Элефтэрыяс Венізелас
Элефтэ́рыяс Кірыя́ку Венізе́лас (грэч. Ελευθέριος Κυριάκου Βενιζέλος; 23 жніўня 1864, Крыт, Асманская імперыя — 18 сакавіка 1936, Парыж) — грэчаскі палітык, які некалькі разоў займаў пасаду прэм’ер-міністра з 1910 па 1933 год. Погляды Венізеласа вагаліся ад ліберальнага рэспубліканізму да кансерватыўнага манархізму, але заўсёды адрозніваліся крайнім нацыяналізмам.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Элефтэрыяс Венізелас нарадзіўся на Крыце, адкуль і паходзіла яго сям’я, мала звязаная з традыцыйнымі грэчаскімі кланамі. Яго бацька быў вядомым удзельнікам крыцкага рэвалюцыйнага руху супраць улады Асманскай імперыі. Пасля Крыцкага паўстання 1866—1869 гадоў сям’я вымушана была перасяліцца на востраў Сірас. Элефтэрыяс Венізелас скончыў юрыдычны факультэт Афінскага ўніверсітэта ў 1886 годзе, вярнуўся на Крыт і заняўся журналісцкай дзейнасцю, але неўзабаве ўцягнуўся ў палітыку, быў выбраны ў нацыянальную асамблею як член Ліберальнай партыі. Венізелас быў адным з лідараў рэвалюцыянераў, якія дамагаліся ў 1897 годзе аб’яднання Крыта з Грэцыяй. І хоць паўстанне пацярпела няўдачу, Крыт дзякуючы ўмяшанню еўрапейскіх дзяржаў дамогся аўтаноміі ў складзе Асманскай імперыі[5].
Венізелас узначаліў міністэрства юстыцыі ва ўрадзе аўтаномнага Крыта, удзельнічаў у стварэнні паліцэйскіх сіл аўтаномнага Крыта. Неўзабаве пачаліся трэнні паміж ім і кіраўніком аўтаноміі, прынцам Георгам, якія прывялі да новага паўстання і выгнання Георга з вострава ў 1906 годзе. Венізелас атрымаў пасаду ў новым урадзе Александраса Заіміса.
Пазней Венізелас прыняў удзел у палітыцы мацерыковай Грэцыі, у 1910 годзе стаў яе прэм’ер-міністрам. Дзякуючы энергічным дзеянням Венізеласа і яго паплечніка адмірала Кунтурыётыса Грэцыя апынулася добра падрыхтаванай да Балканскім войнам, у выніку якіх яе тэрыторыя істотна павялічылася за кошт далучэння Македоніі, Крыта і Эгейскіх астравоў. У адрозненне ад караля Канстанціна I, які сімпатызаваў Германіі і быў настроены нейтральна, Венізелас быў прыхільнікам вайны Грэцыі на баку Антанты. У выніку канфлікту паміж ім і каралём у 1916 годзе Грэцыя падзялілася на дзве часткі, якія кантраляваліся адпаведна каралём і Венізеласам, кожная са сваім урадам (гэта падзея вядома як «нацыянальны раскол»). Канфлікт завяршыўся пад ціскам дыпламатыі і войскаў Антанты, выгнаннем караля ўвесну 1917 года, каранацыяй яго сына Аляксандра і ўступленнем Грэцыі ў вайну на баку Антанты. Пасля вайны Венізелас прадстаўляў Грэцыю на Парыжскай мірнай канферэнцыі і дамогся ўключэння ў яе склад Фракіі і Іоніі[5].
У 1919 годзе Грэцыя ў парушэнне Мудраскага перамір’я развязала другую вайну з Турцыяй, мэтай якой было стварэнне «Вялікай Грэцыі». Венізелас спадзяваўся на дапамогу Антанты, якая ў рэальнасці апынулася вельмі невялікай. У 1920 годзе, пасля смерці караля Аляксандра, раялісты вярнулі на трон яго выгнанага бацьку, Канстанціна, а Венізелас з’ехаў у Парыж і на час пакінуў палітыку. Тым часам, Грэцыя пасля значных поспехаў у пачатку войны пацярпела разгромнае паражэнне ад турэцкіх войскаў пад камандаваннем Атацюрка, што прывяло не толькі да страты значнай тэрыторыі, але і да гуманітарнай катастрофы — Грэцыі прыйшлося прыняць каля 1,2 млн грэчаскіх бежанцаў, выгнаных з родных земляў[5].
У 1923 годзе Венізелас вярнуўся ў Грэцыю, ізноў атрымаў пасаду прэм’ер-міністра і ўдзельнічаў у мірных перамовах з Турэцкай рэспублікай. Пасля чарговага палітычнага крызісу ў 1924 годзе ён пакінуў сваю пасаду і на некаторы час пакінуў Грэцыю, але, вярнуўшыся, узначаліў Ліберальную партыю ў парламенце. У 1928 годзе Венізелас ізноў узначаліў урад, дамогся нармалізацыі адносін з суседзямі грэчаскай дзяржавы і ўладзіў шэраг важных тэрытарыяльных спрэчак з Турцыяй, Італіяй і Югаславіяй. У выніку эканамічнага крызісу 1929 года палітычная вага Венізеласа значна паменшылася[5]. У 1935 годзе, пасля прыходу да ўлады кансерватыўнага генерала Іааніса Метаксаса, даўняга праціўніка Венізеласа, яму прыйшлося эміграваць, а многія яго прыхільнікі былі забіты ці арыштаваны. Памёр у Парыжы, з пашанай пахаваны на Крыце.
Другі сын Венізеласа, Сафакліс Венізелас, таксама быў прэм’ер-міністрам Грэцыі.
Імем Венізеласа названы аэрапорт Афін.
Зноскі
- ↑ а б Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 13 кастрычніка 2015.
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #118804146 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 11 снежня 2014.
- ↑ Венизелос Элефтериос / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
- ↑ Венизелос Элефтериос / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ а б в г John C. Fredriksen. Biographical Distionary of Modern World Leaders: 1900 to 1991. — Facts on File, 2004. — P. 470-471. — ISBN 978-0816053667.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Kitromilides, Paschalis M. Eleftherios Venizelos: The Trials of Statesmanship. — Edinburgh: Edinburgh University Press, 2008. — 416 p. — ISBN 0748633642.
- Michalopoulos, Dimitris, Eleutherios Venizelos. An outline of his life and time, Saarbrucken: Lambert Academic Publishing, 2012. ISBN 978-3-659-26782-6
- Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, якія не маюць старонак цёзак па прозвішчы
- Прэм’ер-міністры Грэцыі
- Нарадзіліся 23 жніўня
- Нарадзіліся ў 1864 годзе
- Памерлі 18 сакавіка
- Памерлі ў 1936 годзе
- Памерлі ў Парыжы
- Пахаваныя на Крыце
- Выпускнікі Афінскага ўніверсітэта
- Кавалеры ордэна Збавіцеля
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Ганаровага легіёна
- Кавалеры ордэна Белага арла (Польшча)
- Асобы
- Міністры замежных спраў Грэцыі
- Лідары краін-удзельніц Першай сусветнай вайны
- Нарадзіліся на Крыце