Кандрат Крапіва
Кандрат Крапіва, сапр.: Кандрат Кандратавіч Атраховіч (5 сакавіка 1896, в. Нізок, цяпер Уздзенскі раён — 7 студзеня 1991, Мінск), беларускі пісьменнік, паэт, сатырык, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч, літаратуразнавец.
Народны пісьменнік Беларускай ССР (1956)[1]. Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Лаўрэат двух Сталінскіх прэмій (1941, 1951) і Дзяржаўнай прэміі СССР (1971). З 1940 — член-карэспандэнт, а з 1950 — акадэмік АН БССР[1]. Сябра ВКП(б) з 1941 года. Доктар філалагічных навук[1].
Змест |
[правіць] Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе ў вёсцы Нізок, уздзенскім народным вучылішчы, 4-класным гарадскім вучылішчы ў Стоўбцах, з якога перавёўся ў такое ж вучылішча ў Койданава (цяпер г. Дзяржынск). Пасля заканчэння ў 1913 здаў экстэрнам экзамен на званне народнага настаўніка[1]. Восенню 1914 атрымаў месца настаўніка ў пачатковай земскай школе ў вёсцы Мнішаны на Міншчыне[1]. Адпрацаваў год і быў мабілізаваны ў армію для ўдзелу ў Першай сусветнай вайне[1]. У сакавіку 1916 года скончыў Гатчынскую школу прапаршчыкаў[2]. Удзельнічаў у баях на Румынскім фронце(руск.) бел.. Як настаўнік у лютым 1918 дэмабілізаваны. Настаўнічаў у вёсцы Каменка на Уздзеншчыне. У 1920—1923 — камандзір у Чырвонай Арміі[1]. З 1924 зноў настаўнічаў на Уздзеншчыне ў пасёлку Астравок.
У 1925 пераехаў у Мінск. Быў членам літаб'яднання «Маладняк» (да 1926), потым «Узвышша». Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ ў 1930[1]. Працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце (1925—1926)[1], загадчыкам аддзела ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» (1932—1936)[1]. Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), у савецка-фінскай вайне (1939—1940)[1]. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў у франтавых газетах «За Савецкую Беларусь», «Красноармейская правда»[1], у 1943—1945 рэдагаваў сатырычную газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну». У 1945—1947 — рэдактар часопіса «Вожык»[1], у 1947—1952 загадчык сектара мовазнаўства Інстытута мовы і літаратуры АН БССР[1], дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР (1952-1956)[1].
У 1946 у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце I сесіі Генеральнай асамблеі ААН. У 1956[1] — студзені 1982 — віцэ-прэзідэнт АН БССР. Са студзеня 1982 па сакавік 1989 — вядучы навуковы супрацоўнік-кансультант у аддзеле лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Доктар філалагічных навук, акадэмік АН БССР. Неаднаразова абіраўся дэпутатам (1947—1990), старшынёй ВС БССР. Член СП СССР (з 1934).
Памёр 7 студзеня 1991, пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
[правіць] Творчасць
Яго першы друкаваны твор — фельетон ў вершах «Жылі-былі», быў апублікаваны ў газеце «Чырвонаармейская праўда» у 1922 годзе[1]. Першы твор Крапівы на беларускай мове — сатырычны верш «Сваты» — з'явіўся ў газеце «Савецкая Беларусь» 23 мая 1922 года[2]. Да гэтага часу ён паспеў пабыць і сельскім настаўнікам, і прапаршчыкам на франтах Першай сусветнай вайны, і камандзірам РСЧА. І вось цяпер ён шукаў сваё месца ў новым жыцці, уладкоўваючы яе дзейсным словам сатыры. Сатырычная накіраванасць, востры гумар, актуальнасць, выразная класавая пазіцыя выявіліся ў кнігах малых сатырычных формаў[1].
Кандрат Атраховіч становіцца Кандратам Крапівой. Вершаваныя фельетоны, сатырычныя куплеты, байкі ўсё часцей з'яўляюцца на старонках беларускіх газет і часопісаў пад гэтым псеўданімам. Неўзабаве ён становіцца майстрам камедыйнага жанру, яго п'есы «Хто смяецца апошнім» і «Спяваюць жаўрукі» ідуць па ўсёй краіне, па іх здымаюцца кінафільмы. На працягу ўсяго свайго творчага жыцця Кандрат Крапіва, шчодра адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, званнямі і прэміямі, будзе яшчэ не раз, адрываючыся ад «высокіх» акадэмічных спраў і грамадскіх заняткаў, вяртацца да жанру сваёй маладосці — байкі[3].
Байкі, як і сатырычныя вершы, з'яўляюцца пад уражаннем нейкіх фактаў, падзей, канкрэтных прычын. Часта яны і паміраюць разам з тым часам, у якім нарадзіліся. Лепшыя байкі Кандрата Крапівы перажылі свой час.
У ранні перыяд свайго літаратурнага творчасці Крапіва паспяхова працаваў і ў галіне літаратурнай прозы. У гэтым кірунку яго асноўным жанрам стаў сатырычны аповед[2].
У пачатку 1930-х гадоў Кандрат Крапіва звярнуўся да драматургіі. Першым драматычным творам пісьменніка была псіхалагічная драма «Канец дружбы», у якой падымаліся складаныя маральна-этычныя праблемы[2].
Нават у сталым узросце не пераставаў тварыць, апошні твор — меладрама «На вастрыі» — быў напісаны ва ўзросце 86 гадоў у 1982 годзе.
У прадмове да апошняй прыжыццёвай кнігі Кандрата Крапівы «Калючы строй», якая выйшла ў 1989 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», вядомы беларускі пісьменнік і літаратуразнаўца Іван Навуменка пісаў: "Калі б Кандрат Крапіва нават не напісаў сваіх драм і сатырычных камедый, рамана «Мядзведзічы», то аднымі толькі сваімі байкамі, сатырычнымі вершамі ён заняў бы адно з першых месцаў у беларускай літаратуры ". І крыху ніжэй растлумачыў: «Гэта такі згустак вострага народнага розуму, варожага смеху, абсмейвання зла і зацвярджэння дабра, якіх да Крапівы не ведала беларуская літаратура»[3].
Творы Кандрата Крапівы перакладзены на многія мовы свету[2]. Сам пісьменнік шырока вядомы як перакладчык рускай і замежнай класікі[2]. Ён пераклаў на беларускую мову асобныя працы К. Маркса, Ф. Энгельса, У. І. Леніна, творы Уільяма Шэкспіра, Д. І. Фанвізіна, І. А. Крылова, А. С. Пушкіна, М. В. Гогаля, А. М. Астроўскага, А. П. Чэхава, У. У. Маякоўскага, А. Т. Твардоўскага, Т. Р. Шаўчэнка і іншых.
[правіць] Сатырычна-гумарыстычныя кнігі
Аўтар кніг сатыры і гумару «Асцё» (1925), «Крапіва» (1925, 4-е перапрац. і дап. выд. 1932), «Біблія» (1926), «Байкі» (1927), «Ухабы на дарозе» (1930), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў» (1930), «Хвядос — Чырвоны нос» (1931, вершаваная казка), «Калючы строй» (1932), «Выбраныя байкі» (1932), «Выбраныя вершы» (1935), «Выбраная сатыра» (1938), «Выбраныя творы» (1941, 1947, 1948), «Смех і гнеў» (1946), «Сатыра і гумар» (1954), «Жаба ў каляіне» (1957), «Байкі, вершы, п'есы» (1960), «Сорак баек» (1966), «Вершы і байкі» (1967, 1990), «Байкі і вершы» (1971), «Пучок жыгучкі» (1973), а таксама кніжкі для дзяцей «Загадкі дзеда Кандрата»
[правіць] П'есы
Аўтар п'ес «Канец дружбы» (апублікавана і пастаўлена ў 1934), «Партызаны» (апублікавана і пастаўлена ў 1937), «Хто смяецца апошнім» (апублікавана і пастаўлена ў 1939, па сцэнарыі аўтара пастаўлены ў 1954 г. аднайменны кінафільм), «Проба агнём» (апублікавана і пастаўлена ў 1943), «Валодзеў гальштук» (1945, пастаўлена ў 1946, аднаактоўка), «Мілы чалавек» (1945, 1956, пастаўлена ў 1946), «З народам» (апублікавана і пастаўлена ў 1948), «Пяюць жаваранкі» (апублікавана і пастаўлена ў 1950, па сцэнарыі аўтара пастаўлены ў 1953 г. аднайменны кінафільм), «Зацікаўленая асоба» (апублікавана і пастаўлена ў 1953), «Людзі і д'яблы» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), «Брама неўміручасці» (1973, пастаўлена ў 1974), «На вастрыі» (1982, пастаўлена ў 1983).
[правіць] Зборнікі
Выдаў зборнікі прозы «Апавяданні» (1926), «Людзі-суседзі» (1928), «Жывыя праявы» (1930), раман «Мядзведзічы» (кн. 1, 1932), нарыс «Герой Савецкага Саюза Міхаіл Сільніцкі» (1943). Выдадзены Збор твораў у 3-х (1956), 4-х (1963), 5-ці (1974—1976), Выбраныя творы ў 2 тамах (1986).
[правіць] Навуковая дзейнасць
Аўтар літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў, лінгвістычных прац, адзін з навуковых рэдактараў (з Я.Коласам і П.Глебкам) «Русско-белорусского словаря» (1953), навуковы рэдактар «Беларуска-рускага слоўніка» (1962, выданне 2-е перапрацаванае і дапоўненае ў 1988—1989), «Русско-белорусского словаря» (выданне 2-е, перапрацаванае і дапоўненае, 1982), «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах (1977—1984) і інш. Выбітны знаўца беларускай мовы, Крапіва узначальваў Тэрміналагічную камісію Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, непасрэдна займаўся распрацоўкай тэрміналогіі ў розных галінах навукі. Кандрат Крапіва — акадэмік НАН Беларусі, доктар філалагічных навук.
Разам з Р. І. Аванесавым і Ю. Ф. Мацкевіч выпусціў працу «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—1969)[1].
[правіць] Узнагароды
Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў і медалямі. Народны пісьменнік БССР (1956). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978). Тройчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР: у 1941 за п'есу «Хто смяецца апошнім», у 1951 за п'есу «Пяюць жаваранкі», у 1971 — за комплекс прац у галіне беларускай лінгвагеаграфіі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1974) за п'есу «Брама неўміручасці».
[правіць] Памяць
- Пра Кандрата Крапіву створаны дакументальны фільм «Кандрат Крапіва» (1983, рэж. М. Купеева)[2]
- У гонар Кандрата Крапівы названы Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ИИЭФ) Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Уздзенская сярэдняя школа № 2[2]
- У Мінску на доме № 76 па праспекце Незалежнасці, у якім жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка[2]
- У 1996 годзе ў гонар Кандрата Крапівы ў Беларусі выпушчана паштовая марка
- Імя Кандрата Крапівы носяць вуліцы ў Мінску і Уздзе[2]
Зноскі
- ↑ 1,00 1,01 1,02 1,03 1,04 1,05 1,06 1,07 1,08 1,09 1,10 1,11 1,12 1,13 1,14 1,15 1,16 1,17 1,18 Крапива Кондрат Кондратьевич // Биографический справочник — Мінск: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 329. — 737 с.
- ↑ 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 2,5 2,6 2,7 2,8 2,9 К 115-летию народного писателя Беларуси Кондрата Крапивы (руск.)
- ↑ 3,0 3,1 Родился Кондрат Крапива (руск.)
[правіць] Літаратура
- Крапіва Кандрат // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
- Крапіва Кандрат // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995.
- Лаўшук С. Кандрат Крапіва і беларуская драматургія. — 2-е выд. — Мн., 2002.
- Сабалеўскі А. Кандрат Крапіва: Постаць і творы. — 2-е выд., дапрац. і дап. — Мн., 2003.
[правіць] Спасылкі
- Кандрат Кандратавіч Крапіва ў базе даных «Гісторыя беларускай навукі ў асобах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа НАН Беларусі
- Біяграфія на Slounik.org
- Творы на «Беларускай Палічцы»
- Помнік К. Крапіве на Усходніх могілках
| Пісьменнікі і паэты Беларусі | |||||||||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
|
|||||||||||||||
| Народныя пісьменнікі БССР і Беларусі |
†Кандрат Крапіва (1956) · †Міхась Лынькоў (1962) · †Іван Мележ (1972) · †Іван Шамякін (1972) · †Андрэй Макаёнак (1977) · †Васіль Быкаў (1980) · †Янка Брыль (1981) · †Іван Чыгрынаў (1994) · †Іван Навуменка (1995) | ||||||||||||||
| Народныя паэты БССР і Беларусі |
†Янка Купала (1925) · †Якуб Колас (1926) · †Пятрусь Броўка (1962) · †Аркадзь Куляшоў (1968) · †Максім Танк (1968) · †Пімен Панчанка (1972) · Ніл Гілевіч (1991) · Рыгор Барадулін (1992) | ||||||||||||||
| «◊» — пісьменнікі і паэты, якія працягваюць сваю творчасць і ў наступны перыяд, «†» (спіс народных пісьменнікаў і паэтаў) — памерлыя | |||||||||||||||
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіту
- Лаўрэаты Сталінскай прэміі
- Героі Сацыялістычнай Працы
- Кавалеры ордэна Леніна
- Кавалеры ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі
- Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
- Кавалеры ордэна Айчыннай вайны I ступені
- Кавалеры ордэна Дружбы народаў
- Нарадзіліся 5 сакавіка
- Нарадзіліся ў 1896 годзе
- Памерлі 7 студзеня
- Памерлі ў 1991 годзе
- Постаці беларускага літаратуразнаўства
- Пісьменнікі СССР
- Акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
- Паэты Беларусі
- Байкапісцы
- Беларускамоўныя паэты
- Драматургі Беларусі
- Пісьменнікі Беларусі
- Беларускамоўныя пісьменнікі
- Паэты СССР
- Дактары філалагічных навук
- Дэпутаты Вярхоўнага савета БССР