Набіванка
Набіва́нка, ці набо́йка, выбо́йка — спосаб аздаблення тканіны ўзорам з дапамогай дошкі-клішэ з рэльефным малюнкам; тканіна, аздобленая такім спосабам; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вядома з 3-га тыс. да н.э. ў Індыі, пашырана ў многіх народаў свету.
На Беларусі існавала са старажытнасці, была развітым відам мастацтва ў 12 ст. Найбольшага росквіту дасягнула ў XVI—XVII стагоддзях у сувязі з дзейнасцю рамесніцкіх цэхаў. Цэнтрамі вырабу набіванкі ў XIX стагоддзи былі Бабруйск, Веліж (цяпер Смаленская вобласць), Віцебск, Магілёў, Невель (цяпер Пскоўская вобласць), Орша, Полацк, была пашырана ў вёсках Віцебшчыны, Гомельшчыны, Магілёўшчыны. У канцы XIX стагоддзя рамяство заняпала ў сувязі з фабрычнай вытворчасцю набіваных тканін. Да сярэдзіны XX стагоддзя набіванку выраблялі асобныя майстры.
Выраб
[правіць | правіць зыходнік]Набіванку рабілі двума спосабамі:
- дошку з афарбаваным плоскім рэльефным малюнкам клалі на тканіну і прыціскалі ўдарам драўлянага малатка, у выніку каляровы малюнак адбіваўся на натуральным неафарбаваным фоне (набойка);
- на афарбаваную дошку з контррэльефным малюнкам клалі тканіну і прыціскалі валікам, у выніку атрымлівалі неафарбаваны малюнак на каляровым фоне (выбойка; спосаб пашыраны да XVIII стагоддзя).
Звычайна набіванку рабілі ў адзін колер, найчасцей сіні (таму набойшчыкаў часта называлі сінейшчыкамі). Рысунак набівалі і на афарбаваную тканіну (крашаніна). Выкарыстоўвалі пераважна алейныя фарбы.
У XIX стагоддзі быў пашыраны спосаб «набойкі глінай»: тканіну з нанесеным белай глінай, купарвасам, вішнёвым клеем і інш. рысункам фарбавалі (пераважна ў сіні колер), пасля чаго гліну і інш. адмывалі, у выніку атрымлівалі неафарбаваны рысунак на сінім фоне.
Пры вырабе рознакаляровых набіванак для кожнага колеру рабілі асобную дошку, якую цалкам выразалі з дрэва. З XIX стагоддзя для перадачы тонкіх ліній і кропак разны ўзор дошак сталі чаргаваць з металічным (тонкімі пласцінамі і цвікамі, набітымі ў дошку), што давала магчымасць ствараць тонкі разнастайны рысунак.
У заходніх раёнах Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя для набіванкі выкарыстоўвалі штампікі з нескладаным геаметрычным узорам (разеткі, крыжыкі, елачкі, галінкі і іншае), выразаныя з бульбы або рэпы.
Узоры ў набіванцы на Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Рысунак беларускай набіванкі лаканічны, найчасцей закампанаваны «ў клетачку», «у сетку», «у шлячкі». Найбольш пашыраны геаметрычны (зорачкі, кругі, клеткі) і стылізаваны раслінны арнамент (кветкі, пупышкі вярбы, лісце, хвалістыя сцяблінкі і інш.). Трапляюцца зааморфныя матывы (выявы жывёл, фантастычных птушак). Беларускай набіванцы характэрна выкарыстанне ў адным рысунку невялікай колькасці дэкаратыўных элементаў, што пры рапортным паўторы стварала гармонію форм і рытму. Стылістычна беларуская набіванка звязана з іншымі відамі народнага мастацтва (ткацтва, вышыўка, размалёўка).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Набіванка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 87—88. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Сакута Я. М. Набіва́нка, набойка, выбойка // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 509. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.