Клод Французская
Клод Французская | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
фр.: Claude de France брэт.: Klaoda Bro-C'hall | |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Ганна Брэтонская | ||||||
Пераемнік | Францыск Брэтонскі | ||||||
|
|||||||
Каранацыя | 10 мая 1517 | ||||||
Папярэднік | Марыя Цюдар | ||||||
Пераемнік | Элеанора Аўстрыйская | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Ганна Брэтонская | ||||||
Пераемнік | тытул адышоў да кароны | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
13 кастрычніка 1499[1][2] |
||||||
Смерць |
20 ліпеня 1524 (24 гады) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Валуа | ||||||
Бацька | Людовік XII[3] | ||||||
Маці | Ганна Брэтонская[3] | ||||||
Муж | Францыск I[3][4] | ||||||
Дзеці | Шарлота Французская[d][5], Францыск III[d][5], Генрых II Валуа[6][3], Мадлен Французская[3], Карл II[d], Маргарыта Французская, герцагіня Савойская і Луіза Французская[d][5] | ||||||
Веравызнанне | каталіцтва | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Клод Французская (фр.: Claude de France, брэт.: Klaoda Bro-C'hall; 13 кастрычніка 1499 года, Рамарантэн-Лантэнэ — 20 ліпеня 1524, Блуа) — дачка французскага караля Людовіка XII, герцагіня Брэтані пасля смерці маці; першая жонка французскага караля Францыска I.
Раннія гады
[правіць | правіць зыходнік]Клод нарадзілася 13 кастрычніка 1499 года ў Рамарантэн-Лантэнэ[7] у сям’і караля Людовіка XII і яго другой жонкі Ганны Брэтонскай; была старэйшым дзіцем і старэйшай дачкой з дваіх дзяцей пары. Дзяўчынка была названа ў гонар Святога Клода, да магілы якога Ганна здзейсніла паломніцтва ў надзеі нарадзіць жывое дзіця: у двух шлюбах у каралевы Ганны было прынамсі чатырнаццаць цяжарнасцей, пры гэтым толькі двое дзяцей перажылі маленства — Клод і яе малодшая сястра Рэнэ, якая нарадзілася ў 1510 годзе[8].
Прынцэса выхоўвалася ў строгасці, як і яе набожная маці[8]. Паколькі яе маці не мела жывых сыноў, Клод стала спадчынніцай герцагства Брэтонскага. Паводле салічнага закона ні Клод, ні яе сястра не маглі атрымаць у спадчыну французскую карону, паколькі яна магла адысці толькі спадчынніку па мужчынскай лініі. Разам з тым, каралева Ганна, якая не жадала пакінуць дачку без брэтонскай спадчыны, пры дапамозе кардынала Амбуаза вырашыла аддзяліць Брэтань ад французскай кароны. Кардынал пачаў спрэчку з П’ерам дэ Раан-Жы, маршалам Жы, які горача падтрымліваў ідэю шлюбу паміж прынцэсай і герцагам Валуа, спадчыннікам французскай кароны, якая такім чынам захоўвала саюз Брэтані і Францыі[9].
10 жніўня 1501 года ў Ліёне быў падпісаны шлюбны дагавор паміж двухгадовай Клод і будучым імператарам Карлам V; падпісантамі выступілі Франсуа Бузлейдэн (архібіскуп Безансона), Гіём дэ Крой , Нікалас дэ Рутэр і П’ер Леземан, усе паслы Філіпа I Габсбурга, бацькі Карла. Часткай дагавора было абумоўлена атрыманне Брэтані ў спадчыну маладым прынцам, а таксама станаўленне яго наступным у лініі атрымання ў спадчыну тронаў Кастыліі, Арагона і Аўстрыі і бургундскіх уладанняў. У дадатак, дагавор у Блуа ад 1504 года даваў Клод немалы пасаг, верагодна, на выпадак смерці Людовіка XII пры адсутнасць у яго спадчыннікаў мужчынскага полу: акрамя Брэтані, Клод атрымлівала герцагствы Мілан і Бургундыю, графствы Блуа і Асці[заўв 1] і тэрыторыі Генуэзскай рэспублікі, акупаваныя Францыяй[10]. Такім чынам, прычыны будучага суперніцтва Карла V I Францыска I былі вызначаны яшчэ да таго, як яны сталі манархамі.
У 1505 годзе, быўшы сур’ёзна хворым, асцерагаючыся за сваё жыццё і не жадаючы пагражаць будучаму валадаранню свайго адзінага спадчынніка, Людовік XII разарваў заручыны дачкі і Карла V на карысць герцага Валуа. Акрамя таго, раней Луіза Савойская атрымала ад караля тайнае абяцанне, што Клод выйдзе замуж за яе сына[11]. Такім чынам, план маршала Жы, супраць якога выступала каралева Ганна, апынуўся ўхвалены самім каралём. Ганна скарысталася ўсім сваім уплывам, каб парламент у Парыжы асудзіў маршала за здраду[12].
Шлюб і дзеці
[правіць | правіць зыходнік]9 студзеня 1514 года памерла каралева Ганна і Клод стала герцагіняй Брэтані; яшчэ праз чатыры месяцы, 18 мая, у Сен-Жэрмен-ан-Ле Клод выйшла замуж за свайго кузена Францыска. Гэтым саюзам Брэтань замацоўвалася за французскай каронай у выпадку, калі трэці шлюб караля Людовіка XII з англійскай прынцэсай Марыяй, заключаны 9 кастрычніка 1514 года, не прынясе доўгачаканага спадчынніка. Як б там ні было, шлюб апынуўся нядоўгім і бяздзетным: Людовік XII памёр меней, чым праз тры месяцы пасля вяселля, паводле агульнага меркавання з-за старанняў у спальні[13]. Францыск і Клод сталі каралём і каралевай; гэта быў трэці выпадак у гісторыі, калі герцагіня Брэтані станавілася каралевай Францыі[заўв 2].
год
За дзевяць гадоў шлюбу Клод нарадзіла Францыску семярых дзяцей:
- Луіза (19 жніўня 1515 — 21 верасня 1518) — неўзабаве пасля нараджэнне прынцэсу заручылі з Карлам I Іспанскім, але памерла трохі старэй за тры гады.
- Шарлота (23 кастрычніка 1516 — 8 верасня 1524) — пасля смерці старэйшай сястры прынцэса была заручана з Карлам I Іспанскім, але памерла ва ўзросце трохі старэй за восем гадоў ад дакарай.
- Францыск (28 лютага 1518 — 10 жніўня 1536) — дафін Францыі, герцаг Брэтані; неўзабаве пасля нараджэння дафін быў заручаны з чатырохгадовай англійскай прынцэсай Марыяй Цюдар, дачкой Генрыха VIII і Кацярыны Арагонскай, але праз пару гадоў іх заручыны былі скасаваны па палітычных матывах; Францыск памёр нежанатым і бяздзетным ва ўзросце васямнаццаці гадоў па незразумелых прычынах[заўв 3].
- Генрых (31 саакавіка 1519 — 10 ліпеня 1559) —— кароль Францыі; быў жанаты з Кацярынай Медычы, дачкой герцага Урбінскага і Мадлен дэ ла Тур-д'Авернь, ад якой меў дзесецярых дзяцей; другая дачка Генрыха і Кацярыны была названа ў гонар Клод. Акрамя законных дзяцей у Генрыха было двое незаконнанароджаных сыноў і легітымізаваная дачка. Памёр Генрых ад наступстваў траўмы, атрыманай на турніры ў гонар вяселля старэйшай дачкі і заключэння Ката-Камбрэзійскага міру[16].
- Мадлен (10 жніўня 1520 — 7 ліпеня 1537) — была замужам за каралём Шатландыі Якавам V. Незадоўга да або неўзабаве пасля вяселля ў прынцэсы, якая мела слабое здароўе, былі дыягнаставаны сухоты; менеш чым праз два месяцы пасля прыбыцця ў Шатландыю, і не дажыўшы трохі больш за месяц да свайго сямнаццацігоддзя, Мадлен памерла, не пакінуўшы пасля сябе спадчыннікаў.
- Карл (22 студзеня 1522 — 9 верасня 1545) — герцаг Арлеанскі, Ангулемскі і Бурбон; незадоўга да смерці прынца ад чумы[17] была дасягнута дамоўленасць пра заручыны паміж ім і Ганнай Габсбург, дачкой імператара Фердынанда I і Ганны Ягелонкі.
- Маргарыта (5 чэрвеня 1523 — 14 верасня 1574) — была замужам за герцагам Савоі Эмануілам Філібертам; Маргарыта выйшла замуж толькі ва ўзросце 36 гадоў і ў шлюбе нарадзілася толькі адно дзіця — Карл Эмануіл I.
Каралева Францыі
[правіць | правіць зыходнік]Пры двары, ужо быўшы каралевай, Клод заставалася ў цені сваёй свякрухі Луізы Савойскай і залвіцы Маргарыты Ангулемскай. Фактычна, Клод ніколі не кіравала сваім герцагствам; у 1515 годзе яна перадала мужу ў вечнае карыстанне кіраўніцтва сваіх дамініёнаў. У адрозненне ад малодшай сястры, Клод не праяўляла цікавасці да матчынай спадчыны, таксама як яна не цікавілася палітыкай; каралева аддала перавагу прысвяціць сябе рэлігіі, апынуўшыся пад уплывам, як лічаць некаторыя гісторыкі, духоўніка яе свякрухі[8].
Пасля таго, як Францыск стаў каралём, да двара Клод далучылася Ганна Балейн. Мяркуецца, што Ганна была перакладчыцай Клод на сустрэчах з англійскімі гасцямі. У канцы 1521 года Ганна вярнулася ў Англію, дзе пазней стала каралевай-кансортам. Іншай знакамітай фрэйлінай Клод была Дыяна дэ Пуацье, якая пасля стала палюбоўніцай яе сына Генрыха II[18].
Клод была каранавана ў абацтве Сен-Дэні 10 мая 1517 года кардыналам Філіпам дэ Люксембургам , які «памазаў ёй грудзі і лоб»[19]. Амаль усе дзевяць гадоў шлюбу Клод правяла ў бясконцых цяжарнасцях. У яе мужа было мноства палюбоўніц, але ўсе яны былі параўнальна стрыманыя. Ва ўласнай сям’і Клод увяла строгі маральны кодэкс, ігнараваць які вырашаліся нешматлікія[18]. Брантом пісаў пра Клод:
Павінен сказаць, мадам Клод Французская была вельмі добрай і вельмі міласэрнай, была мілая з усімі і ніколі не выказвала незадавальненні ні пры двары, ні ў яе дамініёнах. Яе глыбока кахаў кароль Людовік і каралева Ганна, бацька і маці, і яна заўсёды была добрай дачкой для іх; пасля таго, як кароль прыняў міравую герцага Міланскага, ён назваў і абвясціў Клод у парыжскім парламенце герцагіняй двух найпрыгажэйшых герцагстваў хрысціянскага свету, Мілана і Брэтані, аднаго ад бацькі і іншага ад маці. Што за спадчынніца! Калі дазволіце. Абое герцагствы далучыліся ў імя ўсяго добрага да нашага цудоўнага каралеўства.[20]
Арыгінальны тэкст (фр.)Il faut parler de madame Claude de France, qui fust très bonne et très charitable, et fort douce à tout le monde, et ne fist jamais desplaisir ny mal à aucun de sa court ny de son royaume. Elle fust aussy fort aymée du roy Louys, et de la royne Anne, ses pere & mere, et estoit leur bonne fille et la bien-aymée, comme ilz luy monstrarent bien; car amprès que le roy fust paisible duc de Milan, ilz la firent déclarer et proclamer en sa court de parlement de Paris, à huys ouverts, duchesse des deux plus belles duchez de la chrestienté, qui estoient Milan et Bretaigne, l’une venant du pere et l’autre de la mere. Quelle heritiere! s’il vous plaist. Ces deux duchez joinctes ensemble eussent bien faict un beau royaume.
Пешка шматлікіх дынастычных манеўраў, Клод была невысокага росту і пакутавала на скаліёз, які зрабіў яе спіну гарбаватай, у той час як яе муж быў «вялікі і атлетычны». Множныя паслядоўныя цяжарнасці зрабілі яе цела пухлым, што стала прычынай насмешак пры двары. Замежныя паслы адзначалі яе «поўнасць», кульгавасць, касавокасць, якое закранула яе левае вока, яе невялікі памер і пачварнасць, але і прызнавалі за ёй добрай якасці[21]. Аднак, пры двары пасля смерці бацькоў Клод не любілі. Брантом пісаў, што Францыск «заразіў Клод сіфілісам, што несумнеўна скараціла яе дні. А мадам рэгентка [Луіза Савойская] увесь час здзекавалася над ёй…»[20] Францыск жа тым часам знаходзіўся пад уплывам сваёй усюдыіснай фаварыткі Франсуазы дэ Фуа.
Смерць
[правіць | правіць зыходнік]Клод памерла 20 ліпеня 1524 года ў шато Блуа ва ўзросце 24 гадоў. Прычына яе смерці стала прычынай спрэчкі паміж гісторыкамі: у той час, як некаторыя сцвярджалі, што Клод памерла ў родах ці з-за выкідка[заўв 4]; іншыя лічылі, што яна памерла ад знясілення з-за шматлікіх цяжарнасцей[8] ці перанесеных касцявых сухот (як і яе маці); і нарэшце, некаторыя лічылі, што Клод памерла ад сіфілісу, якім яе заразіў муж[24]. Клод была пахавана ў абацтве Сен-Дэні[8].
Пасля смерці Клод герцагства Брэтань атрымаў у спадчыну спачатку яе старэйшы сын, дафін Францыск (апекуном стаў удавец Клод), а пасля яго смерці іншы сын — дафін Генрых, які пасля смерці бацькі стаў каралём[25]. Праз некалькі гадоў пасля смерці Клод Францыск ажаніўся ў другі раз: яго выбранніцай стала Элеанора Аўстрыйская, сястра імператара Карла V.
Спадчына
[правіць | правіць зыходнік]Малітоўнік каралевы Клод
[правіць | правіць зыходнік]Малітоўнік Клод Французскай — малюсенькі, упрыгожаны каштоўнасцямі рукапісны малітоўнік, зроблены для Клод прыблізна ў год яе каранацыі. Яе герб з’яўляецца на трох розных лістах. Кніга багата ілюстравана: граніцы кожнага ліста ўпрыгожаны 132 сцэнамі з жыцця Хрыста, Дзевы Марыі і іншых святых. Гэты малітоўнік і часаслоў Клод былі распісаны майстрам, які пасля працы над гэтымі кнігамі атрымаў мянушку майстар Клод Французскай. Малітоўнік быў падораны бібліятэцы і музею Моргана ў 2008 годзе ўдавой Аляксандра Поля Розенберга ў памяць пра нябожчыка[26].
Рэнклод
[правіць | правіць зыходнік]Імем Клод названы гатунак сліў — «рэнклод», літаральна які азначае каралева Клод[27].
У культуры
[правіць | правіць зыходнік]«Добрая каралева Клод» з’яўляецца ў рамане Робін Максвел Мадмуазель Балейн (2007)[28].
Клод з’яўляецца ў трох эпізодах першага сезона брытанска-ірландска-канадскага гістарычнага тэлесерыяла «Цюдары»; роля каралевы выканала Габрыэла Райт[29].
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Графства Асці быў часткай пасагу Валянціны Вісконці (бабкі Людовіка XII), калі яна выйшла замуж за Людовіка Арлеанскага ў 1389 годзе. Клод, як старэйшае выжылае дзіця бацькі, была не толькі законнай спадчынніцай Асці, але і Міланскага герцагства, паколькі ў шлюбным дагаворы Валянціны было абумоўлена, што пры адсутнасць спадчыннікаў мужчынскага полу яна атрымае дамініёны Вісконці.
- ↑ Абодва папярэднія выпадкі былі звязаны з маці Клод, двойчы каранаванай Ганнай Брэтонскай — каралевай па другім і трэцім шлюбам.
- ↑ Неўзабаве пасля смерці дафіна папаўзлі чуткі, што ён быў атручаны ўласным сакратаром Себасцьяна дэ Монтэкуколі[14]. Себасцьяна даставілі на суд Кацярыны Медычы, якая абвінаваціла яго ў забойстве дафіна, праплочаным Карлам V. Пад катаваннямі Монтэкуколі прызнаўся ва ўсім. Аднак незразумела, ці сапраўды спадчыннік быў атручаны, ці ён сканаў ад натуральных прычын, напрыклад ад сухотаў[15].
- ↑ Некаторыя гісторыкі лічаць, што ў Клод і Францыска было восьмае дзіця, сын Філіп, які памёр у 1525 годзе, чыё нараджэнне стала прычынай смерці яго маці[22][23]. Аднак, іншыя гісторыкі аспрэчваюць яго існаванне.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Lundy D. R. Claude de Valois, Duchesse de Bretagne // The Peerage Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Pas L. v. Claude de France // Genealogics — 2003.
- ↑ а б в г д Kindred Britain
- ↑ (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
- ↑ а б в Lundy D. R. The Peerage
- ↑ Генрих II // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1892. — Т. VIII. — С. 355.
- ↑ Louda 1999, p. table 67.
- ↑ а б в г д Robin, Larsen, Levin 2007, p. 80.
- ↑ Blanchard 2006, pp. 299–300.
- ↑ Bottineau-Fuchs 2005, pp. 67–68.
- ↑ Tourault 2014, p. 255.
- ↑ Blanchard 2006, p. 299.
- ↑ Guicciardini 1853, p. 341.
- ↑ Pavullo e il medio Frignano 1977, p. 123.
- ↑ Seward 1973, p. 192.
- ↑ Baumgartner 1988, pp. 247–248.
- ↑ Seward 1973, p. 241.
- ↑ а б Robin, Larsen, Levin 2007, p. 81.
- ↑ Menin 1723, p. 249.
- ↑ а б Brantôme. Vie de Claude de France [Vie des Dames illustres] entre 1590 et 1614.
- ↑ Géoris 1998, p. 20.
- ↑ François de Valois (фр.). Histoire de l'Europe. Праверана 29 верасня 2015.
- ↑ Maison de Valois-Angoulême (фр.)(недаступная спасылка). heraldique-europeenne.org. Архівавана з першакрыніцы 27 чэрвеня 2019. Праверана 29 верасня 2015.
- ↑ Hackett 1935, p. 234.
- ↑ Thevet 2009, pp. 24–25.
- ↑ The Prayer Book of Claude de France (англ.). The Morgan Library & Museum. Праверана 29 верасня 2015.
- ↑ Brewer, E. Cobham. Dictionary of Phrase and Fable.
- ↑ Robin Maxwell (2007). Mademoiselle Boleyn. New American Library. ISBN 9780451222091.
- ↑ Gabriella Wright на сайце «Internet Movie Database» (англ.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Baumgartner, Frederic J. Henry II, King of France 1547-1559. — Duke University Press, 1988. — P. 247—248. — 358 p.
- Blanchard, Joël. Philippe de Commynes. — Le Grand livre du mois, 2006. — P. 299—300. — 584 p. — ISBN 2286020418, 9782286020415.
- Bottineau-Fuchs, Yves. Georges 1er d'Amboise 1460-1510: Un prélat normand de la Renaissance. — Editions PTC, 2005. — P. 67—68. — 158 p. — ISBN 2906258903, 9782906258907.
- Géoris, Michel. François Ier: le magnifique. — Editions France-Empire, 1998. — P. 20. — 188 p. — ISBN 270480852X, 9782704808526.
- Guicciardini, Francesco. Storia d'Italia. — 1853. — P. 341. — 373 p.
- Hackett, Francis. Francis the First. — Doubleday, Doran & Company, Incorporated, 1935. — P. 234. — 446 p. — ISBN 2262043698, 9782262043698.
- Louda, Jiří. Lines of Succession: Heraldry of the Royal Families of Europe / Michael Maclagan. — Little, Brown Book Group Limited, 1999. — 308 p. — ISBN 0316848204, 9780316848206.
- Menin,, Nicolas. An Historical and Chronological Treatise of the Anointing and Coronation of the Kings and Queens of France, from Clovis I to the Present King, and of All the Sovereign Princes of Europe. — W. Mears, 1723. — P. 249. — 332 p.
- Robin, Diana Maury; Larsen, Anne R.; Levin, Carole. Encyclopedia of Women in the Renaissance: Italy, France, and England / Michael Maclagan. — ABC-CLIO, 2007. — P. 80—81. — 459 p. — ISBN 1851097724, 9781851097722.
- Seward, Desmond. Prince of the Renaissance: The Life of François I. — Cardinal, 1973. — P. 192. — 264 p. — ISBN 0351182349, 9780351182341.
- Thevet, André. Portraits from the French Renaissance and the Wars of Religion. — Truman State University Press, 2009. — P. 24—25. — 248 p. — ISBN 193550360X, 9781935503606.
- Tourault, Philippe. Anne de Bretagne. — Perrin, 2014. — P. 255. — 317 p. — ISBN 2262043698, 9782262043698.
- Deputazione di storia patria per le antiche provincie modenesi. Pavullo e il medio Frignano. — Aedes Muratoriana, 1977. — P. 123. — 216 p.