Перайсці да зместу

Neuro Dubel

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Neuro Dubel
Neuro Dubel на Басовішча 2007
Neuro Dubel на Басовішча 2007
Асноўная інфармацыя
Жанры рок, панк-рок, двухмоўны рок-н-рол
Гады 1989 — цяперашні час
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Адкуль Мінск
Мова песень беларуская
руская
Лэйблы БМАgroup, Vigma, West Records
Склад Віталь Абрамовіч
Уладзімір Сахончык
Яўген Броўка
Андрэй Сцепанюк
Былыя
ўдзельнікі
Аляксандр Кулінковіч
Юрый Навумаў
Максім Паравы
Станіслаў Паплаўскі
Алег Громаў
Максім Івашын
Дзмітрый Чыж
Святлана Сідаровіч
Генадзь Агейчык
neurodubel.com
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Neuro Dubel», або «Нейра Дзюбель», або «Нэйра Дзюбель», або «Нейро Дюбель» — рок-гурт з Мінска, Беларусь. Адзін з «патрыярхаў» беларускага року. Стыль гурта — панк-рок ці, радзей, — «двуязычный ракенролл» (гэтае вызначэнне прыдумана самім гуртам, варта адзначыць, што з 2003 г. значную частку творчасці гурта складаюць беларускамоўныя песні). Тым не менш, гурт выкарыстоўвае некалькі стыляў — ад рэгі і блюзу да хардкору. Можа быць, менавіта гэта акалічнасць разам з мацнейшай канцэртнай энергетыкай і «нервовымі», па меркаванні журналістаў, тэкстамі стала прычынай таго, што гурт заваяваў дастатковую любоў беларускай аўдыторыі[1].

Нэйра Дзюбель быў заснаваны ў 1989 годзе Аляксандрам Кулінковічам (пасля псеўданіма Джым Лазараў узяў псеўданім КуЛЛінковіч, з якім працуе па сённяшні дзень) і Генадзем Агейчыкам (цяпер ужо былым шваграм Кулінковіча). Днём нараджэння гурта лічыцца 17 ліпеня, калі гэты дуэт у стане жудаснага пахмеллю напісаў і запісаў некалькі павольных і сумных песень. На працягу некалькіх наступных гадоў дуэт працаваў пераважна дома, збіраючы музычны матэрыял і ствараючы свой уласны стыль і гучанне. У гэтым стане, выкарыстоўваючы пераважна хатнюю аўдыётэхніку, гурт выдаў некалькі альбомаў (уключаючы адзін акустычны), што называліся «Некачественные продукты студии ГангрЭна Продакшн».

У 1991 г. Агейчык пакінуў гурт і на месцы дуэта ўзнік канцэртны склад: лідар і аўтар тэкстаў Кулінковіч; гітарыст і, пасля, бэк-вакаліст, Юрый Навумаў; басіст Дзмітрый Чыж і бубнач Андрэй Сцепанюк. Таксама ў гурце ўдзельнічала бэк-вакалістка Святлана Сідаровіч, якая трагічна памерла ў 1993 г.

1990-я. Першыя канцэрты

[правіць | правіць зыходнік]

Першае з’яўленне Нэйра Дзюбеля на сцэне адбылося на адкрыцці «Астролябии-Шоу» 4 кастрычніка 1991 г. Гурт быў першым госцем з Беларусі ў Маскоўскім панк-кафэ «Отрадное». У 1993 г. з гурта звольнілі басіста (за п’янства), на яго месца прыйшоў Стас Паплаўскі. Тады ж у гурта з’явіўся клавішнік Макс Івашын. Праз гэтыя змяненні складу гурт выходзіць на амаль прафесійны ўзровень і пачынае шмат і актыўна канцэртаваць.

Нэйра Дзюбель браў удзел у мясцовых фестывалях «БУДЬ СПОК» і «Чужая Вода» ў Магілёве, «В защиту Музыкальных Меньшинств», «Рок-Форум», «КГ — Сердитый Праздник», «Тяжелый День» у Мінску, у акцыях «Беларусь Против Ядерного Оружия» і «Музыканты Против Наркотиков», цырымоніях «Рок-Каранацыя» ў 1995—1996 гг., дзе гурт быў ўзнагароджаны спецыяльным прызам Ленінградскага рок-клубу і гурта ДДТ.

1995. «Умные вещи»

[правіць | правіць зыходнік]

У 1995 разам з новым сола-гітарыстам Максімам Паравым быў запісаны першы студыйны альбом (дубальтовы) «Умные Вещи (The Best)». У гэтым жа годзе па запрашэнні Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча гурт прыняў удзел у першым для сябе сур’ёзным канцэрце — «Поп-ТВ» у Палацы спорту. Сам Кулінковіч казаў аб гэтым канцэрце: «Гэта быў наш першы выступ у Палацы спорту, тады гэта была мяжа мар не толькі для нас, але і для любога беларускага музыкі. Велізарная сцэна, апаратура, плюс першы нармальны паказ па тэлебачанні. Рост »Дзюбеля« я адлічваю менавіта з гэтага канцэрта, многія тады ўбачылі, прынамсі, па тэлевізары мы глядзімся. …Пасля гэтага канцэрта пайшлі следам прапановы аб выступах ад людзей, якія больш-менш штосьці значылі ў беларускім шоу-бізнесе».

1996. «Жестокое Самоубийство Универсальной Нарезкой Бёрнера»

[правіць | правіць зыходнік]

У 1996 г. убачыў свет альбом «Жестокое Самоубийство Универсальной Нарезкой Бёрнера», і на працягу першых двух месяцаў 1997 года гэта праграма была прадана ў колькасці больш за 5000 асобнікаў практычна без прамацыйнай і рэкламнай кампаніі. У 1996—1997 гг. фірмай «ПАН Рекордз» быў рэалізаваны кавер-праект «ПесняРок», дзе вядучыя беларускія гурты выконвалі версіі песняў знакамітага ансамбля «Песняры». На прэзентацыі дыску 4 ліпеня 1997 года Нэйра Дзюбель са сваёй апрацоўкай песні «Вологда» выступаў у самым канцы, нават пасля саміх «Песняроў», такім чынам узначальваючы і закрываючы шоу. На «Рок-каранацыі 1996» гурт атрымаў спецпрыз «За найлепшую інтэрпрэтацыю эстраднага шлягера» («Здравствуй, чужая милая»).

1997. Праца з «United Records»

[правіць | правіць зыходнік]

У 1997 годзе выключна праз Internet Нэйра Дзюбель прыняў удзел у кампіляцыі канадскай фірмы «United Records» — «United We Stand». Песня «Вай-вай» зноўку з’явілася на дыску пачэсным апошнім трэкам у кампаніі 19 незалежных гуртоў з ЗША, Канады, Вялікабрытаніі і Фінляндыі. У 1998 годзе з 1 па 3 мая у горадзе Сасновы Бор ля Санкт-Пецярбурга праходзіў рок-фестываль «Балтийский Берег '98». Нэйра Дзюбель атрымаў Прыз Сімпатый Гледачоў з адрывам ад найбліжэйшага намінанта ў 40 % і Гран-Пры Ленінградскага рок-клубу.

1999. Фестываль «Рок-Каранацыя '98»

[правіць | правіць зыходнік]

У 1999 годзе на цырымоніі ўзнагароджання найлепшых рок-гуртоў Беларусі «Рок-Каранацыя '98» Нэйра Дзюбель атрымаў галоўны прыз — Рок-Карону — з рук самога Уладзіміра Мулявіна, акрамя гэтага гурт перамог ў намінацыях «Найлепшая песня года» («Охотник и Сайгак»), «Найлепшы альбом года» («Охотник и Сайгак»), «Найлепшы кліп года» («Охотник и Сайгак»). На штогадовай цырымоніі ўзнагароджання найлепшых музычных кліпаў «Хрустальная монограмма '99» кліп на песню «Самолеты» з альбома «Ворсинки и катышки» перамог у трох намінацыях: «Найлепшы сцэнарый», «Найлепшы рэжысёр», «Найлепшы акцёр». На «Рок-Каранацыі '99» альбом «Ворсинки и Катышки» быў названы найлепшым альбомам 1999 года.

2000. Выхад на Расію

[правіць | правіць зыходнік]

Пад канец 2000 года было прынята рашэнне прасоўваць гурт на расійскі рынак. Быў запісаны кліп «Вася пьет», які ратыраваўся на MTV, даваліся канцэрты ў Маскве, і, галоўнае — у Расіі выйшаў альбом «Народное достояние», для якога былі перазапісаны найлепшыя песні за ўсю гісторыю гурта. У лістападзе адбылася яго прэзентацыя, а ў продажы з’явілася каля дзвюх тысяч касет. Але з Масквой нічога не атрымалася, а таму касеты не пашырылі свой наклад, а CD так і не выйшаў. Пасля дастаткова працяглай паўзы ў пачатку 2002 года быў запісаны альбом «П. И. О. Т. К. У. К. У. К.» («Правдивые истории о том как у Карлсона угнали комбинезон»). Дыск выйшаў у траўні і стаў па выніках года адным з самых прадаваных (па некаторых звестках — самым). 14 снежня гэтага ж года кампанія «West Records» выдала дыск «RE: Пиар во время чумы», які ўяўляе сабой зборнік найлепшых песень гурта. Ён уключае ў сябе не толькі матэрыял з ужо рарытэтнага «Народного достояния», але і песні з апошняга альбома «П. И. О. Т. К. У. К. У.К».

2003. Пагроза распаду

[правіць | правіць зыходнік]

У 2003 годзе для гурта настаў пераломны момант: басіста звольнілі з гурта (ізноў за п’янства), Максім Івашын з’ездзіў спачатку вучыцца, а потым працаваць у Канаду, стварыўшы музычны калектыў «Клёндайк», а вядучы гітарыст гурта Макс Паравы вымушаны быў з’ехаць у Маскву[2]. Такім чынам, гурт апынуўся на мяжы знікнення. Аднак намаганнямі лідара гурта і яго знаёмых утварыўся новы склад, які застаўся нязменным да сённяшняга часу.

2004-цяперашні час. Новыя альбомы

[правіць | правіць зыходнік]

І ўжо ў 2004 г. выйшаў першы беларускамоўны альбом гурта — «Tanki», які стаў на «Рок-Каранацыі 2004—2005» альбомам года. 21 ліпеня 2004 г. гурт выступіў на апазіцыйным канцэрце, і з 2004 г. па 2007 г. разам з некаторымі іншымі беларускімі рокерамі яна неафіцыйна была пад забаронай[3].

Музыканты з’явіліся на зборным канцэрце ў падтрымку выпуску серыі складанак «Песьні свабоды», на які сабраліся ўдзельнікі Крама, N.R.M., Indiga, Hair Peace Salon і шэрагу іншых знакамітых беларускіх рок-калектываў, які адбыўся на плошчы Бангалор 25 жніўня 2006 года.[4]

На «Рок-Каранацыі 2007», акрамя галоўнай узнагароды — Рок-кароны — гурт атрымаў перамогу ў намінацыі «Альбом года» — «Stasi». У лістападзе 2007 года на канцэрце ў клубе «Graffiti» запісваецца першы канцэртны DVD у гісторыі калектыву. У 2009 годзе на сайце «Тузін Гітоў» песня «Трываю» з альбома «Stasi» па выніках года заняла 6-е месца і ўвайшла ў зборку найлепшых песень «Прэм’ер Тузін 2009». На «Рок-Каранацыі 2009» гурт атрымаў спецпрыз «За адданасць рок-музыцы». Песня «Касманаўты» з альбома «Афтары правды» па выніках года заняла 6-е месца ў хіт-парадзе «Тузін гітоў». У 2012 г. выйшаў чарговы альбом «Дохуя советчиков». Новы альбом «На Марс!» выйшаў у 2015 г.

Раніцай 4 жніўня 2018 года стала вядома, што лідар гурта Аляксандр Кулінковіч памёр ва ўзросце 46 гадоў. Прычынай смерці стала пнеўманія.

Праграма «Belsat Music Live», якая выйшла ў эфір 21 кастрычніка, была прысвечаная памяці Аляксандра Кулінковіча. Музыкі гурта «Нейра Дзюбель» разам з сябрамі і калегамі Кулінковіча выканалі некаторыя песні гурта. У запісе праграмы прынялі ўдзел: Ігар ВарашкевічКрама»), Леслі НайфGods Tower»), Аляксандр Памідораў, Алесь Лютыч («:B:N:»), Лявон Вольскі і Зоя Сахончык («Зьмяя»). Праз некалькі дзён 25 кастрычніка ў мінскім амфітэатры Prime Hall адбыўся вялікі канцэрт памяці Аляксандра Кулінковіча пад назвай «Я прынёс табе ура!». Акрамя вышэйпералічаных удзельнікаў тэлепраграмы у канцэрце таксама прынялі ўдзел: Алег ХаменкаПалац»), Алесь Мышкевіч («The Superbullz  (польск.)»), Юрый СтыльскіДай дарогу!»), Алесь ТаболічZnich»), Дзяніс Тарасенка («Разбітае сэрца пацана»), Ангус (Tornado), праект «ВелосипедистоВ», Зміцер Вайцюшкевіч і Уладзімір ПугачJ:Морс»). Грошы, атрыманыя на продажы квіткоў, пайшлі на помнік Кулінковічу, выданне зборніка яго публіцыстыкі, а таксама альбом з фотаздымкамі гурта «Нейра Дзюбель».

8 верасня 2020 года з падазрэннем на інсульт у рэанімацыю 5-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска ў цяжкім стане быў дастаўлены вакаліст гурта Юрый Навумаў, у яго быў паралізаваны правы бок цела. Лекары вызначылі, што стан быў наступствам чэрапна-мазгавой траўмы. Увечары 14 верасня 2020 года музыкант памёр[5]. Астатнія музыканты станам на верасень 2020 года яшчэ не вырашылі ці гурт канчаткова распадзецца[6][7]. Вядома пра два канцэтры гурта (30.01.2021 і 20.05.2022), у якіх партыі асноўнага вакалу выконваў бас-гітарыст Яўген Броўка.

Супольныя праекты

[правіць | правіць зыходнік]
  • 2010 — «Касманаўты» (рэж. А. Вечар)
  • 2008 — «Можно жить» (рэж. А. Вечар)
  • 2007 — «Жыцьцё» (рэж. Р. Бвашчак, «Белсат»)
  • 2007 — «Край»
  • 2005 — «Гузік» (рэж. А. Вечар)
  • 2003 — «З Новым годам» (рэж. А. Вечар)
  • 2002 — «Я памру тут» (рэж. А. Вечар)
  • 2002 — «П. И. О. Т. К. У. К. У. К.» (рэж. А. Вечар)
  • 2001 — «Вася пьёт» (рэж. Ю. Бяржыцкі)
  • 2001 — «Большая мечта» (рэж. А. Вечар)
  • 2000 — «Каникулы с Чиччолиной» (рэж. А. Вечар)
  • 1999 — «С праздником» (рэж. А. Вечар)
  • 1999 — «Самолёты» (рэж. А. Вечар)
  • 1999 — «Время распрощаться» (рэж. А. Вечар)
  • 1998 — «Переехала комбайном» (рэж. А. Вечар)
  • 1998 — «Охотник и сайгак» (рэж. А. Вечар)
  • 1997 — «Гагарин» (рэж. А. Вечар)

Былыя ўдзельнікі:

  • Аляксандр Кулінковіч — вакал (1989—2018), бас (1989—1991); памёр у 2018 годзе
  • Юрый «Паскуда» Навумаў — бэк-вакал (1991—2020), гітара (1991—2000), памёр у 2020 годзе
  • Максім «Паравоз» Паравы — гітара, бэк-вакал (1994—2003)
  • Станіслаў Паплаўскі — бас (1993—2003)
  • Алег Громаў — гітара (2001—2004)
  • Максім Івашын — клавішныя (1993—1999, 2001—2004)
  • Дзмітрый Чыж — бас (1991—1993)
  • Святлана Сідаровіч — бэк-вакал (1993)
  • Генадзь Агейчык — гітара (1989—1991)

Сесійныя ўдзельнікі:

  • Канстанцін Трамбіцкі — дуда (2004—2005)


Зноскі

  1. Стрыжак, Натальля. Гісторыя Neuro Dubel у 25-ці эпізодах (шмат фота!) . Тузін Гітоў (1 кастрычніка 2014). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2020. Праверана 6 красавіка 2020.
  2. Климов, Олег; Шаруба, Сергей (2004). "Убить N.R.M., или К неутешительным итогам музыкального года". Музыкальная газета(руск.) (4). Архівавана з арыгінала 11 верасня 2020. Праверана 2020-09-11.
  3. ЕЎРАРАДЫЁ. Рок-каралі засталіся без FM-эфіру . Еўрапейскае радыё для Беларусі (4 сакавіка 2008). Архівавана з першакрыніцы 23 снежня 2020. Праверана 23 снежня 2020.
  4. СЛЭП. 25 жніўня, пл. Бангалор, “Песні Свабоды” | Записи в рубрике 25 жніўня, пл. Бангалор, “Песні Свабоды” | Дзёньнік : LiveInternet - Российский Сервис Онлайн-Дневников . liveinternet.ru (31 жніўня 2006). Праверана 18 лістапада 2018.
  5. Умер второй вокалист Neuro Dubel Архівавана 16 верасня 2020.. TUT.BY
  6. Войтович, Мария. Нет Куллинковича, нет Паскуды: что ждёт Neuro Dubel без вокалистов (руск.). Еўрапейскае радыё для Беларусі (23 верасня 2020). Архівавана з першакрыніцы 25 верасня 2020. Праверана 25 верасня 2020.
  7. Вайтовіч, Марыя. Няма Кулінковіча, няма Паскуды: што чакае Neuro Dubel без вакалістаў . Еўрапейскае радыё для Беларусі (23 верасня 2020). Архівавана з першакрыніцы 25 верасня 2020. Праверана 25 верасня 2020.