Сіна́нтрап[1] (лац.: Sinanthropus pekinensis — «пекінскі чалавек», у сучаснай класіфікацыі Homo erectus pekinensis) — падвід роду Homo, блізкі да пітэкантрапа, але больш позні і развіты. Быў выяўлены ў Кітаі, адсюль і назва. Жыў каля 600—400 гадоў таму, у ледавіковую эпоху.
Аб’ём яго мозгу дасягаў 950—1150 см³; левая доля мозгу, дзе размешчаны рухальныя цэнтры правага боку цела, была трохі большай у параўнанні з правай доляй. Такім чынам, правая рука была больш развітай, чым левая. Рост — 1,55—1,6 м.
Акрамя расліннай ежы, ужываў мяса жывёл[2]. Верагодна ён умеў здабываць і падтрымліваць агонь[3]. Выкарыстоўваў звярыныя шкуры ў якасці вопраткі. Былі знойдзены: тоўсты, каля 6—7 м, слой попелу, трубчастыя косткі і чэрапы буйных жывёл, прылады з каменя, костак, рагоў. Вучоныя мяркуюць, што сінантрапы былі канібаламі і палявалі на прадстаўнікоў свайго віду[4].
Па агульнаму ўзроўню развіцця тэхнікі большасць аўтараў адносяць сінантрапа да ранняшэльскага перыяду, іншыя бачаць у ім нават рысы, блізкія да больш позняга, мусцьерскага, перыяду. Больш правільна адносіць знаходкі ў Чжаўкаўдзяне да ашэльскага часу[5].
Першы чэрап сінантрапа быў знойдзены ў гротах Чжаўкаўдзяня каля Пекіна ў 1927 годзе кітайскім антраполагам Пэй Вень-Чжунам (1904—1982). На працягу доўгіх гадоў, тут працавала міжнародная каманда вучоных: Іаган Гунар Андэрсан, Біргер Болін (Швецыя), Дэвідсан Блэк (Канада), Пэй Вэньчжун (Кітай), Ота Станскі (Аўстрыя), Уолтэр Грэйнджэр (ЗША) і інш. У якасці саветніка ў раскопках удзельнічаў французскі геолаг і тэолаг П’ер Тэяр дэ Шардэн, які разам з Анры Брэйлем у 1931 годзе здзейсніў адкрыцці, якія сведчаць аб тым, што сінантрап выкарыстоўваў прымітыўныя прылады і агонь. У 1927 годзе Дэвідсан Блэк здолеў пераканаць фонд Ракфелера выдзяліць грошы на фінансаванне буйных раскопак ў Чжаўкаўдзяне.
У ходзе раскопак пад кіраўніцтвам кітайскіх археолагаў Ян Чжунцяня, Пэн Вэньчжуна і Цзя Ланьпо у 1930 годзе было знойдзена другая накрыўка чэрапа, а ў 1936 годзе — яшчэ тры. У асноўным былі знойдзены чэрапы і іх фрагменты, і асобныя посткраніяльныя абломкі[6]. Усяго было абвешчана аб знаходцы рэшткаў сарака асобін і больш за 200 чалавечых акамянеласцяў (у тым ліку шэсць чэрапоў ці іх вечак, 19 буйных і мноства малых фрагментаў чэрапоў, адна ключыца, адна паўлунная і адна галёначная косткі). Раскопкі былі спынены ў 1937 годзе ў сувязі з уварваннем Японіі ў Кітай. Знойдзены матэрыял знік у час Другой сусветнай вайны падчас перасылкі ў ЗША[7].
Пасля перамогі камуністаў у грамадзянскай вайне ў Кітаі у 1949 годзе раскопкі былі на кароткі час адноўлены. Новыя раскопкі праводзіліся ў 1951, 1958—1960 і 1978—1980 гадах. У сезоне 1959 года была знойдзена яшчэ адна сківіца, якая належала старой жанчыне. У чэрвені 2009 года раскопкі былі адноўлены.
Шэраг заходніх вучоных скептычна аднёсся да кітайскіх знаходак выкапневых гамінідаў. але Чжаўкаўдзянь быў усё ж такі абвешчаны ЮНЕСКА адным з помнікаў Сусветнай спадчыны Даследаванне пяску з гроту, дзе былі знойдзены знаходкі, дазволіла вызначыць узрост сінантрапа з Чжаўкаўдзяня — 770 тыс. гадоў (± 80 тыс. гадоў)[8].
У 1963 годзе ў Ланцяне была знойдзена сківіца, вызначаная даследчыкамі як костка больш старажытнага віду сінантрапа — ланьцяньскага чалавека (лац.: Homo erectus lantianensis)[9].