Катынскі расстрэл
Катынскі расстрэл (польск.: Zbrodnia katyńska) — масавыя забойствы польскіх грамадзян (у асноўным, палонных афіцэраў польскага войска), здзейсненыя вясной 1940 года супрацоўнікамі НКУС СССР.
Катынь — лясны масіў у 30 км на захад ад Смаленска, дзе паводле рашэння ЦК ВКП(б) ад 5.3.1940 органамі НКУС у красавіку-маі 1940 расстраляны каля 4400[1] польскіх афіцэраў.
У верасні-кастрычніку 1939 польскія афіцэры інтэрніраваны Чырвонай Арміяй у час паходу ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну і зняволены ў лагеры ваеннапалонных у Казельску (Смаленская, цяпер Калужская вобласць).
Упершыню пра Катынь даведаліся ад мясцовых жыхароў польскія чыгуначнікі, якія ў 1942 працавалі пад Смаленскам у нямецкіх брыгадах. У сакавіку-красавіку 1943 група нямецкіх экспертаў на чале з прафесарам Буцам выявіла ў Катынскім лесе 8 брацкіх магіл. 10.4.1943 немцы накіравалі ў Катынь групу польскіх грамадскіх дзеячаў з Варшавы і Кракава. 13.4.1943 нямецкае радыё паведаміла ўсяму свету пра пахаванні ў Катыні і назвала лічбу 10 тысяч чалавек. 15.4.1943 савецкі ўрад адхіліў сваё дачьшенне да знішчэння польскіх афіцэраў і абвінаваціў у гэтым злачынстве немцаў. Паводле паведамлення ТАСС, польскія ваеннапалонныя ўдзельнічалі ў будаўнічых работах пад Смаленскам і ў час летняга нямецкага наступлення ў 1941 былі ўзяты ў палон і потым знішчаны. Пасля вызвалення ў верасні 1943 Смаленска была створана «Спецыяльная камісія па ўстанаўленні і расследаванні абставін расстрэлу нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Катынскім лесе ваеннапалонных польскіх афіцэраў» на чале з акад. М. Бурдэнкам. Яна эксгуміравала ў Катыні 925 трупаў, знайшла рэчавыя доказы, дакументы і зрабіла вывад, што польскіх афіцэраў восенню 1941 расстралялі немцы. Паведамленне камісіі было апублікавана ў газеце «Правда» (26.1.1944), «Комсомольская правда» (27.1.1944).
13.4.1990 Прэзідэнт СССР М. Гарбачоў перадаў Прэзідэнту Рэспублікі Польшча В. Ярузельскаму копіі знойдзеных быццам бы ў самы апошні час савецкімі архівістамі і гісторыкамі спісаў і іншых матэрыялаў былога Галоўнага ўпраўлення па справах ваеннапалонных і інтэрніраваных НКУС СССР. Пры гэтым Гарбачоў падкрэсліў, што тысячы польскіх грамадзян, якія загінулі ў смаленскіх лясах паўстагоддзя таму назад, сталі ахвярамі Л. Берыі і яго падручных.
Зноскі
- ↑ ЭГБ
Літаратура [правіць]
- Абаринов В.К. Катынский лабиринт. М., 1991;
- Кузняцоў I. Палітыка і лёс людзей // Полымя. 1995, №9;
- Хацкевіч А. Катынь // ЭГБ, у 6 т. Т. 4. Мн.: БелЭн, 1997;
- Швед В. Тайна Катыни. М., 2007;
- Katyń: Dokumenty ludobójstwa. Warszawa, 1992.