Перайсці да зместу

Усходне-Еўрапейская раўніна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі


Усходне-Еўрапейская раўніна
Адміністрацыйныя
адзінкі
Беларусь
Латвія
Літва
Малдова
Польшча
Расія
Украіна
Эстонія

Фінляндыя
Казахстан
Румынія
Швецыя

Усходне-Еўрапейская раўніна (састарэлае Руская раўніна) — раўніна ва Усходняй Еўропе, адна з найбольшых на зямным шары. Плошча 3,8 млн. км².

Распасціраецца на 2750 км з поўначы на поўдзень і на 3000 км з захада на ўсход. На поўначы выходзіць да Белага і Баранцава мораў, на поўдні — да Чорнага, Азоўскага і Каспійскага мораў. На паўночным захадзе абмежавана Скандынаўскімі гарамі, на захадзе і паўднёвым захадзе — гарамі Цэнтральнай Еўропы (Гарц, Судэты, Карпаты), на паўночным усходзе — Крымскімі гарамі і Каўказам, на ўсходзе — Уральскімі гарамі і Мугаджарамі.

Геаструктурная аснова раўніны — дакембрыйскі крышталічны фундамент Усходне-Еўрапейскай платформы, перакрыты асадкавымі адкладамі рознага ўзросту. Няроўнасці фундамента абумоўліваюць наяўнасць асноўных форм рэльефу.

Найбольшыя вышыні на Кольскім паўвостраве, у Хібінах (да 1191 м), найменшая — на ўзбярэжжы Каспійскага мора (28 м ніжэй узр. м.). Асноўныя формы рэльефу — узвышшы і нізіны (Валына-Падольскае ўзвышша, Прыволжскае ўзвышша, Прыдняпроўскае ўзвышша, Сярэднярускае ўзвышша, Ціманскі краж, Палеская нізіна, Прыдняпроўская нізіна, Прыкаспійская нізіна, Прычарнаморская нізіна, Пячорская нізіна і інш.).

На рэльеф паўночнай і паўночна-заходняй часткі вялікі ўплыў зрабілі зледзяненні — характэрны плоскія міжрэччы з участкамі марэнна-ўзгорыстага рэльефу. На поўдні ад мяжы зледзянення — рэльеф парэзаны ярамі і лагчынамі, якія далей змяняюцца марскімі акумуляцыйнымі раўнінамі.

Большая частка раўніны адносіцца да вобласці ўмеранага пояса, дзе назіраецца паступовы пераход ад марскога клімату да кантынентальнага. Сярэднія тэмпературыры студзеня ад -3, -5 °С на захадзе да -22 °С на паўночным усходзе; ліпеня ад 9 °С на поўначы да 25 °С на паўднёвым усходзе. Ападкаў за год 600 мм і больш на захадзе, 400 мм на ўсходзе, да 200 мм на поўначы, 150 мм на паўднёвым усходзе.

Унутраныя воды

[правіць | правіць зыходнік]

Рэкі паўночнай часткі належаць да басейна Паўночнага Ледавітага акіяна (Анега, Мязень, Паўночная Дзвіна, Пячора), заходняй і паўднёвай часткі да Балтыйскага (Вісла, Заходняя Дзвіна, Нёман і інш.), Чорнага (Днестр, Дняпро, Паўднёвы Буг) і Азоўскага мора (Дон); Волга і Урал упадаюць у Каспійскае мора.

Буйныя азёры — Анежскае возера, Ладажскае возера і інш.

Глебы, расліннасць, жывёльны свет

[правіць | правіць зыходнік]

Характэрна выразная гарызантальная занальнасць з поўначы на поўдзень. Мохава-лішайнікавыя тундры ўзбярэжжа Баранцава мора на поўдні змяняюцца лесатундрай, далей лясная зона — цёмнахваёвая тайга і мяшаныя лясы, якія паступова пераходзяць на поўдні ў лесастэпавую і стэпавую зоны. На Прыкаспійскай нізіне — паўпустыні і пустыні.

Ахова прыроды

[правіць | правіць зыходнік]

У межах раўніны Астраханскі запаведнік, Варонежскі запаведнік, Асканія-Нова, нацыянальны парк Белавежская пушча і інш.