Беларускі правапіс (1959)
Правапіс беларускай мовы 1959 года — нарматыўны правапіс беларускай мовы, які быў прыняты Пастановай Савета Міністраў БССР ад 11 мая 1957 года. Уведзены ў дзеянне з 1 студзеня 1958 года, у школах і ВНУ — з 1 верасня 1958 года. Папулярна з гэтым правапісам звязваецца год яго першага выпуску асобнай кнігай — 1959 год.
Праект змен і ўдакладненняў беларускага правапісу
[правіць | правіць зыходнік]Пасля рэформы 1933 года ў беларускім правапісе заставалася многа нявырашаных пытанняў, супярэчлівых напісанняў. З мэтай далейшага ўпарадкавання беларускага правапісу ў канцы 1930-х гадоў распачалася арфаграфічная дыскусія, якая працягвалася і пасля вайны[1].
У 1951 годзе Арфаграфічная камісія Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР на чале з Якубам Коласам і Кандратам Крапівой падрыхтавала «Праект змен і ўдакладненняў беларускага правапісу»[1].
Аканне
[правіць | правіць зыходнік]Адзначаючы як галоўны недахоп беларускага пісьма непаслядоўнасць у правядзенні фанетычнага прынцыпу напісання галосных у запазычанай і незапазычанай лексікі, Арфаграфічная камісія бачыла сваю задачу ў выпрацоўцы адзінага падыходу да гэтай праблемы. Жадаючы пазбегнуць скажэння запазычаных слоў і разам з тым уніфікаваць і спрасціць правапіс некаторых лексічных груп (уласных імён, геаграфічных назваў, запазычаных слоў, складаных слоў), Арфаграфічная камісія ў сваім праекце прапанавала[2]:
- захаваць на пісьме е ненаціскное: весна, земля, сезон, перон, Александр, Нева;
- пісаць праз я займеннікі мяне, цябе, сябе, яна, яго, яе, яны;
- перадаваць праз а ненаціскное о за выключэннем канцавога о пасля галоснай: гара, савет, камунізм, Арджанікідзе, Арол, брута, нета, але радыо, трыо, Токіо, Більбао;
- перадаваць ненаціскное э ў залежнасці ад спосабу вымаўлення: рака, адрас, эшалон, Чарнышэўскі, Чарапавец, але рэкорд, шэдэўр, Герцэн, Нахічэвань, Ерэван.
Іншамоўныя злучэнні io, ia
[правіць | правіць зыходнік]Спалучэнні io, ia прапаноўвалася перадаваць праз іо, іа, ыо, ыа: біолаг, геніальны, патрыот, сацыалізм[2].
Дзеканне і цеканне
[правіць | правіць зыходнік]Дзеканне і цеканне пашыраліся на цэлы рад запазычаных слоў: дзірэктар, парція, целефон, басціон, Цібр, але дэмпінг, аутэнцічны, дэндзі, Атэла, Дэтройт[2].
Апостраф і мяккі знак
[правіць | правіць зыходнік]Праект прапанаваў значна пашырыць выпадкі ўжывання мяккага знака для абазначэння раздзельнага вымаўлення зычнага з наступным галосным, увёўшы напісанне ь пасля зычных с, з, ц, дз, н, л (у правапісе 1933 года ь ужываўся толькі пасля л): каньяк, каньюнктура, іньекцыя, дасье, ранцье, Аркадзьеў[2].
Складаныя словы
[правіць | правіць зыходнік]У праекце вялікая ўвага звернута на распрацоўку правапісу складаных слоў. У адрозненне ад правапісу 1933 года, згодна з якім напісанне першай часткі складанага слова залежала ад самастойнасці ўжывання або граматычнай цэльнасці другой часткі складанага слова, праект вызначаў напісанне першай часткі складанага слова ў залежнасці ад яе семантычнай самастойнасці:
- у выпадках самастойнага яе існавання першая частка складанага слова захоўвае напісанне, уласцівае форме назоўнага або роднага склону адзіночнага ліку: законадаўства, шоўкапрад, семігодка;
- у адваротным выпадку складанае слова пішацца як простае: гарком, камсамол, заацехнік[3].
Правапіс назоўнікаў
[правіць | правіць зыходнік]Разам з унармаваннем правіл правапісу праект Арфаграфічнай камісіі прадугледжваў таксама і ўдакладненне асобных граматычных формаў. Так, праект распрацаваў пытанне аб ужыванні канчаткаў -а, -у ў родным склоне адзіночнага ліку ІІ скланення, аб уніфікацыі канчаткаў роднага склону множнага ліку назоўнікаў ІІІ скланення як канчатка -эй (-ей)[3].
Правапіс дзесловаў і лічэбнікаў
[правіць | правіць зыходнік]Праект размежаваў дзеяслоўныя канчаткі 1-й асобы множнага ліку абвеснага ладу -ом (-ём), -ам (-ем) і загаднага ладу -эм (-ем): бером — берэм[2].
Таксама былі замацаваны канчаткі дзеясловаў -аце, -еце ў форме 2-й асобы множнага ліку абвеснага ладу: бераце, сцеражаце, ідзеце, несеце[2].
Праект уводзіў родавыя формы лічэбнікаў два, дзве: двух — дзвюх[2].
Іншыя змены
[правіць | правіць зыходнік]Часціцы б (бы), ж (жа) прапанавалі пісаць без злучка: прышла б, чаму ж[2].
Абмеркаванне праекта
[правіць | правіць зыходнік]25—26 студзеня 1952 года праект змен і ўдакладненняў беларускага правапісу абмяркоўваўся на спецыяльнай канферэнцыі АН БССР. Вынікі абмеркавання паказалі, што беларускі правапіс у асноўным правільна адлюстроўвае заканамернасці беларускай літаратурнай мовы і таму не патрабуе новай рэформы. Неабходны толькі частковыя змены і ўдакладненні асобных правілаў. Так, ніякіх пярэчанняў не выклікала пашырэнне акання на правапіс запазычаных слоў; гэта было абумоўлена паслядоўным правядзеннем галоўнага прынцыпу беларускага пісьма — фанетычнага. Разам з тым адхіленне ад яго ў выглядзе захавання на пісьме е ненаціскнога ў спрадвечна беларускай лексіцы не было падтрымана большасцю ўдзельнікаў абмеркавання, якія выступілі з заўвагамі аб неправамернасці такой прапановы ў сувязі з яе непаслядоўнасцю, супрацьпастаўленнем вымаўленчым нормам жывой мовы і традыцыям пісьмовай мовы, а таксама ў сувязі з непажаданымі вынікамі, якія гэта магло мець для вымаўлення[4].
Пашырэннем фанетычнага прынцыпу правапісу з’яўлялася таксама прапанова падпарадкаваць іншамоўныя словы дзеканню і цеканню ў тых выпадках, калі гэта адпавядае вымаўленню, замацаванаму за такімі словамі ў літаратурнай мове. Паказальна, што і гэта прапанова ў ходзе абмеркавання была падтрымана амаль аднагалосна, нягледзячы на некаторыя выключэнні, звязаныя з хістаннямі літаратурных вымаўленчых норм. Такім чынам, у абмеркаванні праблем беларускага правапісу, якое мела сваёй галоўнай мэтай вызначэнне суадносін паміж фанетычным і марфалагічным прынцыпамі пісьма, большасць удзельнікаў выказалася за паслядоўную фанетызацыю беларускага правапісу[5].
Зацвярджэнне новых правілаў
[правіць | правіць зыходнік]Праект быў дапрацаваны ў 1956 годзе і зацверджаны 11 мая 1957 года спецыяльнай пастановай Савета Міністраў БССР «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу». Пастанова датычылася пераважна тых правілаў, якія былі недасканала распрацаваны рэформай 1933 года і заставаліся крыніцай арфаграфічнага разнабою[1].
З улікам пастановы 1957 года ў 1959 годзе былі выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Яны былі распрацаваны калектывам навуковых супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР пад кіраўніцтвам акадэмікаў К. Атраховіча (Кандрата Крапівы) і П. Глебкі. У складанні «Правіл» прымалі ўдзел вядомыя беларускія лінгвісты М. Булахаў, П. Гапановіч, М. Лобан, М. Суднік, П. Шуба. Даведнік змяшчаў 240 правіл беларускага правапісу, згрупаваных па наступных раздзелах: «Правапіс галосных»; «Правапіс зычных»; «Правапіс мяккага знака і апострафа»; «Аб напісанні разам і праз злучок (дэфіс)»; «Ужыванне вялікай літары»; «Складанаскарочаныя словы, літарныя абрэвіятуры і графічныя скарачэнні»; «Правілы пераносу»; «Правілы пунктуацыі»[6].
Змены
[правіць | правіць зыходнік]Правапіс ненаціскных о, э
[правіць | правіць зыходнік]Было пашырана аканне на ўсе словы, незалежна ад паходжання: арганізацыя, савет, бальшавік, камунізм, сацыялізм, пралетарыят, рэвалюцыя, Арджанікідзе, брута. Канцавое о стала захоўвацца толькі пасля галосных: адажыо, трыо, але радыё[7].
У імёнах, прозвішчах і геаграфічных назвах са славянскай лексічнай асновай, а таксама даўно запазычаных з неславянскіх моў ненаціскное э перадаецца праз а, а ненаціскное е ў першым складзе перад націскам — праз я: Дзяніс, Пляханаў, Нява, Чарнышэўскі, Чарапавец[8].
Дзеканне і цеканне
[правіць | правіць зыходнік]Было ўдакладнена напісанне д, т і дз, ц у імёнах, прозвішчах і геаграфічных назвах у адпаведнасці з беларускім літаратурным вымаўленнем: Ціміразеў, Ціханаў, Церак, Дзяніс, Гарыбальдзі, Тэкля, Дэфо, Тэлаві[8].
Апостраф і мяккі знак
[правіць | правіць зыходнік]Апостраф пішацца[9]:
- пасля прыставак, якія канчаюцца на зычны, перад е, ё, ю, я і націскным і, у тым ліку і пасля іншамоўных прыставак: ад’езд, уз’яднанне, аб’інець, ін’екцыя, кан’юнктура;
- у сярэдзіне слова пасля губных б, в, м, п, ф, заднеязычных г, к, х і зацвярдзелых р, ж, ш, ч перад тымі ж галоснымі: сям’я, Мантэг’ю, бар’ер.
Мяккі раздзяляльны знак пішацца[10]:
- пасля зычных л, н, с, ц, дз і непрыставачнага з перад е, ё, і, ю, я ў словах іншамоўнага паходжання: рэльеф, каньяк, канферансье, ранцье, мадзьяр, Лавуазье;
- у імёнах па бацьку, прозвішчах і геаграфічных назвах, утвораных ад імён на -ій (-ый), пасля зычных л, н, с, ц, дз, з перад суфіксам -еў пішацца мяккі знак, а пасля губных і зацвярдзелых — апостраф: Васільевіч, Арсеньеў, Грыгор’еўка, Пракоф’еў. Пасля ж г, к, х і збегу зычных, акрамя нц, перад суфіксам -еў пішацца і (ы): Георгіевіч, Дзмітрыеў; але: Вікенцьеў, Кліменцьевіч.
Складаныя словы
[правіць | правіць зыходнік]Адным з галоўных пунктаў змянення старых арфаграфічных нормаў было змяненне правапісу складаных слоў. Замест ранейшага крытэрыя для вырашэння пытання аб падпарадкаванасці частак складаных слоў з’явам акання і якання — скарочанасці або несамастойнасці другой часткі складанага слова — быў прапанаваны больш фармальны і таму больш аб’ектыўны крытэрый — месца націску ў другой частцы складанага слова. Калі націск падае на першы склад другой часткі складанага слова, то гэта ўжо з’яўляецца дастатковым, каб аб’яднаць дзве часткі ў адно слова, якое ў адносінах правапісу прыраўноўваецца да простага, нескладанага: шаўкапра́д, Дабралю́баў. Калі ж націск адцягваецца далей ад першай часткі слова, то ўзнікае патрэба ў другім, пабочным націску, у выніку чаго складанае слова павінна мець асобны правапіс першай і другой яго частак: то̀рфабрыке́т, Но̀варасі́йск[11]. Ненаціскное э ў першай частцы складаных слоў захоўваецца без змены: мэтазго́дна, рэдказу́бы[12].
Гэта правіла з’яўлялася ў значнай меры ўдакладненнем былога правапісу складаных слоў, аднак яно пакідала пэўную колькасць выключэнняў, напісанне якіх вызначалася слоўнікам. Неабходнасць такіх выключэнняў вынікала, відавочна, не з граматычнай недасканаласці правіла, а з недастатковай семантычнай сувязі асобных частак некаторых складаных слоў[13].
Склонавыя канчаткі назоўнікаў
[правіць | правіць зыходнік]Пастанова аб зменах і ўдакладненнях беларускага правапісу садзейнічала не толькі распрацоўцы арфаграфічных пытанняў беларускай літаратурнай мовы, але і нармалізацыі асобных граматычных формаў. Было прынята пашырэнне канчатка -у ў родным склоне адзіночнага ліку назоўнікаў ІІ скланення на некаторыя лексічныя групы (назвы хімічных элементаў, грамадскія фармацыі, навуковыя тэорыі, грамадскія і навуковыя плыні): кіслароду, капіталізму, патрыятызму, матэрыялізму, але камунізма, сацыялізма, марксізма, ленінізма[14].
Канчаткі дзеясловаў
[правіць | правіць зыходнік]Было праведзена размежаванне дзеяслоўных формаў на -эм (-ем) паміж дзеяслоўнымі катэгорыямі абвеснага і загаднага ладу, і ў выніку формы дзеясловаў 1-й асобы множнага ліку абвеснага ладу атрымалі канчатак -ом (-ём) пад націскам і -ам (-ем) не пад націскам, даволі пашыраныя на поўначы і ўсходзе Беларусі: бяро́м, нясём, пі́шам, чыта́ем[13].
У такой жа ступені апраўданым было замацаванне ў якасці літаратурнай нормы канчатка дзеясловаў 2-й асобы множнага ліку абвеснага ладу -аце́ (-яце́): бераце́, несяце́, замест вузкадыялектнай, вядомай толькі на крайнім поўдні і захадзе Беларусі формы -э́це (-е́це). Апошняя была прынята правапісам 1933 года замест шырокавядомых формаў тыпу несяцё, берацё (з пераходам е ў ё)[13].
Канчаткі лічэбнікаў
[правіць | правіць зыходнік]У адпаведнасці з моўнай практыкай была адменена ўніфікацыя склонавых формаў лічэбнікаў мужчынскага і жаночага роду два — дзве, абодва — абедзве, якую ўвёў правапіс 1933 года. Цяпер канчаткі лічэбнікаў залежалі ад роду: двух — дзвюх, двум — дзвюм, двума — дзвюма[13].
Іншыя змены
[правіць | правіць зыходнік]Без злучка пачалі пісацца часціцы б (бы), ж (жа): прыйшла б, прачытаў бы, чаму ж, казаў жа[15].
У імёнах, прозвішчах і геаграфічных назвах, у якіх у беларускім вымаўленні пачатковае у развілося з в, стала пісацца ў пачатку літара у: Уладзімір, Усевалад, Уладзівасток[15].
Вынікі
[правіць | правіць зыходнік]Адным з прынцыповых змяненняў было памяншэнне ўплыву паходжання лексікі на яе правапіс, асабліва ў напісанні ненаціскнога э/е. З двух крайніх варыянтаў, адзначаных у прэамбуле праекта 1951 года, гэта значыць поўнага падпарадкавання іншаземных слоў прынцыпу акання/якання і поўнага непадпарадкавання, канчаткова быў выбраны змяшаны варыянт з пашырэннем прынцыпу акання на ўсе словы, незалежна ад паходжання, і з распаўсюджаннем прынцыпу якання на словы са славянскай асновай і на «даўно запазычаныя» неславянскія словы. Але і ў новых «Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» засталося шмат нявырашаных праблем і супярэчнасцей, што абумовіла вялікую колькасць выключэнняў.
Для далейшай стабілізацыі правапісу вялікае значэнне мелі выданні нарматыўнай «Граматыкі беларускай мовы» (т. 1, 1962) і «Беларускай граматыкі» (ч. 1, 1985), «Арфаграфічнага слоўніка» М. Лобана і М. Судніка (1 выд., 1961; 6 выд., 1990), дапаможніка «Беларуская мова. Арфаграфія» Я. Камароўскага (1972), нарматыўнага «Слоўніка беларускай мовы» (1987) і іншых[1].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 Рэформа беларускага правапісу 1933 года // Беларуская мова : энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 467. — 654 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-126-9.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 Праект 1951.
- 1 2 Гісторыя беларускай літаратурнай мовы 1968, p. 276.
- ↑ Гісторыя беларускай літаратурнай мовы 1968, p. 276—277.
- ↑ Гісторыя беларускай літаратурнай мовы 1968, p. 277.
- ↑ Беларускі правапіс 2010, p. 16.
- ↑ Правілы 1959, p. 9—10.
- 1 2 Правілы 1959, p. 10.
- ↑ Правілы 1959, p. 10—11.
- ↑ Правілы 1959, p. 11.
- ↑ Гісторыя беларускай літаратурнай мовы 1968, p. 278—279.
- ↑ Правілы 1959, p. 12.
- 1 2 3 4 Гісторыя беларускай літаратурнай мовы 1968, p. 279.
- ↑ Правілы 1959, p. 29.
- 1 2 Правілы 1959, p. 13.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Праект змен і ўдакладненняў беларускага правапісу / пад рэд. Я. Коласа. — Мн., 1951.
- Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі / пад рэд. К.К. Атраховіча і П.Ф. Глебкі. — Мн.: АН БССР, 1959.
- Крамко І. І., Юрэвіч А. К., Яновіч А. І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы / пад рэд. А. І. Жураўскага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1968. — Т. 2. — 340 с.
- Бурак І. Л., Дзятко Д. В., Нямковіч Н.М. і інш. Беларускі правапіс: вучэбны дапаможнік / пад навук. рэд. Д. В. Дзятко. — Мн.: БДПУ, 2010. — С. 212.