Гісторыя ЗША

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

ЗША — краіна ў Паўночнай Амерыцы і Гавайскіх астравах у Акіяніі. Каланіяльны перыяд гісторыі звязаны з засяленнем еўрапейцамі Паўночнай Амерыкі. Ён ахапіў XVI—XVIII стагоддзі. Тым не меньш, некаторыя пісьменныя крыніцы і археалагічныя дадзеныя падцвярджаюць, што ў эпоху Сярэднявечча вікінгі будавалі свае паселішчы на тэрыторыі паўночнаамерыканскага кантынента.

Старажытная гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Людзі на тэрыторыі ЗША ўпершыню з'явіліся, паводле ацэнак археолагаў, ад 12 да 40 тыс. гадоў назад. Як мяркуецца, яны трапілі сюды праз Аляску, якая ў той час злучалася з Азіяй.

Першыя спробы еўрапейцаў асвоіць тэрыторыю[правіць | правіць зыходнік]

У 1513 г. іспанскія каланісты, на чале якіх быў Хуан Понсе дэ Леон высадзіліся ў Фларыдзе і пачалі засваенне тэрыторыі, якая пазне стала часткай ЗША[1].

Пасля гэтага на працягу ўсяго XVI ст. іспанскія, партугальскія іфранцузскія даследчыкі вандравалі па розных частках тэрыторыі ЗША з мэтай будаўніцтва калоній. З цягам часу тэрыторыя ў раёне р. Місісіпі стала ўладаннем Францыі, а значная частка заходняга рэгіёна сучасных Злучаных Штатаў належыла іспанскай калоніі Мексіка.

Першыя брытанскія калоніі[правіць | правіць зыходнік]

У 1585 г. на востраве Роўноўк Айлэнд (сучасная Паўночная Караліна) шэраг брытанскіх маракоў на чале з У. Ралеям зрабіла першую няўдалую спробу заснаваць трывалае пасяленне. Праз 2 гады была зроблена аналагічная экспедыцыя з тым жа вынікам[2].

Але ў 1607 г. камерцыйная Вірджынская кампанія здолела заснаваць горад Джэймстаўн на тэрыторыі сучаснага штата Вірджынія. Пасля гэтага пачалося актыўнае камерцыйнае і гаспадарчае засваенне навакольных тэрыторый. А з 1624 г. Вірджынія перастала быць карпаратыўным уладаннем і стала каралеўскай калоніяй.

«Мэйфлаўэр»[правіць | правіць зыходнік]

У 1620 г. ў Вірджынію адправіўся карабель з англійскімі пурытанамі, якія пражывалі як бежанцы ў Галандыі. Справа была ў тым, што па прычыне іх рэлігійных поглядаў і грамадзянскай пазіцыі пурытане мусілі пакінуць Вялікабрытанію. Урад Галандыі станоўча ставіўся да іх веры і быў у стане канкурэнтнай барацьбы з Вялікабрытаніяй. Таму мноства пурытан перасялілася ў Галандыю. Але на новай радзіме яны сутыкнуліся з дыскрымінацыяй з боку мясцовых пурытан (Напрыклад, англічанам не давалі магчымасць займацца пэўнымі відамі працы альбо рабіць кар'еру ў Царкве).

Некаторыя сем'і эмігрантаў вырашылі перасяліцца ў Вірджынію, якая тады належыла прыватнай англійскай кампаніі і давала больш шансаў на свабоду веравызнання. Але карабель «Мэйфлаўэр», на якім яны плылі, збіўся з курса ў выніку шторма і перасяленцы апынуліся некалькі далей ў паўночным напрамку ад сваёй мэты. Так была заснавана калонія Новая Англія.

Розныя катэгорыі засяленцаў[правіць | правіць зыходнік]

Па нацыянальнаму складу будучыя 13 штатаў засялялі пераважна англічане, галандцы і шведы. А па іншым катэгорыям гэта былі ўсе хто быў незадаволены жыццём у Старым Свеце. Нярэдка прадстаўнікі варагуючых бакоў, напрыклад манархісты і рэспубліканцы засялялі розныя амерыканскія калоніі і мірна жылі на новым месцы. Падчас гэта тэндэнцыя закранала і ўнутраную міграцыю: калі пэўная частка жыхароў адной калоніі была незадаволена жыццём, яны перасяляліся на іншыя землі і ўтваралі новую калонію.

Сярод перасяленцаў можна вылучыць наступныя катэгорыі:

  • англійскія сяляне, якіх сагналі з іх зямель у выніку палітыкі агароджвання;
  • пурытане, якія масава перасяляліся да Англійскай рэвалюцыі (1640-60 гг.) ў Амерыку па прычыне рэпрэсій каралеўскага ўрада на радзіме; у 1630 г. яны заснавалі Калонію Масачусэтскага заліва, цяпер вядомую як штат Масачусэтс;
  • англійскія манархісты, асабліва дваране, якія беглі ад рэпрэсій падчас Англійскай рэвалюцыі (1640-60 гг.); многія з іх пасяліліся на Поўдні сучасных ЗША;
  • розныя невялікія напрамкі хрысціянства, якія цярпелі ад дыскрымінацыі ў розных краінах Еўропы: квакеры, менаніты, амішы, баптысты і мараўскія браты[3]; так мецэнат Уільям Пэн у 1682 г. заснаваў г. Філадэльфія і калонію Пенсільванія;
  • шукальнікі прыгод і лепшай долі з розных краін Еўропы, асабліва пасля 1680 г. эмігрантаў з Вялікбарытаніі стала меньш чым з іншых краін Еўропы[4];
  • чорныя рабы з Афрыкі і іншых рэгіёнаў амерыканскага кантынента.

Заснаванне новых калоній[правіць | правіць зыходнік]

Лёс галандскіх калоній[правіць | правіць зыходнік]

З пачатку ХVII ст. галандскія каланісты пачалі засваенне зямель сучаснага штата Нью Ёрк. У 1624 г. яны заснавалі горад Новы Амстэрдам, які сёння вядомы як Нью Ёрк. Аднак з другой паловы ХVII ст. пасля Рэвалюцыі ўрад Вялікабрытаніі пачаў праяўляць больш увагі сваім валоданням на атлантычным узбярэжжы Амерыкі з мэтай выціснуць усіх канкурэнтаў. У гэты жа час на землях, падкантрольных галандскім каланістам пачалі масава сяліцца англійскія каланісты. Спачатку кіраўніцтва галандскіх калоній яшчэ трымала пад кантролем сітуацыю і англійскія перасяленцы ў галандскіх уладаннях падпарадкоўваліся мясцовай каланіяльнай адміністрацыі, але вельмі хутка англічан стала так шмат, што адбылася поўная асіміляцыя галандцаў.

Каланізацыя 1630-1730-х гг.[правіць | правіць зыходнік]

У 1630 — х гг. падчас унутранай міграцыі каланістаў пачалося засяленне зямель цяперашняга штата Род Айлэнд.

У 1660-х гг. ішло актыўнае засяленне Паўночнай i Паўднёвай Караліны з заснаваннем буйных плантацый і дробных фермерскіх гаспадарак.

Да 1730 — х гг. асноўная частка тэрыторыі пад кантролем Вялікабрытаніі была заселена і мела межы з іспанскімі і французскімі валоданнямі. У 1732 г. была заснавана апошняя з 13 калоній, якія ўвайшлі ў склад ЗША — Джорджыя.

Развіцце калоній у ХVIIІ ст[правіць | правіць зыходнік]

У ХVIIІ ст калоніі дасягнулі свайго росквіту. Сфарміравалася адносна дэмакратычная сістэма самакіравання. Адкрываліся ўніверсітэты і публічныя бібліятэкі. І гэта было б малаверагодным пры адсутнасці стабільнага эканамічнага росту.

Адносіны каланістаў з індзейцамі[правіць | правіць зыходнік]

Індзейцы ўяўлялі сабой мноства плямёнаў і саюзаў плямёнаў, якія не мелі дакладна акрэсленых межаў сваіх уладанняў і не вельмі шчыльна засялялі кантынент. Толькі каля пачатку ХІХ ст. індзейцы сталі адносіцца да белых каланістаў Амерыкі як да ворагаў. На працягу ўсяго папярэдняга каланіяльнага перыяду адносіны да белых перасяленцаў былі розныя. Часам яны індзейцы рабіліся саюзнікамі белых альбо дзелавымі партнерамі, з якімі гандлявалі. Часам паміж каланістамі і індзейцамі ішлі войны мясцовага значэння. У некаторых выпадках індзейцы рабіліся васаламі каланістаў. У 2-х буйных войнах паміж еўрапейцамі Франка-індзейскай і Вайной за незалежнасць (1775—1783 гг) шэраг плямёнаў ваявалі на адным баку супраць іншых плямёнаў, якія ваявалі на другім[5]. Ваявалі індзейцы і паміж сабой, напрыклад, калі еўрапейцы зганялі іх далей ад Аталнтыкі, і яны ваявалі за новыя землі з іншымі плямёнамі.

Як заўважыў прафесар аднаго з амерыканскіх вну Дональд Уізэнхант, «індзейцы для каланістаў былі перашкодай» (they were viewed as an obstacle)[6]. Таму каланісты рознымі спосабамі забіралі зямлю ў індзейцаў: куплялі ці аднімалі сілай. На ранніх этапах каланіяльнага перыяда, калі ў індзейцаў зямлі было шмат, былі выпадкі, што індзейцы самі дазвалялі белым сяліцца ў межах сваіх уладанняў, бо разважалі, што рэсурсаў для земляробства, палявання, збіральніцтва хопіць на ўсіх. Але з ростам белага насельніцтва калоній гэта спынілася.

Неправільна лічыць, што індзейцы баяліся агнястрэльнай зброі. Падобна плямёнам Сібіры яны хутка навучыліся ёю карыстацца. Аднак да пачатку ХІХ ст. індзейцы не разглядалі каланістаў так як іх разглядалі самі каланісты — як перашкоду. Таму метадычнае вынішчэнне асобных плямёнаў каланістамі заставалася праблемай гэтых плямёнаў. Да таго ж белае насельніцтва калоній расло, а сагнаныя з зямель індзейцы, не гатовыя да пераходу да новых спосабаў вядзення гаспадаркі, паміралі масава і іх колькасць скарачалася.

Рабства ў калоніях[правіць | правіць зыходнік]

Першыя чорныя рабы былі завезены ў паўднёвыя калоніі ў 1619 г[7]. Але індзейцаў, захопленых у палон альбо купленых за грошы ўжо да гэтага прымушалі да паднявольнай працы. Цікава, што калі ў 1675 г. індзейцы поўдня Новай Англіі паўсталі супраць белых і былі разбіты некалькі соцень палонных паўстанцаў зрабілі рабамі[8].

Да 1660-х гг. раб мог атрымаць свабоду на пэўных умовах, часцей за ўсё за выдатную працу на гаспадара. Але ў 1660-я гг. гадоўля тытуню, цукровага трысця і г.д. на плантацыях прывяла да адмены ўсіх магчымасцяў выкупіць свабоду і рабства, ў тым ліку масавы завоз чорных нявольнікаў, набыло сістэмны характар.

Нацыянальны рух[правіць | правіць зыходнік]

Агульная колькасць насельніцтва калоній перавысіла ў 1760-я гады 150 тысяч чалавек[9]. У 1763 годзе брытанскі ўрад паспрабаваў замацаваць свой кантроль над амерыканскімі паселішчамі. Новае імперскае заканадаўства выклікала бурную рэакцыю ў калоніях. Сутыкнуўшыся з апазіцыяй, у 1770 годзе Вялікабрытанія адмяніла мыты на ўсё акрамя гарбаты, якая была прадметам раскошы ў калоніях. На працягу трохгадовага перыяду спакою адносна невялікая колькасць радыкалаў прыкладалі намаганні, каб працягнуць спрэчку. Найбольш уплывовым лідарам сярод радыкалаў быў Семюэл Адамс з Масачусетса, які строга прытрымліваўся адной мэты — незалежнасці[10]. У 1773 годзе ўплывовая кампанія «Іст-Індыя» атрымала ад Вялікабрытаніі права на манапольны экспарт гарбаты да калоній. Па ўсім Атлантычным узбярэжжы агентаў кампаніі «Іст-Індыя» вымагалі пайсці ў адстаўку, а новыя пастаўкі альбо вярталі ў Вялікабрытанію, альбо складавалі ў портах. Уночы 16 снежня 1773 году група мужчын на чале з Семюэлам Адамсам, пераапранутая ў індзейцаў-магаўкаў, узышлі на борты трох брытанскіх суднаў, што стаялі на якары, і выкінулі ўвесь груз гарбаты ў Бостанскую бухту. Афіцыйныя колы Вялікабрытаніі амаль што аднадушна асудзілі гэту падзею, што атрымала назву «Бостанскае чаяпіцце», як акт вандалізму і патрабавалі заканадаўчых мераў, якія б паставілі каланістаў на месца.

5 верасня 1774 года ў Філадэльфіі пачаў сваю працу Першы Кантынентальны кангрэс, на якім была прынятая дэкларацыя пра правы амерыканскіх калоній на «жыццё, волю і ўласнасць» і прынята рашэнне пра аб'яву гандлёвага байкоту Вялікабрытаніі. У 1776 калоніі прынялі Дэкларацыю незалежнасці. Да 1783 года мяцежныя калоніі заваявалі незалежнасць сілай зброі і ўтварылі вольную канфедэрацыю пад назвай Злучаныя Штаты Амерыкі. У 1789 годзе суверэннымі грамадзянамі некалькіх штатаў была ўхвалена канстытуцыя, якая заклала асновы новай дзяржавы.

Узбуйненне[правіць | правіць зыходнік]

Гістарычная храналогія ЗША

Паводле першага перапісу 1790 года щ краіне пражывалі каля 4 млн чалавек. За перыяд з 1790 па 1815 гады колькасць насельніцтва падвоілася, а да 1860 года дасягнула 31,5 млн. На працягу першай паловы XIX стагоддзя адбывалася міграцыя амерыканцаў на захад. Насельніцтва Паўночна-Заходняй тэрыторыі, дзе ўтварыліся штаты Агая, Індыяна, Ілінойс, Мічыган і Вісконсін, узрасло з 51 тысяч у 1800 годзе да 6,9 млн у 1860 годзе. За той жа перыяд колькасць насельніцтва Новай Англіі ўзрасла з 1,2 млн чалавек да 3,1 млн. У 1790 годзе ў складзе насельніцтва пераважалі выхадцы з Брытанскіх астравоў, але былі таксама прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей, як немцы, валійцы, французы, швейцарцы, нідэрландцы. Этнічны склад насельніцтва фактычна заставаўся нязменным аж да наплыву нямецкіх і ірландскіх імігрантаў у 18401850-х гады. У 1790 годзе афрыканцы, якія былі дастаўлены сюды ў якасці рабоў, складалі пятую частку ўсяго насельніцтва, аднак з-за заняпаду тытуняводства ўвоз рабоў скарачаўся. Падчас Вайны за незалежнасць у большасці штатах увоз рабоў быў забаронены, і ў 1808 годзе Кангрэс ЗША заканадаўча замацаваў гэту забарону. Аднак падпольны гандаль рабамі квітнеў яшчэ доўгія гады. Падчас рэвалюцыі рабы ў большасці паўночных штатаў здабылі волю, аднак ім рэдка даводзілася атрымаць усе грамадзянскія правы.

Імкненне амерыканцаў пашырыць тэрыторыі на захад прывяло да шэрагу доўгіх войнаў з індзейцамі і іспанцамі. Купля тэрыторыі Луізыяны ў французаў у 1803 годзе амаль удвая павялічыла памер краіны — гэтая тэрыторыя значна пераўзыходзіла сучасны аднайменны штат, распасціраючыся да Канады[11]. Серыя амерыканскіх ваенных уварванняў у Фларыду прывяла да таго, што Іспанія павінна была саступіць частку ўзбярэжжа Мексіканскага заліву ў 1819 годзе. У гэтыя часы шырока было пашырана будаўніцтва чыгункі.

З 1820 па 1850 гады Джэксанава дэмакратыя пачала падвяргацца шэрагу рэформ, якія ўключалі пашырэнне выбарчага права для мужчын. Гэта прывяло да ўзнікнення дзвюхпартыйнай сістэмы з 1828 па 1854 гады. У 1845 годзе ЗША анексавала Рэспубліку Тэхас. Арэгонскі дагавор 1846 года з Вялікабрытаніяй прывяла да ўсталявання кантролю ЗША сучасным амерыканскім паўночным захадам. Перамога ў амерыкана-мексіканскай вайне прывяла да саступкі Мексікай Каліфорніі і вялікай часткі сучаснага паўднёвага захаду ЗША. Каліфарнійская залатая ліхаманка 18481849 гадоў стымулявала міграцыю ў заходні рэгіён краіны і стварэнне дадатковых заходніх штатаў. Пасля грамадзянскай вайны ў ЗША, новыя транскантынентальная чыгунка паскорыла перасяленне на захад, і, тым самым, павелічэннем канфліктаў з карэннымі народамі Амерыкі.

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў выніку працяглых спробаў Расія прадае ЗША Аляску, якая напачатку ХХ стагоддзя атрымала статус дадатковага штата краіны. Пазней далучаныя Гаваі і Пуэрта-Рыка, пры гэтым апошняя тэрыторыя дагэтуль не мае статусу штату (аднак у рэгіёне дзейнічаюць рухі, мэтай якіх з'яўляецца здабыццё статусу штату для тэрыторыі).

Зноскі

  1. An Outline on American History. Published by US Information Agency, p.10
  2. An Outline on American History. Published by US Information Agency, p.12
  3. Цікава, што ў ЗША ХІХ ст . падобным чынам новаўтвораны рэлігійны рух — мармоны таксама перасяліліся на захад ЗША ў раён г. Солт Лэйк Сіці, каб пазбегнуць дыскрымінацыі ў іншых штатах
  4. Падрабязны аналіз розных хваляў эміграцыі ў Злучаныя Штаты і гісторыя ўтварэння абшчынных суполак прыводзіцца ў лекцыі «Амерыканскія абшчыны і іх рассяленне» д-ра Універсітэта Паўночнай Караліны Рычарда Канья, апублікаванай на сайце Historiapure. Рэжым дуступу: R. Kania.American Community and Neighborhood
  5. Супрацьстаянне розных індзейскіх плямёнаў падчас Франка-індзейскай вайны добра апісана ў рамане «Апошні з магікан»
  6. Фраза прагучала падчас лекцыі на англійскай мове для студэнтаў факультэта міжнародных адносін БДУ ў аддзяленні на вул. Маякоўскага, 96 у Мінску зімой 2004—2005 гг. калі прафесар пад эгідай дзяржаўнай адукацыйнай праграмы чытаў курс лекцый па гісторыі ЗША. Лекцыя была прысвечана каланіяльнаму перыяду і вайне за незалежнасць.
  7. An Outline on American History. Published by US Information Agency, p.25
  8. An Outline on American History. Published by US Information Agency, p.20
  9. Нарысы амерыканскай гісторыі / Пер. Л.Калабан. — Інфарм. агенцтва Злуч. Штатаў Амерыкі. — С. 60.
  10. Нарысы амерыканскай гісторыі / Пер. Л.Калабан. — Інфарм. агенцтва Злуч. Штатаў Амерыкі. — С. 66.
  11. Louisiana Purchase. National Park Services.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Нарысы амерыканскай гісторыі / Рэд.: Г. Сіннкота і інш., пер. Л. Калабан. — Вена: Інфарм. агенцтва ЗША, 1993(?). — 406 с.: іл.