Перайсці да зместу

Рэформа беларускага правапісу 1933 года

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Рэформа беларускага правапісу была зацверджана Пастановай СНК БССР «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» ад 26 жніўня 1933 года, апублікаванай у газеце «Звязда» 28 жніўня. Пастанову выдалі аднайменнай асобнай брашурай у Менску. Нарматыўныя (да 1958 года) правапіс і граматыка беларускай мовы былі выдадзеныя ў 1934 годзе асобнай кнігай статысячным тыражом пад рэдакцыяй Андрэя Александровіча.

У 1926 годзе на Акадэмічнай канферэнцыі абмяркоўвалі пытанні рэфармавання беларускага правапісу і прынялі рашэнне працягваць работу ў правапіснай камісіі Інбелкульта, якая ў перыяд 1927—1929 гадоў падрыхтавала праект новага правапісу, апублікаваны ў 1930 годзе для шырокага абмеркавання.

Але ў гэты час у Беларусі пачалася кампанія выкрыцця так званых «нацыянал-дэмакратаў». Была створана справа «Саюза вызвалення Беларусі», да якога аднеслі і большасць членаў правапіснай камісіі. Выдадзены праект правапісу аб’явілі «нацдэмаўскім» і забаранілі.

У сакавіку 1930 года Інстытут мовазнаўства ў поўным складзе сваіх навуковых супрацоўнікаў прыступіў да падрыхтоўкі новага праекта правапісу. У перыяд з 8 сакавіка 1930 года да 26 студзеня 1933 года адбылося 15 пасяджэнняў. Пасля гэтага ў лютым—сакавіку 1933 года праект разглядалі на агульна-акадэмічнай нарадзе, якая ўнесла шэраг дадаткаў і паправак. Некаторыя пытанні (напрыклад, аб яканні, аб варыянтах давальнага і меснага склонаў множнага ліку мужчынскага і ніякага роду, аб уніфікацыі формаў лічэбнікаў двух, двум і г.д. для ўсіх родаў і г.д.) выклікалі найбольш гарачыя спрэчкі; некаторыя пытанні часам перарашаліся па 2—3 разы[1].

Закончаны і надрукаваны ў 1933 годзе «Праект спрашчэння беларускага правапісу» ўключаў 84 правілы. Ён разглядаўся на пасяджэннях калегіі Наркамасветы, на нарадзе пры Дзяржаўным вучоным савеце, на Камфракцыі Аргкамітэта Саюза савецкіх пісьменнікаў, на сходах студэнтаў і выкладчыкаў Літаратурна-лінгвістычнага аддзялення Менскага педагагічнага інстытута, у НДІ Камвыхавання і нарэшце на пасяджэнні спецыяльнай правапіснай камісіі пад старшынствам наркама асветы БССР Аляксандра Чарнушэвіча. На гэтым пасяджэнні ў яго былі ўнесены дадатковыя змены[2]. У такім выглядзе ён і стаў асновай для Пастановы СНК БССР ад 26 жніўня 1933 года «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». З улікам гэтай пастановы ў 1934 годзе быў выдадзены разгорнуты і дэталёвы звод арфаграфічных правілаў «Правапіс беларускай мовы»[3].

Правапіс уключаў шэраг палажэнняў забароненага праекта рэформы Правапіснай камісіі Сцяпана Некрашэвіча 1930 года, але дадаткова змяшчаў і змяненні ў граматыцы[4]. У параўнанні з граматыкай Тарашкевіча 1918 года быў узмоцнены марфалагічны прынцып будовы граматыкі, шэраг правіл спрасцілі і ўпарадкавалі.

Урадавая пастанова змяшчала 23 палажэнні. Яны датычыліся пераважна тых правілаў, пры рэалізацыі якіх на практыцы існаваў разнабой. Пастанова складалася з пяці раздзелаў[3]:

  • правапіс галосных;
  • правапіс зычных;
  • правапіс слоў іншамоўнага паходжання;
  • правапіс уласных імёнаў, прозвішчаў і геаграфічных назваў;
  • марфалогія.

Да рэформы ў правапісе галосных найбольш складаным і спрэчным было пытанне перадачы на пісьме галосных у ненаціскных (слабых) пазіцыях. У беларускіх гаворках ненаціскны вакалізм вельмі разнастайны. Граматыка Браніслава Тарашкевіча замацоўвала фанетычны прынцып напісання галосных з даволі складанай формулай адлюстравання акання пасля мяккіх зычных: я ў першым пераднаціскным складзе пасля мяккіх зычных (лясні́к, вясна́); у другім пераднаціскным складзе — паводле прынцыпу дысіміляцыі (распадабнення): калі ў першым пераднаціскным складзе галосны а, то ў другім е (лесаві́к, цецяру́к), калі ж у першым галосныя і, ы, у, то ў другім пераднаціскным я (лясуна́, цяплыня́); у іншых перад- і паслянаціскных складах — е[3].

Урадавая пастанова 1933 года (палажэнні 1 і 2) замацавала правіла аб перадачы на пісьме якання ў такім выглядзе, як яно было прынята на канферэнцыі 1926 года[3]:

  • у першым пераднаціскным складзе пасля мяккіх зычных пісаць я: зямля́, вядзе́, але дзевя́ты, дзеся́ты. Ва ўсіх астатніх ненаціскных складах — е: веліза́рны, ваеніза́цыя, невысо́кі;
  • нязменна пісаць часціцу не і прыназоўнік без незалежна ад месца націску: не бы́ў, без ва́с, не прыйшо́ў.

Прыстаўны «в»

[правіць | правіць зыходнік]

Новы правапіс удакладняў напісанне прыстаўнога зычнага в перад націскнымі о, у, за выключэннем геаграфічных назваў: восень, вусень, але Орша, Ула[3].

Асіміляцыя зычных

[правіць | правіць зыходнік]

Рэформа 1933 года значна ўніфікавала правапіс зычных, у аснове якога з самага пачатку развіцця новага беларускага пісьменства пераважаў фанемна-марфалагічны (традыцыйна яго называюць этымалагічным ці марфалагічным) прынцып. Сутнасць яго ў тым, што пазіцыйныя (асіміляцыйныя) змены зычных на пісьме не адлюстроўваюцца: «пішацца не так, як чуваць», гэта значыць зычныя гукі слабых пазіцый незалежна ад вымаўлення абазначаюцца тымі ж літарамі, што і гукі моцных пазіцый, з якімі яны чаргуюцца ў складзе марфемы[3].

У граматыцы Браніслава Тарашкевіча гэты прынцып не паслядоўны. Асіміляцыйныя змены звонкіх — глухіх, змычных — афрыкат на пісьме не перадаюцца: хлеб, малацьба, падтрымаць (а не хлеп, маладзьба, паттрымаць), матчын, матцы (а не маччын, маццы), а пазіцыйныя змены цвёрдых — мяккіх, свісцячых — шыпячых на пісьме адлюстроўваюцца: вясьне, сьпіць, чэскі[3].

Аўтары правапіснага праекта, кіруючыся ў асноўным прынцыпамі, вызначанымі Тарашкевічам («фанетычны — для галосных, этымалагічны — для зычных»), пашыраюць іх і на іншыя злучэнні зычных. У прыватнасці[3]:

  • не перадаецца на пісьме асімілятыўная мяккасць зычных: ляснік, вясне, спіць (у моцных пазіцыях яна знікае: лясны, вясна, спаць);
  • не пішацца мяккі знак паміж падоўжанымі мяккімі зычнымі: калоссе, жыццё, суддзя;
  • мяккі знак пішацца толькі для абазначэння этымалагічнай (уласнай) мяккасці, якая не знікае і перад цвёрдымі: пісьменнік, касьбе (бо пісьмо, касьба).

Такую ж рэдакцыю гэтага правіла дае і праект 1930 года. У праекце 1933 года прапанавалі не пазначаць падоўжаныя зычныя на пісьме, але ў пастанову такі варыянт не ўвайшоў: калосе, жыцё, судзя[5].

На стыку марфем

[правіць | правіць зыходнік]

Урадавай пастановай 1933 года зацверджаны правілы[3]:

  • зычныя т, к, ц, ч зліваюцца з суфіксальным с у ц: сваяцкі, брацкі;
  • зычны д перад суфіксальным с захоўваецца: гарадскі, суседства, замест напісанняў тыпу гарадзкі, што не адпавядала ні фанетычнаму, ні фанемна-марфалагічнаму прынцыпу;
  • зычныя г, ж, з, к, х, ш у геаграфічных назвах не зліваюцца з суфіксальным с: волжскі, чэшскі, каўказскі, выбаргскі, цурыхскі, узбекскі;
  • у беларускіх словах ж і ш перад суфіксальным с не пішуцца: мноства, таварыства.

Праект 1933 года прапанаваў выпадзенне г, з, ж, х, ш, с перад суфіксальным с, але ў пастанову такі варыянт не ўвайшоў: волскі, чэскі, каўкаскі[6].

Рэформа 1933 года ўпарадкавала, паводле прапановы аўтараў Праектаў правапісу 1930 года і 1933 года, ужыванне апострафа перад ётаванымі галоснымі для вызначэння раздзельнага вымаўлення зычнага з наступным галосным: б’ю, з’еў, сям’я, Лавуаз’е, за выключэннем л, пасля якога трэба пісаць мяккі знак: рэльеф, Васільеў[3].

Іншамоўныя словы

[правіць | правіць зыходнік]

Пастановай рэгламентавалася адно з найбольш складаных і нераспрацаваных пытанняў беларускай арфаграфіі — правапіс іншамоўных слоў. Адсутнасць сталых пісьмовых традыцый і дэталёва распрацаваных правілаў, неакрэсленасць саміх прынцыпаў фанетычнага і арфаграфічнага асваення запазычанай лексікі вялі да значнага разнабою ў правапісе гэтых слоў[3].

У адрозненне ад асноўных палажэнняў першых двух раздзелаў урадавай пастановы (правапіс галосных і зычных у беларускіх словах), якія вынікалі з арфаграфічных канцэпцый папярэднікаў, правілы напісання іншамоўнай лексікі значна разыходзяцца з прапановамі беларускіх мовазнаўцаў 1920-х гадоў, якія імкнуліся перадаваць запазычанні бліжэй да мовы-крыніцы. Рэформа 1933 года ў большай ступені падводзіла напісанне запазычаных слоў пад агульныя правілы беларускага правапісу[7].

Урадавая пастанова 1933 года таксама замацавала правапіс ненаціскных галосных у запазычаных словах паводле пастановы Акадэмічнай канферэнцыі 1926 года: ненаціскны о пераходзіць у а (прафесар, эканоміка), за выключэннем слоў радыё, бруто, інкогніто і г.д., дзе канцавыя ненаціскныя о, ё захоўваюцца[7].

Аднак было зроблена выключэнне, абумоўленае, відавочна, пазамоўнымі прычынамі, для дзясятка «інтэрнацыянальных рэвалюцыйных слоў», на якія аканне не павінна пашырацца: рэволюцыя, совет, большэвік, комуна, соцыялізм, комунізм, Комінтэрн, комсамол, пролетарый, піонер, Профінтэрн і г.д. Гэтае выключэнне як навукова беспадстаўнае і практычна неапраўданае пазней было адменена ўрадавай пастановай 1957 года[7].

Цвёрдасць/мяккасць

[правіць | правіць зыходнік]

У правапісе зычных у іншамоўных словах рэформа закранула найперш перадачу на пісьме цвёрдых — мяккіх зычных, у прыватнасці l еўрапейскага (гука, сярэдняга паміж беларускімі [л’] і [л]) і напісанне зычных у спалучэнні з галоснымі e, i. Паводле пісьмовай традыцыі 1920-х гадоў, якую прапаноўвалі замацаваць і аўтары праектаў 1930 і 1933 гадоў, l у пачатку і ў сярэдзіне слова перадавалася пераважна мякка (клюб, кляса, пляцформа, але лацінка, лубін), у канцы слова — мякка або цвёрда ў залежнасці ад вымаўлення (заля, карусэля, аўтамабіль, але формула, ідэал). Галосныя e, i у словах іншамоўнага паходжання перадаваліся пераважна праз э, ы: мэтод, проспэкт, газэта, сыстэма. Правіла гэта, аднак, мела выключэнні. Праект 1933 года рэкамендаваў пакідаць е толькі пасля л, а ва ўсіх астатніх выпадках пісаць э: гэрб, гэаграфія, гэстка, парыкмахэр. Пасля д, т галосны i рэкамендавалася перадаваць праз ы, пасля с, з — праз і (унівэрсітэт, сінус, дывізія, марксізм, прафэсійны); пасля з, с, д (дз), т (ц) — захоўваць і ў суфіксе -ік (білецік, эпізодзік) і інш[7].

Пытанне, ці захоўваць іншамоўнае аблічча запазычанняў, ці падпарадкоўваць яго фанетычнай сістэме беларускай мовы, урадавая пастанова 1933 года вырашыла на карысць апошняй. Вызначальнымі фактарамі тут былі імкненне наблізіць правапіс запазычаных слоў да жывога беларускага вымаўлення і практыка афармлення гэтых слоў у рускай мове, дзе таксама праявілася тэндэнцыя руху нормы — ад цвёрдага «інтэлігенцкага» вымаўлення да мяккага[7].

Рэформа 1933 года замацоўвала перадачу l еўрапейскага ў іншамоўных словах згодна з традыцыйна пашыраным на Беларусі вымаўленнем, гэта значыць пераважна цвёрда: метал, алмаз, балкон. Але ў тых выпадках, калі іншамоўнае l вымаўлялася мякка, пакідаць л мяккае: аўтамабіль, асфальт, люстра, лямпа, пляц, калёквіум і г.д. Галосныя ы, э паводле ўрадавай прапановы рэкамендавалася пісаць толькі пасля д, т і зацвярдзелых зычных, ва ўсіх астатніх выпадках — і, е: фізіка, сістэма, методыка, дырэктар (замест фізыка, сыстэма, мэтодыка), але музыка, цір[7].

Новы правапіс ліквідаваў таксама варыянтнае напісанне слоў іншамоўнага паходжання з гукам [ф], які перадаваўся як ф, п, хв, х, т (грэч. θ). Праект 1933 года рэкамендаваў чужаземныя f, грэчаскія φ і θ перадаваць праз ф: арыфмэтыка, лёгарыфм, але: тэатр, бібліятэка, катэдра[7].

Урадавая пастанова 1933 года афіцыйна замацавала перадачу іншамоўнага f, грэчаскага фі (φ) і часткова фіта (θ) праз ф: форма, фунт, фабрыка, арыфметыка, арфаграфія, кафедра, але тэатр, тэзіс, тэорыя, метад. Такія напісанні падтрымліваліся аналагічным афармленнем гэтых слоў у рускай мове[7].

Канец некаторых назоўнікаў

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле пастановы 1933 года тр, др у канцы іншамоўных слоў пачалі перадавацца без змен: літр, цыліндр[7].

Назоўнікі тыпу пролетары, бары, алюміні замяняліся формамі пролетарый, барый, алюміній і падлягалі скланенню па тыпу назоўніка май[7].

Замацоўваюцца таксама формы назоўнікаў са значэннем асобы з суфіксам -іст, якія першапачаткова ўжываліся ў беларускіх выданнях як назоўнікі з нулявымі канчаткамі (сацыяліст, журналіст), а пазней, да сярэдзіны 1920-х гадоў, сталі афармляцца паводле прыметнікавага скланення (марксісты, марксістага, марксістаму)[7].

Уласныя імёны, прозвішчы і геаграфічныя назвы

[правіць | правіць зыходнік]

Пастанова 1933 года рэгламентавала таксама правапіс уласных імёнаў, прозвішчаў і геаграфічных назваў. Упершыню правапіс слоў гэтага разраду разглядаўся ў 1930 годзе правапіснай камісіяй, якая зыходзіла з падзелу гэтай лексікі на 3 групы: беларускія, іншаславянскія і неславянскія імёны. Пастанова 1933 года замацоўвала правапіс беларускіх і неславянскіх імён у такой самай рэдакцыі, але рэкамендавала і правапіс іншаславянскіх імён падпарадкаваць правілам, прынятым для іншамоўных агульных імён (перадаваць аканне, але з захаваннем э/е)[7]:

  1. Уласныя асобныя беларускія імёны пісаць паводле жадання іх носьбітаў : Васіль або Базыль, Осіп або Язэп, Іван або Янка, Міхаіл, Міхал або Міхась[8].
  2. Іншамоўныя імёны запісваць беларускім правапісам з перадачай акання (але з захаваннем э/е), зацвярдзелых, дзекання, цекання, ў замест в на канцы складоў: Чэрнышэўскі, Шэўчэнка, Плеханаў, Чэрэпавец, Владзівасток, Дзюрынг, Каўказ.

Акрамя таго, пастанова ўключае яшчэ палажэнне, якое супярэчыць папярэднім правілам:

  • імёны іншых моў і геаграфічныя назвы не перакладаць як у поўным напісанні, так і ў скарочаным; захоўваць пачатковыя О, В, Т, Сч: Владзімір Ленін, В. Ленін, Орджанікідзе, Терэхаў, Владзікаўказ, Твер, Счастліўцэў[7].

Гэтая супярэчлівая норма таксама адменена ў 1957 годзе. Рэформа 1933 года, такім чынам, не здымала праблемы правапісу ўласных імён. У пэўнай ступені гэта абумоўлена тым, што сама праблема даволі складаная. У ёй перакрыжоўваюцца фактары аб’ектыўныя і суб’ектыўныя, уласна лінгвістычныя і пазамоўныя (ідэалагічныя, нацыянальныя, эстэтычныя)[7].

Распрацоўка новага правапісу выйшла за межы ўласна арфаграфіі і закранула таксама некаторыя пытанні марфалогіі. Пытанні граматычнай нармалізацыі, у прыватнасці правапісу канчаткаў зменных часцін мовы, заставаліся актуальнымі і пасля выдання граматыкі Тарашкевіча. Неабходна было распрацаваць сістэму адзіных граматычных нормаў шляхам адхілення варыянтаў вузкадыялектнага паходжання. Аднак не ўсе нормы, кадыфікаваныя рэформай, вытрымалі праверку часам. Некаторыя з іх былі адменены пастановай 1957 года[9].

Родны склон адзіночнага ліку мужчынскага роду

[правіць | правіць зыходнік]

Новы правапіс у адпаведнасці з граматычнай традыцыяй вызначаў межы ўжывання канчаткаў назоўнікаў мужчынскага роду , ў родным склоне адзіночнага ліку ў залежнасці ад семантычных і граматычных прыкмет назоўніка. Але перавага аддавалася канчатку . Са сферы выкарыстання канчатка выключаліся назвы грамадскіх фармацый, а таксама вучэнняў, хімічных элементаў, хоць у мове існавала традыцыя ўжываць апошнія з канчаткам [10].

Канчаткі () пішуцца[11]:

  • у назвах жывых прадметаў: слесара, ястраба;
  • у назвах прадметаў нежывых, але непадзельных: малатка, дуба;
  • у назвах устаноў, грамадскіх арганізацый і сацыяльных фармацый, тэорый і вучэнняў, гарадоў, калгасаў, саўгасаў і рэчак: завода, камітэта, комунізма, соўгаса, клуба, Полацка, Дняпра;
  • у назвах частак цела, месяцаў, мер, грошай: пальца, лістапада, метра, чырвонца;
  • у назвах хімічных элементаў і злучэнняў: кісларода, алюмінія.

Канчаткі () пішуцца[12]:

  • у назвах матэрыялаў і наогул нежывых прадметаў, частку якіх можна назваць імем цэлага прадмета, і ў зборных прадметах: цэменту, лесу, народу, туману;
  • у абстрактна-разумовых паняццях, у дзеяслоўных назоўніках: часу, болю, погляду, адпачынку;

Гэта правіла ўдакладнілі ў 1957 годзе[10].

Давальны і месны склон множнага ліку

[правіць | правіць зыходнік]

Рэформа 1933 года ўніфікавала націскныя і ненаціскныя канчаткі назоўнікаў у давальным і месным склонах множнага ліку. Замест паралельных формаў тыпу калёсам, аб калёсах, але палём, братом, аб палёх, аб братох уводзіліся формы калёсам, братам, палям, аб калёсах, братах, палях[10].

Скланенне лічэбнікаў «два» і «дзве»

[правіць | правіць зыходнік]

Не вытрымалі праверкі часам і пазней былі адменены ўніфікаваныя рэформай 1933 года склонавыя формы лічэбнікаў мужчынскага і жаночага роду: два, дзве, але для абодвух родаў: двум, двух, двума[10].

Дзеясловы другой асобы множнага ліку абвеснага ладу

[правіць | правіць зыходнік]

Рэформа замацавала ў якасці літаратурнай нормы вузкадыялектныя формы дзеясловаў 2-й асобы множнага ліку на -эце (-еце): ідзеце, нясеце, вядзеце. З праекта былі выключаны формы тыпу бераце, несяце і г.д. Гэта правіла адмянілі ў 1957 годзе[10].

Дзеясловы загаднага ладу

[правіць | правіць зыходнік]

Пастанова 1933 года зацвярджала ў дзеясловаў загаднага ладу ў множным ліку толькі формы тыпу станьма, кіньма, станьце, кіньце; бярэм, нясем, бярыце, нясіце[13].

Дзеепрыметнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Рэформа замацоўвала ўжыванне дзеепрыметнікаў незалежнага стану цяперашняга часу на -учы (-ючы), -ачы (-ячы): пануючы клас[10].

Арфаграфічная рэформа 1933 года ў гісторыі беларускага мовазнаўства і беларускай культуры — з’ява неадназначная. З аднаго боку, выкліканая патрэбамі тагачаснай моўнай практыкі, яна ў значнай ступені абагульніла і рэалізавала здабыткі беларускага мовазнаўства 1920-х гадоў. Многія правілы, замацаваныя рэформай, былі прапанаваны і апрацаваны вучонымі — членамі арфаграфічнай камісіі 1920-х гадоў. Створаны на аснове рэформы «Правапіс беларускай мовы» (1934) пэўным чынам сістэматызаваў правапіс, спрыяў стабілізацыі арфаграфічных нормаў беларускай мовы. З другога боку, рэформа, як і іншыя з’явы грамадскага жыцця, падпала пад моцны палітыка-ідэалагічны ўплыў. У адрозненне ад падрыхтаванага ў 1929 годзе праекта правапісу многае ў правапісе 1933 года было абумоўлена пазалінгвістычнымі, палітычнымі меркаваннямі. Ва ўмовах узятага кіраўніцтвам краіны курса на барацьбу з «нацдэмамі», на збліжэнне народаў і зліццё іх культур у адну культуру з адной агульнай мовай важным стала не так адлюстраваць нацыянальную спецыфіку беларускай мовы, як прывесці правапіс у адпаведнасць з рускай арфаграфічнай традыцыяй. Таму і пасля рэформы ў беларускім правапісе заставалася многа нявырашаных пытанняў, супярэчлівых напісанняў[10].

Правапіс выклікаў шмат пытанняў і нават пратэстаў[4] у БССР.

Шэраг правіл, напрыклад, ужывання вялікіх літар, напісання слоў разам, асобна ці праз злучок, некаторыя варыянты форма- і словазмянення, быў нармалізаваны на ўзор адпаведных правіл рускай арфаграфіі[14].

Некаторыя арфаграфічныя правілы не забяспечвалі прынцыпу аднолькавага напісання, уводзіліся надуманыя, штучныя правілы, якія не адпавядалі літаратурнаму вымаўленню, былі недакладныя ў фармулёўках і не пашыраліся на ўсю лексіку.

У газеце «Звязда» ў 1938 годзе адкрылі шырокую дыскусію па далейшых кірунках развіцця беларускай граматыкі і правапісу. Выказацца па гэтых пытаннях заклікала сваіх чытачоў газета «Советская Белоруссия». Гэту дыскусію, а пазней і акадэмічнае абмеркаванне, працягнулі пасля вайны, што мела вынікам яшчэ адну рэформу беларускай граматыкі ў 1957 годзе.

Правапіс 1934 года катэгарычна не прыняла частка тагачаснай грамадскасці і пераважная большасць заходнебеларускай і пасляваеннай эмігранцкай супольнасці. У крытыцы (якая ўзыходзіць да публікацыі Яна Станкевіча «Зьмена граматыкі беларускага языка ў БСРР», Вільня, 1936) усе змяненні абвяшчаліся русіфікацыйнымі, а мэты рэформы — несапраўднымі, апроч пункту пра «скасаванне штучных бар’ераў паміж рускай і беларускай мовамі», які, разам з крытыкай «русіфікацыйных» змяненняў, агучваўся і трактаваўся ў далейшым як намер «наблізіць беларускую мову да рускай». Такі кірунак крытыкі, з падкрэсленнем ідэалагічнага аспекту, быў працягнуты ў 1990—2000 гадах шэрагам аўтараў (Л. Лыч, В. Вячорка, Н. Баршчэўская).

  1. Праект 1933, p. 9.
  2. Праект 1933, p. 10.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Беларуская мова 1994, p. 465.
  4. 1 2 Станкевіч Я. Зьмена граматыкі беларускага языка ў БСРР. — Вільня, 1936.
  5. Праект 1933, p. 16.
  6. Праект 1933, p. 20.
  7. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 Беларуская мова 1994, p. 466.
  8. Пастанова 1933.
  9. Беларуская мова 1994, p. 466—467.
  10. 1 2 3 4 5 6 7 Беларуская мова 1994, p. 467.
  11. Правапіс беларускай мовы 1934, p. 25—26.
  12. Правапіс беларускай мовы 1934, p. 26.
  13. Правапіс беларускай мовы 1934, p. 41.
  14. Сучасная беларуская мова