Вялікія князі літоўскія
Вялікі князь літоўскі — найвышэйшы тытул у Вялікім Княстве Літоўскім. Вялікі князь — вярхоўны ўладар дзяржавы ў XIII—XVIII стст., якому падначальваліся іншыя князі і арыстакраты, што кіравалі асобнымі княствамі, валасцямі і вотчынамі.
Правы і абавязкі
[правіць | правіць зыходнік]Прывілеі 1447 і 1492 гадоў абмежавалі ўладу вялікага князя літоўскага. Паводле іх ён не меў права самастойна вырашаць найбольш важныя пытанні знешняй і ўнутранай палітыкі.
Нягледзячы, што заканадаўчыя акты, у тым ліку Статут 1588 года, падкрэслівалі боскую прыроду ўлады вялікага князя, яго становішча было тыповым для абмежаванага феадальнага манарха, правы яго грунтаваліся на выбарнай аснове. Калі ў XIV ст. Паны-Рада пры вялікім князю была толькі дарадчым органам, то пазней яе значнасць моцна ўзрасла, многія мерапрыемствы дзяржаўнага кіравання маглі быць здзейснены толькі з яе згоды. У адсутнасць вялікага князя рада фактычна была вышэйшым дзяржаўным органам і дзейнічала самастойна.
Вялікі князь выбіраўся вышэйшай арыстакратыя са сваякоў, звычайна сыноў папярэдняга. Меў шырокія паўнамоцтвы — весці міжнародныя справы, уступаць у саюзы, абвяшчаць вайну і заключаць мір, распараджацца ўзброенымі сіламі дзяржавы, дзяржаўнай маёмасцю, даходамі і скарбам, дараваць маёмасць, урады і званні, ажыццяўляць вышэйшы суд і памілаванне асуджаных. Яму належала заканадаўчая ініцыятыва, усе асноўныя законы і прававыя акты выдаваліся за яго подпісам.
Абмежаванне ўлады вялікага князя літоўскага прадугледжвалася заканадаўствам ВКЛ у форме клятвы і абяцання вялікім князем захоўваць пэўныя правы і прывілеі, а таксама ў форме прамой забароны. Напрыклад, вялікаму князю забаранялася пачынаць вайну або ўстанаўліваць падаткі на ваенныя патрэбы без дазволу на тое сойма, выдаваць законы, якія б пярэчылі Статуту ВКЛ, раздаваць духоўныя і свецкія пасады, тытулы і землі ВКЛ іншаземцам, у тым ліку польскай шляхце.
Гаспадарскі тытул
[правіць | правіць зыходнік]Вялікія князі літоўскія мелі адмысловы тытул — гаспадар, таксама ўжывальны (у розных формах) у дзяржавах, культурна і палітычна арыентаваных на Вялікае Княства Літоўскае — Малдове, Чэхіі, Ноўгарадзе, Цвяры, Маскве. У старабеларускіх крыніцах сустракаецца таксама ў скарочаных формах: «осподар», «сподар».
Тытул паходзіць ад грэчаскага дэспат — правінцыйны кіраўнік у Візантыі, зрэдку — незалежны (напрыклад Эпірскі дэспатат за часам Лацінскай імперыі), раней у Персіі. У царкоўнаславянскай мове (а праз яе ў пісьмовай мове Кіева, Ноўгарада і іншых зямель Русі) зыходнае грэчаскае паняцце ўжывалася спачатку як гаспадзін (тытул асобы, таксама Гаспадзін Вялікі Ноўгарад).
У Маскве пераняты таксама з беларускай формы як гасудар (вышэйшы тытул маскоўскага валадара, пазней — адзін з тытулаў). Мае таксама скарочаную форму судар (на ўзор беларускага спадар)
Гаспадар, як і яго скарочаныя беларускія формы (а роўна — іх маскоўскія адпаведнікі: гасудар, судар) ужываліся таксама як звычайны тытул дваранства.
Акрамя гэтага, вялікі князь літоўскі меў тытулы па назве зямель, якімі валодаў. Напрыклад, Жыгімонт Ваза меў тытулы караля польскага, вялікага князя літоўскага, рускага, прускага, жамойцкага, мазавецкага, інфлянцкага, наследнага гаспадара і караля шведскага, гоцкага, вандальскага, вялікага княжыча фінляндскага і інш.
Дынастыі
[правіць | правіць зыходнік]У ХІІІ ст. сынам Міндоўга, якога лічаць першым вялікім князем літоўскім, быў Войшалк, які займаў сталец па бацьку і таксама лічыцца вялікім князем літоўскім. Наступнікам Войшалка быў Шварн Данілавіч, яго зяць — муж сястры, ён належаў да галіцка-валынскай дынастыі.
Наступным пэўным уладаром Вялікага Княства Літоўскага быў Трайдзень, яго сваяцкая сувязь з родам Міндоўга дыскусійная — ад яе прызнання да поўнага адмаўлення. Яго наступнікамі былі Будзівід і Будзікід, магчыма яны былі сынамі Трайдзеня, але і гэта аспрэчваецца часткай даследчыкаў. Сынамі Будзівіда былі Віцень і Гедзімін.
Пачынаючы з Гедзіміна ўсе вялікія князі літоўскія да Люблінскай уніі пэўна былі яго нашчадкамі (Гедзімінавічамі), а яго ўнук Ягайла стаў заснавальнікам каралеўскай дынастыі Ягелонаў.
Вялікія князі літоўскія — каралі польскія
[правіць | правіць зыходнік]Пасля Крэўскай уніі 1385 года з Польшчай трое вялікіх князёў літоўскіх былі і каралямі польскімі.
- Ягайла — вялікі князь літоўскі (з 1377), у 1386 годзе паводле Крэўскай уніі абраны каралём польскім пад імем Уладзіслаў ІІ Ягайла, да 1392 года быў з’яўляўся адначасова каралём польскім і вялікім князем літоўскім, у 1392 годзе паводле Востраўскага пагаднення саступіў тытул вялікага князя стрыечнаму брату Вітаўту, але самы тытулаваўся вярхоўным князем літоўскім;
- Казімір Ягайлавіч — вялікі князь літоўскі (з 1440), а з 1447 — і кароль польскі пад імем Казімір IV Ягелончык;
- Аляксандр Казіміравіч — вялікі князь літоўскі (з 1492), а з 1501 — і кароль польскі пад імем Аляксандр Ягелончык.
Яшчэ два вялікія князі літоўскія былі абраны каралямі польскімі практычна адначасова.
- Жыгімонт Стары — вялікі князь літоўскі і кароль польскі (з 1506; каранаваны як кароль польскі ў 1507);
- Жыгімонт Аўгуст — вялікі князь літоўскі і кароль польскі (з 1548).
Пасля Люблінскай уніі 1569 года з Польшчай вялікі князь літоўскі адначасова быў каралём польскім, стаяў на чале агульнай дзяржавы — Рэчы Паспалітай. Тытул уладара Рэчы Паспалітай называўся кароль польскі і вялікі князь літоўскі (з дабаўленнем тытулаў па іншых землях). Першым такім манархам Рэчы Паспалітай быў Жыгімонт Аўгуст.
Вялікі князі літоўскія да Люблінскай уніі
[правіць | правіць зыходнік]Гады ўладарства | Ілюстрацыя | Імя |
---|---|---|
каля 1236 — 1263 | Міндоўг | |
1263 — 1264 | Транята | |
1264 — 1266 | Войшалк | |
1267 — 1270 | Шварн Данілавіч | |
1270 — 1282 | Трайдзень | |
меркавана 1280-я | Даўмонт | |
1282 — 1294 | Будзікід | |
1292 — 1294 | Будзівід | |
1294 — 1316 | Віцень | |
1316 — 1341 | Гедзімін | |
1341 — 1345 | Яўнут | |
1345 — 1377 | Альгерд | |
1377 — 1381 | Ягайла | |
1381 — 1382 | Кейстут | |
1382 — 1392 | Ягайла | |
1392 — 1430 | Вітаўт | |
1430 — 1432 | Свідрыгайла | |
1432 — 1440 | Жыгімонт Кейстутавіч | |
1440 — 1492 | Казімір | |
1492 — 1506 | Аляксандр | |
1506 — 1548 | Жыгімонт I Стары | |
1544 — 1569 | Жыгімонт II Аўгуст |
Каралі польскія і вялікія князі літоўскія пасля Люблінскай уніі
[правіць | правіць зыходнік]Дадатковыя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]- Ганна Ягелонка (1575—1596) — каралева польская і вялікая княгіня літоўская, фактычна кіраўнікамі дзяржавы былі яе муж Стэфан Баторый і пляменнік Жыгімонт Ваза; такім чынам, Рэч Паспалітая ў 1575—1596 гадах фармальна мела двух уладароў адначасова.
У Рэчы Паспалітай былі выпадкі рознагалосся па абранні караля і вялікага князя:
- Максіміліян Габсбург (1575—1576) — імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі, абраны па падвойнай элекцыі 1575 г. адначасова з Баторыем;
- Максіміліян Габсбург (1587—1589) — эрцгерцаг, сын імператара Максіміліяна II, абраны па падвойнай элекцыі 1587 г. адначасова з Жыгімонтам Вазам.
- Карл Густаў, кароль Швецыі, па заключэнні Кейданскай уніі лічыўся сваімі прыхільнікамі за вялікага князя літоўскага ў 1655—1660 гадах;
- Франсуа Луі Бурбон (1697) — прынц дэ Канці, абраны па падвойнай элекцыі 1697 г. адначасова з Аўгустам ІІ;
- Станіслаў Ляшчынскі (13 ліпеня 1704 — 1706) — адначасова кароль польскі, абраны канфедэрацыяй, да адрачэння ў 1706 годзе Аўгуста Моцнага ўладарыў адначасова з ім;
- Станіслаў Ляшчынскі (1733) — другі раз, адначасова кароль польскі, абраны па падвойнай элекцыі 1733 г. адначасова з Аўгустам ІІІ.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Велікакняжацкі і каралеўскі замак XIV—XVIII стст. у г. Гродне (Стары замак).
-
Каралеўскі і велікакняжацкі палац XVIII ст. у Гродне (Новы замак).