Абульфаз Эльчыбей

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Абульфаз Эльчыбей
азерб.: Əbülfəz Elçibəy
2-і прэзідэнт Азербайджанскай рэспублікі
16 чэрвеня 1992 — 1 верасня 1993
Папярэднік Yaqub Mammadov[d]
Пераемнік Гейдар Аліеў

Нараджэнне 24 чэрвеня 1938(1938-06-24)
Смерць 22 жніўня 2000(2000-08-22)[1] (62 гады)
Месца пахавання
Імя пры нараджэнні азерб.: Əbülfəz Qədirqulu oğlu Əliyev
Веравызнанне іслам
Партыя
Адукацыя
Навуковая ступень кандыдат гістарычных навук
Дзейнасць палітык
Месца працы
Аўтограф Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Абульфа́з Гадзіркулі́ аглы́ Эльчыбе́й (азерб.: Əbülfəz Qədirqulu oğlu Elçibəy, сапр. прозвішча Алі́еў; 24 чэрвеня 1938, с. Келекі  (азерб.), Ардубадскі раён  (руск.), Нахічэванская АССР, Азербайджанская ССР — 22 жніўня 2000, Анкара, Турцыя) — азербайджанскі дзяржаўны, палітычны і грамадскі дзеяч, перакладчык, дысідэнт  (руск.), лідар Народнага фронту Азербайджана, Прэзідэнт Азербайджана (19921993). Эльчыбей зрабіўся першым усенародна і дэмакратычна абраным Прэзідэнтам краіны. У перыяд яго праўлення краіна пагрузілася ў палітычную нестабільнасць з пагаршэннем эканамічнага становішча. Цяжкія вынікі Карабахскай вайны і палітычная барацьба ў краіне вымусілі Абульфаза Эльчыбея пакінуць пост прэзідэнта, каб пазбегнуць грамадзянскай вайны. 28 жніўня 1993 года на рэферэндуме  (руск.) пра давер Абульфазу Эльчыбею за яго адстаўку прагаласавалі 97,5 % грамадзян краіны[2]. Народны фронт Азербайджана назваў вынікі рэферэндуму сфальсіфікаванымі, а Дзярждэпартамент ЗША выказаў заклапочанасць з нагоды арганізацыі рэферэндуму і надзвычайных умоў яго правядзення[3]. Наступныя выбары прэзідэнта АБСЕ ацэньвае «неадпаведнымі некаторым абавязкам у рамках АБСЕ».

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Навуковец і дысідэнт[правіць | правіць зыходнік]

Абульфаз Аліеў нарадзіўся 24 чэрвеня 1938 года ў сяле Келекі Ардубадскага раёна Нахічэванскай АССР, у сям'і Гадзіркулі Аліева, загінулага ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і Мейрансы Джафар кызы Аліевай. У 1957 годзе ён скончыў аддзяленне арабскай філалогіі факультэта ўсходазнаўства Азербайджанскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1963—1964 гг. праходзіў моўную практыку ў Егіпце ў якасці перакладчыка[4], пасля чаго вярнуўся ў Баку[5]. Вучыўся ў аспірантуры Азербайджанскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Гісторыя краін Азіі і Афрыкі», потым у гэтым жа ўніверсітэце з 1969 па 1974 год працаваў выкладчыкам гісторыі[6]. Пад кіраўніцтвам усходазнаўца Зія Буніятава  (руск.)[7] Абульфаз Аліеў у 1969 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Дзяржава Туглукідаў IX ст.»[4].

Аліеў рана далучыўся да дысідэнцкага руху, выступаў прапагандыстам панцюркізму. У 1973 годзе ён арганізаваў у Бакінскім універсітэце студэнцкі гурток «Свабода», члены якога абмяркоўвалі праблемы аднаўлення дзяржаўнай незалежнасці Азербайджана[8]. У студзені 1975 года яго арыштавалі. Для асвятлення асобы Эльчыбея даследчык Дж. Гасанлы прыводзіць наступныя выцемкі са следчых матэрыялаў:

" Следчы: Што вы казалі студэнтам пра Леніна? У нас ёсць дакументальныя сведчанні. Можаце паглядзець сведчанні сведак.

Абульфаз Аліеў: Няма патрэбы. Створаная Леніным турма народаў  (руск.) ясна паказвае, кім ён быў. Створаная ім дзяржава з'яўляецца самай гнюснай формай таталітарнага рэжыму. Чалавецтва выдатна разумее, кім быў Ленін, які пазбавіў мільёны людзей, дзясяткі народаў іх законных правоў. Толькі вы не ведаеце пра гэта.
Следчы: Гэта пустыя гутаркі і галаўны боль. Хутка зразумееце, што бывае за такія гаворкі супраць Леніна. Вы здраджваеце зямлю, якая вас пялегавала і гадавала. Ведзяце безгрунтоўныя гутаркі пра Камуністычную партыю, нашу дзяржаву і ўрад. Ва ўсякім разе, вы ведаеце, чым можа скончыцца пустое абгаворванне Савецкага Саюза — сусветнай дзяржавы.
Абульфаз Аліеў: Ведаю. Я сын не Леніна, а народа, з якога злупілі скуру і выпілі кроў. Для цябе СССР можа быць Радзімай. А для мяне Радзіма — напалам падзелены Азербайджан. Мэта майго жыцця — загаіць гэту рану, весці Азербайджан да свабоды разам з усімі, хто лічыць сябе цюркам[7].

"

За антысавецкую дзейнасць Абульфаз Аліеў правёў паўтара года ў Карадакскіх каменяломнях[8]. Паводле іншых крыніц адсядзеў 2 гады ў лагеры агульнага рэжыму[4]. У афіцыйным вінавачанні паказвалася:

" Старэйшы выкладчык кафедры гісторыі краін Азіі і Афрыкі АДУ ім. С. М. Кірава Аліеў Абульфаз Гадзіркулі аглы з 1970 года пачаў весці сярод выкладчыкаў і студэнтаў прапаганду і агітацыю, скіраваную на распальванне нацыянальнай звады, а таксама шырыў хлусню і паклёп пра Савецкую дзяржаву і яе грамадскі лад. Ён настойваў, што Азербайджан павінен вызваліцца з пад палітычнага і эканамічнага прыгнёту Расіі і атрымаць незалежнасць. А. Аліеў наважна настойвае, што расійскі ўплыў аказвае адмоўны ўплыў на культуру Азербайджана і ў канчатковым выніку гэта прывядзе да русіфікацыі народа[7]. "

Выступаючы на сходзе органаў нацыянальнай бяспекі 15 ліпеня 1997 года Прэзідэнт Азербайджана Гейдар Аліеў, які з'яўляўся на момант арышту Эльчыбея Першым Сакратаром ЦК Кампартыі Азербайджанскай ССР, казаў: «У нас не было дысідэнтаў. Калі казаць пэўна, то Абульфаза (Эльчыбея) арыштавалі ў 1975—1976 гадах. Як толькі я пазнаў, што ён асуджаны і арыштаваны, то даў указанне вызваліць яго. Яго вызвалілі. У той час не было ніякіх падстаў для яго арышту, апроч безадказных гутарак. Ён часам і цяпер вельмі безадказна выступае. У выніку некалькіх такіх гутарак яго сябры з універсітэта ці акадэміі данеслі на яго ў КДБ, напісалі, што ён вядзе такую агітацыю, таму яго і арыштавалі»[9].

Пасля вызвалення Абульфаз Аліеў працягнуў навуковую дзейнасць у пасады вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута рукапісаў Акадэміі навук Азербайджана (да 1992 г.). Ён з'яўляецца аўтарам больш за 50 навуковых прац па ўсходняй філасофіі, гісторыі, літаратуры, рэлігіі[6].

Палітычная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў Абульфаз Аліеў — адзін з лідараў азербайджанскага нацыянальнага руху. У гэты перыяд ён узяў сабе прозвішча «Эльчыбей», што азначае «пасланец народа»[10]. 16 ліпеня 1989 года ён стае старшынём Народнага фронту Азербайджана[11]. Дзмітрый Фурман і Алі Абасаў у артыкуле «Азербайджанская рэвалюцыя» наступным чынам апісваюць пагляды Эльчыбея:

" Ідэалогія А. Эльчыбея будавалася на глебе, зададзенай мусаватысцкай рэспублікай — спалучэнні жарснага панцюркізму і заходніцтва. Добры прамоўца (на азербайджанскай мове), ён зачароўваў натоўпы гаворкамі пра імперыю, якая гінула, вялікі цюркскі народ і пра тое, што калі б не бальшавікі, якія знішчылі АДР, Азербайджан стаў бы не менш багатым, чым Кувейт, і не менш свабодным, чым ЗША ці Францыя. “Эльчыбееўскі” тып дэмакратычнай азербайджанскай інтэлігенцыі першага пакалення, выхадцаў з вёскі, якія спалучалі жарсны цюркскі нацыяналізм з ідэйным “заходніцтвам” (і адначасна — часцяком з поўнай няздольнасцю жыць і дзеяць “па заходніх правілах”), робіцца дамінантным у НФА, адціскаючы найболей русіфікаваную і еўрапеізаваную частку бакінскіх лібералаў[12]. "

У першых прэзідэнцкіх выбарах у верасні 1991 года Эльчыбей не браў удзел і кіраўніком рэспублікі тады быў абраны Аяз Муталібаў.

Прэзідэнт Азербайджана[правіць | правіць зыходнік]

Прыход да ўлады[правіць | правіць зыходнік]

У сакавіку 1992 года пад ціскам апазіцыі Аяз Муталібаў змушаны быў падаць у адстаўку, аднак праз два месяцы ён паспрабаваў вярнуцца да ўлады. Муталібаў запатрабаваў ад Вярхоўнага Савета Азербайджана аднаўлення яго на пасадзе прэзідэнта і скасавання новых выбараў. 14 мая Вярхоўны Савет задаволіў яго просьбу і прагаласаваў за аднаўленне яго на пасту прэзідэнта[13]. У адказ на аднаўленне Муталібава на пасту прэзідэнта краіны, пачаўся мітынг прыхільнікаў апазіцыі ля будынка НФА. Раніцай 15 мая кіраўніцтва Народнага фронту высунула Муталібаву ўльтыматум з вымогай самахоць пайсці да 15:00 з паста прэзідэнта[13]. Пасля сканчэння ўльтыматуму натоўп з ліку прыхільнікаў Народнага фронту пачынае марш да будынка Вярхоўнага Савета і пасля страляніны захоплівае яго. Праз некалькі гадзін быў заняты і прэзідэнцкі палац, але прэзідэнта там не было. Муталібаў бег з краіны.

18 мая на сесіі Вярхоўнага савета Якуб Мамедаў  (руск.) падае ў адстаўку з паста старшыні і на яго месца прызначаецца прадстаўнік Народнага фронту 35-гадовы Іса Гамбар. 7 чэрвеня 1992 года ў Азербайджане адбыліся прэзідэнцкія выбары  (англ.), перамогу на якіх здабыў Абульфаз Эльчыбей, набраўшы 59,4 % галасоў[14]. Літаральна да дня інаўгурацыі ён жыў на сёмым паверсе тыповай бакінскай «хрушчоўкі» ў кватэры брата[12]. 17 чэрвеня ў будынку Вярхоўнага Савета адбылася цырымонія інаўгурацыі новага прэзідэнта Азербайджана.

Знешняя палітыка[правіць | правіць зыходнік]

У знешняй палітыцы Эльчыбей заняў антырасійскую і антыіранскую пазіцыю. Не баючыся раздражняць расійскае кіраўніцтва, Эльчыбей заяўляў, што з усіх дзяржаўных дзеячаў Расіі найбольшыя заслугі перад дэмакратыяй прыналежаць не Міхаілу Гарбачову, а Прэзідэнту Татарстана Мінцімеру Шайміеву; у сувязі з прыняццем Татарстанам новай канстытуцыі  (руск.) паслаў віншавальную тэлеграму, у якой гаварылася пра каланіяльны прыгнёт, «гераічны татарскі народ», а таксама пра тое, што «канец XX стагоддзя азначаецца абуджэннем і адраджэннем цюркскага свету»[15]. Ён артыкуляваў ідэю аб’яднання незалежнага Азербайджана з Паўднёвым Азербайджанам, які знаходзіцца ў складзе Ірана[16]. Эльчыбей прымае ў сябе дысідэнтаў, якія беглі з Сярэдняй Азіі, а пра рэжымы ў сярэднеазіяцкіх дзяржавах дазваляе сабе выказваецца наступным чынам: «…Праз некалькі месяцаў народны рух, які расце там, змяце цяперашняе кіраўніцтва — цяпер немагчыма задушыць імкненне народаў да свабоды»'[17].

18 жніўня 1992 года Эльчыбей падпісаў указ пра ўступ Азербайджана ў Міжнародны валютны фонд, Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця і злучаныя з імі арганізацыі. На наступны дзень быў прыняты закон пра правядзенне ў жыццё канвенцый і пагадненняў гэтых арганізацый у Азербайджане[18]. 12 верасня ён здзейсніў візіт у Маскву, падчас якога быў падпісаны «Дагавор пра сяброўства, супрацу і ўзаемную бяспеку паміж Азербайджанскай Рэспублікай і Расійскай Федэрацыяй»[19]. Пры гэтым ён адмаўляўся гаварыць па-руску і вёў перамовы праз перакладчыка[12]. У пачатку снежня ён наведаў Кіеў, дзе Эльчыбей і Прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук падпісалі «Дагавор пра сяброўства і супрацу паміж Украінай і Азербайджанскай Рэспублікай»[20]. За тыдзень да візіту ва Украіну на II з’ездзе Народнага фронту Эльчыбей заявіў, што ў знешняй палітыцы Азербайджанская Рэспубліка будзе арыентавацца на ўзмацненне сувязей з ЗША і Вялікабрытаніяй, а «што ж тычыцца рэспублік былога Саюза, то тут прыярытэт будзе аддавацца Украіне»[20].

Унутраная палітыка[правіць | правіць зыходнік]

На наступны дзень пасля выбараў Эльчыбей сказаў:

" Наша мэта пабудаваць незалежную адзіную дэмакратычную дзяржаву, у якой выконваліся б правы ўсіх грамадзянаў незалежна ад рэлігійнай і нацыянальнай прыналежнасці. Для таго, каб дамагчыся гэтага, мы паспрабуем хутка рэфармаваць наша заканадаўства, перадусім прыняць новую канстытуцыю суверэннага Азербайджана. У ёй будзе закладзены падзел улад, механізм рэальнага кантролю грамадства над уладай. У рэспубліцы сёння выяўны параліч улады, таму нам трэба спешна ўзводзіць новы будынак дзяржаўнага ладу, кіравання. І, нарэшце, мы паспрабуем як мага хутчэй стварыць змяшаную эканоміку, пачаць малую прыватызацыю, прыцягнуць замежныя інвестыцыі. Аднак найважнейшая для ўсяго гэтага ўмова — прымальнае рашэнне карабахскага пытання[21]. "

Прыйдучы да ўлады, Эльчыбей і яго каманда сутыкнуліся з сур'ёзнымі ваеннымі паразамі азербайджанскіх узброеных фармаванняў у Нагорным Карабаху. Улетку азербайджанскія войскі пачынаюць шырокамаштабнае наступленне  (руск.) на пазіцыі праціўніка, у выніку чаго пад кантроль Азербайджана вяртаюцца Шаўмянаўскі і частка Мартакерцкага і Аскеранскага раёнаў. 4 ліпеня азербайджанскія войскі занялі Мардакерт і пераназвалі яго ў Агдэрэ[22]. Праз два дні Эльчыбей увёў на тэрыторыі Агдэрынскага (былога Мардакерцкага) раёна надзвычайнае становішча тэрмінам на месяц з мэтай «запабегчы магчымыя правакацыі з боку армянскіх тэрарыстычных груповак»[23].

У жніўні 1992 года ён увёў сваім указам у абарот нацыянальную грашовую адзінку — манат. 19 верасня ім быў абнародаваны ўказ пра абарону правоў і свабод, дзяржаўную падтрымку развіцця мовы і культуры нацыянальных меншасцей[24]. Была праведзена рэформа сістэмы паступлення ў ВНУ — уведзена тэставая сістэма, што практычна выключыла карупцыю[25]. У гэты час у ваенных дзеяннях на карабахскім фронце адбываецца пералом у карысць армян і паспяховыя да гэтага ваенныя аперацыі паварочваюцца паразамі. У сваёй кнізе «Канец Другой Рэспублікі» азербайджанскі палітолаг Зардушт Алізадэ піша:

" Натуральна, паразы пасыпаліся, як з рога дастатку. Каб выратаваць сітуацыю, Міністэрства абароны праводзіла ў гарадах аблавы, забіралі маладых людзей проста з дамоў, спынялі на вуліцы аўтобусы, абдзіралі і адразу адпраўлялі на фронт. У розныя арганізацыі, у тым ліку Хельсінкскую Грамадзянскую Асамблею, звярталіся бацькі са скаргамі: сын раніцай выйшаў з дома, пайшоў на працу (у ВНУ, у госці, на спатканне), не вярнуўся дахаты, шукалі два дні, паведамілі ў міліцыю, на трэці дзень атрымалі апавяшчэнне: «… ваш сын паў смерцю адважных у баях за Радзіму»[26]. "

Да 25 лютага 1993 года праціўнік цалкам авалодаў Сарсангскім вадасховішчам  (руск.), а 3 красавіка паў Кельбаджар  (англ.). У гэтых умовах Эльчыбей увёў у краіне ваеннае становішча[12].

Мяцеж Сурэта Гусейнава[правіць | правіць зыходнік]

28 мая расійская армія, да заканчэння загадзя вызначанага тэрміну, пакінула Гянджу, а пакінутая расійскімі часцямі зброя дасталася ваярам палкоўніка Сурэта Гусейнава  (руск.). Апошні атрымаў слыннасць за правядзенне паспяховых баявых дзеянняў у Карабаху. У перыяд летняга наступлення яму ўдалося аднавіць кантроль над Геранбойскім і Агдэрынским раёнамі Верхняга Карабаха[27]. Эльчыбей узнагародзіў Сурэта Гусейнава званнем Нацыянальнага героя Азербайджана і прызначыў паўнамоцным прадстаўніком у Нагорным Карабаху, намеснікам прэм’ер-міністра і камандуючым Агдэрынскім ваенным корпусам[28]. Наступныя паразы на агдэрынскім фронце з падачы Народнага фронту паспрабавалі звязаць з імем Сурэта Гусейнава. Указам Эльчыбея ён быў зняты з усіх пастоў і прызначаны генеральным дырэктарам дзяржканцэрна па поўсці[27]. Аднак вайскоўцы 709-й воінскай часці захавалі яму вернасць.

Для раззбраення Гусейнава ў ноч на 4 чэрвеня ўрад прыступіў да ажыццяўлення плана «Тайфун», аўтарам і кіраўніком якога з’яўляўся прэм’ер-міністр Панах Гусейнаў  (англ.)[29]. Пазней, праз больш за два тыдні, на невялікай прэс-канферэнцыі Эльчыбей скажа, што загад пра раззбраенне 709-й воінскай часці ў Гянджы быў адданы пасля адмовы яе камандавання перадыслакавацца ў іншае месца[30]. Аперацыя ўрадавых войскаў у Гянджы скончылася паразай, у выніку чаго, паводле афіцыйных дадзеных, загінулі 10 чалавек, а па неафіцыйных — да 60. Згодна афіцыйнай інфармацыі, Гусейнаў распачаў спробу захапіць маёмасць расійскай 104-й паветрана-дэсантнай дывізіі, да таго часу выведзенай, але атрымаў адпор[31]. Сам жа Сурэт Гусейнаў пра адбытае падрабязна расказаў у інтэрв’ю газеце «Известия  (руск.)»:

" Штурм жаўнерняў 709-й брыгады пачаўся ў 6 раніцы, без любога папярэджання — ніякіх папярэдніх вымогаў пра расфармаванне часці і здачу зброі да нас не паступала. Практычна адначасна прэзідэнцкімі гвардзейцамі, спецпрызам міністэрства бяспекі і ўнутранымі войскамі быў аточаны і мой дом. Да гадзіны дня мы не адкрывалі агню ў адказ: я не мог аддаць загад разліваць братэрскую кроў. А тымчасам танкі і снайперы з дахаў расстрэльвалі часць. Толькі пасля таго, як камандзір аднаго з гянджынскіх батальёнаў, які выйшаў з белым сцягам на перагаворы, быў расстраляны ва ўпор, я аддаў загад пра зваротныя дзеянні. Праз 20 хвілін атакавалыя нас войскі былі падаўлены і раззброены[28]. "

Ваярам С. Гусейнава атрымалася ўзяць у палон генеральнага пракурора Іхціяра Шырынава  (азерб.). Гусейнаў адразу загадаў генпракурору выпісаць ордар на арышт Абульфаза Эльчыбея[26]. Гусейнаў таксама змяніў начальніка паліцыі Гянджы і стварыў гарадскі Савет[31].

У Азербайджане склалася крызісная сітуацыя, паставіўшы краіну на мяжу грамадзянскай вайны. Панах Гусейнаў падаў у адстаўку з паста кіраўніка ўрада. Кіраўніцтва рэспублікі, тым часам, паспрабавала пайсці на перагаворы з прыхільнікамі мяцежнага палкоўніка. 6 чэрвеня дырэктывай Эльчыбея была ўтворана дзяржаўная камісія на чале з акадэмікам Імамам Мустафаевым, куды ўвайшлі аксакалы, бачныя палітычныя дзеячы і члены ўрада. У той жа дзень камісія адправілася ў Гянджу. У сваім звароце да народа Эльчыбей абвясціў, што «ворагі нашага народа, якія дзейнічаюць за межамі Азербайджана, аб’ядналіся з унутранымі ворагамі з мэтай падарваць стабільнасць у нашай дзяржаве»[32]. У Гянджы, тымчасам, сабраўся мітынг прыхільнікаў Гусейнава, на якім быў зачытаны яго зварот да народа. Ён звінаваціў урад і Народны фронт у ваенных няшчасцях у Карабаху, а таксама ў вывадзе з фронту частак нацыянальнай арміі, якія ў тыле сталі займацца марадзёрствам, і заклікаў насельніцтва да грамадзянскага непадпарадкавання[31].

У становішчы ўнутрыпалітычнага крызісу па запрашэнні Эльчыбея 9 чэрвеня ў Баку прыбыў Гейдар Аліеў, да таго часу старшыня парламента Нахічэванскай аўтаномнай рэспублікі. На сустрэчы Эльчыбей прапанаваў Аліеву пост прэм’ер-міністра, але той не даў адказу і папрасіў час падумаць[33][34]. Камісія ж, што вярнулася з Гянджы, фактычна стала на бок мяцежнікаў, запатрабаваўшы ад улад спыніць супрацьстаянне, звінаваціўшы іх у няшчырасці ў адносінах да Сурэта Гусейнава[34][35]. Пасля азнаямлення з дакладам Дзяржаўнай камісіі дэпутаты парламента вырашылі стварыць парламенцкую следчую камісію з мэтай правесці паўторнае расследаванне[34]. Да поўначы 9 чэрвеня парламентары прынялі закон пра амністыю ўсіх радавых удзельнікаў гянджынскіх падзей[36].

Перамовы з Сурэтам Гусейнавым, пасярэднікам на якіх выступіў Гейдар Аліеў, не прынеслі адчувальных вынікаў. 10 чэрвеня Іса Гамбар  (руск.) падаў у адстаўку з паста старшыні Мілі Меджліса і 15 чэрвеня Мілі Меджліс абраў Аліева ў якасці новага старшыні парламента. Сітуацыя ў краіне, тым часам, імкліва ўскладнялася. Падраздзяленні Сурэта Гусейнава рушылі ўбок Баку. Да 14 чэрвеня пад іх кантроль без супраціву перайшлі Барда, Еўлах, Геакчай, Ханлар і Мінгечэвір. Ва ўсіх гэтых раёнах былі ссунуты кіраўнікі адміністрацыі і прызначаны ваенныя каменданты, якія падначальваліся Сурэту Гусейнаву[37]. 15 чэрвеня ім удалося ўзяць Шэкі, а раніцай наступнага дня перадавы атрад Гусейнава знаходзіўся ўжо ў 100 км ад Баку, каля Аджыкабула[38]. Крызісам улады ў Азербайджане скарыстаўся армянскі бок, што развярнуў наступленне ў агдамскім кірунку  (руск.). Прэс-сакратар Прэзідэнта Арыф Аліеў паведамляў, што падаванне падтрымкі азербайджанскім сілам абцяжарана, бо частка прылеглых да зоны баёў раёнаў кантралюецца прыхільнікамі Гусейнава[39]. Міністр замежных спраў Азербайджана Тофік Гасымаў  (англ.) звінаваціў Расію ў дачыненні да гянджынскіх падзей[40], але расійскі бок афіцыйна аспрэчыў гэта[41]. Дзярждэпартамент ЗША і МЗС Турцыі  (англ.) выказалі падтрымку Эльчыбею як усенародна абранаму кіраўніку дзяржавы ў яго канфлікце з мяцежнікамі[37].

Пасля настойлівых вымогаў мітынгоўцаў, якія сабраліся ў тыя дні перад рэзідэнцыяй кіраўніка дзяржавы, Абульфаз Эльчыбей выступіў на плошчы каля прэзідэнцкага палаца і абвясціў, што не збіраецца сыходзіць у адстаўку. Ён заявіў, што яго лёс можа вырашыць толькі рэферэндум. Пазней тэлебачанне зачытала зварот Эльчыбея, у якім ён заклікаў мяцежнікаў скласці зброю[38]. У прынятым звароце да салдат і афіцэраў 709-й вайсковай часці ён заклікаў іх «як грамадзян не разліваць кроў сваіх аднагодкаў, якія стаяць на варце дзяржавы і народа»[39]. Адлегласць паміж урадавымі сіламі і мяцежнікамі ўсё больш скарачалася. На 18 чэрвеня Гусейнаў прызначыў дату ўводу войскаў у Баку, матывуючы гэта тым, што яго вымогі пра адстаўку кіруючых асоб (прэзідэнта, міністра абароны, міністра ўнутраных спраў, міністра нацыянальнай бяспекі) не выконваюцца[42]. На загад Міністэрства абароны  (англ.) вакол сталіцы сталі капаць траншэі і будаваць барыкады, на якіх выстаўляліся пасты[43]. Эльчыбей зняў з пасад міністраў бяспекі і ўнутраных спраў, прызначыўшы в.а. адпаведна Раўшана Джавадава  (руск.) і Наміга Абасава  (руск.)[44]. У той жа дзень часткі нацыянальнай арміі выступілі супраць выкарыстання арміі для вырашэння палітычных пытанняў і абвясцілі, што не зробяць супраціўлення часцям Сурэта Гусейнава[45].

Адхіленне ад улады[правіць | правіць зыходнік]

Нечакана, у ноч з 17 на 18 чэрвеня, у становішчы поўнай сакрэтнасці Абульфаз Эльчыбей выляцеў з бакінскага аэрапорта «Біна» ў Нахічэвань і пасяліўся ў родным паселішчы Келекі. Ні члены ўрада, ні старшыня Вярхоўнага Савета нічога не ведалі пра гэта. У паведамленні прэс-службы Азербайджана ўчынак прэзідэнта расцэньваўся як «ад'езд кіраўніка дзяржавы са сталіцы ў сувязі з ускладненнем унутранага становішча»[44]. Праз дзень дзяржсаветнік Арыф Гаджыеў  (руск.) заявіў, што па наяўнай у яго інфармацыі «некаторыя ўрадавыя сілы, падкупленыя мяцежнікамі, учора спрабавалі здзейсніць арышт і замах на жыццё прэзідэнта. З мэтай прадухілення кровапраліцця Абульфаз Эльчыбей з'ехаў у Нахічэвань»[45]. 21 чэрвеня Мілі Меджліс прыняў дзве пастановы: адна, што заклікала Эльчыбея неадкладна вярнуцца ў сталіцу для кіраўніцтва абаронай горада, іншая — заклік да Сурэта Гусейнаву сесці за стол перагавораў[46]. У той жа дзень Сурэт Гусейнаў у Гянджы абвясціў пра тое, што «бярэ ў свае рукі ўсе паўнамоцтвы»[47]. Яго падраздзяленні да таго часу знаходзіліся ўжо ў 20 км ад Баку.

Вечарам 23 чэрвеня адкрылася экстранае пасяджэнне парламента, што доўжылася да глыбокай ночы. У позве пасяджэння стаялі два пытанні: ці трэба арганізаваць сустрэчу Эльчыбея з Сурэтам Гусейнавым і ў стане кіраўнік дзяржавы выконваць свае абавязкі, знаходзячыся за межамі сталіцы і ці варта перадаць яго паўнамоцтвы старшыні парламента Гейдару Аліеву? Кіраўнік МЗС Т. Гасымаў і дзяржсакратар Алі Керымаў  (англ.) паведамілі, што прэзідэнт гатовы сустрэцца з мяцежным палкоўнікам. Аднак той у сваёй тэлефанаграме Мілі Меджлісу адмовіўся ад падобнай сустрэчы[48]. Па ініцыятыве лідара апазіцыйнай Партыі нацыянальнай незалежнасці  (руск.) Этыбара Мамедава  (англ.) на абмеркаванне парламента быў пастаўлены праект пастанова пра вотум недаверу кіраўніку дзяржавы і перадачы яго паўнамоцтваў Гейдару Аліеву, што выклікала адмоўную рэакцыю ў дэпутатаў Народнага фронту і юрыстаў прэзідэнцкага апарата. У 2 гадзіны ночы 24 чэрвеня старшыня парламента прапанаваў перапыніць на час пасяджэнне і даць яшчэ адзін шанец Абульфазу Эльчыбею, каб той прыняў канчатковае рашэнне[49]. Да таго часу паступілі звесткі, што часці Сурэта Гусейнава кантралююць Сумгаіт[48]. Пасты на заездзе і выездзе з Баку, а таксама пасты ў бакінскага аэрапорта «Біна» кантраляваліся супольнымі сіламі паліцыі і падраздзяленнямі Сурэта Гусейнава[50].

Эльчыбей абяцаў па факсе перадаць адказ у Баку. Прыкладна да 19:00 25 чэрвеня ў парламент паступіў адпаведны дакумент, які аднак не быў завізаваны і адпаведна не меў юрыдычнай сілы. У ім Эльчыбей ахарактарызаваў падзеі ў краіне як дзяржаўны пераварот і зноў паўтарыў, што не збіраецца падаваць у адстаўку. Пры гэтым ён выявіў гатовасць часова перадаць частку сваіх паўнамоцтваў старшыні парламента[51]. Да поўначы таго ж дня Мілі Меджліс Азербайджана прагаласаваў (33 галасы «за» пры трох «супраць» і адным, які ўстрымаўся) за пазбаўленне Абульфаза Эльчыбея прэзідэнцкіх паўнамоцтваў і перадачу іх старшыні парламента Гейдару Аліеву, але паколькі такое рашэнне не адпавядала Канстытуцыі краіны, то парламентары вырашылі вынесці пытанне пра давер прэзідэнту краіны на ўсенародны рэферэндум[51][52]. Вырашальную ролю ў прыняцці канчатковага рашэння згуляў адбыты ў той жа дзень тэракт у Гянджы, у выніку якога загінулі кіраўнік выканаўчай улады (мэр) гарады Вагіф Валіеў, яго намеснік і адзін з паплечнікаў Сурэта Гусейнава; апошні расцаніў гэта як чарговую спробу дыверсіі ўлад супраць яго[51]. 28 жніўня 1993 года на рэферэндуме пра давер Абульфазу Эльчыбею за яго адстаўку прагаласавалі 97,5 % грамадзян краіны[2]. Народны фронт Азербайджана назваў вынікі рэферэндуму сфальсіфікаванымі, а Дзярждэпартамент ЗША выказаў заклапочанасць з нагоды арганізацыі рэферэндуму і надзвычайных умоў яго правядзення[3]. На наступных прэзідэнцкіх выбарах  (руск.) перамогу здабывае Гейдар Аліеў, які стаў новым прэзідэнтам Азербайджана.

Апошнія гады: вяртанне ў палітыку[правіць | правіць зыходнік]

Пасля фармальнага сканчэння тэрміну сваіх прэзідэнцкіх паўнамоцтваў экс-прэзідэнт атрымаў магчымасць вярнуцца ў сталіцу. Ён быў абраны старшынём Дэмакратычнага кангрэса Азербайджана, які аб'яднаў усе асноўныя апазіцыйныя партыі краіны, стаў кіраўніком агульнанацыянальнага руху «За выбарчую рэформу і дэмакратычныя выбары». Эльчыбей выступаў за выхад краіны з СНД. У інтэрв'ю, дадзеным ім у 1998 годзе, ён выказаў сваю думку пра гэту Супольнасць:

" Сур'ёзная памылка была здзейснена падчас пабудовы такога ўтварэння, як СНД. Яно, магчыма, магло і выстаяць, калі б была задумана як Супольнасць нацый незалежных дзяржаў — я падкрэсліваю слова «незалежных», у якім правы кожнай дзяржавы: Арменіі, Грузіі і Азербайджана, былі б абаронены. Абхазы ў Абхазіі выкарыстоўваюць расійскія войскі, каб выцесніць грузінскае насельніцтва. Хіба гэта Супольнасць нацый? Расія выкарыстоўвае СНД, спрабуючы захаваць старую імперыю ў новай форме і вынаходзячы розныя механізмы для гэтага. Лідары СНД не зрабілі хоць адной сур'ёзнай спробы ўладзіць армяна-азербайджанскі канфлікт ці любыя іншыя канфлікты ў межах тэрыторыі постсавецкай зоны. Я некалі назваў СНД вялікім калгасам без правоў. Такі калгас няўхільна разваліцца, і гэта па сутнасці ўжо здарылася[53]. "

У 1996 годзе бакінскія спецслужбы раскрылі змову для аднаўлення Абульфаза Эльчыбея на пасту прэзідэнта краіны[54]. 6 лістапада 1998 года, выступаючы на прэс-канферэнцыі, Эльчыбей заявіў, што дзейны прэзідэнт Гейдар Аліеў, знаходзячыся на пасту Старшыні КДБ Азербайджана, быў датычны да стварэння Рабочай партыі Курдыстана[10], што вядзе ўзброеную барацьбу  (руск.) за стварэнне незалежнай курдскай дзяржавы ў Турцыі. Супраць Абульфаза Эльчыбея ўзбудзілі крымінальную справу па артыкуле 188-6 КК АР (абраза гонару і годнасці прэзідэнта шляхам шырання свядома лжывай інфармацыі) і ў студзені наступнага года пачаўся судовы працэс па справе экс-прэзідэнта[10].

Смерць[правіць | правіць зыходнік]

У красавіку 2000 года ў Турцыі Абульфазу Эльчыбею, у якога быў рак прадсталёвай залозы, зрабілі аперацыю, але ў чэрвені ён ізноў апынуўся ў шпіталі[8]. Яшчэ да смерці Гейдар Аліеў даручыў свайму паслу аказваць Эльчыбею ўсялякую дапамогу падчас яго лячэння ў Турцыі, а пасля скону выказаў спачуванні родным і прыхільнікам Абульфаза Эльчыбея, стварыў дзяржкамісію для арганізацыі яго пахаванняў. На пытанне журналіста пра дзеянні прэзідэнта краіны ў адносінах да свайго палітычнага праціўніка, Гейдар Аліеў адказаў:

" Так, я выяўляў клопат пра яго, вёў тэлефонныя перамовы з кіраўніцтвам Турцыі, спрыяў яго пераводу ў лепшую клініку. Першае, таму што я Прэзідэнт Азербайджана. І па канстытуцыі ўзяў абавязанне бараніць сваіх грамадзян — хто б яны ні былі і як бы да мяне ні ставіліся. Другое, чалавек павінен быць прынцыповым: рэзкім там, дзе павінна, а там, дзе гора, хвароба, дзе смерць, няможна ўспамінаць, што ён арганізоўваў супраць мяне тэрор, быў у апазіцыі да мяне, заяўляў, што Аліеў павінен пайсці. Усё гэта засталося ў гісторыі. Чалавек сканаў. А трэцяе, як бы там ні было, ён быў Прэзідэнтам Азербайджана. Хай і адзін год. Як ён прэзідэнцтваваў, што там адбылося — гэта ўжо другое пытанне. Недапушчальна не выяўляць павагі да былога прэзідэнта[55]. "

Эльчыбей сканаў раніцай 22 жніўня ў турэцкім ваенным шпіталі «Гюльханэ» ад працяглай хваробы. Раніцай 24 жніўня ў штаб-кватэры Народнага фронту Азербайджана пачалася цырымонія развітання з экс-прэзідэнтам краіны, пасля чаго труну з целам перанеслі ў будынак Акадэміі навук. Труну суправаджалі 50 тыс. чалавек[56]. У цырымоніі развітання ўзяў удзел Прэзідэнт Гейдар Аліеў. 11 хвілін, якія ён правёў ля цела, натоўп крычаў: «Найвялікшы — Эльчыбей, і няма яму роўнага»[56]. Пасля жалобнага мітынгу труну з целам Эльчыбея аддалі зямлі на Алеі ганаровых пахаванняў[57].

У жніўні 2012 года Пракуратура Баку па звароце лідара партыі «Сучасны Мусават» Хафіза Гаджыева ўзбудзіла крымінальную справу пра спробу забойства Абульфаза Эльчыбея. Гаджыеў абвясціў, што Эльчыбея незадоўга да смерці атруцілі, але гэта спрыяла толькі пагаршэнню яго здароўя, і звінаваціў у спробе забойства аднаго з яго паплечнікаў Алі Керымава, які ўзначаліў Народны фронт Азербайджана[58].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Abulfaz Elchibey // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б НАРГИЗ АСАДОВА (31.10.2005). "Ильхамово царство". Журнал «Власть». {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  3. а б "!Кризис власти в Азербайджане". Газета "Коммерсантъ". 01.09.1993. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  4. а б в "ЭЛЬЧИБЕЙ (Алиев), Абульфаз". Биобиблиографический словарь востоковедов - жертв политического террора в советский период.
  5. "Abulfaz Elchibey". Telegraph. 23 Aug 2000.
  6. а б Кто есть кто в России и в ближнем зарубежье: Справочник. — М.: «Новое время», «Всё для вас», 1993. — С. 28. — ISBN 5-86564-033-X.
  7. а б в Гасанлы Дж.П. Хрущёвская оттепель и национальный вопрос в Азербайджане (1954-1959). — М.: Флинта, 2009. — С. 632-634. — ISBN 978-5-9765-0792-0.
  8. а б в МОВСУН Ъ-МАМЕДОВ, ЮРИЙ Ъ-ЧУБЧЕНКО (23.208.000). "Умер экс-президент Азербайджана". Газета «Коммерсантъ». {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  9. С.И. Чернявский. Внешняя политика Азербайджанской Республики (1988-2003). — Баку: Адилоглы, 2003. — С. 49.
  10. а б в Алиса ЕПИШИНА (1999). "Азербайджанская республика в январе 1999 года". МЕЖДУНАРОДНЫЙ ИНСТИТУТ ГУМАНИТАРНО-ПОЛИТИЧЕСКИХ ИССЛЕДОВАНИЙ.
  11. Станислав Иванович Чернявский. Внешняя политика Азербайджанской Республики: 1988-2003 : monografii͡a͡. — Adilogly, 2003. — С. 48.
  12. а б в г Дмитрий ФУРМАН, Али АБАСОВ. "Азербайджанская революция". Sakharov-cente. Архівавана з арыгінала 21 лютага 2011. Праверана 26 сакавіка 2017. {{cite news}}: Невядомы параметр |deadurl= ігнараваны (прапануецца |url-status=) (даведка) Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 лютага 2011. Праверана 26 сакавіка 2017.Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 лютага 2011. Праверана 26 сакавіка 2017.
  13. а б АЗЕР Ъ-ХАЛИЛОВ, РОМАН Ъ-ГЛЕБОВ (18.05.1992). "Муталибовы приходят и уходят..." [руская]. Журнал «Власть». {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  14. Curtis, Glenn E.. Azerbaijan: Government and Politics:The Presidential Election of 1992. U.S. Country Studies, Library of Congress (19 сакавіка 1995). Праверана August 31, 2008.
  15. Д. Фурман Возвращение в третий мир. Грустная история про азербайджанскую демократию(руск.) // Свободная мысль. — 1993. — № 11. — С. 25.
  16. Цыганов, Олег Владимирович. Судьба и время Алиевых // Ильхам Алиев: открытый мир = англ.: Ilham Aliyev: Open world. — М.: Хроникёр, 2008. — С. 250. — ISBN 978-5-90123852, ББК 63.3(2)6-8.
  17. Д. Фурман Несостоявшаяся революция. Политическая борьба в Азербайджане (1988-1993 годы)(руск.) // Дружба народов. — 1994. — № 4. — С. 165.
  18. Станислав Иванович Чернявский. Новый путь Азербайджана. — Азер-Медиа, 2002. — С. 265.
  19. "Подписан двусторонний договор". Газета «Коммерсантъ». 13.10.1992. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  20. а б ВИКТОРИЯ Ъ-КУЛАКОВА (11.12.1992). "Кравчук и Эльчибей удовлетворены итогами визита". Газета «Коммерсантъ». {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  21. "Азербайджан: Уже мир, но еще война". «Известия». 1992. – 10 июня, среда. – № 135 (23709). {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка) Архіўная копія. Архівавана з першакрыніцы 6 кастрычніка 2013. Праверана 8 мая 2023.
  22. "Карабах: хронология конфликта" [руская]. Русская служба Би-би-си. 29 августа 2005 г. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  23. Том де Ваал (13.07.1992). "Татарский язык: обошлось без жестов" [руская]. Еженедельник "Коммерсантъ". {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  24. Сам Гу Кан. Этно-национальные конфликты в Закавказье и Центральной Азии в контексте их геополитического положения. — Институт мировой экономики и международных отношений РАН, ма 2002. — С. 16.
  25. Д. Фурман Несостоявшаяся революция. Политическая борьба в Азербайджане (1988-1993 годы)(руск.) // Дружба народов. — 1994. — № 4. — С. 164.
  26. а б Конец Второй Республики Архівавана 12 студзеня 2010. by Zardusht Alizadeh
  27. а б Сохбет Мамедов Власти в Баку призывают Гейдара Алиева для устранения угрозы гражданской войны // Известия. — 15.06.1993. — № 110 (23965). — С. 1.
  28. а б Георгий Иванов-Смоленский, Сохбет Мамедов Сурет Гусейнов «Я раб своего народа» // Известия. — 26.06.1993. — № 118 (23973). — С. 4.
  29. Чернявский С. И. Внешняя политика Азербайджанской Республики (1988-2003). — Баку: Адилоглы, 2003. — С. 121.
  30. Александр Красулин Кризис, чреватый любым исходом // Российская газета. — 23.06.1993. — № 118 (734). — С. 7.
  31. а б в Санобар Шерматова Гянджа поднимает мятеж против Баку // Московские новости. — 13.06.1993. — № 24 (670). — С. A12.
  32. Айдын Мехтиев Путч в Гяндже // Независимая газета. — 08.06.1993. — № 105 (529). — С. 3.
  33. СЕМЕН Ъ-УЛЬЯНИЧ (11.06.1993). "Гейдару Алиеву предложили возглавить правительство Азербайджана". Газета «Коммерсантъ». {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  34. а б в Айдын Мехтиев Гейдару Алиеву предложен пост премьер-министра // Независимая газета. — 11.06.1993. — № 108 (532). — С. 3.
  35. Ариф Усейнов Азербайджан: Кризис власти нарастает // Российская газета. — 11.06.1993. — № 111 (727). — С. 7.
  36. Сохбет Мамедов Гейдару Алиеву предложено возглавить правительство Азербайджана // Российская газета. — 11.06.1993. — № 109 (23964). — С. 2.
  37. а б Айдын Мехтиев Повстанцы захватили пять районов республики. Гейдар Алиев продолжает переговоры с мятежниками // Независимая газета. — 15.06.1993. — № 109 (533). — С. 1.
  38. а б Айдын Мехтиев Гейдар Алиев вернулся в Баку // Независимая газета. — 17.06.1993. — № 111 (535). — С. 1.
  39. а б Георгий Иванов-Смоленский, Сохбет Мамедов Кризис в Азербайджане преодолеть пока не удаётся // Известия. — 18.06.1993. — С. 1.
  40. Сохбет Мамедов Заявление министра иностранных дел Азербайджана // Известия. — 15.06.1993. — № 110 (23965). — С. 2.
  41. Радий Фиш Две России в Азербайджане // Московские новости. — 27.06.1993. — № 26 (672). — С. A5.
  42. Чернявский С. И. Внешняя политика Азербайджанской Республики (1988-2003). — Баку: Адилоглы, 2003. — С. 125.
  43. Айдын Мехтиев Мятежный полковник хочет быть президентом // Независимая газета. — 18.06.1993. — № 112 (536). — С. 1.
  44. а б Айдын Мехтиев Абульфаз Эльчибей исчез // Независимая газета. — 19.06.1993. — № 113 (537). — С. 1.
  45. а б Санобар Шерматова Курс — на Москву // Московские новости. — 27.06.1993. — № 26 (672). — С. A5.
  46. Айдын Мехтиев Национальное собрание требует от Абульфаза Эльчибея вернуться в Баку и возглавить оборону города // Независимая газета. — 23.06.1993. — № 115 (539). — С. 1.
  47. Георгий Иванов-Смоленский, Сохбет Мамедов Полковник Сурет Гусейнов заявил, что берёт в свои руки все полномочия в Азербайджане // Известия. — 23.06.1993. — № 115 (23970). — С. 1.
  48. а б Джовдэт Джафаров Эльчибею дали время подумать. — 25.06.1993. — № 117 (541). — С. 3.
  49. Георгий Иванов-Смоленский, Сохбет Мамедов Президенту Абульфазу Эльчибею на принятие решения отпущено 12 часов // Известия. — 25.06.1993. — № 117 (23972). — С. 2.
  50. Джовдэт Джафаров Эльчибей возвращаться не хочет // Независимая газета. — 24.06.1993. — № 116 (540). — С. 2.
  51. а б в Георгий Иванов-Смоленский, Сохбет Мамедов Абульфаз Эльчибей отстранён от власти. Полномочия президента переданы Гейдару Алиеву // Известия. — 26.06.1993. — № 118 (23973). — С. 1.
  52. ДМИТРИЙ Ъ-КАМЫШЕВ (31.07.1993). "Судьбу президента решит народ". Газета «Коммерсантъ». {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  53. "Abulfaz Elchibey, former President of Azerbaijan". Literaturnaya Gazeta in Russian. 4 Mar 98. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  54. Журнальный зал | Новый Мир, 1998 N9 | МАРК ФЕЙГИН. Закавказский узел.
  55. Азер Мурсалиев (05.09.2000). "Гейдар Алиев: я всегда хотел, чтобы Азербайджан был независимым" [руская]. Газета «Коммерсантъ». {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  56. а б "Как хоронили лидеров стран СНГ". Газета «Коммерсантъ». 25.04.2007. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  57. "Баку прощается с экс-президентом". Газета «Коммерсантъ». 24.08.2000. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  58. "В Азербайджане завели дело об отравлении экс-президента Эльчибея". "Лента.Ру". 17.08.2012. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Відэаматэрыялы[правіць | правіць зыходнік]