоддзя) Фрысландыяй самастойнасці мова была выцеснена з афіцыйнай сферы нідэрландскай, стаўшы фактычна мовай бытавых зносін.

Фрызская з'яўляецца найбольш блізкім сваяком старажытнаанглійскай мовы. Але большасць сучасных носьбітаў англійскай мовы, хутчэй за ўсё, не зразумеюць сучасную фрызскую мову (за выключэннем самых простых фраз і прапаноў), і, больш таго, могуць памылкова прыняць яе за нідэрландскую мову.

Унутраная класіфікацыя[правіць | правіць зыходнік]

Група фрызскіх моў падзяляецца на тры мовы: заходнефрызскую, усходнефрызскую і паўночнафрызскую. Між усімі трыма мовамі не існуе ўзаемаразумення, аднак некаторыя лінгвісты лічаць усе тры мовы дыялектамі адзінай фрызскай мовы.

Заходнефрызская мова гістарычна знаходзілася пад моцным уплывам галандскай мовы, тады як паўночна- і ўсходнефрызская мовы зазнавалі ўплыў з боку нямецкай, ніжненямецкай і дацкай моў.

Паўночнафрызская мова вылучаецца вялікай дыялектнай раздробненасцю. Усходнефрызская мова часам можа лічыцца апошнім жывым дыялектам уласна ўсходнефрызскай мовы і можа праз гэта пазначацца тэрмінам затэрландская фрызская мова.

Распаўсюджванне[правіць | правіць зыходнік]

Колькасць носьбітаў[правіць | правіць зыходнік]

Большасць носьбітаў фрызскіх моў пражывае ў Нідэрландах, галоўным чынам у правінцыі Фрысланд, што на поўначы краіны. Колькасць носьбітаў мовы ў правінцыі складае прыкладна 350 тыс чал. З 1997 года правінцыя Фрысланд на афіцыйным узроўні выкарыстоўвае фрызскую назву — Fryslân. За апошнім часам адсочваецца тэндэнцыя да вывучэння галандцамі, якія жывуць у правінцыі, заходнефрызскай мовы, якая распаўсюджана ў гэтай правінцыі.

У Германіі налічваецца каля 2000 носьбітаў усходнефрызскай мовы[1]. Затэрланд, арэал усходнефрызскай мовы, меў прыродную адасобленасць ад суседніх рэгіёнаў, будучы аточаным забалочанымі раёнамі, што дапамагло захаванню мовы. Гэты рэгіён знаходзіцца на паўночным захадзе федэральнае зямлі Ніжняя Саксонія.

Разам з гэтым, у рэгіёне Нордфрысланд нямецкае федэральнае зямлі Шлезвіг-Гольштэйн пражываюць каля 10 тыс чал., якія размаўляюць на паўночнафрызскай мове[2]. Мова падзяляецца на кантынентальныя дыялекты, распаўсюджаныя на ўзбярэжжы Нордфрысланда, і дыялекты астравоў, якія месцяцца насупраць узбярэжжа.

Усходнефрызская мова і большая частка дыялектаў паўночнафрызскай на цяперашні момант знаходзяцца пад значнай пагрозай[3].

Афіцыйны статус[правіць | правіць зыходнік]

Усходнефрызская і паўночнафрызская мовы з'яўляюцца афіцыйна прызнанымі ўрадам Германіі як мовы меншасці[4], заходнефрызская мова мае афіцыйны статус у правінцыі Фрысланд поруч з нідэрландскай мовай.

Лінгвістычная характарыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Арфаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Фрызская карыстаецца лацініцай з дадатковымі літарамі «â», «ê», «ô», «û», «ú». Літара «y» лічыцца варыянтам літары «i». Выкарыстоўваюцца таксама дыграфы і трыграфы.

Падвоеныя галосныя пазначаюць даўгату галоснага, падвоеныя зычныя — кароткасць папярэдняга галоснага.

Марфалогія[правіць | правіць зыходнік]

Назоўнік[правіць | правіць зыходнік]

Для назоўніка ў сучаснай фрызскай мове характэрны род, колькасць, склон і артыкль. Маюцца два граматычныя роды — агульны і сярэдні, якія выражаюцца з дапамогай пэўнага артыкля (іншых знешніх прыкмет няма). Існуе два склоны — агульны і родны (ужыванне якога дастаткова абмежавана).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Старажытнафрызскі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

У раннім Сярэднявеччы фрызскія землі распасціраліся ад горада Бругэ, што на паўночным захадзе сучаснае Бельгіі, да ракі Везэр (паўночны захад Германіі). На цяперашні момант гэты гістарычны рэгіён часам называюць Вялікай Фрызіяй, а некаторыя з яго жыхароў, нягледзячы на страту мовы, дагэтуль адзначаюць у гісторыі сваіх рэгіёнаў фрызскую прысутнасць.

Фрызскія мовы з'яўляюцца блізкімі да англійскай мовы і мовы скотс, разам з гэтым, гістарычна яны зазнавалі ўплыў з боку нідэрландскай мовы. Павелічэнню адрознення фрызскіх моў ад англійскай таксама спрыялі павелічэнне ўплыву на фрызскія мовы з боку нідэрландскай і ніжненямецкай, а на англійскую — нармандскай. Нягледзячы на значнае змяншэнне ўзаемаразумення паміж дзвюма мовамі, англійскі дыялект Нартамберленда (рэгіён на паўночным усходзе Англіі) мае шэраг рыс, якія збліжаюць яго з фрызскімі мовамі.

Старажытнафрызская мова, між тым, адзначаецца вялікай ступенню падабенства ў дачыненні да стараанглійскай мовы[5].

На фоне астатніх заходнегерманскіх моў фрызскія і англійская мова разам вылучаюцца наяўнасцю выпадзення насавых зычных у шэрагу слоў (напр., ням. uns — фрызск. ús, анг. us; ням. sanft — фрызск. sêft, анг. soft; ням. Gans — фрызск. goes, goose) і памякчэння k перад некаторымі галоснымі ў ch (напр., анг. cheese, church; фрызск. tsiis, tsjerke; але нідэрландскае kaas, kerk; высок.-ням. Käse, Kirche). Тым не менш, гэтая з'ява не адлюстравалася ў фрызскіх словах, адпаведных англійскім chin, choosekin, kieze.

Адным з асноўных адрозненняў паміж старажытнафрызскай і сучаснымі фрызскімі мовамі з'яўляецца адсутнасць склонаў у апошніх.

Перыяд існавання старажытнафрызскай мовы адзначаецца паміж сярэдзінай XII і сярэдзінай XVI ст. Большасць захаваных тэкстаў на старажытнафрызскай мове прыпадае на перыяд XIVXV стст., аднак некаторыя прыходзяцца на перыяд XIIXIII стст. Як правіла, гэтыя тэксты адносяцца да заканадаўчае галіны. На мове існуюць і ранейшыя дакументальныя сведчанні, у прыватнасці, рунічным пісьмом, якія пачалі з'яўляцца прыкладна з ІХ ст. Тым не менш, гэтыя надпісы звычайна прадстаўляюць з сябе запісы некалькіх слоў, з-за чаго іх нельга лічыць першымі прыкладамі літаратуры.

У сярэдзіне XVI ст. адбыўся ўмоўны пераход старажытнафрызскай мовы ў перыяд сярэднефрызскай мовы, прычынаю чаго стаў абрыў літаратурнай традыцыі на мове.

Сярэднефрызскі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Да XV ст. старажытнафрызская мова была распаўсюджана ў вусным маўленні і пісьмовым абарачэнні, аднак з XVI ст. яе сфера ўжытку звузілася да вуснага маўлення сярод жыхароў сельскай мясцовасці. Адной з асноўных прычын гэтага стала ўваходжанне сучаснага Фрысланда ў склад уладанняў герцага Альберта Саксонскага і ўсталяванне нідэрландскай мовы як афіцыйнай. Між тым, нават пасля аднаўлення незалежнасці Нідэрландаў, старажытнафрызская мова не здолела вярнуць свой статус. Прычынай гэтага было ўзвышэнне Галандыі сярод іншых правінцый Нідэрландаў, праз што мова мова правінцыі, галандская (цяпер вядомая як нідэрландская), стала дамінаваць у афіцыйных і рэлігійных сферах ужытку. Да гэтага перыяду адносіцца творчасць паэта Гюсберта Япікса (16031666), чые творы ў значнай ступені паўплывалі на стварэнне фрызскай арфаграфіі і літаратуры.

Аўтараў, падобных Г. Япіксу, не было да XIX ст., калі з'явілася вялікая колькасць фрызскіх пісьменнікаў і паэтаў. Гэты перыяд супаў з узнікненнем новага літаратурнага стандарту, і таму з 1820-х гадоў пачынаюць адлічваць перыяд існавання сучаснай заходнефрызскай мовы.

Прыклад[правіць | правіць зыходнік]

Параўнанне фрызскіх моў з некаторымі іншымі германскімі мовамі на прыкладзе аднаго тэксту.

  • Затэрландская фрызская: Die Wänt strookede dät Wucht uum ju Keeuwe un oapede hier ap do Sooken.
  • Паўночнафрызская, бекінгардскі дыялект: Di dreng aide dåt foomen am dåt kan än mäket har aw da siike.
  • Заходнефрызская: De jonge streake it famke om it kin en tute har op 'e wangen.
  • Гронінгенская дыялектная група
    ніжнесаксонскіх дыялектаў
    ніжненямецкае мовы: De jonge streake it famke om it kin en tute har op 'e wangen.
  • Усходнефрызскі дыялект
    ніжнесаксонскіх дыялектаў
    ніжненямецкае мовы: De Fent/Jung straktde dat Wicht um't Kinn to un tuutjede hör up de Wangen.
  • Дацкая: Drengen strøg/aede pigen på hagen og kyssede hende på kinden.
  • Нідэрландская: De jongen aaide/streek het meisje langs haar kin en kuste/zoende haar op haar wangen.
  • Ніжнесаксонскія дыялекты Нідэрландаў: De jonge strek 't dearntje um de kinne en gaf heur een smok op de wangen.
  • Кёльнскі дыялект: Dä Fänt/Jong strech däm Weech öm_et Kenn un büzd_em op de Backe.
  • Нямецкая: Der Junge streichelte das Mädchen ums Kinn und küsste es auf die Wange.
  • Англійская: The boy stroked the girl around the chin and kissed her on the cheeks.
  • Ланкашырскі дыялект: Th' lad strorkt 'lass on 'jib an busst er on th' cheaks.
  • Сучасная мова скотс: The laddie straikit the lassie aboot the chin an kisst her on the chowk.
  • Пераклад: Хлопчык пагладзіў дзяўчынку ля падбародку і пацалаваў яе ў шчокі.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Marron C. Fort. Das Saterfriesische / Horst Haider Munske,Nils Århammar — Handbuch des Friesischen. — Tübingen: Niemayer, 2001.
  2. Frisian, Northern | Ethnologue
  3. Matthias Brenzinger. Language Diversity Endangered — Mouton de Gruter, The Hague. — С. 222.
  4. Friesisch-Gesetz, нямецкія ВікіКрыніцы.
  5. Rolf H. Bremmer Jr. An Introduction to Old Frisian. History, Grammar, Reader, Glossary — Amsterdam, Philadelphia, 2009.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • В. П. Берков. Современные германские языки — 2-е изд. — М.: АСТ, 2001. — 336 с. — 5000 экз. — ISBN 5-17-010576-2.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Вікіпедыя

Вікіпедыя мае раздзел, напісаны
Haadside заходнефрызскай

Вікіпедыя

Вікіпедыя мае раздзел, напісаны
Haudsiede усходнефрызскай

Вікіпедыя

Вікіпедыя мае раздзел, напісаны
Hoodsid паўночнафрызскай