Публій Вергілій Марон
Публій Вергілій Марон | |
---|---|
Publius Vergilius Maro | |
| |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 15 кастрычніка 70 да н.э.[1][2] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 21 верасня 19 да н.э.[4][2] (50 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | рымлянін |
Маці | La madre de José[d] |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэт, пісьменнік |
Кірунак | паэзія эпохі Аўгуста[d] |
Жанр | эпічная, дыдактычная, пастаральная паэзія |
Мова твораў | лацінская мова |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Цытаты ў Вікіцытатніку |
Публій Вергілій Марон (лац.: Publius Vergilius Maro, 15 кастрычніка 70 да н.э., Андэс каля Мантуі — 21 верасня 19 да н.э., Брундузія (суч. Брындзізі, Італія)) — выдатны старажытнарымскі паэт.
Вергілій нарадзіўся каля сучаснай Мантуі, атрымаў выдатную адукацыю і пачаў пісаць першыя вершы, аднак скора ў Рыме пачаліся грамадзянскія войны і спынілі яго творчую дзейнасць. Вергілій выехаў у Рым, дзе пазнаёміўся з Актавіянам Аўгустам і Гаем Цыльніем Мецэнатам. Аўгуст заступаўся за таленавітага Вергілія, а Мецэнат дапамагаў яму грашыма і натхненнем.
Найбольш вядомымі творамі Вергілія з'яўляюцца розныя па тэматыцы «Буколікі», усхваляючыя працу земляроба і сельскае жыццё «Георгікі», а таксама вялікі, але незакончаны эпас «Энеіда», у якім ён паказаў шлях легендарнага героя Энея з Троі да Італіі[6]. Па прыкладу «Іліяды» Гамера «Энеіда» лічыцца нацыянальным эпасам рымлян. Ёсць меркаванне, што «Энеіда» магла быць палітычным заказам, таму што Аўгуст быў усыноўлены Цэзарам з рода Юліяў, а Юліі, у сваю чаргу, узводзілі свой род да Энея.
Пасля смерці Вергілія незакончаную «Энеіду» падрыхтавалі да выдання Луцый Варый Руф і Плотый Тука.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Звестак аб Вяргілію амаль няма, а тыя, што ёсць, дайшлі да нас у выглядзе разрозненых цытат пазнейшых рымскіх аўтараў і ў складзе сямі кароткіх накідаў жыццяпісу знакамітых людзей з-пад пяра Светонія, якія часта прыпісваюцца Элію Данату, таму што тэкст захаваўся ў яго рукапісе. Некаторыя незалежныя біяграфічныя звесткі ўтрымліваюцца ў «Жыццяпісе» Бернскага рукапісу.
Сярод імён Вергілія, Публій цалкам звычайнае для рымляніна, іншыя два, відавочна, маюць этрускае паходжанне, хоць імя Вергілій мелі многія лаціны. Бацька паэта быў, верагодна, лацінам, чый род некалькімі пакаленнямі раней асеў у паўночнай Італіі, якая называлася тады Цызальпійскай Галіяй. Аб яго жыцці амаль нічога не вядома: паведамляецца толькі, што быў ён ці ганчаром, ці нават вястуном, і што ажаніўся ён з дачкой свайго гаспадара, а затым зарабляў развядзеннем пчол і продажам лесу. Імя маці Вергілія, Магія Полі, таксама гучыць на этрускі лад; у Вергілія яшчэ было мінімум два браты, аднак да яго паўналецця бацькі, напэўна, ужо памерлі.
Вергілій нарадзіўся 15 кастрычніка 70 годзе да н.э. у Мантуі, у пасёлку Анды, які часцяком атаясамляюць з сучасным П'етоле. Паводле падання Светонія, яго мацеры падчас цяжарнасці прыснілася, быццам яна нарадзіла лаўровыя галіны, якія, дакрануўшыся да зямлі, адразу пусцілі карані і з іх вырасла спелае дрэва з мноствам розных пладоў і кветак. Вергілій атрымаў добрую адукацыю: да 15-гадовага ўзросту ў Крэмоне, а затым у Медыялане (сучасны Мілан). У 19 гадоў Вергілій прыехаў у Рым, каб навучацца рыторыцы — у тыя часы абавязковай частцы вышэйшай адукацыі, неабходнай для палітычнай кар'еры. Прабыўшы ў Рыме каля года, ён далучыўся да заснаванага Філодэмам у Неапалі гуртка эпікурэйцай, які ўзначальваў Сірон. Але нягледзячы на цікавасць да эпікурызму і на глыбокую пашану да Лукрэцыя, Вергілій у выніку прымкнуў да вучэння стоікаў і Платона. К таму часу ён ужо пачаў пісаць невялікія вершы, і на маладога аўтара пачалі глядзець як на пераемніка Лукрэцыя, які сканаў незадоўга да таго. Вергілій рыхтаваўся да кар'еры адваката, але прыродная сарамлівасць вызначыла яго жыццё як паэта.
Светоній пісаў, што Вергілій быў высокага росту, крэпкага целаскладу, на твар смуглы, быў падобны на селяніна, але не адрозніваўся моцным здароўем: асабліва пакутаваў ён на жывот, горла, галаўны боль і часта пускаў сабе кроў. Умераны ў ежы і віне, ён любіў хлопчыкаў, — і асабліва любіў Цэбета і Аляксандра, якога яму падарыў Ізіній Палліён і які ў другой эклозе «Буколікаў» згаданы як Алексід. Хадзілі чуткі, што адна жанчына, якую звалі Плоцыя Гіерыя, прапаноўвала Вергілію жыць з ёй, але той рашуча адмовіўся. Па іншых сведчаннях ён усё жыццё быў настолькі чысты і ў выказваннях, і ў думках, што ў Неапалі яго звычайна называлі Парфеній, што з грэчаскай мовы перакладаецца як дзяўчына, з намёкам на яго цнатлівасць; а калі ён паказваўся на вуліцы, прыехаўшы зрэдку ў Рым, людзі пачыналі хадзіць за ім і паказваць на яго, — ён хаваўся ад іх у бліжэйшым доме.
У палітычным жыцці Вергілій не ўдзельнічаў, і дзякуючы шчодрасці сяброў, яго рахунак дасягнуў 10 млн. сестэрцыяў, і ён меў дом на пагорку Эсквілін, які стаяў побач з домам Гаем Мецэнатам. Каля 41 года да н. э, пасля забойства Цэзара, маёнтак быў адняты дзеля перадачы яго ветэранам-прыхільнікам трыумвіраў пасля бітвы пры Філіпах, але яго выратавала асабістае ўмяшанне Актавіяна Аўгуста, якому паэт праз нейкі час прысвяціў дзве хвалебныя эклогі.
У Неапалі ці недалёка ад яго, Вергілій пражыў амаль усё сваё жыццё. Але ў Рыме, куды Вергілій часта прыязджаў, ён сышоўся з Мецэнатам і яго паэтамі. У далейшым у гэтае кола ён прывёў і Гарацыя, і абодва паэты зрабілі разам са сваім заступнікам падарожжа ў Брундызію. У 37 годзе да н.э. Вергілій завяршыў працу над «Буколікамі», сваім першым вялікім творам, і па просьбе Мецэната ўзяўся за «Георгіку», якую закончыў у 30 годзе да н.э. у Неапалі. На наступны год паэт пачаў працу на «Энеідай» і, прабыўшы нейкі час у Італіі, выправіўся ў Грэцыю і Азію, каб на месцы дзеяння сваёй паэмы надаць твору большую рэалістычнасць. У Афінах ён сустрэўся з Аўгустам, які пераканаў Вергілія вярнуцца ў Італію, але па дарозе ў Італію паэт цяжка захварэў і памёр у Брундызіі ў 19 годзе да н.э.
Яго прах перанеслі ў Неапаль, дзе і пахавалі каля другога каменя на Путэаланскам шляху; для сваёй магілы ён склаў такое двухрадкоўе:
- У Мантуі быў народжаны, памёр у Калабрыі, спачывае
- У Парфенапеі — апяваў пашы, вёскі, правадыроў.
Дзе пашы — намёк на твор «Буколікі», вёскі — на «Георгікі», правадыры — на «Энеіда».
Палавіну маёмасці ён адпісаў Валерыю Прокулу, свайму зводнаму брату, чвэрць — Актавіяну Аўгусту, дванаццатую частку — Мецэнату, іншае — Луцыю Варыю Руфу і Плотыю Туку. Паводле Светонія, яшчэ да ад'езду з Італіі Вергілій дагаворваўся з Варыем, што калі з ім што-небудзь здарыцца, то ён спаліць няскончаную «Энеіду»; але Варый адмовіўся. Ужо знаходзячыся пры смерці, Вергілій настойліва патрабаваў свой кніжны куфэрак, каб самому спаліць кнігу, але ніхто яму яго не прынёс. Вергілій больш не зрабіў ніякіх асаблівых распараджэнняў на гэты конт, але ён даручыў свае творы Варыю і Туку з умовай, каб яны не выдавалі нічога, што не было выдадзена ім самім. Але, на шчасце, па загадзе Актавіяна Аўгуста «Энеіда» была выдадзена з нязначнымі папраўкамі.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]«Буколікі»
[правіць | правіць зыходнік]У сваім творы «Буколікі», які складаецца з 10 эклог, Вергілій хацеў дадаць у лацінскую паэзію асаблівасць грэчаскай, з яе простасцю і натуральнасцю. Пры напісанні твора паэт шмат што пераняў у Тэакрыта, аднак сваёй мэты ён не дасягнуў. Нягледзячы на прамы пераклад у многіх месцах твораў сіцылійскага паэта. Менавіта гэтая простасць і натуральнасць адсутнічаюць у «Буколіках» Вергілія. У той час як пастухі Тэакрыта на самай справе жывуць сваім сціплым жыццём дзяцей прыроды, усялякая цікавасць якіх накіравана толькі на прыроду, пастухі Вергілія — паэтычная фікцыя, мастацкі вобраз, які прыкрывае бедаванне рымлян на нягоды грамадзянскіх войнаў. У некаторых месцах аўтар прадстаўляе выдатных дзеячаў тае эпохі. Самая знакамітая і яркая — эклога IV, дзе Вергілій вешчуе аб будучым залатым веку, дзякуючы нараджэнню дзіцяці, які поўнасцю зменіць жыццё на зямлі. Паэт апісвае вобраз будучага шчаслівага жыцця, калі ўсялякая праца стане лішняй, і чалавек будзе знаходзіць усё, што яму трэба. Заканчваецца эклога ўхваленнем будучага людскога дабрадзея.
Пазней хрысціянскія пісьменнікі бачылі ў гэтай эклозе прароцтва аб нараджэнні Хрыста, і на ёй была заснавана вера ў Вергілія як чараўніка. Аднак, верагодна, што Вергілій меў на ўвазе ў гэтай паэме Марцэллу, сына Аўгуста, раннюю смерць якога пазней ён апеў у эпізодзе VI песні «Энеіды». У Х эклозе Вергілій адлюстраваў імкненне рымскага народа на мірнасць, якая ахапіла грамадства на фоне грамадзянскай вайны. Літаратурная значнасць «Буколік» заключаецца галоўным чынам у складнасці вершавання.
«Георгікі»
[правіць | правіць зыходнік]«Георгікі», другая паэма Вергілія, якая была напісана з мэтай выклікаць любоў да земляробства ў душы ветэранаў, якіх ўзнагародзілі землямі. Узяўшы за аснову творы Гесіёда, Вергілій, аднак, не ўдакладняе ўсе асаблівасці гаспадарчай дзейнасці, бо яго мэта паказаць усе прывабнасці сельскага жыцця, а не стварыць дапаможнік для земляроба; таму дэталі гаспадарчага жыцця выкарыстоўваюцца толькі ў паэтычных формах. Лепшая частка паэмы — адступленне натурфіласофскага характару, большай часткай запазычаная ў Лукрэцыя.
«Георгікі» лічацца самым дасканалым творам Вергілія па чысціні і паэтычнай скончанасці верша. У іх, разам з тым, глыбей за ўсё адбіўся характар паэта, яго погляд на жыццё і рэлігійныя перакананні; гэта — паэтычныя эцюды аб годнасці працы. Земляробства ў яго вачах — святая вайна людзей супраць зямлі, і ён часта параўноўвае падрабязнасці земляробчага побыту з ваенным жыццём. «Георгікі» з'яўляюцца таксама пратэстам супраць распаўсюджвання ў тыя часы ў рэспубліцы атэізму. Паэт дапамагае Аўгусту ўзбуджаць у рымлянах згаслую веру ў багоў і сам шчыра прасякнуты ўпэўненасцю ў існаванні найвышэйшага промыслу, кіраўніка людзьмі.
Адным з пераймальнікаў Вергілія з'яўляецца Луіджы Аламанні.
«Энеіда»
[правіць | правіць зыходнік]«Энеіда» — незакончаны патрыятычны эпас Вергілія, складаецца з 12 кніг, напісаных паміж 29—19 гадах да н.э. Пасля смерці Вергілія «Энеіда» была выдадзена яго сябрамі Варыем і Плоціем без усялякіх змен, але з некаторымі скарачэннямі. Верагодна, «Энеіда» была разлічана, як і «Іліяда», на 24 песні; 12-я заканчваецца толькі перамогай над Турнам, між тым як паэт хацеў расказаць аб самім селішчы героя ў Лацыі і яго смерці.
Вергілій заняўся гэтым сюжэтам па заказу Аўгуста, каб узбудзіць у рымлянах нацыянальны гонар паданнямі пра вялікія лёсы іх прабацькоў і, з другога боку, дзеля абароны дынастычных інтарэсаў Аўгуста, быццам бы нашчадка Энея праз яго сына Юла, або Асканія. Вергілій ў «Энеідзе» цесна прымыкае да Гамера; у «Іліядзе» Эней з'яўляецца героем будучыні. Паэма пачынаецца апошняй часткай бадзянняў Энея, яго знаходжаннем у Карфагене, і затым ужо расказвае эпізадычна ранейшыя падзеі, разбурэнне Іліёна (II п.), тулянні Энея пасля гэтага (III п.), прыбыццё ў Карфаген (I і IV п.), падарожжа праз Сіцылію (V п.) у Італію (VI п.), дзе пачынаюцца новыя прыгоды раманічнага і ваяўнічага характару. Само выкананне сюжэта пакутуе агульным недахопам твораў Вергілія — адсутнасцю арыгінальнай творчасці і моцных характараў. Асабліва няўдалы герой, «набожны Эней» (pius Aeneas), пазбаўлены ўсякай ініцыятывы, падпарадкаваны лёсу і рашэнням багоў, якія заступаюцца за яго як заснавальніка шляхетнага роду і выканаўца чароўнай місіі перанясення Лар на новую радзіму. Акрамя таго, на «Энеідзе» ляжыць адбітак штучнасці; у супрацлегласць гамераўскаму эпасу, які выйшаў з народа, «Энеіда» створана ў розуме паэта, без сувязей з народным жыццём і вераваннямі; грэчаскія элементы пераблытаныя з італійскімі, міфічныя паданні — з гісторыяй, і чытач заўсёды адчувае, што міфічны свет служыць толькі паэтычным выразам нацыянальнай ідэі. Затое Вергілій ужыў усю сілу свайго верша на аздабленне псіхалагічных і чыста паэтычных эпізодаў, якія і складаюць бессмяротную славу эпапеі. Вергілій непараўнальны ў апісаннях тонкіх адценняў пачуццяў. Варта толькі ўспомніць патэтычнае, нягледзячы на сваю прастату, апісанне сяброўства Нізуса і Эрыяла, каханне і пакуты Дыдоны, сустрэчу Энея з Дыдонай у пекле, каб дараваць паэту яго няўдалую спробу ўзвялічыць славу Аўгуста на лік паданняў даўніны. З 12 песень «Энеіды» шостая, дзе апісваецца спасланне Энея ў пекла, каб пабачыцца з бацькам (Анхізам), лічыцца самай выдатнай па філасофскай глыбіні і патрыятычнаму пачуццю. У ёй паэт выкладае піфагарэйскія і платанічныя вучэнні аб «душы светабудовы» і ўспамінае ўсіх вялікіх людзей Рыма. Знешняя будова гэтай песні ўзята з XI п. «Адысеі». У астатніх песнях запазычанні з Гамера таксама вельмі шматлікія.
Пры стварэнні «Энеіды» падкрэслена імкненне стварыць рымскую паралель паэмам Гамера. Большасць матываў «Энеіды» Вергілій знайшоў ўжо ў ранейшых апрацоўках падання аб Энеі, але выбар і размяшчэнне іх належаць самому Вергілію і падпарадкаваны яго паэтычнаму заданню. Не толькі ў агульным стварэнні, але і ў цэлым шэрагу сюжэтных дэталей і ў стылістычнай апрацоўцы (параўнанні, метафары, эпітэты і г. д.) выяўляецца жаданне Вергілія «сапернічаць» з Гамерам. Тым выразней выяўляюцца глыбокія адрозненні. «Эпічны спакой», любоўнае апісанне дэталей чужыя Вергілію. «Энеіда» ўяўляе ланцуг апавяданняў, поўных драматычнага руху, строга канцэнтраваных, патэтычна напружаных; звёны гэтага ланцуга злучаныя майстэрскімі пераходамі і агульнай мэтанакіраванасцю, якая стварае адзінства паэмы.
Яе рухаючая сіла — воля лёсу, якая вядзе Энея да заснавання новага царства на лацінскай зямлі, а нашчадкаў Энея — да ўлады над светам. «Энеіда» поўная аракуламі, прарочымі снамі, цудамі і знакамі, кіруючымі кожным дзеяннем Энея і вешчуючымі будучую веліч рымскага народа і подзвігі яго дзеячаў аж да самага Аўгуста.
Масавых сцэн Вергілій пазбягае, вылучаючы звычайна некалькі фігур, душэўныя перажыванні якіх і ствараюць драматычны рух. Драматызм ўзмацняецца стылістычнай апрацоўкай: Вергілій умее майстэрскім падборам і размяшчэннем слоў надаваць сцёртым формулам штодзённай мовы вялікую выразнасць і эмацыйную афарбоўку.
Пры адлюстраванні багоў і герояў Вергілій старанна пазбягае грубага і камічнага, якое так часта мае месца ў Гамера, і імкнецца да «высакароднага» афекту. У выразным падзеле цэлага на часткі і ў драматызацыі частак Вергілій знаходзіць патрэбны яму сярэдні шлях паміж Гамерам і «неатэрыкамі» і стварае новую тэхніку эпічнага апавядання, якое на працягу стагоддзяў служыла ўзорам для наступных паэтаў.
Аднак, героі Вергілія аўтаномныя, яны жывуць па-за асяроддзем і з'яўляюцца марыянеткамі ў руках лёсу, але такое было жыццеадчуванне распыленага грамадства эліністычных манархій і Рымскай імперыі. Галоўны герой Вергілія, «набожны» Эней, з яго своеасаблівай пасіўнасцю у добраахвотным падпарадкаванні лёсу, увасабляе ідэал стаіцызму, які стаў амаль афіцыйнай ідэалогіяй. І сам паэт выступае як выказнік стаічных ідэй: карціна падземнага царства ў 6 песні, з пакутамі грэшнікаў і асалодай праведных, намаляваная ў адпаведнасці з ўяўленнямі стоікаў. «Энеіда» была закончана толькі начарна. Але і ў гэтым «чарнавым» выглядзе «Энеіда» адрозніваецца высокай дасканаласцю верша, паглыбляючы рэформу, пачатую ў «Буколіках».
Іншыя творы
[правіць | правіць зыходнік]З дробных вершаў, акрамя Culex-а, Вергілій прыпісваюцца яшчэ Ciris, Moretum і Copa. Вергілій ў сваёй паэзіі, гэтак жа як і ў асабістым жыцці, больш чалавек пачуццяў, чым думкі. «Bonus», «optimus», «anima candida» — вось пастаянна суправаджаюць яго імя эпітэты ў Гарацыя, Даната і інш. У сваёй паэзіі Вергілій менш за ўсё філосаф, хоць яго моцна захапляюць філасофскія праблемы, якія займалі рэспубліканскі Рым, і яму хацелася б ісці па слядах Лукрэцыя. Але ён адчувае сваё бяссілле і сумна усклікае па адрасе Лукрэцыя (Geor. II):
Felix qui potuit rerum cognoscere causas… Fortunatus et ille deos qui novit agrestis…
Усе, якое тычыцца філасофскіх сістэм у «Энеідзе» і «Георгіках», прама запазычанае з розных грэчаскіх аўтараў (як, напр., «Вучэнне пра замагільнае жыццё» ў VI п. І інш.). У палітыцы Вергілій адзін з самых шчырых прыхільнікаў Аўгуста. Аўгуст для яго — прадстаўнік нацыянальнай ідэі, і ён пакланяецца яму без усялякага адцення паддобрыванняў, чужога яго чыстай душы.
Шанаванне пасля смерці
[правіць | правіць зыходнік]Пакланенне, якім імя Вергілія было акружана пры жыцці, працягвалася і пасля смерці паэта; ўжо пачынаючы з Аўгуставага веку яго творы вывучаліся ў школах, каментаваліся навукоўцамі і служылі для прадказанняў лёсу. Так званыя «Sortes Virgilianae» былі ў вялікім хаду ў часы Адрыяна і Севера. Імя Вергілія атачалася таямнічай легендай, якая ператварылася ў Сярэдневякоўі ў веру ў яго як у чараўніка. Падставай шматлікіх легенд аб ягонай цудадзейнай сіле паслужылі некаторыя незразумелыя месцы яго твораў, як напрыклад IV і VIII эклогі. Апавяданне аб замагільным жыцці ў VI п. «Энеіды» і г. д. і, акрамя таго, тлумачэння ўтойлівай сутнасці яго імя (Virga — чароўны посах) і імя яго мацеры (Maia — Maga). Ужо ў Даната сустракаюцца намёкі на звышнатуральнае значэнне паэзіі Вергілія. Фульгенцый («De Continenta Vergiliana») надае «Энеідзе» алегарычнае значэнне. Затым імя Вергілія сустракаецца ў іспанскіх, французскіх і нямецкіх народных кнігах, якія адносяць яго або да часу казачнага караля Актавіяна, або караля Серв'е; брэтонскія паданні гавораць аб ім, як аб сучасніку караля Артура. Вергілію падпарадкоўваюцца стыхіі, ён цудоўным чынам запальвае і гасіць агонь, выклікае землетрасенне і навальніцу; Вергілій — патрон або genius loci Неапаля, які ён заснаваў, пабудаваўшы яго на трох яйках (варыянт — пабудаваны на яйку замак, Castello del'uovo); Вергілій здольны прабіць падземны ход скрозь гару. Ён — непераўзыдзены майстар, які вырабляе цудоўныя рэчы (ingeniosissimus rerum artifex), сярод якіх — складаная сістэма сігналізацыі і абароны горада з дапамогай бронзавых статуй Salvatio Romae (варыянт — сістэма, якая засцерагае ад вывяржэння Везувія); бронзавая муха, якая выганяе з Неапаля астатніх мух і такім чынам засцерагае горад ад заразы; цудоўнае люстэрка, якое адлюстроўвае ўсё, што адбываецца ў свеце; bocca della verità; вечна падпаленая лямпа; паветраны мост ды іншае. Вышэйшая праява значэння, якое прыпісваецца Вергілію ў Сярэдневякоўі, — гэта роля псіхапомпа, якую яму надаў Дантэ ў «Боскай камедыі», абраўшы яго як прадстаўніка самай глыбокай чалавечай мудрасці і зрабіўшы яго сваім кіраўніком і правадыром па колах пекла.
Творы Вергілія дайшлі да нас у вялікай колькасці рукапісаў. Першакрыніцамі звестак аб жыцці і творах Вергілія служыць «Vita Vergilii» Данаты, некаторыя іншыя vitae, якімі забяспечаны рукапісы, каментары Серв'е і біяграфія Вергілія ў вершах Фоцыя.
Магіла Вергілія
[правіць | правіць зыходнік]Пабудова, вядомая як «Магіла Вергілія», знаходзіцца ля ўваходу ў старажытнарымскі тунэль (італ.: grotta vecchia) у Парка-ды-Вірджылья ў П'едыгроце, раёне за дзве мілі ад старога Неапалю, каля заліву Мэрджаліна, на дарозе, што вядзе на поўнач уздоўж узбярэжжа ў напрамку Паццуёлі. Хоць Вергілій ужо пры жыцці быў аб'ектам літаратурнага ўсхвалення і праслаўлення, на працягу наступным стагоддзяў яму сталі прыпісваць цудатворныя здольнасці, яго магіла стала аб'ектам паломніцтваў і пакланенняў.
Вергілій у іканапісе
[правіць | правіць зыходнік]З'яўляючыся паганскім дахрысціянскім паэтам, Вергілій лічыўся бясспрэчным аўтарытэтам сярод антычных аўтараў і дасягнуў вяршыні рымскай паэзіі. Прамыя запазычанні, спасылкі і вергіліеўскія рэмінісцэнцыі сустракаюцца ў многіх хрысціянскіх творах. Лічачы Вергілія прадвеснікам хрысціянства, на якім была міласць Боская, царква шануе яго і шэраг іншых дахрысціянскіх геніяў і герояў. У пацвярджэнне гэтага Вергілій даволі часта адлюстроўваецца ў цыкле роспісаў храмаў, альбо яго выявы (звычайна без німба — знака святасці) уваходзяць у склад іканастасаў, займаючы, вядома, падпарадкаваныя месцы ў іерархіі вобразаў.
Зноскі
- ↑ G. L. P. Virgilius // Dictionary of Greek and Roman Biography and Mythology / W. Smith — Boston: Little, Brown, 1870. — Vol. 3. — P. 1263–1268.
- ↑ а б в г Нацыянальная бібліятэка Францыі — 1537. Праверана 13 лістапада 2022.
- ↑ Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 19 ліпеня 2021.
- ↑ Bell A. Encyclopædia Britannica — Encyclopædia Britannica, Inc., 1768.
- ↑ Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.
- ↑ Vergilius (70 B.C.E. — 19 B.C.E.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Публій Вергілій Марон
- Лацінскія тэксты Вергілія
- Працы Вергілія на Theoi Project
- Працы Вергілія на Project Gutenberg
- Vita Vergiliana Элій Данат аб жыцці Вергілія на лацінскай мове