Судкова (аграгарадок)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аграгарадок
Судкова
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
канец XVIII ст.[A]
Насельніцтва
577 чалавек (2021)
Часавы пояс
Тэлефонны код
2346
Паштовыя індэксы
247610
Аўтамабільны код
3
Судкова на карце Беларусі ±
Судкова (аграгарадок) (Беларусь)
Судкова (аграгарадок)
Судкова (аграгарадок) (Гомельская вобласць)
Судкова (аграгарадок)

Судко́ва, або Судко́ў[2] (трансліт.: Sudkova, руск.: Судково) — аграгарадок у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Адміністрацыйны цэнтр Судкоўскага сельсавета.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Месціцца за 5 км[3] на захад ад раённага цэнтра Хойнікі, за 11 км[3] ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на лініі Васілевічы — Хойнікі ад лініі Гомель — Калінкавічы), за 108 км[3] ад Гомеля.

Паблізу знаходзяцца радовішчы суглінкаў і жалезняку, а таксама вадасховішча Судкова.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Расійская імперыя[правіць | правіць зыходнік]

Фальварак Суткоў і засценак Шачкоў на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.

У крыніцы, заснаванай на матэрыялах расійскай рэвізіі 1795 года, у складзе Загальскага староства, акрамя іншых паселішчаў, названыя фальварак Судкоў і Шацкоў[C]. Староства належала «малолетнему Станиславу Бужинскому по жизни его», але на той час было ў арэндзе ў суддзі Вінцэнція Жука[7]. У метрычных кнігах Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ёсць запіс, датаваны 10 днём красавіка 1799 года, аб хросце ксяндзом Тэадорам Чабаноўскім[D] Тэафіла Юстына, сына шляхетных Ігнацыя і Катарыны Корбутаў, кумамі пры тым былі Ян Паеўскі і Яна Казлоўская з маёнтку Судкоў (de praedio Sudkow)[8].

Як вынікае з матэрыялаў шляхецкай рэвізіі 1811 года, дыспанентам Загальскага казённага маёнтка на той час выступаў абшарнік Тадэвуш Солтан[9]. У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах названага маёнтка, у складзе якога знаходзіўся і Судкоў, была ўтворана воласць [E] з управай, згаданая ў 1848 годзе.[10].

У парэформенны перыяд Судкоў адміністрацыйна належаў да Хойніцкай воласці. У 1868 годзе стараста сяла Барысаўшчына Піліп Казёл атрымаў у арэнду ад Мінскай губернскай управы 800 дзесяцін зямлі ва ўрочышчы Судкова Загальскага маёнтку за плату ў 350—360 рублёў на год. Высветлілася, аднак, што ён быў хіба падстаўной асобай, а арандаванай фермай на справе завалодалі хойніцкія яўрэі Янкель Конік, Невах Рабы, Хаім з Гноева і Бейрах з Храпкава. Дзеля гэтага яны падкупілі старшыню ўправы Дзяніса Турскага. З тамтэйшых сялян падпольныя арандатары запатрабавалі па 2 рублі за карыстанне дзесяцінай зямлі супраць ранейшых 75 капеек, пачалі нібыта адбіраць кожны другі сноп збожжа і кожны другі стог сена. Скаргі сялян дайшлі да рэчыцкага павятовага начальства. У разборы справы бралі ўдзел міравы пасярэднік Брагін і хойніцкі валасны старшыня Васіль Жаўняк. Выракам Мінскай управы па справах маёмасці было: П. Казла арэнды пазбавіць, а старшыню Д. Турскага за злоўжыванні прыцягнуць да адказнасці[11].

На 1909 год у маёнтку Суткоў (Сутковъ)[F] Хойніцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні — 1 двор, 35 жыхароў[12]. У 1911 годзе ўладальнікам маёнтку Судкоў (Судково) у 509 дзесяцін угоддзяў названы Васіль Іванаў Андрашчук[13].

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Судкоў, аднак, апынуўся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[14].

1 студзеня 1919 года, паводле пастановы І з’езда КП(б) Беларусі, Хойніцкая воласць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня Масква адабрала яе разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР.

Саўгас Судкоў на карце, складзенай у 1924—1926 гг.

Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Судкоў — у Дварышчанскім сельсавеце Хойніцкага раёна Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Гомельскай акругі. Арганізаваны саўгас «Судкова», дзейнічалі крухмальны завод, стальмашня, кузня, рымарская майстэрня. З 20 лютага 1938 года ў складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.

У гады Вялікай Айчыннай вайны на франтах загінулі 17 вяскоўцаў[15].

З 8 студзеня 1954 года Судкоў — у складзе Гомельскай вобласці. Цэнтр саўгаса «Судкова».

1 снежня 2009 года ў склад Дварышчанскага сельсавета перададзены 6 населеных пунктаў (Загалле, Загальская Слабада, Казялужжа, Клівы, Небытаў, Паташня) скасаванага Казялужскага сельсавета, а таксама пасёлкі Будаўнік і Езапоў, якія знаходзіліся ў раённым падпарадкаванні, вёска Храпкаў перададзена ў склад Барысаўшчынскага сельсавета, цэнтр сельсавета перанесены ў аграгарадок Судкова, сельсавет перайменаваны ў Судкоўскі[16]. Працуюць сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, амбулаторыя, аддзяленне сувязі, швейная майстэрня, сталовая, крама, дзіцячы садок.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • 2001 год — 233 двары, 590 жыхароў[3].
  • 2021 год — 213 двароў, 577 жыхароў[17]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

Загальскае староства ў канцы XVIII ст.
  1. У хойніцкай кнізе «Памяць» памылкова запісана, нібы Судкоў згаданы ў інвентары 1721 г. (С. 27). Недакладнасць дапушчана не аўтарам А. М. Зелянкоўскім (у яго самвыдатаўскай брашуры слушна названы Стралічаў[1]), а ў рэдакцыі. Аднак, тую прыкрую памылку паўтарыў С. В. Марцэлеў у энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі» (С. 460).
  2. На схематычным плане Рэчыцкага павета на слых пазначаны як засценак Шачкоў. У шляхецкай рэвізіі 1811 г. вядзецца пра насельнікаў аколіцы Сачкоў у Загальскім казённым маёнтку[5].
  3. На Генеральнай карце «Беларускія землі ў канцы XVIII ст.» Вялікага гістарычнага атласа Беларусі ў межах Загальскага староства таксама паказана паселішча Суцькоў[4]. Цяжка сказаць, ці існавала яно яшчэ раней, да 90-х гадоў XVIII ст. У люстрацыйным інвентары ад 27 верасня 1789 г., у якім Загальскае староства размяжоўвалася з Хойніцкімі добрамі паноў Прозараў, з Барысаўшчынай і Старчам паноў Аскеркаў, названае даўняе ўрочышча Saczkow[B]. Пра Судкоў (Суткоў альбо Суцькоў) згадкі няма, хоць менавіта ён разам з Казялужжам, Небытавым з боку Загальскага староства мусіў межаваць з угоддзямі Настольскага староства і грунтамі сяла Храпкаў ды іншымі паноў Прозараў[6].
  4. У 1796 — 1799 гг. неаднаразова згадваны як капелан велікаборскі і вікары хойніцкі.
  5. Не варта блытаць з валасцямі парэформеннага часу — адміністрацыйнымі адзінкамі ў складзе паветаў.
  6. Падобна, гэтая форма назвы тут ніколі не ўжывалася, а ў даведніку 1909 г. запісана па аналогіі з маёнткам Суткова Холмецкай воласці.

Зноскі

  1. Зелянкоўскі А. М. Па залах Хойніцкага гісторыка-краязнаўчага музея. – Хойнікі, 1995. С. 5
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  3. а б в г БелЭн 2002.
  4. Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах: Т. 2. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. С. 122.
  5. НГАБ у Мінску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 161 наст.
  6. Archiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Prozorów i Jelskich. Sygn. 132. S. 1, 3, 5
  7. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурноевзаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72
  8. НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 200
  9. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 129—130, 161—162
  10. Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. 9. Ч. 4. Минская губерния. — С.-Петербург: Тип. Деп. Ген. штаба, 1848. С. 5, 7
  11. Виноградов Д. Л. Живые прошлого страницы. / Дмитрий Леонидович Виноградов. — Минск: А. Н. Вараксин, 2018. С. 78—79
  12. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 197
  13. Список землевладельцев Минской губернии. 1911 г. — Б. м. С. 2
  14. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  15. Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна.- Мінск: БЭ, 1993. С. 244
  16. Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 290 Об изменении административно-территориального устройства Хойникского района Гомельской области Архівавана 29 кастрычніка 2013.
  17. Інфармацыя аб насельніцтве Судкоўскага сельсавета на 01.01.2021 г. Архівавана 20 кастрычніка 2021.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]