Банджарцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Банджарцы
(Urang Banjar, Galambang Banjar)
Танец бакса кембанг
Агульная колькасць 4444000 (2023 г.)
Рэгіёны пражывання  Інданезія — 761000

 Малайзія — 20000

Мова банджарская мова
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы малайцы, бетаві, ібан

Банджа́рцы, або банджа́р (саманазвы Urang Banjar, Galambang Banjar) — аўстранезійскі народ, карэнныя насельнікі вострава Калімантан. Жывуць у Інданезіі і Малайзіі. Агульная колькасць (2023 г.) — 4 444 000 чалавек[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Хаця банджарцы разглядаюцца як карэнны народ вострава Калімантан, яны нароўні з малайцамі не ўваходзяць у групу абарыгеннага насельніцтва, вядомага як даякі. Продкі банджарцаў перасяліліся з Явы і Суматры на поўдзень Калімантана ў эпоху сярэднявечча. Яны заснавалі індуісцкія дзяржавы, што знаходзіліся ў залежнасці ад імперыі Маджапахіт.

У 1526 г. месца індуісцкіх дзяржаў заняў Банджарскі султанат з цэнтрам у Банджармасіне. Асноўнай рэлігіяй у ім стаў іслам. Банджарцы вырошчвалі перац, вялі актыўны гандаль з Індыяй і Кітаем. Саслабленне ўлады султанаў прывяло да вонкавага ўмяшання з боку галандцаў. У 1817 г. яны дамагліся кантролю над значнай тэрыторыяй султаната, а ў 1860 г. пасля кароткай, але кровапралітнай вайны наогул ліквідавалі яго.

Банджарцы аказавалі супраціўленне каланізатарам. Паўстанні працягваліся да пачатку XX ст. Адметную ролю ў барацьбе адыгрывалі мусульманскія дзеячы. Яшчэ адной формай пазбягання залежнасці была міграцыя на Малайскі паўвостраў, ўздоўж усходняга ўзбярэжжа Калімантана або па рэках — углыб вострава, што садзейнічала шырокаму рассяленню прадстаўнікоў гэтага народа.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Банджарская шматкамерная хаціна

Традыцыйным заняткам банджарцаў з'яўляецца сельская гаспадарка. Апрацоўка забалочаных і прыліўных угоддзяў патрабуе навыкаў меліярацыі. Банджарскія сяляне навучыліся каналізаваць частку рачных сцёкаў, асушаць нізіны, выкарыстоўваць торф і глей у якасці ўгнаення. Зямлю апрацоўвалі з дапамогай драўлянага плуга запрэжанага буйваламі. Галоўнай харчовай культурай быў рыс. Для камерцыйных патрэб вырошчвалі чорны перац. У нашы дні шэраг камерцыйных культур значна павялічаны. Раёны, населеныя банджарцамі, славяцца плантацыямі гевеі, цытрусавых, какава, розных тэхнічных культур і г. д. Яшчэ адзін традыцыйны занятак — рыбалоўства. Цікава, што большасць рыбакоў займаецца здабычай ва ўнутраных вадаёмах. Распаўсюджаныя рамёствы — пляценне, апрацоўка драўніны, металаў, каштоўных камянёў, выраб батыку. У наш час многія банджарцы працуюць у прамысловасці, камерцыйных і дзяржаўных установах, займаюцца гандлем.

Асноўнымі інгрыдыентамі банджарскай кухні з'яўляюцца рыс і спецыі. Галоўная паўседзённая страва — рысавы суп сота, які можа ўключаць мяса, рыбу, гародніну. У краінах Паўднёва-Усходняй Азіі асобна вылучаюць банджарскі сота з курыцай, яйкам, цыбуляй і гваздзіком. На поўдні Калімантана інгрыдыенты для банджарскага сота болей разнастайныя. Да супоў падаюць закускі і дэсерты. Імі могуць быць салодкая рысавая каша бабур хабанг або рысавыя пірагі з рознай формай і розным смакам. Каша і пірагі выкарыстоўваюцца таксама ў рытуальнай і нават лекавай практыцы. Рыбу часцяком пякуць і перад прыёмам у ежу паліваюць лаймавым сокам.

Паўседзённая народная вопратка для мужчын — кароткія штаны салавар кулук, да якіх могуць апранаць кашулю і галаўную хустку. У якасці альтэрнатывы выкарыстоўваюць доўгія штаны салавар панджанг, кашулю і капялюшык печы. Вопратка арыстакратаў уключае некалькі відаў кашуль, галаўную хустку і брыджы салавар пиданданг. Жанчыны апранаюць саронг тапі курунг, кароткую кашулю з доўгімі рукавамі кебая і галаўны ўбор какамбан. Арыстакратак вылучае баджу курунг базісіт, кашуля з адчыненым каўняром і доўгімі рукавамі з сіняга ці чорнага атласу ці шоўку.

Кампунг, вёскі банджарцаў, звычайна будуюць уздоўж ракі або дарогі, прычым фасад жытлаў заўсёды адвернуты ад вады, але павернуты да дарогі. У кампунг абавязкова маюцца мячэць, адно ці некалькі малітоўных месцаў лангар, месца для купання і базар. Тыповая каркасная хаціна румах бубунган тынгі з высокім дахам і плеценымі сценамі. Пярэдняя частка хаціны — палатаран, адкрытая веранда, дзе сям'я адпачывае і прымае гасцей. Знутры хаціна чатырохкамерная. Сцены паміж камерамі ўпрыгожваюць разьбярным дэкорам. Спяць на ўзвышэннях аджунг. Для незамужніх дзяўчат маецца асобнае памяшканне каціл.

Асноўная сацыяльная адзінка — малая нуклеарная або вялікая пашыраная сям'я. Нуклеарная сям'я складаецца з мужа, жонкі або жонак і іх дзяцей. Іслам, асноўная рэлігія банджарцаў, дазваляе ім абмежаваную палігінію, таму шматжонства не з'яўляецца рэдкасцю. Калі маладая сям'я не мае свайго кута, яна жыве ў хаціне бацькоў жонкі, дзе звычайна займае асобную прыбудову. Такім чынам узнікае пашыраная сям'я. Жаніха выбіраюць бацькі нявесты, яна бачыць свайго абранніка толькі ў дзень вяселля. Адлік сваяцтва вядзецца па мужчынскай і жаночай лініях.

Хаця ў нашы дні старыя сацыяльныя абмежаванні не адыгрываюць значнай ролі, захоўваецца памяць аб прыналежнасці таго ці іншага чалавека да арыстакратаў туту або прастачын джаба. Болей важнымі з'яўляюцца наяўнасць адукацыі, прафесія або прыбытку. Асобна вылучаецца пласт рэлігійных служак і дзеячоў. Высокі сацыяльны статус старых людзей падкрэсліваецца тым, што яны падчас ежы сядзяць асобна на болей узвышаных месцах, чым астатнія.

Банджарскі фальклор надзвычай багаты, насычаны казачнымі і міфалагічнымі сюжэтамі. Адна з распаўсюджаных форм яго трансляцыі — тэатр аднаго актора баламут, калі апавяданне суправаджаецца акампаніментам барабана, часам іншых інструментаў. Відавочна, болей старажытныя карані мае тэатр маманда, дзе ў пастанове ўдзельнічаюць не толькі акторы, але і гледачы. Сюжэты для яго запазычаны ў арабскіх казках, але абавязкова прысутнічаюць мясцовыя героі. Класічны характар маюць жаночыя прывітальны танец бакса кембанг і танец з маскамі топенг.

Літаратура на банджарскай мове ўзнікла ў перыяд існавання Банджарскага султаната. Шырока вядомы летапіс «Хікаят Банджар», складзены ў XVII ст., а таксама мусульманскія тэксты «С'яр Таджулмулук» і «Сіты Забаідах», якія выкарыстоўвалі для гадання.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць вернікаў спавядае іслам. Распаўсюджаны вера ў духаў, прывідаў, магію.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]