Карл X Густаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карл X Густаў
Karl X Gustaf
Карл X Густаў. Маст. С. Бурдон.
Карл X Густаў. Маст. С. Бурдон.
Сцяг8-ы кароль Швецыі, Готаў і Вендаў
6 чэрвеня 1654 — 13 лютага 1660
Папярэднік Крысціна
Пераемнік Карл XI

Нараджэнне 8 лістапада 1622(1622-11-08)[1][2][…]
Смерць 13 лютага 1660(1660-02-13)[1][2][…] (37 гадоў)
Месца пахавання
Род Пфальц-Цвейбрукенская дынастыя
Бацька Іаган-Казімір Пфальц-Цвайбрукенскі[d]
Маці Катарына Шведская
Жонка Гедвіга Элеанора Гольштэйн-Готарпская[4]
Дзеці Карл XI
Веравызнанне лютэранства
Член у
Адукацыя
Дзейнасць манарх
Аўтограф Выява аўтографа
Званне генералісімус
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Карл X Густаў (шведск.: Karl X Gustav, 8 лістапада 1622, Нючэпінг — 13 лютага 1660, Гётэбарг) — кароль Швецыі з Пфальц-Цвайбрукенскай дынастыі, які кіраваў з 1654 па 1660 год.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Карл X Густаў быў сынам клебургскага пфальцграфа Іагана Казіміра і яго жонкі Катарыны, дачкі караля Карла IX.

Рос у Стэгенбаргскім замку, куды часта завітвала будучая каралева Крысціна, якая даводзілася яму кузінай. Ён атрымаў добрую адукацыю, валодаў нямецкай, французскай і лацінскай мовамі. Некаторы час вучыўся ва Упсальскім універсітэце. У 1638 годзе распачаў навучальную паездку за мяжу, з якой вярнуўся ўвосень 1640 года.

У 1642 годзе Карл Густаў прыбыў да шведскай арміі ў Германію, якой камандаваў Ленарт Торстэнсан, і адразу ж нядрэнна выявіў сябе ў бітве пры Брайтэнфельдзе. Праз год быў узведзены ў паручнікі.

Аднак да канца 1643 года ён ужо палкоўнік Курляндскага кавалерыйскага палка. У 1645 годзе ўдзельнічаў у бітве пры Янкаве. 17 лютага 1647 года па патрабаванні каралевы Крысціны прызначаны галоўнакамандуючым шведскай арміяй у Германіі.

Увесну 1649 года Карл Густаў быў абвешчаны спадчыннікам прастола. 6 чэрвеня 1654 года каралева Крысціна адраклася ад прастола, і ў той жа дзень Карл Густаў быў каранаваны ў якасці новага караля.

Яго першай задачай стала паляпшэнне дзяржаўных фінансаў, падарваных папярэднім кіраваннем. У сувязі з гэтым ён правёў так званую чацвяртную рэдукцыю, па якой дваранства павінна было вярнуць казне чвэрць усіх дарэнняў, атрыманых ім пасля смерці Густава II Адольфа.

У 1655 годзе, імкнучыся да ўсталявання на Балтыцы шведскага панавання, кароль пачаў вайну з Рэччу Паспалітай. Вайна развівалася з пераменным поспехам, да таго ж сітуацыя ўскладнілася з уступленнем у яе ўлетку 1656 года Расіі. У першай палове 1657 года шведы былі вымушаны ачысціць Рэч Паспалітую ад сваіх войскаў і засяродзіцца ў яе паўночнай частцы. Улетку яны сутыкнуліся з цэлай кааліцыяй дзяржаў — Рэчы Паспалітай, Аўстрыі, Брандэнбурга і Даніі.

У 1658 годзе каралю атрымалася скласці перамір’е з Расіяй. Тым не менш, апынуўшыся перад тварам шматлікіх праціўнікаў, Карл Густаў вырашыў адмовіцца ад планаў падзелу Рэчы Паспалітай і праз Шлезвіг-Гольштэйн напасці на Данію. Скарыстаўшыся тым, што Бельты замерзлі, шведскія войскі на чале з каралём па лёдзе перайшлі пралівы, занялі в. Фюн і з’явіліся ў Зеландыі. Датчане запыталі міру, які быў падпісаны напачатку 1658 года ў Роскіле. Швецыя атрымала Сконэ, Блекінгэ, Халанд, в. Борнхальм і нарвежскую вобласць Тронхейм.

Аднак мір доўжыўся нядоўга. Данія была незадаволена занадта суровымі ўмовамі міру, а Карл Густаў палічыў, што выпусціў магчымасць канчаткова разграміць старога суперніка. Увосень 1658 года ён, парушыўшы мір, напаў на Данію і аблажыў Капенгаген. Жыхары дацкай сталіцы ўсё як адзін паўсталі на абарону горада, а 29 кастрычніка 1658 года галандскі флот, які прыйшоў на дапамогу датчанам, нанёс у Эрэсуне паражэнне шведскаму. Аблогу шведам прыйшлося зняць.

У 1659 і 1660 гадах шведы і датчане актыўных баявых дзеянняў не вялі, а праз англа-французскіх пасрэднікаў высвятлялі ўмовы мірнага пагаднення. Па Капенгагенскаму міру 1660 г. Швецыя была вымушана вярнуць Даніі Борнхальм і Тронхейм. Паводле ж умоў Аліўскага мірнага дагавора, складзенага ў гэтым жа годзе, межы паміж Рэчай Паспалітай і Швецыяй заставаліся ранейшымі, аднак польская галіна дынастыі Васа адмаўлялася ад сваіх дамаганняў на шведскую карону і прызнавала шведскае валадарства над Ліфляндыяй і Эстляндыяй.

11 студзеня 1660 года, прысутнічаючы ў Гётэбаргу на пахаваннях члена рыксрада Бундэ Крыстэра, кароль прастудзіўся. Дактары канстатавалі, што ў яго запаленне лёгкіх, аднак ён працягваў працаваць. Тым часам яго здароўе ўсё пагаршалася. 10 лютага ён паспавядаўся і атрымаў адпушчэнне грахоў. У ноч з 12 на 13 лютага 1660 года Карл X Густаў памёр.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

З 1654 года быў жанаты з Гедвігай Элеанорай Гольштэйн-Готарпскай. Ад гэтага шлюбу нарадзілася толькі адно дзіця — будучы кароль Карл XI.

Помнікі[правіць | правіць зыходнік]

У Мальмё, цэнтры лена Сконэ, ёсць помнік — конная статуя Карла X Густава, які адваяваў правінцыю ў датчан. Мясцовыя жыхары апавядаюць, што нібы пры ўстаноўцы помніка паўстала пытанне, у які бок ён павінен стаяць тварам. Калі кароль будзе звернуты да Даніі, тое гэта было б занадта ваяўніча, а тварам да Швецыі — нелагічна, таму помнік паставілі бокам да абедзвюх краін.

Зноскі

  1. а б Karl X Gustav — 1917.
  2. а б Charles X Gustav // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Olsson M. Riddarholmskyrkan - inventories and graves — 1937. — С. 431. Праверана 3 сакавіка 2019.
  4. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  5. http://www.die-fruchtbringende-gesellschaft.de/files/fg_beacon.txt Праверана 24 лютага 2015.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • История Швеции. — Москва, 1974.
  • Svenskt biografiskt handlexikon. — Stockholm, 1906.
  • Isacson C.-G. Karl X Gustavs krig. — Lund, 2004.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]