Васкрасенская царква (Гродна)
Славутасць | |
Васкрасенская царква | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | |
Архітэктурны стыль | Гродзенская школа дойлідства |
Васкрасенская царква — сярэднявечная праваслаўная царква, якая існавала ў Гродне ў 12—17 стагоддзях. Адносілася да Гродзенскай школы дойлідства. Дакладнае месцазнаходжанне царквы невядома, лічыцца, што яна знаходзілася на тэрыторыі Новага замку.
Лакалізацыя. Археалагічныя даследаванні
[правіць | правіць зыходнік]Была пабудавана на тэрыторыі Ніжняга горада і хутчэй за ўсё была ўзведзена ў адным стылі з Каложскай і Ніжняй. Дакладнае месцазнаходжанне храма да гэтага часу яшчэ не высветлена. Летам 2004 года пры пракладцы трубы водаправода каля брамы Новага Замка былі знойдзены рэшткі збудаванняў з плінфы. Аднак гродзенскія археолагі канстатавалі, што справа ідзе аб паўторным выкарыстанні плінфы. У выніку рэшткі муроў былі засыпаны, каб не перашкаджаць выезду машын з гаража аблвыканкама.
Шырокіх археалагічных доследаў тэрыторыі Новага Замка не праводзілася. Толькі ў 1987—1988 невялікі раскоп быў закладзены археолагам Аляксандрам Краўцэвічам, падчас якога выяўлены рэшткі керамікі і збаноў-галаснікоў, а ў 2010 годзе былі праведзены раскопкі на курданёры замка, выяўлены рэшткі падмуркаў, аднак матэрыяльнае забеспячэнне ўстаноў культуры не дазволіла прадоўжыць раскопкі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Васкрасенская царква адносілася да групы культавых пабудоў раннесярэднявечнага горада. Яна была вымуравана ў 12 стагоддзі на абшары вакольнага горада, які размяшчаўся на суседнім з Замкавай гарой узвышшы.
Паводле гравюры Цюнта, на тэрыторыі сучаснага Новага Замка знаходзіліся: Васкрасенская царква, Каралеўскі дом, мост і два доўгіх будынкі (адзін мураваны, другі драўляны).
У 1613 годзе Васкрасенская царква згарэла і была перанесена ў горад на Рззніцкую вуліцу. Паводле інвентара 1633 годзе ў каралеўскім двары знаходзілася ў тым ліку і мураваная царква. Месцазнаходжанне царквы было апісана ў інвентары гарадзенскага замка 1653 года: «Зыходзячы з замку мураванага на парках, з моста ідучы направо, мураваная царква; под ей склеп». Царкоўная юрыдыка складалася з дзвюх частак: пляцоў, што ляжалі на тэрыторыі колішняга вакольнага горада, ды манастыра з Малой царквой.
Паводле нататак гарадзенскага пратапопа Юзафа Валевіча, якому было даручана правядзенне праверкі царкоўных пабудоў ў 1659 годзе, высветлілася, што «непрыяцель маскоўскі вывез царкоўныя дакументы, літургічныя начынні ды званы». Апроч таго, былі забіты святары Стэфан Лацэвіч, Якуб Парфяновіч і Ян Бароўскі.
Рэвізія Гародні 1680 года не змяшчае аніякай інфармацыі пра яе, хутчэй за ўсё яна была разбурана падчас вайны з Масквой.
Паводле крыніц 1752 года царкоўныя фундушавыя пляцы ляжалі на правым баку Рэзніцкай вуліцы, якая ішла з Рынку. Яны былі забудаваны дворыкам і плябаніяй. Лаканічнае апісанне збудаванняў царкоўнай юрыдыкі змешчана на плане Гародні 1753 года: «юрыдыка рускага папа». У 1754 годзе Васкрасенская царква трапіла ў спіс дзевяці цалкам занядбаных храмаў, пры ёй жыў прэзбітэр Лянкевіч. Не выключана, што ў другой палове 18 стагоддзі храм ужо не дзейнічаў. У 1768 годзе на царкоўных пляцах засталіся толькі могілкі. З цягам часу Васкрасенскую царкву напаткаў лёс іншых цэркваў горада.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш., Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012, 370 с., ISBN 978-93-61617-77-8
- Юрый Гардзееў. Магдэбургская Гародня. Гародня — Wroclaw: Wroclawska Drukarnia Naukowa PAN im. S. Kulczynskiego Sp. z o.o., 2008. 384 с. (Гарадзенская бібліятэка). ISBN 978-83-89185-68-6.