Праект рэформы беларускага правапісу 1930 года
Праект рэформы беларускага правапісу 1930 года быў створаны Правапіснай камісіяй пад кіраўніцтвам Сцяпана Некрашэвіча у мэтах выканання пастаноў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі 1926 года. Праект быў завершаны ў 1930 годзе і быў вынікам працы камісіі на працягу перыяду з 7 снежня 1927 года да 17 красавіка 1929 года. Праект уключаў як цалкам новыя правілы, так і старыя правілы, як у змененай, так і ў нязмененай форме. Змененыя правілы былі вынікамі працы камісіі або пастановамі канферэнцыі, пацверджанымі камісіяй.
Перадумовы
[правіць | правіць зыходнік]Арфаграфічная дыскусія ў друку 1925—1926 гадоў выявіла шэраг нявырашаных пытанняў беларускага правапісу і графікі і неабходнасць іх рэфармацыі. Гэтае пытанне абмяркоўвала Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі 1926 года. Пастановы, прынятыя на канферэнцыі, сталі аўтарытэтным матэрыялам у справе кадыфікацыі правапісу, хоць яны і не мелі сілы закону[1].
Для далейшай апрацоўкі правапісу 1 кастрычніка 1927 года пры Інбелкульце была створана спецыяльная правапісная камісія, у склад якой увайшлі С. Некрашэвіч (старшыня), Я. Лёсік, В. Ластоўскі, П. Бузук, І. Бялькевіч, Я. Купала, У. Чаржынскі, А. Багдановіч (сакратар)[1]. Пры стварэнні камісіі ставіліся наступныя задачы:
- лічыць пастановы Акадэмічнай канферэнцыі 1926 года не абавязковым, але аўтарытэтным матэрыялам;
- спрасціць граматыку Тарашкевіча ў складаных або няясных месцах, дапоўніць яе ў месцах недастатковай распрацаванасці, напрыклад, правапісу замежных слоў, разам са стварэннем новых правілаў (правапіс імёнаў і геаграфічных назваў).
Камісія працавала па красавік 1929 года. Вынікам яе 33 пасяджэнняў стала выданне «Беларускі правапіс (праект). Апрацаваны Правапіснай Камісіяй БАН» (Менск, 1930), куды было ўключана 77 арфаграфічных правілаў. Вучоныя мелі намер у далейшым стварыць арфаграфічны слоўнік беларускай мовы[1].
Правілы
[правіць | правіць зыходнік]Яканне
[правіць | правіць зыходнік]На Акадэмічнай канферэнцыі 1926 года абмяркоўваліся розныя праекты спрашчэння перадачы на пісьме акання. Праект братоў Язэпа і Антона Лёсікаў пра поўнае аканне пасля мяккіх зычных (напісанне літары я на месцы е ва ўсіх ненаціскных складах) быў адхілены. Прынялі прапанову Сцяпана Некрашэвіча: у першым пераднаціскным складзе пасля мяккіх зычных пісаць я, ва ўсіх астатніх ненаціскных складах — е. Канферэнцыя ўхваліла прапанову Язэпа Лёсіка пра нязменнае напісанне (асобна) часціцы не і прыназоўніка без (не быў, без вас, не прыйшоў) незалежна ад месца націску[2].
Аўтары праекта 1930 года, абмеркаваўшы 5 розных варыянтаў правіла перадачы на пісьме ненаціскных галосных, у выніку прынялі прапанову Акадэмічнай канферэнцыі, але палічылі патрэбным падпарадкаваць правілу якання і напісанне часціцы не і прыназоўніка без: бяз ва́с, ня ска́жам, але без мяне́, не скажу́[2].
Галосныя «у» і «і»
[правіць | правіць зыходнік]Галосныя у, і ў пачатку слоў і асобна (у якасці прыназоўнікаў) як пасля зычнага, гэтак і пасля галоснага папярэдняга слова, пішуцца праз у, і: старая удава, была у нас, звяртай увагу; яна і ён, трэба ісці, старая ігруша[3].
Мяккасць зычных
[правіць | правіць зыходнік]Аўтары правапіснага праекта, кіруючыся ў асноўным прынцыпамі, вызначанымі Браніславам Тарашкевічам («фанетычны — для галосных, этымалагічны — для зычных»), пашыраюць іх і на іншыя злучэнні зычных. У прыватнасці, пасля працяглага ўсебаковага абмеркавання яны прапануюць[2]:
- не перадаваць на пісьме асімілятыўную мяккасць зычных: ляснік, вясне, спіць (у моцных пазіцыях яна знікае: лясны, вясна, спаць);
- не пісаць мяккі знак паміж падоўжанымі мяккімі зычнымі: калоссе, жыццё, судздзя;
- пакінуць мяккі знак толькі для абазначэння этымалагічнай (уласнай) мяккасці, якая не знікае і перад цвёрдымі: пісьменнік, касьбе (бо пісьмо, касьба).
Зычныя на стыку марфем
[правіць | правіць зыходнік]Погляды членаў правапіснай камісіі на напісанне свісцячых—шыпячых на стыку марфем разышліся. Частка членаў камісіі прапаноўвала спрасціць правапіс такіх спалучэнняў шляхам пашырэння фанемна-марфалагічнага (этымалагічнага) прынцыпу. У заўвагах да праекта Якуб Колас, Язэп Лёсік раілі дзеля прастаты і зручнасці сфармуляваць правіла так: злучэнні двух зычных, калі першы належыць да кораня, а другі да суфікса, запісваюцца нязменна (этымалагічна). У прыватнасці, яны прапаноўвалі захоўваць спалучэнні сч, зч: перапісчык, прыказчык; спалучэнні шс, жс: чэшскі, рыжскі; спалучэнні дс, тс, як і дч, тч, запісваць этымалагічна: людскі (замест людзкі ці люцкі), студэнтскі[2].
Большасцю галасоў было прынята правіла:
- у злучэннях сч, зч на стыку прыстаўкі і кораня асіміляцыю па звонкасці—глухасці перадаваць, а асіміляцыю свісцячых—шыпячых не перадаваць: бясчынства, счасаць[2];
- на стыку ж кораня і суфікса адзначаць асіміляцыю свісцячых—шыпячых, але асіміляцыю звонкага ж глухому не адзначаць: перапішчык, прыкажчык[2];
- спалучэнні шыпячых—свісцячых жс, шс пісаць праз с: чэскі, волскі, але ў дзеясловах захоўваць без змен: мыешся, не парэжся[2];
- спалучэнні тс, кс, цс, чс у суфіксах ск, ств пісаць праз ц: брацкі, грэцкі, купецкі, ткацкі, вар’яцтва, сваяцтва[4];
- спалучэнне дс у суфіксах ск, ств пісаць праз дз: гарадзкі, следзтва[5].
Прыназоўнік «у»
[правіць | правіць зыходнік]Прыназоўнік у перад словамі, што пачынаюцца з ненаціскнога галоснага а, калі перад ім няма прыстаўнога гука в, не змяняецца, як і перад словамі, што пачынаюцца з зычнага або у: у агні, у Аўдоцці; у усіх, у Уладыслава; у вачох, у возеры[6].
Апостраф
[правіць | правіць зыходнік]Праект правапісу ўпарадкаваў ужыванне апострафа пасля цвёрдых і мяккіх зычных перад ётаванымі галоснымі для вызначэння раздзельнага вымаўлення зычнага з наступным галосным: б’ю, з’еў, сям’я[7], рэл’еф, кан’як[8].
Іншамоўныя словы
[правіць | правіць зыходнік]Галосныя
[правіць | правіць зыходнік]Праблема уніфікацыі напісання іншамоўных слоў, у прыватнасці пытанне пра перадачу на пісьме ненаціскнога вакалізму, актыўна абмяркоўвалася ў арфаграфічнай дыскусіі 1920-х гадоў і на Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе правапісу 1926 года, дзе былі розныя пункты погляду: ад прапановы пашырыць на запазычаныя словы прынцып поўнага акання (пісаць: дапо, таляграма) да прапановы захаваць у іншамоўных словах ненаціскныя о, е (композыцыя, профэсор, соцыалізм), як гэта ўжо склалася ў пісьмовай практыцы 1920-х гадоў. У выніку канферэнцыя прыняла прапанову Сцяпана Некрашэвіча пра пашырэнне на запазычаныя словы толькі пераходу о ў а (прафэсар, эканоміка, рэвалюцыя), за выключэннем слоў радыё, бруто, какао, дзе канцавыя ненаціскныя о, ё захоўваюцца[9].
Такую ж рэдакцыю даюць і аўтары праекта правапісу, але дапускаюць пры гэтым у спецыяльнай навуковай літаратуры і магчымасць ненаціскных о, ё ў малапашыраных словах[10].
Галосны e у словах іншамоўнага паходжання перадаваўся пераважна праз э: мэтад, праспэкт, газэта, сыстэма. Аднак праект рабіў выключэнні для л, к, х, г (што на месцы g), пасля якіх трэба пісаць е: гэрб, гэрой, але элегія, анкета, парыкмахер, альгебра, геаграфія[11].
Пасля д, т, з, с галосны i рэкамендавалася перадаваць праз ы: дырэктар, тып, пазыцыя, сынонім. У суфіксах -іj-а, -ійн-ы, -ізм, -іст-ы, пасля з, с — пісаць і: аказія, сэсія, дывізійны, марксізм, гімназісты. Пасля з, с, д (дз), т (ц) — захоўваць і ў суфіксах -ір, -ік: блізір, касір, камандзір, дэзэрцір, білецік, працэсік, эпізодзік[12].
Зычныя
[правіць | правіць зыходнік]Паводле пісьмовай традыцыі 1920-х гадоў, якую прапаноўвалі замацаваць і аўтары праекта, еўрапейскі l у пачатку і ў сярэдзіне слова перадаваўся пераважна мякка (клюб, кляса, пляцформа, але лацінка, лубін), у канцы слова — мякка або цвёрда ў залежнасці ад вымаўлення (заля, карусэля, аўтамабіль, але фабула, формула, ідэал)[13].
Аўтары праекта прапаноўвалі перадаваць грэчаскую φ праз ф, а θ — праз т: факт, фэст, тэатар, артаграфія, лягарытм[13].
Праект рэкамендаваў спалучэнні тр, др у канцы слоў перадаваць праз тар, дар: літар, цыліндар, дапускаючы, аднак, і напісанні: арэомэтр, кадр, дыямэтр[14].
Уласныя імёны, прозвішчы і геаграфічныя назвы
[правіць | правіць зыходнік]Правапісная камісія зыходзіла з падзелу гэтай лексікі на тры групы[10]:
- Беларускія ўласныя імёны запісваць беларускім правапісам з захаваннем мясцовых асаблівасцей: Стралкоўскі, Рабцэвіч, Ганчарэнка. У дакументах і афіцыйным абыходку замест памяншальных Ясь, Ігнась і г.д. ужываць поўныя формы Ян, Іван, Базыль, Васіль, Міхаіл і Міхал і г.д.;
- Іншаславянскія імёны запісваць беларускім правапісам з перадачай акання, зацвярдзелых, дзекання, цекання, ў замест в: Катлярэўскі, Ціханаў, Шаўчэнка. Іншая фанетызацыя не дапускалася: Талстой, а не Таўсты; Позднышаў, а не Познышаў; Счастліўцаў, а не Шчасліўцаў і г.д.;
- Неславянскія імёны пісаць паводле прынятага ў беларускай мове напісання іншамоўных слоў.
Формы слоў
[правіць | правіць зыходнік]Родны склон адзіночнага ліку мужчынскага роду
[правіць | правіць зыходнік]У формах роднага склону адзіночнага ліку назоўнікаў мужчынскага роду ўжываюцца два канчаткі: а (я) або у (ю) у залежнасці ад іх значэння. А (я) пішуцца ў назоўніках, калі яны азначаюць[15]:
- прадметы жывыя: сына, каня, казла, вужа, салаўя;
- прадметы нежывыя, але непадзельныя: стала, пня, сярпа, бота, плуга;
- назвы частак цела, месяцаў, мер, грошай: пальца, кіпця, языка; лістапада, снежня, студня, чэрвеня; мэтра, літра, хунта, рубля, франка.
У (ю) пішуцца ў назоўніках, калі яны азначаюць[16]:
- назвы матэрыялаў і наогул нежывых прадметаў: гароху, бобу, дзёгцю, шоўку;
- разумовыя паняцці: розуму, жалю, болю, страху;
- прадметы зборныя: люду, натоўпу, народу, процанту;
- назоўнікі чужаземнага паходжання: дакумэнту, тому, пляцу, інстытуту.
Некаторыя назоўнікі маюць падвойныя канчаткі: з маста і з мосту, аўса і аўсу, дома і дому. Геаграфічныя назвы дапускаюць розныя канчаткі[16]:
- з Менску, з Слуцку, з Полацку, з Дону;
- з Барысава, з Рагачэва, з Кіева, з Міра;
- з Парыжу і з Парыжа, з Бэрліну і з Бэрліна, з Гомлю і з Гомля.
Давальны і месны склон множнага ліку
[правіць | правіць зыходнік]Формы давальнага і меснага склонаў множнага ліку па канчатках адрозніваюцца ў назоўніках мужчынскага і ніякага роду ад назоўнікаў жаночага роду з канчаткам на а і на зычны. Для мужчынскага і ніякага роду ўжываюцца канчаткі[17]:
- пад націскам у давальным склоне ом (ём) і месны склоне ох (ёх): стало́м — стало́х, ласём — ласёх.
- не пад націскам у давальным склоне ам (ям) і месны склоне ах (ях): мо́рам — мо́рах, це́сцям — це́сцях.
Для назоўнікаў жаночага роду на а і на зычны ўжываюцца канчаткі ам (ям) і ах (ях) як пад націскам, так і не пад націскам: рука́м, рука́х, ха́там, ха́тах, касця́м, касця́х, ма́зям, ма́зях[18].
Вынікі
[правіць | правіць зыходнік]Усе пастановы камісіі рабіліся простым галасаваннем. Поўнай згоды паміж сябрамі камісіі не заўсёды ўдавалася дасягнуць, таму некаторыя пытанні разглядаліся па некалькі разоў, што рабіла працу камісіі вельмі напружанай і цяжкай. У прыватнасці такім пытаннем з’явіўся правапіс ненаціскнога е. У выніку доўгіх спрэчак камісія пагадзіліся на пастанове Акадэмічнай канферэнцыі[19].
Вялікія спрэчкі таксама выклікала пытанне аб напісанні пачатковага у і і. У першай рэдакцыі камісіі было прынята, што ўсякае у, якое стаіць у пачатку слова або як прыназоўнік, пішацца праз ў. Пры пераглядзе гэтага правіла ў другі раз яно было зменена адпаведна з пастановай Акадэмічнай канферэнцыі. Пры чытанні праекта ў карэктуры гэтае правіла было зноў зменена ў адпаведнасці з рэдакцыяй гэтага праекта[19].
Яшчэ большыя спрэчкі выклікала пытанне аб абазначэнні мяккасці зычных. У першай рэдакцыі камісія пастанавіла выкінуць ь паміж гэтак званымі падвойнымі зычнымі (колле, здарэнне). Пры пераглядзе гэтага пытання ў другі раз яно было прынята ў рэдакцыі Браніслава Тарашкевіча. Пры чытанні праекта ў карэктуры камісія выкінула ь пасля з, с, ц, дз перад мяккімі зычнымі і ётаванымі галоснымі, а таксама паміж так званымі падвойнымі зычнымі[19].
Таксама камісія змяніла сваю ранейшую пастанову адносна ўвядзення прыназоўніка ув перад словамі, што пачынаюцца з а (ув аднаго, ув агонь, ув адрыне)[19].
Шэраг пастаноў камісіі праходзіў нязначнай большасцю галасоў, і нязгодныя мелі намер апеляваць да вышэйшых органаў улады.
Але праект наогул не быў ажыццёўлены з-за рэпрэсій 1929—1930 гадоў супраць «нацдэмаў», да якіх былі залічаны многія члены правапіснай камісіі. Выдадзены праект правапісу быў аб’яўлены «нацдэмаўскім» і трапіў на доўгі час у «спецсховы», а яго аўтары рэпрэсіраваны. Аднак частка прадугледжаных у ім змяненняў была пазней уведзена ў першы і другі праекты рэформы 1933 года і ў беларускі правапіс 1934 года.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Беларуская мова 1995, p. 464.
- ↑ а б в г д е ё Беларуская мова 1995, p. 465.
- ↑ Беларускі правапіс 1930, p. 13—14.
- ↑ Беларускі правапіс 1930, p. 18.
- ↑ Беларускі правапіс 1930, p. 18—19.
- ↑ Беларускі правапіс 1930, p. 20.
- ↑ Беларускі правапіс 1930, p. 15.
- ↑ Беларускі правапіс 1930, p. 36.
- ↑ Беларуская мова 1995, p. 465—466.
- ↑ а б Беларуская мова 1995, p. 466.
- ↑ Беларускі правапіс 1930, p. 31.
- ↑ Беларускі правапіс 1930, p. 32—33.
- ↑ а б Беларускі правапіс 1930, p. 34.
- ↑ Беларускі правапіс 1930, p. 35—36.
- ↑ Беларускі правапіс 1930, p. 26.
- ↑ а б Беларускі правапіс 1930, p. 27.
- ↑ Беларускі правапіс 1930, p. 28.
- ↑ Беларускі правапіс 1930, p. 28—29.
- ↑ а б в г Беларускі правапіс 1930, p. 8.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Даклад правапіснай камісіі // Некрашэвіч. Выбраныя творы. 2004.
- Рэформа беларускага правапісу 1933 года // Беларуская мова : энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 464—467. — 654 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-126-9.
- Беларускі правапіс (праект). Апрацаваны правапіснай камісіяй Беларускай Акадэміі навук. — Мн., 1930.