Paranthropus aethiopicus

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
 Paranthropus aethiopicus

Муляж чэрапа
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Paranthropus aethiopicus
(Arambourg et Coppens, 1968)

Сінонімы
  • Paraustralopithecus aethiopicus (Arambourg et Coppens, 1968)
  • Australopithecus aethiopicus (Arambourg et Coppens, 1968)
  • australopithecus walkeri
    Ferguson, 1989

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
EOL  8824341
FW  83067

Paranthropus aethiopicus выкапнёвы від роду парантрапаў («масіўных аўстралапітэкаў»), жыў у Усходняй Афрыцы каля 2,5 мільёнаў гадоў таму. Гэта найбольш старажытны з парантрапаў, вядомых навуцы.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Відавая назва Paranthropus aethiopicus, звязана з тым, што дадзены від быў апісаны па парэшткам, знойдзеным на тэрыторыі Эфіопіі.

Эфіёпскага парантрапа не варта блытаць з іншым таксонам, які мае падобную назву, — Australopithecus africanus aethiopicus. Гэтая падвідавая назва была прапанавана Ф. В. Тобайасам ў 1980 годзе для аўстралапітэкаў з месцазнаходжання Хадар (раён Афар, Эфіопія), а ў 1985 годзе Г. Р. Олсан разглядаў дадзеную групу як самастойны від Homo (Australopithecus) aethiopicus[1]. У цяперашні час гэтыя хадарскія знаходкі звычайна не класіфікуюцца як самастойны від або падвід, а як прадстаўнікі афарскага аўстралапітэка.

Гісторыя вывучэння[правіць | правіць зыходнік]

Першая знаходка, якая адносіцца да дадзенага віду, — гэта абломак ніжняй сківіцы, выяўлены ў 1967 годзе ў даліне ракі Ома ў Эфіопіі[2] і які атрымаў нумар Omo 18-1967-18. У 1968 годзе французскія даследчыкі К. Арамбур і. І. Копенс апісалі дадзены фрагмент як належачы да новага віду і роду Paraustralopithecus aethiopicus Arambourg et Coppens, 1968[3], аднак гэтыя род і від не атрымалі прызнання сярод антраполагаў.

У 1985 годзе Аланам Уокерам ля возера Туркана ў Кеніі быў знойдзены адносна поўны чэрап без ніжняй сківіцы. Ён быў знойдзены пад пластом вулканічнага туфу, які меў узрост каля 2,5 млн гадоў. Гэтай новай знаходцы быў прысвоены нумар KNM-WT 17000, сярод антраполагаў яна вядомая таксама як «чорны чэрап» (англ.: Black Skull). У тым жа раёне ў блізкіх па ўзросту адкладах быў знойдзены і буйны фрагмент ніжняй сківіцы KNM-WT 16005[4].

Муляж «чорнага чэрапа» KNM-WT 17000, выгляд спераду
Муляж «чорнага чэрапа» KNM-WT 17000, выгляд зверху

У 1986 годзе А. Уокер, Р. Лікі, Дж. Харыс і Ф. Браўн апублікавалі супольны артыкул, прысвечаны гэтым двум знаходкам. Параўнаўшы «чорны чэрап» з іншымі выкапневымі рэшткамі, гэтыя даследчыкі прыйшлі да высновы, што ён хутчэй за ўсё належаў Australopithecus boisei — аднаму з відаў «масіўных аўстралапітэкаў» (цяпер яго звычайна называюць Paranthropus boisei), а некаторыя адрозненні ў будове тлумачылі унутрывідавой зменлівасцю або тым, што гэта старажытны і прымітыўны прадстаўнік дадзенага віду. Тым не менш, аўтары артыкула дапускалі, што ў далейшым высветліцца, што чэрап належаў прадстаўніку іншага, больш старажытнага віду. У гэтым выпадку, па іх думке, да гэтага старажытнага віду павінны быць аднесены і некаторыя іншыя ўзоры такога ж геалагічнага ўзросту з таго ж рэгіёну, у тым ліку і абломак сківіцы, апісаны французамі ў 1968 годзе. З пункту гледжання А. Уокера і яго суаўтараў, дадзены від у выпадку яго выдзялення варта было аднесці да роду аўстралапітэкаў (Australopithecus) і, захоўваючы відавую назву, дадзеную французскімі даследчыкамі, ён павінен называцца Australopithecus aethiopicus[4].

Аднак, не ўсе даследчыкі пагадзіліся з сцвярджэннем, што чэрап адносіцца да віду Australopithecus boisei альбо Australopithecus aethiopicus. У 1989 годзе Уолтар Фергюсан апісаў гэтую знаходку як прадстаўніка новага віду Australopithecus walkeri Ferguson, 1989[5].

Нягледзячы на тое, што некаторыя спецыялісты падтрымалі пазіцыю У. Фергюсана[6], усеагульнага прызнання яна не атрымала. У цяперашні час «масіўныя аўстралапітэкі» як правіла вылучаюцца ў самастойны род парантропаў (Paranthropus). Пры гэтым найбольш старажытныя з іх прадстаўнікі з Усходняй Афрыкі звычайна разглядаюцца як асобны від Paranthropus aethiopicus. Гэта назва часцей за ўсё асацыюецца з «чорным чэрапам», нягледзячы на тое, што сківіца Omo 18-1967-18 застаецца тыпавым асобнікам, за якім дадзенае відавая назва афіцыйна замацавана[7].

Будова[правіць | правіць зыходнік]

Чэрапна каробка маленькага памеру, нізкая, выцягнутая ў даўжыню і пашыраецца унізе. У дарослых самцоў вельмі моцна развіты сагітальны грэбень, які служыў для мацавання магутных жавальных цягліц. Надбрўны валік адносна тонкі. Будова скроневай косткі блізкая да такой ў парантропа Бойса. Аснова чэрапа плоская, а патылічная адтуліна змешчана ўзад, што можна расцэньваць як прымітыўныя прыкметы. Соскападобныя адросткі буйныя[8].

Косткі твара масіўныя, твар вельмі шырокі, яго цэнтральная частка ўвагнутая, а бакавыя краі выступаюць наперад. Вертыкальная прафіліроўка твара вельмі моцная з вельмі моцным альвеалярным прагнатызмам. Верхняя сківіца масіўная, сплошчаная спераду, моцна выступае наперад. Паднябенне вялікае, масіўнае, плоскае[8].

Ніжняя сківіца масіўная, з вельмі шырокай зубной дугой, якая  моцна разыходзіцца ўзад.

Карэнныя зубы вельмі вялікія, а перадкарэнные, іклы і асабліва разцы адносна менш буйныя. На верхняй сківіцы маецца дыястэма — прамежак паміж разцамі і ікламі, што з'яўляецца яшчэ адной прымітыўнай прыкметай[8].

Мозг вельмі маленькі, аб'ём чарапной каробкі «чорнага чэрапа» складае ўсяго толькі каля 410 см³[4]. Па форме і суадносінах памераў аддзелаў мозгу парантроп эфіёпскі блізкі да сучасных чалавекападобных малпаў[8].

Аб будове астатніх частак шкілета практычна нічога дакладна невядома. Магчыма да гэтага віду адносіцца сцегнавая косць KNM-WT 16002, знойдзеная ў тым жа раёне, што і чорны чэрап, але некалькі больш старажытная. Яе памеры - сярэднія для аўстралапітэкаў[8].

Распаўсюджанне і асяроддзе пражывання[правіць | правіць зыходнік]

Выкапневыя рэшткі, якія адносяць да дадзенага віду, сустракаюцца ва Усходняй Афрыке у адкладах з датыроўкамі ад 2,33 да 2,75 млн гадоў. Яны знойдзены ў навакольных мясцовасцях возера Туркана і ракі Ома, якая ўпадае ў яго[7], а таксама ў месцазнаходжанні Лаэтолі ў Танзаніі[7][9]. Асяроддзе яго пражывання звычайна рэканструюць па навакольнай фауне як дастаткова вільготныя лугі, лесастэп ці рэдкалессе каля пастаянных вадаёмаў[7].

Эвалюцыйныя сувязі[правіць | правіць зыходнік]

Па некаторым асаблівасцям будовы эфіёпскі парантрап блізкі да афарскага аўстралапітэка[7], які, магчыма, з'яўляецца яго продкам[8]. У сваю чаргу, вельмі верагодна, што эфіёпскі парантрап з'яўляецца продкам больш позняга усходнеафрыканскага віду парантрапаў — парантропа Бойса[7][8].

Магчымыя роднасныя сувязі з трэцім відам парантрапаў — паўднёваафрыканскім Paranthropus robustus — не цалкам ясныя. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ён можа з'яўляцца яшчэ адным нашчадкам эфіёпскага парантрапа, але ёсць аргументы і ў карысць яго незалежнага ад іншых парантрапаў паходжання (у такім выпадку род Paranthropus аказваецца поліфілетычным)[7].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]


Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Todd R. Olson. Cranial Morphology and Systematics of the Hadar Formation Hominids and „Australopithecus“ africanus // Ancestors: the Hard Evidence / Eric Delson, ed. — New York: Alan R. Liss, Inc., 1985. — P. 102—119. — ISBN 0-8451-0249-4.
  2. Camille Arambourg, Yves Coppens. Sur la découverte, dans le Pléistocène inférieur de la vallée de l'Omo (Éthiopie), d'une mandibule d'Australopithécien(фр.) // Comptes rendus hebdomadaires des séances de l'Académie des sciences. Série D, Sciences naturelles. — 1967. — Vol. 265. — P. 589—590.
  3. Camille Arambourg, Yves Coppens. Découverte d'un Australopithécien nouveau dans les gisements de l'Omo (Ethiopia)(фр.) // South African Journal of Science. — 1968. — Vol. 64. — P. 58—59.
  4. а б в A. Walker, R. E. Leakey, J. M. Harris, F. H. Brown. 2.5-Myr Australopithecus boisei from west of Lake Turkana, Kenya(англ.) // Nature. — 1986. — Vol. 322. — № 6079. — P. 517—522. — ISSN 0028-0836. — DOI:10.1038/322517a0
  5. Walter W. Ferguson. A new species of the genus Australopithecus (primates: hominidae) from Plio/Pleistocene deposits west of Lake Turkana in Kenya(англ.) // Primates. — 1989. — Vol. 30. — № 2. — P. 223—232. — ISSN 0032-8332. — DOI:10.1007/BF02381307(недаступная спасылка)
  6. Colin P. Groves. Nomenclature of African Plio-Pleistocene hominins(англ.). — 1999. — Vol. 37. — № 6. — P. 869—872. — ISSN 0047-2484. — DOI:10.1006/jhev.1999.0366
  7. а б в г д е ё Bernard Wood, Paul Constantino. Paranthropus boisei: Fifty Years of Evidence and Analysis(англ.) // American Journal of Physical Anthropology. — 2007. — Vol. 134. — P. 106—132. — ISSN 1096-8644. — DOI:10.1002/ajpa.20732PMID 18046746.
  8. а б в г д е ё Дробышевский С. В. Предшественники. Предки? Часть I. Австралопитеки. — Москва—Чита: ЗИП Сиб. УПК, 2002.
  9. Terry Harrison. Paleontology and Geology of Laetoli: Human Evolution in Context. — Dordrecht—Heidelberg—London—New-York: Springer, 2011. — Vol. 2: Fossil Hominins and the Associated Fauna. — P. 161—168. — ISBN 978-90-481-9961-7. — DOI:10.1007/978-90-481-9962-4.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]