Ніжняя Сілезія
Ніжняя Сілезія (сіл.: Dolny Ślůnsk, польск.: Dolny Śląsk, сіл.-ням. Niederschläsing, ням.: Niederschlesien) — частка гістарычнай вобласці Сілезія, размешчаная на паўднёвым захадзе Польшчы, галоўным чынам на тэрыторыі Ніжнесілезскага ваяводства. Ніжняя Сілезія ляжыць па абодвух берагах сярэдняга цячэння Одры.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Польскае княства
[правіць | правіць зыходнік]У старажытнасці тэрыторыю Ніжняй Сілезіі засялялі розныя кельцкія, а пазней германскія плямёны, перш за ўсё вандалы. У V стагоддзі германцы былі выцеснены славянамі, якія прыйшлі з усходу. У крыніцах IX стагоддзя ўтрымліваюцца згадкі пра славянскія плямёны слянзан, трабавян, дзядашан, якія пражывалі на тэрыторыі Ніжняй Сілезіі. Да гэтага часу адносіцца ўзнікненне першых гарадскіх цэнтраў сілезскіх славян, з якіх найбуйнейшым з самага пачатку стаў Уроцлаў. У X стагоддзі Ніжняя Сілезія была ўлучана ў склад Чэшскага княства, але ў 990 годзе пасля зацятай барацьбы яна была заваявана польскім князем Мешка I і ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы. Напачатку XI стагоддзя было заснавана Уроцлаўскае біскупства, якое стала галоўнай рухаючай сілай хрысціянізацыі ў Сілезіі. У 1038 годзе чэшскі князь Бржэціслаў I ізноў заняў Ніжнюю Сілезію, якая была вернута Польшчы толькі ў 1054 годзе пад умовай выплаты даніны.
У 1138 годзе Сілезія была вылучана ў асобнае княства пад уладай старэйшай галіны польскай дынастыі Пястаў — нашчадкаў Уладзіслава II Выгнанніка. Сыны Уладзіслава II у 1173 годзе падзялілі Сілезію на дзве часткі: Ніжняя Сілезія і Любушская зямля адышла Баляславу I Высокаму, а Верхняя — яго малодшаму брату Мешка IV.
Пры пераемніках Баляслава I Ніжнесілезскае княства стала адной з наймацнейшых польскіх дзяржаў, а яго князі сталі вярхоўнымі кіраўнікамі ўсіх польскіх земляў. Аднак нашэсце манголаў у 1241 годзе і смерць Генрыха II Набожнага ў бітве пры Лягніцах перапынілі паступальнае развіццё Ніжнесілезскага княства. Ужо ў канцы 1248 года пачалося драбненне дзяржавы: спачатку ўтварыліся Лягніцкае і Уроцлаўскае княствы, затым адасобіліся Глогаў (1249), Явар (1273), Жагань і Сцінава (1278).
Любушская зямля ў 1278 годзе была закладзена, а затым і канчаткова далучана да Брандэнбурга. На яе тэрыторыі была створана Новая марка, якая адыгрывала ролю плацдарму ў пранікненні Брандэнбурга на польскія і паморскія тэрыторыі. Да канца XIII стагоддзя на тэрыторыі Ніжняй Сілезіі ўтварылася некалькі невялікіх незалежных княстваў, якія варагавалі паміж сабой. Напачатку XIV стагоддзя найбольш буйнымі з іх сталі Глогаўскае, Уроцлаўскае і Свідніцкае княствы. Паралельна ішоў працэс германізацыі за кошт масавага перасялення ў Сілезію нямецкіх каланістаў і ўвядзенне ў гарадах нямецкага гарадскога права (галоўным чынам, Магдэбургскага). Першым польскім манархам, для якога нямецкая мова была роднай, стаў ніжнесілезскі князь Баляслаў II Рагатка (пам. у 1278 годзе).
Пад уладай Чэхіі
[правіць | правіць зыходнік]Паслабленне цэнтральнай улады прывяло да ўзмацнення ціску на Ніжнюю Сілезію з боку суседніх, мацнейшых дзяржаў, перш за ўсё Чэхіі. Ужо Генрых IV Пробус, князь уроцлаўскі, у 1266 годзе прызнаў сюзерэнітэт чэшскага караля Пржэмысла Отакара II. Сілезскія князі актыўна падтрымлівалі Чэхію ў яе войнах з Габсбургамі і Венгрыяй. C XIV стагоддзя пачалося фактычнае ўваходжанне ніжнесілезскіх княстваў у склад Чэхіі. У 1331 годзе быў далучаны Глогаў (канчаткова ў 1488 годзе), у 1335 годзе — Уроцлаў, ўслед за ім Яварскае і Свідніцкае (1392), Зембіцкае (1428) і Алешніцкае княствы (1492).
Іншыя невялікія ўладанні ніжнесілезскіх князёў таксама прызналі сюзерэнітэт Чэхіі. Жаганскае княства ў 1472 годзе трапіла пад уладу курфюрства Саксоніі. Кросна ў 1482 годзе было замацавана за Брандэнбургам. Уваходжанне ў склад уладанняў чэшскай кароны не прывяло да аб'яднання ніжнесілезскіх земляў: палітычныя канфлікты другой паловы XV стагоддзя паміж Габсбургамі і Ягелонамі, Іржы з Падэбрадаў і Мацьяшам Хуньядзі прывялі да ўтварэння ў рэгіёне некалькіх уладарных княстваў, які знаходзіліся пад суверэнітэтам Чэхіі, але кіравалі ўласнымі дынастыямі. Да 1525 года польскі род Пястаў працягваў знаходзіцца ва ўладзе толькі ў Бжэгу, Лягніцы і Волаве, Ягелоны валодалі Глогавам, Падэбрады — Зембіцамі (Мюнстэрберг) і Алешніцай (Эльс), Уроцлаў і Ныса належалі біскупу ўроцлаўскаму. Астатняя тэрыторыя Ніжняй Сілезіі знаходзілася ў непасрэдным падпарадкаванні каралю Чэхіі. Чэшскае панаванне ў рэгіёне суправаджалася новым прытокам нямецкіх каланістаў, якія сяліся не толькі ў гарадах, але і ў сельскай мясцовасці. Польская мова стала паступова выцясняцца нямецкай.
У складзе Аўстрыйскай манархіі
[правіць | правіць зыходнік]У 1526 годзе Ніжняя Сілезія ў складзе ўладанняў чэшскай кароны ўвайшла ў склад манархіі Габсбургаў. Гэта дало новы штуршок германізацыі. Адначасова ў рэгіён пачалося пранікненне Рэфармацыі. Адным з яе лідараў стаў бжэгскі князь Фрыдрых II, які прыняў лютэранства і ў 1534 годзе забараніў каталіцкія набажэнствы на тэрыторыі свайго княства. Лютэранскае веравызнанне таксама знайшло значную колькасць прыхільнікаў у ніжнесілезскіх гарадах сярод нямецкамоўнага патрыцыяту. Палітыку Фрыдрыха II працягнуў яго сын Георг II, які ператварыў Бжэг у адзін з найважнейшых цэнтраў пратэстанцтва ў паўночна-ўсходняй частцы Свяшчэннай Рымскай імперыі. Аднак да канца XVI стагоддзя каталіцкая канфесія аднавіла свае пазіцыі ў Ніжняй Сілезіі. У 1675 годзе сканаў апошні прадстаўнік польскай дынастыі Пястаў — Георг IV Вільгельм, князь Бжэга, Лягніцы і Волава, і гэтыя ўладанні ўвайшлі ў склад Аўстрыйскай манархіі. У перыяд валадарства Габсбургаў у Ніжняй Сілезіі ўзмацнілася цэнтралізацыя адміністрацыйнага і судовага апарата. Хоць працягвалася практыка перадачы часткі сілезскіх земляў у лены уплывовым арыстакратычным родам (Алешніца стала ўладаннем Віртэмбергаў, Жагань — Валенштэйнаў, а затым Лобкавіцаў), фактычнае кіраванне знаходзілася ў руках Хофбурга.
У складзе Прусіі і Германіі
[правіць | правіць зыходнік]У 1740 годзе Ніжняя Сілезія была захоплена войскамі прускага караля Фрыдрыха II Вялікага, які высунуў прэтэнзіі на былыя Бжэгскае, Лягніцкае і Волаўскае княствы на падставе нерэалізаванага дагавора 1537 года паміж Фрыдрыхам II Бжэгскім і Іаахімам II Гектарам аб перыдачы гэтых уладанняў Гогенцолернамі. Пасля паражэння ў Сілезскіх войнах, паводле мірнага дагавора ў Брэслау 1742 года, пацверджанага Дрэздэнскім дагаворам 1745 года, Аўстрыя саступіла ўсю Ніжнюю Сілезію Прусіі. Гэта тэрыторыя ўвайшла ў склад правінцыі Сілезія (ням.: Provinz Schlesien) з цэнтрам у Брэслау. Уваходжанне ў склад Прусіі паскорыла эканамічнае развіццё Ніжняй Сілезіі: вобласць ператварылася ў адзін з найбуйнейшых цэнтраў палатнянай і баваўнянай прамысловасці Еўропы. Напачатку XIX стагоддзя пачаўся бурны рост металургіі. Каланізацыя, заахвочваная і часткова фінансуемая ўрадам, прывяла да масавага прытоку ў Ніжнюю Сілезію нямецкага насельніцтва, асабліва з Вюртэмберга. Да канца XIX стагоддзя больш 90 % насельніцтва Ніжняй Сілезіі лічылі сваёй роднай мовай нямецкую.
У 1871 годзе Ніжняя Сілезія разам з іншымі прускімі ўладаннямі ўвайшла ў склад Германскай імперыі. Пасля Першай сусветнай вайны вобласць засталася ў складзе Германіі, а ў 1919 годзе была ўтворана асобная правінцыя Ніжняя Сілезія (ням.: Provinz Niederschlesien), якая ўключала таксама тэрыторыю Гёрліца. З 1938 па 1941 гады Ніжняя Сілезія была зноў аб'яднана з Верхняй у рамках адзінай правінцыі Сілезія. У маі 1939 года ў Ніжняй Сілезіі жыло 4 846 333 чалавек.
У складзе Польшчы
[правіць | правіць зыходнік]Па выніках Другой сусветнай вайны у 1945 годзе тэрыторыі на ўсход ад Нейсэ былі перададзены Польшчы. Нямецкае насельніцтва было выселена з тэрыторыі Ніжняй Сілезіі, пачалося засяленне палякамі, якія прыбываюць пераважна з Заходняй Беларусі і Украіны, уключаных у склад СССР у 1939 годзе. У 1945—1975 гг. Ніжняя Сілезія ўваходзіла ў склад Урацлаўскага ваяводства Польскай Народнай Рэспублікі, а пасля адміністрацыйнай рэформы 1975 года на яе тэрыторыі было ўтворана чатыры асобныя ваяводствы: Урацлаўскае, Еленягурскае, Лягніцкае і Валбжыхскае. У выніку ўзбуйнення польскіх рэгіёнаў у 1998 годзе было ўтворана адзінае Ніжнесілезскае ваяводства з цэнтрам ва Уроцлаве.
Якая знаходзілася заходней рэкі Лужыцкая Ніса тэрыторыя Ніжняй Сілезіі ўвайшла ў склад ГДР, і цяпер — у склад зямлі Саксонія (рэгіён Верхняя Лужыца, з гарадамі — Гёрліц, Хоерсверда, Вайсвасер, Ніскі).
З 1945 па 1993 год на тэрыторыі Ніжнесілезскага ваяводства была дыслакавана большая частка Паўночнай групы войскаў Узброеных сіл СССР.