Бікіні (атол)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Атол Бікіні)
Бікіні
марш. Pikinni
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча6 км²
Насельніцтва
  • 9 чал. (2011)
Размяшчэнне
11°35′ пн. ш. 165°23′ у. д.HGЯO
АрхіпелагМаршалавы Астравы
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Бікіні (атол) (Маршалавы Астравы)
Бікіні
Бікіні
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Бікіні (англ.: Bikini, маршал.: Pikinni) — атол на поўначы Маршалавых Астравоў, сумна вядомы выпрабаваннямі ядзернай зброі. Плошча сушы — 6 км². Сталага насельніцтва ў наш час няма.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Атол Бікіні знаходзіцца ў субэкватарыяльнай зоне Ціхага акіяна ў 821 км на паўночны захад ад Маджура, сталіцы Маршалавых Астравоў.

Вывучэнне атола Бікіні амерыканскімі ваеннымі дало практычнае пацверджанне гіпотэзы Чарльза Дарвіна аб паходжанні атолаў. Даследаванні паказалі, што ён складаецца з вапнякоў — рэштак каралаў, размешчаных на вяршыні падводнага вулкана. Атол уяўляе сабою лагуну да 40 км у даўжыню і 23 км у шырыню, якую атачае няроўнае кола каралавага рыфа з 23 невялікімі астраўкамі, мноствам скал і скалістых водмеляў. У выніку выпрабаванняў ядзернай зброі ў лагуне ўтварыліся глыбокія штучныя кратары. Найбольшы кратар Брава знаходзіцца на паўночным захадзе атола.

Клімат субэкватарыяльны засушлівы. Сярэднегадавая тэмпература трымаецца на ўзроўні каля +27,5 — 31 °C.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Да 1946 г. большая частка сушы была занята насаджэннямі какосавай пальмы і ксерафітнымі раслінамі. Жыхары Бікіні вырошчвалі тара. Даследаванне 1985 г. паказала, што культурныя расліны саступілі месца дзікім, дамінуюць засушлівыя травы і хмызнякі[1]. Фаўна бедная — некалькі відаў птушак, яшчаркі і казуркі. Незвычайным з’яўляецца поўнае ўзнаўленне каралаў у лагуне, нават у раёне кратара Брава[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Жыхары Бікіні пакідаюць сваю радзіму, 1946 г.

Атол Бікіні быў населены мікранезійцамі ўжо ў 2 тысячагоддзі да н. э. На маршальскай мове назва атола (Pikinni) азначае «паверхня какоса». Хаця Бікіні даволі ізаляваны, яго насельніцтва знаходзілася ў сталых стасунках з жыхарамі Маршалавых астравоў, па сваёй культуры мала адрознівалася ад іншых маршальцаў. Асноўнымі заняткамі з’яўляліся земляробства і рыбалоўства. Астравы атола былі падзелены паміж некалькімі тэрытарыяльна-родавымі супольнасцямі, на чале якіх стаялі правадыры. У 1946 г. на Бікіні жыло 167 чал.

Сталыя кантакты тубыльцаў з еўрапейцамі пачаліся з 1820-х гг. пасля наведвання расійскай экспедыцыі на чале з О. Кацэбу. У канцы XIX ст. пратэстанцкія місіянеры распаўсюдзілі хрысціянства. У 18991914 гг. атол Бікіні знаходзіўся пад кантролем Германіі. У 19141945 гг. — пад кантролем Японіі. Пасля заканчэння II сусветнай вайны трапіў пад кантроль ЗША.

У лютым 1946 г. камандуючы ВМС ЗША ў Ціхім акіяне звярнуўся да тубыльцаў з прапановай пакінуць атол на «карысць чалавецтва і канцу ўсім сусветным войнам». Насельнікі Бікіні далі згоду і былі добраахвотна пераселены спачатку на атол Рангерык, а ў 1948 г. — на незаселены востраў Кілі. З 1946 г. да 1958 г. ЗША правялі на Бікіні 4 ваенныя аперацыі, што суправаджаліся 23 выпрабаваннямі ядзернай зброі. З аднаго боку, выпрабаванні спрыялі паляпшэнню ваеннага патэнцыялу ЗША і навуковаму вывучэнню наступстваў ядзернай катастрофы. З другога боку, ад выпрабаванняў пацярпела не толькі прырода Бікіні, але таксама суседнія астравы, асабліва атол Рангелап, а таксама судна японскіх рыбакоў «Фукуру Мару».

Між тым пераселеныя на малы востраў Кілі карэнныя жыхары Бікіні апынуліся ў складаным становішчы. З-за адсутнасці лагуны і высокіх марскіх хваль яны не маглі нармальна займацца рыбалоўствам. Тайфуны пашкодзілі насаджэнні какосавай пальмы. Падвоз харчавання быў ускладнены з-за дрэнных умоў навігацыі. Няўдачай скончылася спроба перасялення часткі насельніцтва на атол Джалуіт.

У 1968 г. у сувязі з навуковай справаздачай аб памяншэнні ўзроўню радыяцыі на Бікіні прэзідэнт Джонсан дазволіў вяртанне бікінцаў на радзіму. Да гэтага часу іх колькасць узрасла да 580 чал. Пачалося аднаўленне інфраструктуры, будаўніцтва жылля і пасадка какосаў. У 1972 г. некалькі сем’яў сапраўды вярнуліся на атол, але ўжо праз некалькі гадоў стала зразумела, што забеспячэнне сябе харчам з дапамогай мясцовых рэсурсаў немагчыма з-за ўсё яшчэ вялікай колькасці радыенуклідаў. французскія спецыялісты выявілі, што небяспеку для здароўя мае нават пітная вада. У 1975 г. перасяленцы пачалі судовы працэс супраць адміністрацыі ЗША, якая не паклапацілася пра папярэднія даследаванні. У 1978 г. яны зноў пераехалі на Кілі і Маджура.

У 1986 г. апека ЗША над Маршалавымі Астравамі скончылася, яны атрымалі абмежаваную незалежнасць. У 1987 г. правадыры бікінцаў наведалі родны атол, каб пацвердзіць свае правы на тэрыторыю. У 1994 г. парламент Маршалавых Астравоў накіраваў афіцыйны запыт да МАГАТЭ аб правядзенні дадатковых вымярэнняў. У 1998 г. МАГАТЭ апублікавала вынікі свайго даследавання і рэкамендавала не размяшчаць на атоле сталыя паселішчы, хаця яго часовае наведванне магчыма.

Ядзерныя выпрабаванні[правіць | правіць зыходнік]

Выпрабаванне 25 ліпеня 1946 г.
Назва аперацыі Правядзенне Колькасць Моц
Скрыжаванне (англ.: Crossroads) 30 чэрвеня 1946 г.—24 ліпеня 1946 г. 2 21 кілатона, 42 кілатоны
Замак (англ.: Castle) 28 лютага 1954 г.—13 мая 1954 г. 6 да 48,2 мегатоны
Дрозд (англ.: Redwing) 20 мая 1956 г.—20 ліпеня 1956 г. 6 да 18,265 мегатон
Сухар-1 (англ.: Hardtack I) 28 красавіка 1958 г.—18 жніўня 1958 г. 10 144 кілатоны — 12,02 мегатоны

Ахова[правіць | правіць зыходнік]

У 2010 г. зона выпрабаванняў ядзернай зброі на атоле Бікіні, агульнай плошчай 73 500 га, была ўнесена ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Сцяг ЮНЕСКА Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 1339
рус.англ.фр.