Турканскі хлопчык

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Хлопчык з Турканы)
Турканскі хлопчык

Турканскі хлопчык — шкілет падлетка; самы поўны са знойдзеных парэшткаў, якія адносяцца да віду Homo ergaster.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Шкілет быў знойдзены ў 1984 годзе экспедыцыяй Рычарда Лікі ў Кеніі на заходнім беразе возера Туркана. Знаходка зарэгістраваная пад індэксам KNM-WT 15000. Месца адкрыцця вядома пад назвай Нарыякатомэ III (Nariokotome III).

У далейшым знойдзеныя косткі былі змешчаны ў спецыяльныя посуд, перададзены на захаванне ў Нацыянальны музей Кеніі. Прычым першая выстаўка суправаджалася гучным скандалам: біскуп Баніфас Адаё (Boniface Adoyo), кіраўнік 35 евангелісцкіх суполак Кеніі, заклікаў вернікаў байкатаваць выстаўку, заявіўшы: «я не паходжу ад ″Турканскага хлопчыка″ ці чаго-небудзь такога, як ён»[1].

Турканскі хлопчык — рэканструкцыя твару

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Першапачаткова ўзрост парэшткаў вызначылі, як 1,6 — 1,8 млн гадоў. У далейшым шкілет «памаладзеў» да ~ 1,5 млн гадоў. Пра ўзрост падлетка таксама існуе некалькі меркаванняў: на падставе аналізу зубоў ён складае 9-12 гадоў, рост адпавядае 15 гадам, ёсць і прамежкавая адзнака — 13-14 гадоў[2].

Паэтапная рэканструкцыя твару

Шкілет знойдзены амаль цалкам (захаванасць, па розных ацэнках, складае 80-90 %). Адсутнічаюць кісці, ступні, часткі тазавых костак. Рост быў вызначаны, як 1,6 м, а аб’ём мозгу — прыкладна 900 см³[3].

Меркаванні[правіць | правіць зыходнік]

У сувязі з тым, што Турканскі хлопчык адрозніваўся ад аўстралапітэка значна меней магутнымі сківіцамі і зубамі, магчыма меркаваць, што ён ужо выкарыстоўваў у ежу мяса (сківіцы сталі больш «вытанчанымі», паколькі адпала неабходнасць расколвання арэхаў (зубамі) і перажоўвання значных аб’ёмаў грубай расліннай ежы). Зрок Турканскага хлопчыка, верагодна, быў больш вострым і дакладным, чым у аўстралапітэка (паколькі цемянная частка чэрапа, у якой знаходзіцца цэнтр зроку, у яго значна шырэйшая). Асобныя вучоныя выказвалі гіпотэзы, што супляменнікі Турканскага хлопчыка валодалі зачаткамі мовы, але адзін з удзельнікаў экспедыцыі, якая знайшла парэшткі, Алан Уолкер, выказаўся ў гэтай сувязі рэзка адмоўна, дапусціўшы толькі, што набор выкарыстоўваных імі гукаў мог быць вельмі шырокім.

Адно з самых дзіўных меркаванняў складаецца ў тым, што калі б Турканскі хлопчык паспеў бы пасталець, то яго рост склаў бы 1,8 м. (а, верагодна, і трохі болей). Але згодна з меркааннем асобных амерыканскіх вучоных (у першую чаргу, — Ронды Грэйвс) пры экстрапаляцыі былі выкарыстаны памылковыя перадумовы, і рост пасталеўшага хлопчыка склаў бы 164 см[4].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]