Перайсці да зместу

Клетка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Клеткі)
Клеткі цыбулі

Кле́тка (лац.: cellula), сустракаецца цэ́ля[1], ву́за[2], камо́рка[3]  — структурна-функцыянальная адзінка ўсіх жывых арганізмаў, для якой характэрны свой метабалізм і здольнасць да ўзнаўлення. Ад навакольнага асяроддзя клетка аддзелена плазматычнай мембранай. Адрозніваюць два асноўныя тыпы клетак: пракарыятычныя (даядзерныя), якія не маюць сфарміраванага ядра, характэрныя для бактэрый і археяў, і эўкарыятычныя (ядзерныя), у якіх маецца ядро, уласцівыя для ўсіх іншых клетачных форм жыцця, у прыватнасці раслін, грыбоў і жывёл. Да няклетачных форм жыцця належаць толькі вірусы, але яны не маюць уласнага метабалізму і не могуць размнажацца па-за клеткамі-гаспадарамі.

Усе арганізмы дзеляцца на аднаклетачныя, каланіяльныя і шматклетачныя. Да аднаклетачных належаць бактэрыі, археі, некаторыя водарасці і грыбы, а таксама пратысты. Каланіяльныя і шматклетачныя арганізмы складаюцца з вялікай колькасці клетак. Розніца паміж імі заключаецца ў тым, што каланіяльныя арганізмы складаюцца з недыферэнцыраваных або слаба дыферэнцыраваных клетак, якія могуць выжываць адна без аднае. Клеткі мнагаклетачных арганізмаў больш-менш спецыялізаваныя на выкананне пэўных функцый і залежаць адна ад аднае ў працэсах жыццядзейнасці. Да мнагаклетачных арганізмаў належыць у ліку іншых і чалавек, цела якога складаецца прыкладна з 1013 клетак.

Клеткі ўсіх жывых арганізмаў маюць цытаплазматычную мембрану, якая валодае выбіральнай пранікальнасцю. У бактэрый, грыбоў і раслін зверху мембраны ёсць больш трывалая, чым мембрана, клетачная сценка. Унутрыклетачнае змесціва — гэта цытаплазма, клетачнае ядро і арганоіды. Цытаплазма забяспечвае ўмовы для працякання асноўных працэсаў жыццядзейнасці клеткі.

Гісторыя адкрыцця і даследавання клеткі

[правіць | правіць зыходнік]

Большасць клетак маюць вельмі маленькія памеры (дыяметр большасці клетак не перавышае 20—100 мкм, а ў шарападобных бактэрый — 1,5 мкм), таму іх нельга разгледзець няўзброеным вокам. Адкрыццё клеткі стала магчымым толькі пасля вынаходніцтва мікраскопа. Гэта адбылося ў канцы XVI — пачатку XVII ст. Аднак толькі ў 1665 годзе, англічанін Роберт Гук прымяніў мікраскоп для даследавання жывых арганізмаў. Гук вывучыў пад мікраскопам тонкі зрэз корка і ўбачыў яго ячэістую будову, падобную да пчаліных сотаў. Гэтыя ячэйкі Гук і назваў клеткамі.

Хутка клетачную будову раслін пацвердзілі італьянскі біёлаг і ўрач М. Мальпігі і англійскі батанік Н. Гру. Іх увагу прыцягнулі форма клетак і будова іх абалонак. У выніку ўзнікла ўяўленне аб клетках як аб «мяшочках», або «пузырках», напоўненых «пажыўным сокам».

Значны ўклад у вывучэнне клеткі ўнёс галандскі мікраскапіст А. ван Левенгук, які адкрыў аднаклетачныя арганізмы — інфузорыі, амёбы, бактэрыі. Ён таксама ўпершыню назіраў клеткі жывёл — эрытрацыты і сперматазоіды.

У пачатку XIX ст. былі зроблены спробы вывучэння ўнутранага змесціва клетак. У 1825 г. чэшскі вучоны Я. Пуркінэ адкрыў ядро ў яйцаклетцы птушак. Ён таксама ўвёў паняцце «пратаплазма», якое адпавядае сённяшняму паняццю цытаплазмы.

У 1831 г. англійскі батанік Р. Броўн упершыню апісаў ядро ў клетках раслін, а ў 1833 г. ён прыйшоў да высновы, што ядро з’яўляецца абавязковай часткай расліннай клеткі. Такім чынам, у гэты час мяняецца ўяўленне аб будове клетак: галоўным сталі лічыць не клетачную абалонку, а ўнутранае змесціва.

У 1838 г. была апублікавана праца нямецкага батаніка М. Шлейдэна, у якой ён выказаў ідэю аб тым, што клетка з’яўляецца асноўнай структурнай адзінкай раслін.

Грунтуючыся на працы М. Шлейдэна і іншых даследчыкаў, нямецкі заолаг і фізіёлаг Т. Шван у 1839 г. апублікаваў кнігу «Мікраскапічныя даследаванні аб адпаведнасці ў структуры і росце жывёл і раслін», у якой разглядаў клетку як універсальны структурны кампанент жывёл і раслін. Шван зрабіў шэраг абагульненняў, якія потым назвалі клетачнай тэорыяй. Ён лічыў, што ўсе жывыя істоты складаюцца з клетак, якія ў раслін і жывёл маюць падобную будову.

Шван, як і Шлейдэн, памылкова лічыў, што клеткі ў арганізме ўзнікаюць з няклетачнага рэчыва. Таму вельмі важным дапаўненнем у клетачнай тэорыі стаў прынцып нямецкага біёлага Р. Вірхава: «Кожная клетка — ад клеткі» (1858).

Будова клетак пракарыёт

[правіць | правіць зыходнік]
Будова бактэрыі — 1. Пілі, 2. Плазмід, 3. Рыбасомы, 4. Цытаплазма, 5. Плазмалема, 6. Клетачная сценка, 7. Капсула, 8. Нуклеоід, 9. Жгуцік

Клеткі пракарыёт (бактэрый) могуць мець розную форму: шарападобную (кокі), палачкападобную (бацылы), сагнутую (вібрыёны), спіральна закручаную (спірылы) і інш. Памеры клетак пракарыёт, як правіла, значна меншыя, чым эўкарыёт, і ў сярэднім складаюць 0,25—10 мкм. Аднак ёсць выключэнні: клеткі некаторых ніткаватых серабактэрый маюць дыяметр каля 50 мкм, выяўлены спірахеты даўжынёй да 250 мкм, а найбуйнейшыя з вядомых бактэрый дасягаюць у памеры 750 мкм (0,75 мм).

Паверхневы апарат пракарыятычных клетак уключае цытаплазматычную мембрану і клетачную сценку. У некаторых бактэрый паверхневы апарат мае дадатковую вонкавую мембрану. Клетачная сценка многіх бактэрый можа быць пакрыта слізістай капсулай.

Будова і функцыі цытаплазматычнай мембраны падобныя да такіх жа ў эўкарыёт. Клетачная сценка бактэрый істотна адрозніваецца па будове ад абалонак клетак раслін і грыбоў. Яе аснову складае цвёрдая рашотка з поліцукрыду мурзіну.

У некаторых бактэрый ёсць варсінкі — тонкія бялковыя вырасты на паверхні клеткі. Функцыя варсінак заключаецца ў прымацаванні бактэрый да клетак іншых арганізмаў, розных часцінак, а таксама ў пераносе ДНК ад адной бактэрыяльнай клеткі да другой.

Клеткі некаторых відаў бактэрый маюць жгуцікі (адзін, некалькі або шмат), якія могуць быць у некалькі разоў даўжэйшыя за саму клетку.

Пракарыёты, як вынікае з іх назвы, не маюць аформленага ядра. Іх спадчынная інфармацыя ўтрымліваецца, як правіла, у кальцавой малекуле ДНК, якая размяшчаецца непасрэдна ў цытаплазме і ўмоўна называецца бактэрыяльнай храмасомай. Акрамя бактэрыяльнай храмасомы, у цытаплазме клетак могуць змяшчацца невялікія малекулы ДНК, здольныя аўтаномна падвойвацца і пры дзяленні перадавацца даччыным клеткам. Такія пазахрамасомныя (дадатковыя ў адносінах да храмасомы) структуры называюцца плазмідамі.

Бактэрыяльныя клеткі не маюць мембранных арганоідаў, характэрных для клетак эўкарыёт. Функцыю гэтых арганоідаў выконвае цытаплазматычная мембрана або яе вытворныя. Цытаплазматычная мембрана пракарыёт можа ўтвараць уцісканні ўнутр клеткі — мезасомы, якія часта маюць выгляд закручаных у спіраль або клубок утварэнняў. Лічыцца, што мезасомы могуць прымаць удзел ва ўтварэнні папярочных перагародак пры дзяленні клетак, а таксама служыць месцам прымацавання бактэрыяльных храмасом.

Акрамя таго, у пракарыятычных клетках адсутнічае клетачны цэнтр і цыташкілет. У той жа час у цытаплазме размяшчаюцца шматлікія рыбасомы, якія маюць будову, падобную да рыбасом эўкарыёт, але адрозніваюцца меншымі памерамі.

У некаторых бактэрый, якія жывуць у вадаёмах або капілярах глебы, ёсць асобыя газавыя вакуолі. Змяняючы іх аб’ём, бактэрыі могуць перамяшчацца (усплываць і пагружацца) з мінімальнымі затратамі энергіі.

У клетках цыянабактэрый утрымліваюцца акруглыя замкнутыя мембранныя структуры — храматафоры, у якіх размешчаны фотасінтэтычныя пігменты.

Будова клетак эўкарыёт

[правіць | правіць зыходнік]

Існуе мноства відаў эўкарыятычных арганізмаў, у т.л. расліны, жывёлы, грыбы, пратысты. Нягледзячы на значныя адрозненні ў будове і спосабе жыцця, для ўсіх эўкарыёт ёсць шэраг агульных прыкмет, якія датычацца будовы і функцыянавання іх клетак.

Схема будовы жывёльнай клеткі:
1 — ядзерка; 2 — ядро; 3 — рыбасомы; 4 — везікула; 5, 8 — эндаплазматычны рэтыкулум; 6 — комплекс Гольджы; 7 — клетачная мембрана; 9 — мітахондрыі; 10 — вакуолі; 11 — цытаплазма; 12 — лізасома; 13 — цэнтрыёлі.

Клеткі эўкарыёт разнастайныя па форме і памерах. Клеткі могуць быць плоскімі, верацёнападобнымі, шарападобнымі, мець адросткі. Як правіла, іх форма залежыць ад становішча ў арганізме і той функцыі, якую яны выконваюць. А функцыі, у сваю чаргу, вызначаюцца знешняй і ўнутранай будовай.

Амаль усе клеткі арганізма чалавека і жывёл маюць прынцыпова падобную будову. Звонку яны пакрыты плазматычнай мембранай, якая адмяжоўвае змесціва клетак ад знешняга асяроддзя. Унутры знаходзяцца клетачнае ядро і цытаплазма з арганоідамі.

Плазматычная мембрана забяспечвае ўспрыняцце і перадачу сігналаў, якія паступаюць з навакольнага асяроддзя, унутр клеткі. Праз мембрану ажыццяўляецца паступленне ў клетку адных рэчываў і вывядзенне з яе — другіх. Усе гэтыя працэсы вызначаюцца асаблівай будовай мембраны і дазваляюць захоўваць неарганічныя і арганічныя рэчывы ўнутры клеткі ў строга вызначаных канцэнтрацыях, г.зн. падтрымліваць пастаянства хімічнага саставу клеткі.

Усе жывыя клеткі складаюцца з цытаплазмы (запаўняе ўнутраную прастору клеткі) у якой размяшчаюцца розныя арганоіды і клетачныя ўключэнні, а таксама генетычны матэрыял у выглядзе малекулы ДНК. Цытаплазма — паўвадкае (студнепадобнае) унутранае асяроддзе клеткі. У ёй размяшчаюцца пастаянныя спецыялізаваныя структуры — арганоіды, а таксама непастаянныя кампаненты, або ўключэнні (тлушчы, глікаген, пігменты). Да арганоідаў клеткі адносяцца: эндаплазматычная сетка, рыбасомы, мітахондрыі, лізасомы, комплекс Гольджы і інш. Яны выконваюць жыццёва важныя функцыі, забяспечваючы ўсе віды дзейнасці клеткі.

У арганоідзе, які называюць мітахондрыяй, выпрацоўваюцца злучэнні, што з’яўляюцца крыніцай энергіі. У лізасомах дзякуючы актыўнасці спецыфічных бялкоў (ферментаў) адбываюцца працэсы расшчаплення складаных арганічных малекул, якія трапілі ў клетку, да больш простых. 3 іх клетка сінтэзуе неабходныя ёй злучэнні.

Абавязковай часткай любой здольнай да дзялення клеткі з’яўляецца ядро. Яно кантралюе практычна ўсе функцыі клеткі, уключаючы дзяленне. Звычайна ў клетцы маецца адно ядро, радзей — некалькі або многа. У ядры размяшчаюцца храмасомы, якія ўтрымліваюць дэзоксірыбануклеінавую кіслату (ДНК), у якой заключана спадчынная інфармацыя. Усе клеткі чалавечага цела маюць па 46 храмасом. Выключэннем з’яўляюцца палавыя, у якіх змяшчаецца толькі 23 храмасомы.

У некаторых клетак маюцца жгуцікі, раснічкі, скарачальныя ніці — арганоіды спецыяльнага прызначэння.

Прастора клеткі абмяжоўваецца клетачнай абалонкай[4]. Раслінныя клеткі пакрыты цвёрдай абалонкай з порамі (плазмадэсмамі), утрымліваюць хларапласт.

Існаванне ў клетцы ядра з’яўляецца асновай падзелу клетак на ядзерныя і бяз’ядзерныя, але на самай справе розніца ў будове клетак гэтых груп тычыцца не толькі ядзер.

Арганізмы могуць складацца як з адной, так і са шматлікіх клетак. У шматклетачных арганізмах, клеткі розных органаў значна адрозніваюцца адна ад адной як па марфалагічнай, так і па біяхімічнай будове.

Хімічны састаў клеткі

[правіць | правіць зыходнік]

Клеткі жывых арганізмаў утрымліваюць некалькі відаў хімічных спалучэнняў з рознай будовай і ўласцівасцямі. Састаў гэтых спалучэнняў можа адрознівацца ў розных груп арганізмаў. Большая частка клеткі складаецца з вады (70 — 80 %)[5]. Яна стварае спрыяльнае асяроддзе ажыццяўлення біяхімічных рэакцый, а таксама можа быць вынікам біяхімічных рэакцый. Састаў астатніх элементаў звычайна падаецца ў далях да масы клеткі без уліку вады.

40-60 % сухой масы клеткі складаецца з бялкоў, якія выконваюць розныя функцыі, ад будаўнічай і рэгуляцыйнай да транспартнай і шматлікіх іншых[6]. У сваю чаргу бялкі складаюцца з амінакіслот. У большасці бялкоў да амінакіслот далучаны іншыя элементы, што надае ім спецыфічныя ўласцівасці.

Акрамя бялкоў, амінакіслоты складаюць пептыды і поліпептыды. Яны выконваюць розныя функцыі, з’яўляюцца гармонамі, натуральнымі антыбіётыкамі і г.д.

Нуклеінавыя кіслоты (ДНК і РНК), граюць важную ролю ў перадачы спадчыннай інфармацыі, а таксама ў біясінтэзе бялкоў.

Вугляводы выконваюць галоўную энергетычную функцыю, і функцыю назапашвання энергіі.

Ліпіды ствараюць аснову клетачнай абалонкі, але акрамя гэтага яны ўдзельнічаюць амаль ва ўсіх клетачных працэсах (рэгуляцыйных, транспартных, камунікацыйных, метабалічных).

Хімічная будова клетак складаецца з наступных хімічных элементаў: кісларод (65 % масы чалавека), вуглярод (18 % масы чалавека), вадарод (10 % масы чалавека), азот (3 % масы чалавека), а так сама кальцый, фосфар, калій, сера, натрый, магній, хлор, жалеза, ёд, медзь, цынк, кобальт, марганец, фтор, малібдэн, селен і г.д., якія складаюць меней 2 % масы чалавека.

Уласцівасці клеткі

[правіць | правіць зыходнік]

Большасць клетак шматклетачнага арганізма не маюць непасрэднай сувязі са знешнім асяроддзем. Асяроддзем пражывання клетак з’яўляецца міжклетачная, тканкавая вадкасць. Паміж клеткай і гэтай вадкасцю пастаянна ажыццяўляецца абмен рознымі злучэннямі. Сукупнасць усіх відаў ператварэнняў рэчываў і энергіі ў клетках, а значыць, і ў арганізме, называецца абменам рэчываў. Абмен рэчываў і энергіі забяспечвае працэсы жыццядзейнасці клеткі і яе сувязь з навакольным асяроддзем.

Усім жывым клеткам уласціва раздражняльнасць — здольнасць рэагаваць на дзеянне раздражняльнікаў (святла, тэмпературы, механічных і хімічных уздзеянняў).

Некаторыя клеткі (напрыклад, нервовыя) могуць пераходзіць са стану спакою ў стан узбуджэння або тармажэння. Здольнасць клетак да ўзбуджэння — спецыфічнай рэакцыі, якая выражаецца ў хуткім змяненні электрычнага зараду плазматычнай мембраны, атрымала назву ўзбудлівасці.

Прынцыповым адрозненнем усіх узбудлівых клетак ад неўзбудлівых з’яўляецца іх здольнасць змяняць пранікальнасць сваёй мембраны ў адказ на дзеянне раздражняльнікаў.

Нервовыя і мышачныя клеткі могуць праводзіць электрычны імпульс. Гэтая здольнасць называецца праводнасцю.

Мышачным валокнам, акрамя ўзбудлівасці і праводнасці, уласціва скарачальнасць. Дзякуючы ёй яны змяняюць сваю форму і памеры і такім чынам выконваюць рухальную функцыю.

Для клетак залозістых органаў характэрна сакрэцыя — утварэнне і вывядзенне пэўных рэчываў (сакрэтаў) з клеткі за яе межы. Адрозніваюць знешнюю (напрыклад, страўнікавы сок, малако, сліна) і ўнутраную (рэчывы з клетак трапляюць у кроў або лімфу) сакрэцыі.

У аснове росту тканак і ўзнаўлення колькасці клетак ляжыць працэс дзялення. Усе новыя клеткі ўтвараюцца шляхам дзялення існуючых. Аднак некаторыя клеткі ў выніку высокай спецыялізацыі функцыю дзялення страцілі. Да такіх клетак адносяцца асобныя клеткі крыві, нервовай сістэмы, мышачныя клеткі сэрца і інш.

Спецыялізацыя клетак замацавалася ў працэсе эвалюцыі. Адны з іх набылі здольнасць ахоўваць арганізм ад фактараў знешняга асяроддзя, другія — перадавалі інфармацыю органам і тканкам, трэція — забяспечвалі рух, чацвёртыя — апору, пятыя — выпрацоўку неабходных для арганізма біялагічных злучэнняў. Спецыялізацыя адбілася на форме клетак, іх будове, працягласці жыцця. Мышачныя і большасць нервовых клетак былі выцягнуты ў даўжыню, клеткі скуры набылі плоскую форму. Мужчынскія палавыя клеткі маюць жгуцік і здольны перамяшчацца, а белыя клеткі крыві могуць рухацца дзякуючы здольнасці ўтвараць ілжэножкі (як амёба). Акрамя знешніх адрозненняў, у клетках змянілася колькасць арганоідаў. Напрыклад, здольныя да скарачэння або да сакрэцыі клеткі маюць вялікую колькасць мітахондрый, якія назапашваюць энергію. Такім чынам, па знешнім выглядзе і колькасці арганоідаў можна меркаваць пра функцыі клеткі.

Жыццядзейнасць клеткі

[правіць | правіць зыходнік]

Для любой жывой клеткі характэрны абмен рэчываў. Гэта значыць, што клетка жывіцца, дыхае і выдзяляе ў навакольнае асяроддзе розныя рэчывы. Пры гэтым ідзе назапашванне энергіі, якая траціцца клеткай на падтрыманне працэсаў жыццядзейнасці і на размнажэнне.

Паступленне рэчываў у клетку ідзе праз усю яе паверхню і толькі ў раствораным стане. Цытаплазматычная мембрана валодае выбіральнай пранікальнасцю. Некаторыя рэчывы могуць паступіць у клетку толькі ў тым выпадку, калі на іх перанос будзе затрачана энергія самой клеткі. Гэта часцей за ўсё складаныя арганічныя рэчывы, малекулы якіх маюць вялікія памеры. Многія неарганічныя рэчывы цытаплазматычная мембрана здольна прапускаць бесперашкодна. Такія рэчывы могуць трапіць у клетку без затрат энергіі толькі ў тым выпадку, калі іх канцэнтрацыя ўнутры клеткі будзе ніжэйшай, чым звонку, а такі шлях паступлення рэчываў у клетку назывецца дыфузійным.

Вада паступае ў клетку пры дапамозе осмасу. Гэта аднабаковае пранікненне вады праз выбіральна пранікальную мембрану клеткі. Вада пераходзіць з менш канцэнтраванага раствору ў больш канцэнтраваны. Чым большая канцэнтрацыя рэчываў у клетцы, тым больш паступае ў яе вады. Паступіўшая ў клетку вада павялічвае яе аб’ём. У клетцы раслін і грыбоў вада праходзіць праз цытаплазму і назапашваецца ў вакуолі. Аб’ём вакуолі пры гэтым павялічваецца, яна цісне на цытаплазму. Цытаплазма ў сваю чаргу цісне на абалонку. У клетцы ўзнікае ціск, які называецца тургарным, і паступленне вады ў клетку спыняецца. Калі ж вада часткова расходуецца, тургарны ціск знізіцца, і вада зноў асматычным шляхам будзе паступаць у клетку.

Жывыя клеткі дыхаюць на працягу ўсяго іх жыцця. У выніку клеткі атрымліваюць энергію для ўсіх жыццёвых працэсаў. Больш за ўсё энергіі выдзяляецца, калі ў такіх рэакцыях удзельнічае кісларод. Таму большасць відаў жывых арганізмаў выкарыстоўваюць для дыхання менавіта гэты газ. Унутры клеткі кісларод, які паступіў у працэсе дыфузіі, уступае ў рэакцыі з арганічнымі рэчывамі. Пры гэтым адбываецца выдзяленне энергіі і ператварэнне арганічных рэчываў у неарганічныя: ваду і вуглякіслы газ. Апошні шляхам дыфузіі выходзіць з клеткі. Такім чынам, кіслароднаму дыханню заўсёды спадарожнічае газаабмен, пры якім кісларод уваходзіць у клетку, а вуглякіслы газ выходзіць з яе.

Разбураючы арганічныя рэчывы да неарганічных у працэсе дыхання, клетка атрымлівае энергію для падтрымання працэсаў сваёй жыццядзейнасці. Гетэратрофныя арганізмы (жывёлы, грыбы) вымушаны атрымліваць арганічныя рэчывы з навакольнага асяроддзя. Аўтатрофы (расліны) здольны самастойна сінтэзаваць іх з простых неарганічных рэчываў. Пры гэтым выкарыстоўваецца энергія святла. Гэты працэс адбываецца толькі ў хларапластах клетак раслін і называецца фотасінтэзам.

Дзяленне і рост клетак

[правіць | правіць зыходнік]
Дзяленне клеткі

У аснове размнажэння ляжыць здольнасць клетак падвойвацца пры наяўнасці пэўных умоў. Даказана, што ніводная клетка не можа ўзнікнуць нанова з нежывых кампанентаў. Усе новыя клеткі ўтвараюцца з ужо існуючых.

Перад дзяленнем клеткі ў ядры адбываецца падваенне колькасці храмасом. Пры гэтым утвараюцца два наборы храмасом, якія нясуць аднолькавую інфармацыю аб жыццёвых працэсах. Гэта і ёсць аснова таго, што дзве новыя клеткі будуць падобныя на тую клетку, з якой яны атрымаюцца. Затым усе храмасомы ўшчыльняюцца і ператвараюцца ў падобныя на палачкі структуры. У такім выглядзе храмасомы становяцца бачнымі ў светлавы мікраскоп. Ядзерная мембрана раствараецца, і храмасомы аказваюцца ў цытаплазме клеткі. Усе іншыя арганоіды перамяшчаюцца да цытаплазматычнай мембраны. Гэта дазваляе храмасомам размясціцца ў цэнтры клеткі. Пасля гэтага храмасомы падзяляюцца на дзве групы, якія маюць аднолькавы састаў. Менавіта таму абедзве ўзнікшыя ў выніку дзялення клеткі будуць несці зусім аднолькавую інфармацыю. Кожная з дзвюх груп храмасом перамяшчаецца ад цэнтра клеткі да аднаго з яе полюсаў. Пасля гэтага пачынаецца дзяленне клеткі папалам.

У клетак раслін перагародка пачынае фарміравацца ад сярэдзіны цэнтральнай часткі клеткі. Яна расце ва ўсе бакі, пакуль не дасягне вонкавай цытаплазматычнай мембраны. У гэты момант з адной клеткі ўтвараюцца дзве даччыныя, прычым перагародка, якая падзяліла клетку, атрымліваецца такой жа па трываласці і будове, як і ўся абалонка зыходнай клеткі. Адначасова з пабудовай перагародкі вакол кожнай групы храмасом, якія знаходзяцца каля полюсаў, фарміруецца новая ядзерная мембрана. Затым храмасомы ператвараюцца з палачкападобных у ніткападобныя. Пасля гэтага яны пачынаюць выконваць свае функцыі. На гэтым працэс дзялення клеткі заканчваецца.

Дзве даччыныя клеткі, якія з’яўляюцца копіямі адна адной і зыходнай мацярынскай клеткі, пачынаюць уласнае жыццё. У кожнай з даччыных клетак пасля дзялення ўжо ёсць частка ўсіх неабходных для існавання арганоідаў. Гэта дазваляе клеткам адразу пасля заканчэння дзялення ажыццяўляць усе жыццёва важныя функцыі. Звычайна пасля дзялення клеткі крыху павялічваюцца ў памерах і працягваюць жыць або да гібелі, або да наступнага дзялення. У мнагаклетачным арганізме даччыныя клеткі, якія ўзнікаюць пры дзяленні зыходнай мацярынскай клеткі, далей могуць мець розную будову і выконваць розныя функцыі. Гэта будзе залежаць ад таго, якая частка інфармацыі, заключанай у храмасомах, будзе выкарыстоўвацца клеткамі на працягу жыцця.

Арганізм чалавека складаецца прыблізна з 220 млрд клетак. Іх падзяляюць на дзве асноўныя катэгорыі: 20 млн «доўгажыхароў» (галоўным чынам гэта нервовыя клеткі) і 200 млрд «смяротных» (клеткі, якія пастаянна замяшчаюцца). Значыць, вялікая частка клетак арганізма чалавека ўвесь час абнаўляецца. Напрыклад, працягласць жыцця клетак кішэчніка складае ад 3 да 5 дзён, а скорасць іх замяшчэння роўна 1 млн./мін. Такім чынам, слізістая абалонка кішэчніка цалкам абнаўляецца 90 разоў на працягу аднаго года.

Клетачная смерць

[правіць | правіць зыходнік]
Параўнанне апаптоза і некроза

Аднаклетачныя арганізмы ў пэўным сэнсе можна лічыць «бессмяротнымі», паколькі, за выключэннем выпадкаў пашкоджання ці галадання, яны не паміраюць, а праходзяць этап дзялення, у выніку якога ўтвараецца два новыя арганізмы. Затое ўсе клеткі мнагаклетачных арганізмаў (акрамя гамет) асуджаныя на гібель, але паміраюць яны не толькі ў выпадку смерці ўсяе асобіны — гэты працэс адбываецца ўвесь час.

Смерць некаторых клетак неабходная ў час эмбрыянальнага развіцця, клеткі працягваюць паміраць і ў дарослых арганізмаў, напрыклад, у касцявым мозгу і кішэчніку чалавека штогадзіны гінуць мільярды клетак. З-за фізіялагічных умоў адбываецца «запраграмаваная клетачная смерць», іншымі словамі клеткі «здзяйсняюць суіцыд». Найбольш распаўсюджаным, аднак не адзіным, шляхам клетачнага самазнішчэння з’яўляецца апаптоз. Асноўнымі прыкметамі апаптоза з’яўляецца фрагментацыя ДНК, распад клеткі на апаптычныя цельцы — везікулы, акружаныя мембранамі. На іх паверхні размешчаны адмысловыя малекулы, якія падахвочваюць суседнія клеткі і макрафагаў фагацытаваць іх такім чынам, што працэс не суправаджаецца запаленнем. Апаптоз з’яўляецца энергазалежным працэсам і патрабуе выкарыстання АТФ. Гэты шлях клетачнай смерці важны не толькі для развіцця арганізма, нармальнага функцыянавання імуннай сістэмы, але таксама і для абароны асобіны ад пашкоджаных клетак, якія могуць стаць на шлях злаякаснай трансфармацыі, і ад вірусных інфекцый[7].

Фізічнае або хімічнае пашкоджанне клетак, а таксама недахоп крыніц энергіі і кіслароду, можа прывесці да іншай смерці — некратычнай. Некроз, у адрозненне ад апаптоза, — пасіўны працэс, ён часта суправаджаецца разрывам плазмалемы і ўцечкай цытаплазмы. Некроз амаль заўсёды выклікае запаленне навакольных тканак. У апошні час даследуецца механізм запраграмаванага некроза як магчымай супрацьвіруснай і проціпухліннай абароны[7].

Пры ўмове працяглага недахопу АТФ у клетцы яна не адразу гіне шляхам некроза, а ў многіх выпадках становіцца на шлях аўтафагіі — працэсу, які дазваляе ёй яшчэ некаторы час заставацца жыццяздольнай. Пры аўтафагіі (літаральна «самапаяданне») абмен рэчываў пераключаецца ў бок актыўнага катабалізму, пры гэтым асобныя арганелы акружаюцца двайнымі мембранамі, утвараюцца так званыя аўтафагасомы, якія зліваюцца з лізасомамі, дзе адбываецца пераварванне арганічных рэчываў. Калі галадоўка працягваецца і пасля таго, як большасць арганел ужо «з’едзена», клетка гіне шляхам некроза. Некаторыя аўтары лічаць, што пры пэўных умовах аўтафагія можа быць асобным тыпам клетачнай смерці[7].

Зноскі

  1. А. Арцішэўскі (2000)
  2. Клетка // Кароткі руска-беларускі фармакалагічны слоўнік (1995)
  3. Клетка // Руска-беларускі, беларуска-рускі слоўнік медыцынскіх тэрмінаў. Гродна: ГрДМУ, 2001
  4. Cell structures and functions Архівавана 6 чэрвеня 2010.
  5. [1]
  6. [2]
  7. а б в Edinger AL, Thompson CB (2004). "Death by design: apoptosis, necrosis and autophagy". Curr Opin Cell Biol. 16 (6): 663–9. doi:10.1016/j.ceb.2004.09.011,. PMID 15530778. {{cite journal}}: Праверце значэнне |doi= (даведка)Папярэджанні CS1: залішняя пунктуацыя (спасылка)
  • Арцішэўскі А. А. Гісталогія з асновамі цыталогіі і эмбрыялогіі: Падручнік. — Мн.: Тэхналогія, 2000. — 311 с. іл. ISBN 985-458-026-1
  • Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мн.: Нар. асвета, 2010. ISBN 978-985-03-1340-9
  • Біялогія: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агульн. сярэдн. адукацыі з бел. мовай навучання / М. В. Машчанка, А. Л. Барысаў; пер. з рус. мовы В. У. Клімко. — 3-е выд. — Мн.: Нар. асвета, 2011. ISBN 978-985-03-1531-1
  • Біялогія: падруч. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / пад рэд. М. Д. Лісава; пер. з рус. мовы В. К. Раманцэвіч. — 3-е выд. — Мн.: Нар. асвета, 2014. ISBN 978-985-03-2169-5
  • Леанцюк А. Клетка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).