Уладзімір Францавіч Ксяневіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уладзімір Францавіч Ксяневіч
Мянушка Грач
Дата нараджэння чэрвень 1894
Месца нараджэння
Дата смерці 1939
Месца смерці Далёкі Усход Расіі
Бацька Франц Людвігавіч Ксяневіч
Жонка Ксенія Максімаўна Ксяневіч
Прыналежнасць  Расійская імперыя (1914—1918)
Расія Поўдзень Расіі (1919)
Беларусь Беларуская Народная Рэспубліка (1919—1924)
Польшча Польшча (1920)
Род войскаў сапёр
пяхота
Гады службы 1914—1920
1924
Званне капітан
атаман
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Уладзімір Францавіч Ксяневіч (чэрвень 1894, г. Слонім Гродзенскай губерні, цяпер Гродзенскай вобласці — 1939, Далёкі Усход Расіі) — беларускі вайсковец, педагог, адзін з кіраўнікоў «Зялёнага дуба», меў мянушку Грач.

Біяграфічны нарыс[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў кадэцкі корпус у Варшаве і Мікалаеўскае ваеннае вучылішча ў Пецярбургу, якраз напярэдадні Першай сусветнай вайны.

Ваяваў у Першую сусветную вайну ў складзе штурмавога батальёна 6-й расійскай арміі ў Румыніі. На фронце набыў спецыяльнасць сапёра і вайсковага будаўніка. У мірныя прамежкі часу будаваў масты пад Варшаваю, у Пружанах, Альшанах i іншых мясцінах.

Не зважаючы на вайну, у 1915 годзе Ксяневіч ажаніўся ў вельмі маладым, насуперак традыцыям сям’і, узросце. У першы свой адпачынак Уладзімір з фронту адразу накіраваўся у Маскву, куды пераехала каханая. Там пажаніліся. Мядовы месяц доўжыўся 15 дзён. А потым малады муж заспяшаўся на месца службы ў свой 4-ы корпус пад Варшаву.

Наступным разам лёс звёў іх у пачатку 1918 года ў Разані, дзе пасля развалу царскай арміі капітан Ксяневіч знайшоў жонку і дачку. Тут яны затрымаліся толькі на паўгода. Дачакаўшы лета, рушылі на радзіму пад выглядам уцекачоў. Маладую сям’ю гасцінна прыняў дзядзька Ксяневіча Іосіф.

Дзянікінец[правіць | правіць зыходнік]

У верасні Уладзімір Ксяневіч выехаў да сваякоў маці ў пошуках працы ў Екацярынаслаўскую губерню і знік на шэсць гадоў. У яго адсутнасць нарадзілася другая дачка. З прыходам арміі Дзянікіна ў Екацярынаслаў улетку 1918 года (якраз у гэты час Уладзімір Ксяневіч знайшоў там працу) яго мабілізавалі, і да разгрому белага генерала ён служыў ад’ютантам каменданта горада.

У Каменскім, пад Екацярынаславам, жыло шмат палякаў. Пасля паразы белых для спрыяння іх ад’езду на Радзіму прыехаў прадстаўнік польскага консульства. Ён забяспечыў уцекачоў пасведчаннямі на права вяртання дамоў. Атрымаў дакументы і Ксяневіч. З польскім цягніком праз Румынію ён вярнуўся ў Беларусь.

Беларуская вайсковая камісія[правіць | правіць зыходнік]

У 1920 годзе ў акупаваным палякамі Менску Ксяневіч даведаўся пра дзейнасць Беларускай вайсковай камісіі, у чый рэзерв і ўступіў. Але ужо праз месяц новаспечаны беларускі афіцер зразумеў, што гэта справа не дае жаданага выніку. Патранаж польскага Галоўнага штаба, на яго думку, гарантаваў безвыніковасць праекта.

Польскае войска[правіць | правіць зыходнік]

Паўтара месяца У. Ксяневіч служыў у сапёрнай роце № 219 Войска Польскага. Але назіраючы, як польскія салдаты рабавалі беларускае насельніцтва, адчуў сябе пакрыўджаным беларусам. Крыўда вырасла ў памерах, калі ён стаў сведкам, як афіцэр, сквапны да дабра беларускага селяніна, пакараў галоднага салдата за спробу злавіць курыцу на польскай тэрыторыі. «Браць можна толькі ў беларусаў», — патлумачыў афіцэр. Пра гэты выпадак, які падштурхнуў пакінуць Войска Польскае, нягледзячы на тое, што там служыў бацька, Грач распавёў на сваім першым судовым працэсе ў Менску

Балаховец[правіць | правіць зыходнік]

Потым уступіў у гусарскі полк генерала С. Булак-Балаховіча, служыў на бронецягніку «Балаховец».

Зялёнадубец[правіць | правіць зыходнік]

З восені 1920 сябра БСП «Зялёны Дуб» (мянушка «Грач») па прапанове атамана Дзяргача паступіла прапанова ўступіць у Беларускую сялянскую партыю «Зялёны дуб» і прыняць удзел у распрацоўцы праграмы партыі і фармаванні Галоўнага штаба.

Першым партыйным даручэннем Ксяневіча (з гэтага часу Грача) было ўстанаўленне сувязі з Беларускім Палітычным Камітэтам, які ў гэты момант знаходзіўся пры штабе генерала Булак-Балаховіча ў Мазыры, і выдаваў сябе за ўрад пры «начальніку беларускай дзяржавы». Але пакуль Грач даехаў да месца, «сялянскі бацька» пачаў адступаць на захад пад ціскам Чырвонай Арміі. Няўдача акцыі Булак-Балаховіча паскорыла арганізацыйнае афармленне «Зялёнага дуба».

Кіраўнік Галоўнага штаба[правіць | правіць зыходнік]

Галоўны штаб сфармаваўся ў Лунінцы. Там атрады камплектаваліся, узбройваліся, адтуль накіроўваліся для баявых дзеянняў у розныя куткі савецкай Беларусі. Служба Грача забяспечвала зялёнадубцаў персанальнымі дакументамі, прапускамі, «літарамі» (пасведчаннямі) на праезд, сачыла за друкаваннем бланкаў, інструкцый, зваротаў да сябраў партыі і насельніцтва, вяла перамовы з палітычнымі і ваеннымі дзеячамі Польшчы, Францыі, былой царскай Расіі.

Паводле даных выведкі бальшавіцкага Заходняга фронту, у верасні 1921 года палкоўнік Грач кіраваў групоўкай партызанскіх аддзелаў вядомых на Меншчыне атаманаў: Махоўчанкі, Лешчанкі, Тышкевіча, Кучынскага, Янушкевіча, Багалевіча, паручнікаў Палянскага, Дземеша, капітана Будкарскага.

Разведчык[правіць | правіць зыходнік]

Грач збольшага спецыялізаваўся на разведаперацыях. Хадзіў на савецкі бок адзін ці на чале невялікіх узброеных груп (да дзевяці чалавек). Звычайная экіпіроўка разведчыкаў — рэвальверы, ручныя гранаты. Браць вінтоўкі, як зброю буйных памераў, ён не дазваляў. Галоўнай мэтай такіх вылазак было высвятленне сітуацыі ў раёнах плануемых баявых акцый, збор інфармацыі пра настроі мясцовага люду.

Інспектар[правіць | правіць зыходнік]

Адначасова кіраўнік штаба інспектаваў зялёнадубскія часткі, забяспечваў палявых камандзіраў адмысловымі інструкцыямі кіраўніцтва «Зялёнага дуба» для партызанскіх атрадаў. Вёска Морач была звычайным і надзейным месцам пераходу.

Перамоўнік[правіць | правіць зыходнік]

Нярэдка Грачу прыходзілася выконваць місію перагаворшчыка паміж лідарамі буйных узброеных груповак.

Пасля яўнага пагаршэння адносін з палякамі, асабліва турэмных адсідак атаман Дзяргач шукаў шляхі ўзаемадзеянняў з атаманам Разумовіча Хмарай (ён меў базу ў Літоўскай Рэспубліцы і адтуль арганізоўваў антыпольскі партызанскі рух).

Перамовы ішлі пра сумесныя акцыі супраць польскіх вайсковых частак. Грач павінен быў перадаць партызанам Хмары бутэльку з цыяністым каліем і забраць некалькі адзінак зброі. Аднак арышты партызан не дазволілі планам ажыццявіцца. Змову выкрыла польская палітычная паліцыя. Пачалося бадзянне па турмах Берэсця, Варшавы, Беластока. У апошнім «прытулку» Ксяневіч сядзеў з арыштаванымі партызанамі атамана Чорта, саюзніка Хмары. Падчас допыту іх жорстка збівалі. Нарэшце зялёнадубца перавялі ў Гарадзенскую турму. У камеры суседнічаў з камуністамі са Слуцка братамі Карасікамі і братамі Бараноўскімі. У Грача, такім чынам, быў выбар паміж Евангеллем і камуністычным маніфестам. Рэпрэсіі, безумоўна, не спрыялі паляпшэнню дачыненняў з польскімі ўладамі.

Праца і асабістае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Уладзімір Ксяневіч у пінжаку

У 1921 годзе жонка Ксяневіча нечакана атрымала ад мужа ліст з Вільні. Ён пісаў, што хадайнічае перад польскім урадам аб дазволе аб’яднання з сям’ёй і раіў ёй звярнуцца да польскага консула ў Менску.

Пасля адсідкі 5 месяцаў у гродзенскай вязніцы ў маі 1923 года атаман Грач прыняў хрышчэнне ад Лукаша Дзекуця-Малея, вядомага беларускага пастыра евангельскай царквы хрысціян-баптыстаў, які паходзіў са Слонімшчыны і вучыўся ў Слоніме — родным горадзе Ксяневіча. Можна меркаваць, што супрацоўніцтва беларускіх патрыётаў наладзілася ў Гродне. Атаман Грач паведамляў, што ў 1923 годзе Л. Дзекуць-Малей разгарнуў працу ў Брэсце. Вернікі знайшлі памяшканне для сходаў — падвал пад адной з гасцініц (цяпер гэта будынак на вул. Савецкай, 13) і заснавалі там культурна-асветную арганізацыю «Беларуская хатка».

Пазней далучыўся да баптыстаў, вёў гаспадарку, вучыўся і выкладаў арыфметыку ў Варшаўскай біблейскай школе, дзе бальшыня вучняў была непісьменнай, удзельнічаў у з’ездах баптыстаў. У 1924 годзе вярнуўся да партыйнай работы.

Вяртанне ў БССР[правіць | правіць зыходнік]

Падчас асабістай сустрэчы напярадэдні адпраўкі ў БССР Дзяргач даў Грачу адрасы кантактных асоб: Усевалада Ігнатоўскага, Піліпа Мядзведзя і іншых, параіў Ксяневічу, якім маршрутам лепш трапіць у Менск. Грач перад рашучым крокам спыніўся ў мясцовага паліцыянта, а яго брат, супрацоўнік «двуйкі», дапамог зялёнадубцу трапіць на бальшавіцкі бок мяжы. Яго першая крымінальная справа пачынаецца з паведамлення, што ў ноч з 7 на 8 кастрычніка ў вёсцы Верамейкі на 2-ю заставу 12-га Заслаўскага памежатрада з’явіўся нейкі Уладзімір Францавіч Паляшук. Пры ім было пасведчанне, выпісанае на імя Грача, начальніка Галоўнага штаба партызанскіх аддзелаў «Зялёнага дуба». Ён рашуча патрабаваў забяспечыць сустрэчу са знакавымі фігурамі тагачаснай савецкай палітыкі ў Беларусі — старшынёй Цэнтральнага выканаўчага камітэта таварышам Чарвяковым і народным камісарам асветы таварышам Ігнатоўскім.

Ксянкевіча накіравалі ў адпаведныя службы дзяржбяспекі. З названымі дзеячамі пабачыцца яму не давялося, хаця Ігнатоўскага запрасілі даць тлумачэнні з нагоды такіх дзіўных заяў наведвальніка.

У першай уласнаручнай заяве Грач паведаміў, што ён — афіцэр і сын кадравага афіцэра. Вучоба ў вайсковых вучэльнях, са шкадаваннем адзначыў ён, адарвала яго ад рэчаіснага жыцця, што і прывяло да памылковага палітычнага выбару. Але апошнія падзеі, змены ў жыцці па абодва бакі мяжы прымусілі перагледзець стаўленне да савецкай улады. Ад сябе асобна і ад імя арганізацыі «Зялёнага дуба» ён звяртаецца да яе прадстаўнікоў з прапановай аб супрацоўніцтве. Грач запэўнівае патэнцыйных савецкіх хаўруснікаў у наяўнасці дастатковай сілы і жаданні «быць карыснымі свайму народу… мы гатовыя на ўсё: перайсці мяжу і працаваць у савецкай Беларусі, працягваць работу ў Польшчы… Партыя гатова падрыхтаваць паўстанне».

Грач патлумачыў, што «не ведае, з якой нагоды камуніст Ігнатоўскі прапанаваў ім перамовы,.. але яны разлічваюць на агульную незадаволенасць сялянства, на папулярнасць атамана Дзергача і дапамогу савецкага ўрада». Такім чынам скончылася аперацыя «Пералёт».

Пастка для Дзергача[правіць | правіць зыходнік]

Праз некалькі дзён да Дзергача быў накіраваны кур’ер з лістом ад Грача:

У Мінску быў прыняты, перамовы вёў згодна заданню, а для канчатковых перагавораў просіць прыбыць самога Дзергача, а ў выпадку, калі яму не выпадае, прыслаць надзейнага чалавека…

Кур’ер вярнуўся ў Мінск праз шэсць дзён без доказаў злачыннай дзейнасці «Зялёнага дуба» і 2-га аддзела, але з лістом Дзергача. Пасланне пераклалі на рускую мову і далучылі да справаздачы ў Маскву:

Дарагі Грачок! Ліст твой атрымаў, усё, што ты пішаш, добра.

Ліст скончыўся споклічам «Нехай жыве незалежная Бацькаўшчына ад польскай няволі!». Ахоўнікі шэфа штаба «Зялёнага дуба» успрынялі атаманскае пасланне як працяг гульні. Ад імя Грача была складзена новая папера. Маральная, а галоўнае, матэрыяльная падтрымка была абяцана пры ўмове, калі кур’еру перададуць дакументы з інфармацыяй пра:

1) супрацоўніцтва «Зялёнага дуба» з «двуйкай»;

2) другі аддзел, яго склад, арганізацыю і сувязі;

3) дзейнасць генерала БулакБалаховіча па фарміраванню дыверсійных банд для налёту на савецкую тэрыторыю і час запланаваных аперацый;

4) іншых, каму даручана яшчэ арганізацыя падобных частак;

5) агентаў «двуйкі», якія будуць займацца гэтай справай;

6) адносіны паміж Беларускім пасольскім клубам, іншымі беларускімі арганізацыямі і польскай выведкай, паліцыяй;

7) магчымасці «ўліць» сваіх людзей у дыверсійныя атрады. Для эфектыўнай сувязі Грач раіў падабраць 2-х надзейных людзей і карыстацца пераходам на участку мяжы Койданава — Радашковічы.

На памежным пасту трэба было прасіць сустрэчы з Грачом і паказваць пропуск Дзергача. Але сустрэча ў Вільні не адбылася, з-за польскай аблавы

Суд[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку кастрычніка 1924 года пасланы атаманам Дзергачом у БССР з лістамі да кіраўніцтва рэспублікі і ДПУ, але быў арыштаваны ў межах аперацыі «Трэст». Крымінальная справа была заведзеная 12 чэрвеня 1925 года, а 28 чэрвеня атаман быў асуджаны да ВМП. На тым жа судзе атаман Грач уразіў шмат каго сваёй патрыятычнай прамовай да суда. Уладзімір Ксяневіч спадзяваўся, што адданасць беларускай ідэі яго ўратуе.

Але ў 1925 годзе Грач змог пазбегнуць расстрэл, адклаўшы непазбежнае на 14 гадоў і заплаціўшы вельмі дарагую цану за памілаванне. Грач пагадзіўся на супрацоўніцтва з АДПУ БССР, яго ўратаваў І. Апанскі, які выкарыстоўваў тактыку перавярбоўкі палітычных апанентаў, якую практыкавала кіраўніцтва АДПУ ў Маскве, і выступаў супраць іх знішчэння без спробы з выгадай выкарыстаць чалавека, які, трапіўшы ў чэкісцкую пастку, не меў альтэрнатывы.

Намаганнямі тагачасных партыйных ідэолагаў і журналістаў ход судовага разбіральніцтва меў характар гучнага і шматлюднага шоў. Паралельна разглядаліся справы польскіх шпіёнаў і ўдзельнікаў нападу на мястэчка Койданава. На некаторых пасяджэннях Грач выступаў як сведка. У гэтай якасці ён выступаў па прапанове пракурора А. Вышынскага. Гісторыя Грача была тэмай шэрагу публікацый у афіцыйных выданнях БССР «Звязда» і «Савецкая Беларусь» на працягу 1925—1926 гадоў.

Чэкісты крок за крокам выцягвалі з Уладзіміра Ксяневіча падрабязнасці пра яго сувязі з польскай разведкай, дачыненні з афіцэрамі «dwójki»: Блонскім, Зацвіліхоўскім, Маерам і іншымі. Ксяневіч прызнаўся, што аперацыя рыхтавалася па ініцыятыве і пад наглядам «двуйкі», якая імкнулася здабыць доказы арганізацыі антыпольскай партызанкі з БССР.

Ксяневіч падчас першага арышту ўтаіў, што меў у Менску яўку, якую атрымаў у Вільні ад Радаслава Астроўскага. Менавіта Радаслаў Астроўскі выступіў гарантам бяспекі атамана Грача пры падрыхтоўцы і ажыццяўленні аперацыі «Пералёт» па яго пераходзе ў БССР. Паказанні Уладзіміра Ксяневіча 1938 года пераканаўча сведчаць пра дачыненне Радаслава Астроўскага да аперацыі «Трэст».

Да 1927 года сядзеў у менскай турме. У выніку закручастых інтрыг ахвярнай авечкай застаўся Уладзімір Ксяневіч, «пешка», як ён сам прызнаў, у гэтай гульні.

Уладкаванне ў БССР[правіць | правіць зыходнік]

Пасля памілавання ў студзені 1927 года Ксяневіч вяртаецца ў сям’ю. Спрабуе жыць звычайным абывацелем, працуе тэхнікам-будаўніком у камунальнай гаспадарцы Мазыра. Але сумеснае жыцце не заладзілася. У снежні гэтага ж года ён кідае жонку і дзяцей, перабіраецца ў Оршу. Там знаходзіць прытулак у свайго сябра, агранома Неймана, і ўладкоўваецца на працу тэхнікам па школьным будаўніцтве пры акружным выканкаме.

Нейкая Сцепаніда Пажыткова, фельчарка афтальмалагічнага аддзялення аршанскага шпіталя, стала новай жонкай Грача, якая дапамагала яму ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Але першая жонка прыязжала ў Оршу, мела жорсткую размову з разлучніцай. Паўплываў яе візіт на рашэнне Уладзіміра ці не, але ён вярнуўся ў сям’ю, якая жыла ў той час у Менску. Пасля Оршы і нядоўгага затрымання ў Менску апошнім беларускім горадам, у якім жыў Ксяневіч, быў Ігумен.

На Далёкім Усходзе[правіць | правіць зыходнік]

З Ігумена у 1931 годзе, атрымаўшы папярэдне згоду на працу «Дальбудаб’яднання», Уладзімір Ксяневіч выехаў на Далёкі Усход. З невядомых прычын ён амаль адразу, праз тры тыдні, пакінуў Хабараўск, у які спачатку накіроўваўся. Прыехаўшая ўслед жонка знайшла яго ў Благавешчанску, дзе яны стала пражылі чатыры гады.

Але нешта ці нехта перашкаджаў Ксяневічу спыніцца, і ён працягваў свой рух далей і далей ад Радзімы. Наступнае месца, дзе зачапіліся Ксяневічы ў 1935-м, — Срэценск, будаўніцтва верфі. А літаральна праз тры месяцы старэйшая дачка (у замужжы Савацеева) і зяць паклікалі іх да сябе ў вёску Балей пры золатаздабывальным камбінаце «Балейзолата». Сям’я пасялілася па вуліцы Ведзярнікаўская, 20, а Уладзімір Ксяневіч уладкаваўся тэхнікам-нарміроўшчыкам на тамтэйшым камбінаце.

У часы балейскага жыцця Ксяневічаў улады знішчалі сялянства і тых, хто захаваўся ў папярэдняе дзесяцігоддзе. У 1937—1938 гадах рэпрэсіі сталі масавымі ў адносінах да ўсіх сацыяльных груп насельніцтва.

Абвінавачанні ў шпіянажы на карысць Японіі і ейнай марыянеткі Маньчжоў-го былі звычайнай практыкай дзяржбяспекі. Заляцеўшы ў гэтыя мясціны па волі нядобрага лёсу, Грач быў проста асуджаны стаць агентам выведак гэтых краінаў. Што і адбылося. У 1938—1939 гадах ізноў быў на допытах і атрымаў прысуд да растрэлу.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Уладзімір Ксяневіч паходзіў з польскай сям’і, але стаў перакананым беларусам.

Беларушчына[правіць | правіць зыходнік]

З заканчэннем Першай сусветнай вайны і развалам царскай арміі маладыя вайскоўцы беларускага паходжання шукалі апірышча на бацькаўшчыне. Уладзімір Ксяневіч вярнуўся дамоў з Румынскага фронту, дзе знаходзілася многа беларусаў. Сваё далейшае рашэнне ўступіць у Беларускую вайсковую камісію следчаму ДПУ атаман Грач патлумачыў:

Я, як беларус, з чыста нацыяналістычных пачуццяў добраахвотна ўступіў у БВК.

Незважаючы на пераважна варожую аўдыторыю, на судзе Уладзімір Ксяневіч пранікнёна ўспамінаў, як аднойчы, чытаючы беларускі каляндар, адчуў, што беларушчына — гэта яго мова, а Беларусь — яго зямля, краіна. На судзе ў чэрвені 1924 года ён таксама прамовіў:

Калі вучыўся ў Варшаве, мяне прымалі за рускага, у Разані супрацоўнікі лічылі палякам [там Ксяневіч у 1919 годзе працаваў у ваенным камісарыяце], але ні тым, ні другім я не быў.

Светапогляд[правіць | правіць зыходнік]

Грач ва ўласнаручных паказаннях напісаў:

Я — нацыяналіст-беларус.

Зялёнадубавец атаман Міхаіл Крук, які перайшоў на савецкі бок у 1922 годзе, стараўся ўcix былых паплечнікаў на допытах у ДПУ выставіць «панскімі паслугачамі», аднак пра Грача сказаў:

Не церпіць нічога польскага, марыць аб незалежнай Беларусі.

Атаман Грач шчыра жадаў палепшыць жыццё простых людзей, таму партыя Адамовічаў прывабіла яго сваёй назвай «сялянская». У сваіх паказаннях ДПУ ён пісаў:

Мяне заўсёды цягнула да майго цёмнага народа.

Уладу саветаў на роднай зямлі прызнаваў выпадковай з’явай, варожай сялянскай сутнасці беларуса. Ксяневіч лічыў, што «толькі школа на роднай мове выратуе нацыю». Паказальна, што Уладзімір Ксяневіч не адмовіўся ад сваіх нацыяналістычных поглядаў і падчас допытаў забайкальскімі чэкістамі ў 1938 годзе.

Веравызнанне[правіць | правіць зыходнік]

У гродзенскай турме, дзе Уладзімір Ксяневіч адсядзеў пяць месяцаў, ён глыбока вывучаў Евангелле. У маі 1923 года прыняў хрышчэнне ад Лукаша Дзекуця-Малея, вядомага беларускага пастыра евангельскай царквы хрысціян-баптыстаў, які паходзіў са Слонімшчыны і вучыўся ў Слоніме — родным горадзе Ксяневіча.

Лукаш Дзекуць-Малей мог аказаць істотны ўплыў на асобу Грача, як ён сам успамінаў на допыце ў ДПУ:

Cтары Адамовіч, жартуючы, пачаў называць мяне святым. Я кінуў курыць, выпіваць.

У лісце Уладзіміра Ксяневіча да жонкі, які быў напісаны, калі ён выкладаў у Варшаўскай біблейскай школе, адчуваецца ўзнёсласць яго рэлігійнага настрою. Якія абставіны спынілі яго на гэтым шляху, невядома, але, як ён сам засведчыў, у баптызме задавальнення не знайшоў. У анкетах пра веравызнанне пісаў «евангеліст»

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Уладзімір Ксяневіч з сям’ёю

Бацька Уладзіміра Ксяневіча — Франц Людвігавіч Ксяневіч, вайсковец, падпалкоўнік 118-га Шуйскага палка царскай арміі, у пачатку 1920-х служыў у польскім войску. Меў таксама дзядзьку Іосіфа Ксяневіча, які жыў у вёсцы Малыя Гарадзяцічы. Менавіта ў яго маёнтку знайшла прытулак сям’я атамана — жонка і дзеці — падчас яго баявых вандровак.

У 1915 годзе Ксяневіч ажаніўся з Ксеніяй Ксяневіч у вельмі маладым, насуперак традыцыям сям’і, узросце. Нарадзіліся дзве дачкі — Лізавета (1916 г. н.) і Алёна (1919 г. н.).

Другой жонкаю стала Сцепаніда Пажыткова, фельчарка афтальмалагічнага аддзялення аршанскага шпіталя, але потым вярнуўся да першай.

Сёння ягоныя нашчадкі жывуць у розных месцах: праўнук Юрый Каюкоў жыве ў Екацерынбургу (Расія), праўнучка Вольга Джэймс — ЗША.

Пазашлюбныя зносіны[правіць | правіць зыходнік]

Моцны, упарты, імпульсіўны — паводле ўспамінаў тагачаснікаў — шляхотнага выгляду ў любых абставінах, Уладзімір Ксяневіч меў асаблівую прыцягальнасць для жанчын. Ён ніколі, нават у самых цяжкіх абставінах, не губляў цікавасці да іх. І яны былі ўдзячнымі ў адказ. У кожным новым месце ён хутка абрастаў рамантычнымі сувязямі. Яму сімпатызавалі кватэрныя гаспадыні, кліенткі Ксеніі (яна была добрай краўчыхай), супрацоўніцы, артысткі мясцовых тэатраў. Яго чакалі ў Менску, Оршы, Мазыры, на Далёкім Усходзе. Праўда, імёны каханак і проста знаёмых жанчын з лёгкай рукі следчых Балея і Чыты склаліся ў спісы шпіёнак, тэрарыстак ды памагатых антысаветчыка.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]