Людовік XVI (фр.: Louis XVI; 23 жніўня1754 — 21 студзеня1793) — кароль Францыі з дынастыі Бурбонаў, сын дафіна Людовіка Фердынанда. Пры ім, пасля склікання Генеральных штатаў ў 1789 годзе, пачалася Вялікая Французская рэвалюцыя. Людовік спачатку прыняў Канстытуцыю 1791 года, адмовіўся ад абсалютызму і стаў канстытуцыйным манархам, аднак неўзабаве пачаў нерашуча процідзейнічаць радыкальным захадам рэвалюцыянераў і нават паспрабаваў збегчы з краіны. 21 верасня 1792 года скінуты, аддадзены суду Канвента і пакараны на гільяціне.
Пасля звяржэння рэспубліканскія ўлады пазбавілі Людовіка XVI тытула караля і далі яму прозвішча Капет (фр. Capet), ад імя яго продка Гуга Капета, заснавальніка дынастыі Капетынгаў (галіной якой з'яўляецца дынастыя Бурбонаў).
Людовіка XVI характарызавалі як чалавека дабрадушнага, прыемнага, але слабага лідара з нерашучым характарам і нязначным розумам. У адрозненне ад сваёй жонкі каралевы Марыі-Антуанэты, ён не ўмеў трымацца велічна, яго хада нагадвала хаду селяніна. Дзед Людовік XV не любіў яго за адмоўнае стаўленне да прыдворнага жыцця і пагарду да Дзюбары і трымаў удалечыні ад дзяржаўны спраў. Выхаванне, атрыманае ад Вагюёна, дала Людовіку мала тэарэтычных і практычных ведаў. Найвялікшую схільнасць ён меў да фізічных заняткаў, асабіста да слясарнай справы і палявання. Нягледзячы на распусту каралеўскага двара, ён захаваў чысціню нораваў, вылучаўся шчырасцю, прастатой у зносінах і знявагай да раскошы. Ён узышоў на сталец са шчырым намерам знішчыць наяўныя ў Францыі злоўжыванні, але не меў сілы, цвёрдасці і рашучасці да радыкальных рэформаў. Ён увесь час трапляў пад уплыў людзей з акружэння — то цётак, то братоў, то міністраў, то каралевы.
Чуткі пра шчырасць і добрыя намеры ўзбудзілі ў народзе надзею на змены. І праўда, першым дзеяннем Людовіка было выдаленне з пасадаў былых міністраў, але выбар новага першага міністра быў няўдалым: выкліканы з адстаўкі 72-гадовы граф Марэпа неахвотна пайшоў шляхам рэформ і пры першай магчымасці звярнуў убок.
Былі адмененыя феадальныя падаткі ў 40 млн і знішчаныя droits de joyeux avènement, то бок асабістыя каралеўскія прывілеі перад законам, ліквідаваныя сінекуры, скарочаны прыдворныя выдаткі. На чале кіравання былі пастаўлены таленавітыя патрыёты, такія як Цюрго і Мальзерб. Намаганнямі Цюрго было ўсталявана раўнапраўе падаткаў, распаўсюджанне пазямельнага падатку на прывілеяваныя саслоўі, уведзены выкуп феадальных павіннасцяў, уведзеная свабода хлебнага гандлю, адменены ўнутраныя мытні, цэхі, гандлёвыя манаполіі, здзейснены пераўтварэнні ва ўсіх галінах народнага жыцця. Мальзэрб імкнуўся знішчыць lettres de cachet, усталяваць свабоду сумлення.
Але супраць перамен паднялося дваранства, духавенства і парламент, які складаўся пераважна з людзей, матэрыяльна зацікаўленых ў адсутнасці перамен. Цюрго быў адхілены, хаця кароль казаў пра яго: «Толькі я і Цюрго любім народ». Адсутнасць глыбокіх, даведзеных да канца рэформ, панаванне рэтраградных тэндэнцый у пазнейшай палітыцы і сталі прычынай рэвалюцыі.
Зноскі
↑ абLouis XVI de France // RKDartists Праверана 9 кастрычніка 2017.