Перайсці да зместу

Дзеясловіца

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Дзеясловіца — варыянт правапісу беларускай мовы, які з’яўляецца сярэднім варыянтам паміж афіцыйным правапісам і тарашкевіцай. Рэалізуе перадачу асаблівасцей беларускага вымаўлення на аснове афіцыйных нормаў.

Назву атрымаў ад назвы часопіса «Дзеяслоў», які друкаваўся паводле гэтых прынцыпаў з верасня 2002 года да канца 2009 года, калі часопіс перайшоў на афіцыйную норму. Правапіс лічыўся кампрамісным варыянтам, але іншымі выданнямі падтрыманы не быў, застаўшыся фактычна незаўважаным ні з боку прыхільнікаў тарашкевіцы, ні з боку прыхільнікаў наркамаўкі[1].

Гэты варыянт беларускага правапісу (з некаторымі асаблівасцямі), які грунтуецца на прапановах Правапіснай камісіі ТБМ імя Ф. Скарыны, працяглы перыяд выкарыстоўваецца таксама ў праваабарончым бюлетэні «Права на волю»,[2] які выдае Праваабарончы цэнтр «Вясна» Алеся Бяляцкага, а таксама ў грэка-каталіцкай газеце «Царква»[3].

Сутнасць моўнай нормы

[правіць | правіць зыходнік]

Дзеясловіца імкнецца рэалізаваць на пісьме фанетычны прынцып беларускай мовы на аснове афіцыйнай нормы, ад якой адрозніваецца пераважна на арфаграфічным узроўні — адзін і той жа тэкст у абодвух варыянтах вымаўляецца ідэнтычна. Выключэнне складаюць канчаткі назоўнікаў ІІ скланення ў родным склоне, а таксама канчаткі -аў (-яў) у формах І скланення роднага склону множнага ліку, як, напрыклад, «задачаў», «паэмаў», «пазіцыяў», якія шырэй выкарыстоўваюцца ў тэкстах, пісаных паводле альтэрнатыўнай нормы.[4]

Апроч гэтага, асіміляцыйную мяккасць свісцячых дзеясловіца перадае толькі ў межах слова, але не перадаецца ў прыназоўніках.

Параўнанне правапісаў

[правіць | правіць зыходнік]
Тарашкевіца Дзеясловіца Афіцыйны правапіс
сьвет, бязьлітасна сьвет, бязьлітасна свет, бязлітасна
жыцьцё, мысьленьне жыцьцё, мысьленьне жыццё, мысленне
бязь іх, ня толькі бяз іх, ня толькі без іх, не толькі
сымбаль, пазыцыя, сыгнал сімвал, пазіцыя, сігнал сімвал, пазіцыя, сігнал
філязофія, міт філасофія, міф філасофія, міф
Эўропа, Шатляндыя Еўропа, Шатландыя Еўропа, Шатландыя

Прычыны з’яўлення

[правіць | правіць зыходнік]

Праз тое, што афіцыйны правапіс беларускай мовы не перадае на пісьме асіміляцыйнай мяккасці[4], а асаблівасці тарашкевіцы ў перадачы замежных слоў для многіх з’яўляюцца нязвыклымі[4], з’яўляецца «сярэдні варыянт» правапісу, які імкнецца паўней перадаць графічна асаблівасці вымаўлення беларускіх слоў і звыклае вымаўленне замежных запазычанняў[4].

Паэт і літаратуразнавец Анатоль Івашчанка, які з’яўляецца прыхільнікам «сярэдняга правапісу», сцвярджае, што:

" ня мяккія знакі ды перадача першага складу перад націскам ствараюць «псіхалагічны (ці «псыхалягічны») бар’ер» для тых, чыё вывучэньне беларускай абмяжоўваецца школай, а перадусім словаўтварэньне запазычанай лексікі (лацінізмы зь мяккім [л], сьвісьцячыя у пазіцыях перад [і], дыферэнцыяцыя гукаў [ф] і [т], перадача ўласных імёнаў і інш.). Тут і ў саміх адэптаў «тарашкевіцы» поўна супярэчлівых поглядаў… У часе гутарак многія людзі, што карыстаюцца «тарашкевіцай», пацьвярджалі, што запазычаньні для іх ёсьць фактарам раздражняльным. Некаторыя пераходзілі на аналаг «дзеясловіцы» ня ведаючы пра яе існаваньне.[4] "

Зноскі