Урумская мова
| Урумская мова | |
|---|---|
| Саманазва | Урум тыль |
| Краіны | Украіна, Грэцыя |
| Агульная колькасць носьбітаў | 45 000[1] |
| Статус | ёсць пагроза знікнення[d][2] |
| Класіфікацыя | |
| Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
|
Алтайскія мовы (спрэчна) |
|
| Пісьменнасць | грэчаскі алфавіт, кірыліца |
| Моўныя коды | |
| ISO 639-1 | — |
| ISO 639-2 | — |
| ISO 639-3 | uum |
| WALS | urm |
| Atlas of the World’s Languages in Danger | 1336 |
| Ethnologue | uum |
| ELCat | 3004 |
| IETF | uum |
| Glottolog | urum1249 |
Уру́мская мова (саманазва: урум тыль) — адна з моў цюркскае моўнай сям’і, на якой размаўляе некалькі тысяч чалавек у некалькіх вёсках на паўднёвым усходзе Украіны, а таксама ў дыяспары. Часта можа разглядацца як адзін з дыялектаў крымскататарскай мовы. На мове размаўляюць грэкі-ўрумы — этнаграфічная група грэкаў, якія ў 1778 годзе былі пераселены ўрадам Расіі з Крыма на Паўночнае Прыазоўе. Першапачатковыя ўрумы пражывалі ў Турцыі і з гістарычных прычын страцілі грэчаскую мову, перайшоўшы на маўленне цюркскага паходжання.
Прадмова
[правіць | правіць зыходнік]Назва мовы ўтворана ад кораня ўрум, які паходзіць ад слова Rûm (літаральна «Рым»), што ў мусульманскіх краінах абазначала Візантыйскую імперыю. У сваю чаргу, у Асманскай імперыі слова было засвоена для апісання ўсіх не-мусульманскіх народаў краіны. Слова ўзнікла як вынік з'яўлення пратэтычнага галоснага гука перад зычным /ɾ/, які ў пачатку слоў не быў уласцівы цюркскім мовам.
Выкарыстанне тэрміна ўрум у яго старым значэнні прыводзіла да блытаніны, бо гэтым тэрмінам акрэслівалася таксама большая частка цюркамоўных грэкаў. Роднасная паходжаннем і мовай грамада грэкаў дагэтуль пражывае ў Грузіі, якую не варта блытаць з урумамі Украіны[3]. Асноўны сучасны арэал мовы распасцёрты па некалькіх паселішчах урумаў у Данецкай і Запарожскай абласцях, носьбіты таксама пражываюць у Грэцыі і Грузіі. Лінгвістычны партал Ethnologue ацэньвае колькасць носьбітаў урумскай мовы ў 192 700 чалавек[3].
Класіфікацыя
[правіць | правіць зыходнік]Продкам урумскай мовы з'яўляецца палавецкая мова, таксама мова блізкая крымскататарскай, дыялектам якой урумская мова можа разглядацца некаторымі лінгвістамі.
Урумская мова распадаецца на чатыры дыялектныя групы, пры гэтым у класіфікацыйных адносінах яны досыць неаднародныя, таму што гэтыя дыялекты ў рознай ступені спалучаюць рысы адразу дзвюх груп цюркскай галіны — кыпчацкай і агузскай[4]. Імаверна, урумская мова ўзнікла на грунце мовы полаўцаў (куманаў, кыпчакоў) — асноўнага ядра саюзу плямён, які з'явіўся ва Усходняй Еўропе ў сярэдзіне Х ст. і заняў агромністую тэрыторыю на ўсходзе (Дэшт-і-Кыпчак) і на захадзе (прычарнаморскія стэпы, а пазней — Крым і частку Балканскага паўвострава).
Да кыпчацка-палавецкіх дыялектаў адносяцца гаворкі сёлаў Вялікая Навасёлка, Старабешава, Мангуш; кыпчацка-агузскіх — Стары Керменчык, Багатыр, Улаклы; агузска-кыпчацкіх — Карань, Стараласла, Камара, Гурджы; агузскіх — гарадоў Марыупаль і Стары Крым, сяла Каракуба.
Лінгвістычныя рысы
[правіць | правіць зыходнік]Фанетыка, фаналогія
[правіць | правіць зыходнік]- Зычныя:
Ніжэй прыведзены гукавы лад зычных ва ўрумскай мове. Адметнай рысай з'яўляецца існаванне зычных, якія сустракаюцца толькі ў запазычаннях, асабліва грэчаскага паходжання.
| Лабіяльныя | Зубныя | Альвеалярныя | Постальвеалярныя | Палатальныя | Велярныя | Глатальныя | ||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| Выбухныя | p | b | t | d | c | ɟ | k | ɡ | ||||||
| Афрыкаты | ts¹ | tʃ | dʒ | |||||||||||
| Фрыкатывы | f | v | θ | ð ² | s | z | ʃ | ʒ | x | ɣ | h | |||
| Насавыя | m | n | ŋ | |||||||||||
| Аднаўдарныя | ɾ | |||||||||||||
| Латэральныя | l | |||||||||||||
| Апраксіманты | j | |||||||||||||
Пісьменнасць
[правіць | правіць зыходнік]Як вядома, на ўрумскай мове існавала пэўная колькасць рукапісных тэкстаў, якія запісваліся грэчаскім алфавітам.
У перыяд між 1927 і 1937 гадамі ў рамках лацінізацыі моў малых народаў СССР у пісьменнасці стаў выкарыстоўвацца т.зв. яналіф — уніфікаваны лацінскі алфавіт для ўсіх цюркскіх моў Савецкага Саюза, але пасля гэтага перыяду пісьменства на мове заняпала. Тым не менш, новы алфавіт паспеў пабыць ва ўжытку ў тагачасных мясцовых школах, вядома пра існаванне лемантара гэтым алфавітам.
У 2008 годзе ў Кіеве быў апублікаваны кірылічны алфавіт для ўрумскай мовы. Алфавіт утрымлівае некаторыя літары для галосных з дыякрытычнымі знакамі ўверсе, якія выкарыстоўваюцца для спецыфічных цюркскіх гукаў і сустракаюцца ў іншых цюркскіх алфавітах, а таксама літару Ґґ, што збліжае алфавіт з украінскім[5].
| А а | Б б | В в | Г г | Ґ ґ | Д д | Д' д' | Дж дж | |
| Е е | З з | И и | Й й | К к | Л л | М м | Н н | |
| О о | Ӧ ӧ | П п | Р р | С с | Т т | Т' т' | У у | |
| Ӱ ӱ | Ф ф | Х х | Ч ч | Ш ш | Ы ы | Э э |
Цюрколаг Аляксандр Гаркавец выкарыстоўвае ўласную сістэму запісу ўрумскай мовы[4].
| А а | Б б | В в | Г г | Ғ ғ | Д д | (Δ δ) | Д′ д′ |
| (Ђ ђ) | Е е | Ж ж | Җ җ | З з | И и | Й й | К к |
| Л л | М м | Н н | Ң ң | О о | Ӧ ӧ | П п | Р р |
| С с | Т т | Т′ т′ | (Ћ ћ) | У у | Ӱ ӱ | Υ υ | Ф ф |
| Х х | Һ һ | Ц ц | Ч ч | Ш ш | Щ щ | Ъ ъ | Ы ы |
| Ь ь | Э э | Ю ю | Я я | Ѳ ѳ |
Гісторыя даследаванняў
[правіць | правіць зыходнік]Публікацый на ўрумскай мове, а таксама прац, прысвечаных ёй, на цяперашні час мала. Існуе апісанне лексікі мовы, а таксама агульнае апісанне ўласцівасцей мовы[6][7]. Для каўказскіх дыялектаў мовы сабрана праектная дакументацыя, якая ўключае слоўнік, збор граматычных канструкцый у сказе і корпус тэкстаў[8][9][10]. Сайт праекта дадаткова публікуе звесткі пра мову і ейную гісторыю.
Зноскі
- ↑ Garkavets, Alexander. North Azovian Urums - Greeks Speaking Turkic Language(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 20 ліпеня 2011. Праверана 29 мая 2014.
- ↑ UNESCO Atlas of the World's Languages in Danger — Арганізацыя ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры. Праверана 24 чэрвеня 2018.
- ↑ а б Urum | Ethnologue (англ.)
- ↑ а б Гаркавець О. М. Урумський словник. — Алмати: Баур, 2000. — 632 с. Архівавана 5 лютага 2007.
- ↑ Смолина М. Урумский язык. Урум дили (приазовский вариант). — К.: Бланк-Пресс, 2008. Архівавана 3 сакавіка 2016.
- ↑ Podolsky, Baruch. A Tatar — English Glossary. — Wiesbaden: Harrassowitz, 1985. — ISBN 3-447-00299-9.
- ↑ Podolsky, Baruch. 2 // Notes on the Urum Language. — Mediterranean Language Review. — 1986. — С. 99-112.
- ↑ Skopeteas, Moisidi, Sella-Mazi; Yordanoglu. Urum basic lexicon. — Ms.: University of Bielefeld, 2010. Архівавана 26 красавіка 2012.
- ↑ Verhoeven, Moisidi; Yordanoglu. Urum basic grammatical structures. — Ms.: University of Bremen, 2010.
- ↑ Skopeteas, Moisidi. Urum text collection. — Ms.: University of Bielefeld, 2010. Архівавана 26 красавіка 2012.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Нарыс пра цюркскія мовы і, у прыватнасці, шэраг кыпчацкіх моў; збор тэматычнай літаратуры Архівавана 27 сакавіка 2010. (руск.)
- Гаркавець М. О. Уруми Надазов'я: Історія, мова, казки, пісні, загадки, прислів'я, писемні пам'ятки. — Алма-Ата: Український культурний центр, 1999. — 624 с. Архівавана 5 кастрычніка 2013. (укр.)