Вуліца Янкі Купалы (Віцебск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Вуліца Янкі Купалы
Віцебск
Фатаграфія
Забудова вуліцы
Агульная інфармацыя
Краіна Беларусь
Рэгіён Віцебская вобласць
Горад Віцебск
Назва ў гонар Янка Купала
Commons-logo.svg Вуліца Янкі Купалы на Вікісховішчы

Вуліца Янкі Купалывуліца ў цэнтры Віцебска, у Кастрычніцкім раёне. Мае працягласць каля 300 метраў, ад вуліцы Леніна да заапарка і Успенскай горкі.

Названа ў гонар беларускага паэта Янкі Купалы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першыя пабудовы на тэрыторыі вуліцы паўсталі ў XVI стагоддзі. У XVII стагоддзі прыкладна па трасе цяперашняй вуліцы Янкі Купалы праходзіла паўночная мяжа (роў і сцяна) Узгорскага замка. Сучасная забудова сфармавалася ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў. У 1920-х гадах на вуліцы знаходзілася яўрэйская бібліятэка.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Забудову вуліцы Я. Купалы складаюць дамы разнастайных архітэктурных стыляў, што характэрна для горадабудаўніцтва Беларусі другой паловы 19 — пачатку 20 ст.

Дом № 2/44. Па скрыжаванні вуліц Я. Купалы і Леніна. Пабудаваны ў канцы 19 — пачатку 20 ст. з цэглы як жылы, неатынкаваны. Двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак. Вуглавая частка зрэзана і вылучана на 2-м паверсе балконам. Лучковыя аконныя праёмы 1-га і прамавугольныя 2-га паверхаў маюць перамычкі ў выглядзе клінападобных цагляных арак і простыя ліштвы. Гарызантальныя чляненні фасадаў вылучаны міжпаверхавым філёнгавым поясам і завершаны карнізам. У цэнтры фасада — 2 уваходы. Выкарыстоўваецца ўстановай бытавога абслугоўвання.

Дом № 4. Пабудаваны ў канцы 19 — пачатку 20 ст. з цэглы як жылы. Далучаны да дома № 2 і аддзяляецца ад яго арачным праездам ва ўнутраны двор. Аднапавярховы Г-падобны ў плане будынак з паўпадвалам, накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад завершаны над карнізам высокім атыкам, апрацаваным аркатурай. Прамавугольныя аконныя праёмы ў арачным абрамленні з лапаткамі па баках. Мае 2 уваходы ў кожнае з крылаў дома. Выкарыстоўваецца гандлёвай установай.

Дом № 5. Пабудаваны ў пачатку 20 ст. з цэглы ў стылі позняга класіцызму. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае агульнае сіметрычнае вырашэнне з рытмам лучковых аконных праёмаў. Яго пластыку ўзбагачаюць прафіляваныя ліштвы акон 2-га паверха, вуглавыя лапаткі, міжпаверхавы філёнгавы пояс. 1-ы паверх апрацаваны расшыўкай па тынку пад руст. Будынак мае сіметрычнае планіровачнае вырашэнне, цэнтральнай лесвічнай клеткай падзелены на 4 жылыя секцыі. Уваход з двара.

Дом № 7. Размешчаны ў сярэдзіне шчыльнага фрагмента забудовы паміж дамамі №№ 5 і 9. Пабудаваны ў канцы 19 — пачатку 20 ст. з цэглы як жылы, атынкаваны. Кампактны двухпавярховы дом накрыты двухсхільным дахам. Плоскасны сіметрычны галоўны фасад расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі, дэкарыраваны на 2-м паверсе арачнымі сандрыкамі, пальметамі, прафіляванымі ліштвамі, карнізам і міжпаверхавым поясам. Уваход з лесвічнага вестыбюля дома № 9.

Дом № 8/7. На рагу вуліц Я. Купалы і Суворава. Пабудаваны ў канцы 19 — пачатку 20 ст. з цэглы, атынкаваны. Двухпавярховы, мае ў плане форму няправільнага чатырохвугольніка. Вуглавая частка на скрыжаванні вуліц зрэзана і вылучана балконам. Падоўжаны фасад па вул. Суворава завершаны ў цэнтры фігурным атыкам. Плоскасці фасадаў крапаваны лапаткамі, рустам, філёнгамі. Кожны паверх падзелены на 4 кватэры, аб'яднаныя вакол цэнтральнай лесвічнай клеткі, уваход з боку двара.

Дом № 9. Пабудаваны ў канцы 19 — пачатку 20 ст. з цэглы. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з руставаным цокалем. Галоўны фасад плоскасны, мае прамавугольныя аконныя праёмы з ліштвамі, сандрыкамі, філёнгамі, крапаваны міжпавярховым поясам, вуглавымі лапаткамі, дэкараваны фактурнай тынкоўкай. Планіровачна дом падзелены на 2 жылыя секцыі, уваход з боку двара праз вуглавую лесвічную клетку.

Дом № 10/18. На рагу вуліц Я. Купалы і Суворава. Пабудаваны ў пачатку 20 ст. з цэглы. У архітэктуры выкарыстаны элементы і прыёмы канструктывізму. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак. Галоўны фасад вылучаны 2 уваходнымі рызалітамі, завершаны прамавугольным атыкам і фланкіраваны пілястрамі. Вуглавая частка будынка закруглена, завершана атыкам і вылучана балконам. Прамавугольныя аконныя праёмы дэкараваны фактурнымі філёнгамі, рустам. Плоскасці фасадаў крапаваны пілястрамі і руставанымі лапаткамі. Планіровачна будынак падзелены на 2 жылыя секцыі.

Дом № 11/9. Пабудаваны ў канцы 19 — пачатку 20 ст. з цэглы як жылы. Двухпавярховы будынак складаецца з 2 узаемна перпендыкулярных крылаў уздоўж вуліц. Вуглавая частка на скрыжаванні вуліц зрэзана. Вулічныя фасады адрозніваюцца паміж сабой рознай апрацоўкай і формай аконных праёмаў. Фасад па вул. Суворава мае лучковыя праёмы з простымі ліштвамі, па вул. Я. Купалы — прамавугольныя з філёнгамі. Планіровачна дом падзелены на 3 часткі з самастойнымі ўваходамі з двара і лесвіцамі на другі паверх.

Дом № 13/20. На скрыжаванні вуліц Я. Купалы і Суворава. Пабудаваны ў другой палове 19 ст. з цэглы. У архітэктуры выкарыстаны элементы класіцызму. Аднапавярховы будынак мае ў плане форму няправільнага чатырохвугольніка. Асіметрычна вырашаныя вулічныя фасады маюць прамавугольныя вокны з ліштвамі. Плоскасць фасадаў завершана філёнгавым фрызам і буйным карнізам. Капітальнымі ўнутранымі сценамі дом падзелены на 3 часткі з самастойнымі ўваходамі, якія вылучаны паўкалонамі з антаблементам, вуглавы ўваход крапаваны руставанымі лапаткамі. Выкарыстоўваецца як жылы.

Дом № 17. Стаіць адасоблена, завяршае забудову вуліцы. Пабудаваны ў традыцыях «цаглянай» архітэктуры ў канцы 19 — пачатку 20 ст. з чырвонай цэглы як жылы, неатынкаваны. Аднапавярховы квадратны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Цэнтральная частка галоўнага, сіметрычнага па кампазіцыі фасада, дзе знаходзіцца ўваход, падкрэслена над карнізам фігурным шчытом з люкарнай. Вокны лучковыя. Насычаная пластыка фасада ствараецца мноствам краповак, філёнгаў, арак, русту, выкананых сродкамі цаглянай муроўкі. Выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Жылая забудова ХІХ – пачатку ХХ ст. // Якімовіч, Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска ХІХ – пачатку ХХ ст. / Ю.А. Якімовіч. - Мн., 1990. - С. 31.
  • Кулагін, А.М. Забудова вуліцы Янкі Купалы / А.М. Кулагін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С.В. Марцэлеў [і інш.]. – Мн., 1985. – С. 60-62.
  • Витебск: Энциклопедический справочник / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1988. — 408 с. — 60 000 экз. — ISBN 5-85700-004-1

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]