Касцёл Святога Антонія Падуанскага (Віцебск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Касцёл
Касцёл Святога Антонія Падуанскага
Viciebsk, Rynak, Bernardynski. Віцебск, Рынак, Бэрнардынскі (1910) (1).jpg
55°11′41,78″ пн. ш. 30°12′24,52″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Віцебск
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Віцебская дыяцэзія
Архітэктурны стыль архітэктура барока[d]
Будаўніцтва 17371768 гады

Касцёл Святога Антонія — каталіцкі храм з кляштарам, знаходзіўся ў Віцебску на Ратушнай плошчы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Кляштар быў фундаваны ў 1676 г. ваяводам віцебскім Янам Антоніем Храпавіцкім, у 1685 г. пабудаваны першыя драўляныя будынкі. Праз непрацяглы час ён згарэў і быў наноў адбудаваны з дрэва ў 1700 г. Падчас пажару 1733 г. касцёл зноў згарэў. У 1737 г. пачалося будаўніцтва мураванага касцёла і кляштара на сродкі Казіміра і Тэклі (з Ларскіх) Саковічаў. У 1768 г. касцёл быў асвечаны ў імя Св. Антонія беларускім біскупам-суфраганам Феліксам Тавянскім.

У 1832 г. кляштар бернардзінцаў скасаваны. У 1843 г. касцёл стаў парафіяльным і дзейнічаў да 1920-х гадоў. Спустошаны кляштарны корпус у 1855 г. перайшоў да дзяржаўных устаноў. Дзейнічаў як касцёл да 1920-х гадоў. Касцёл зачынілі, і некалькі гадоў тут працаваў «Музей атэізму», дзе захоўваліся мошчы Еўфрасінні Полацкай. У 1940-я гады спецыяльнай пастановай кляштар быў зруйнаваны. Будынак пацярпеў у гады Другой сусветнай вайны і быў канчаткова зруйнаваны ў 1961 г.

У канцы 2017 года Міністэрства культуры Беларусі ўхваліла эскізную прапанову па аднаўленні касцёла. Архітэктары Яўген Калбовіч і Ігар Рацько (навуковы кіраўнік праекта) выканалі прадпраектныя работы і ўсталявалі дакладнае месца размяшчэння старога падмурка касцёла, раскапаўшы яго частку. Касцёл прапануецца аднавіць, ссунуўшы яго на некалькі метраў ад першапачатковага месца, улічваючы сучаснае становішча і загружанасць вул. Леніна, адной з галоўных магістралей горада[1]. Супраць гэтай прапановы выступіла Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Паводле старшыні таварыства Антона Астаповіча, пераносіць помнік з яго гістарычнага месца недапушчальна, бо гэта будзе «псеўдааднаўленне», якое «парушае і міжнародныя методыкі, і прынцыпы, закладзеныя ў нацыянальных нарматыўна-прававых актах і ў тэхнічных нарматыўных дакументах»[2].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Трохнефавы будынак меў толькі чатыры ўнутраныя апоры, дзякуючы чаму яго вонкавы контур плана блізкі да квадрата (без рызніц абапал галоўнага алтара). У адрозненні ад большасці касцёлаў Беларусі вонкавы фасад гэтага касцёла мае абрысы, якія развіваюцца ў шырыню. Магчыма, што гэта распластанасць была выклікана вялікай працягласцю самой Ратушнай плошчы, для якой быў неабходны расцягнуты па гарызанталі фасад.

Фасад меў трохчасткавае чляненне: дзве вежы і шырокая паласа паміж імі, якая адпавядала сярэдняму нефу. Кожная частка стылістычна блізкая да пануючага ў той час віленскага барока, для якога характэрны стройныя, выцягнутыя па вертыкалі ажурныя сілуэты. Бернардзінскі касцёл дзякуючы свайму расцягнутаму агульнаму абрысу гарманаваў з працяглай па гарызанталі масай кляштара.

Інтэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

Паўкруглую апсіду ў інтэр'еры запаўняў магутны 2-ярусны барочны алтар, падсвечаны 2 высокімі бакавымі арачнымі аконнымі праёмамі. Першы ярус алтара быў вырашаны карынфскай каланадай, што несла крапаваны прафіляваны антаблемент, другі ўяўляў сабой прамавугольны шчыт з ляпным пано «Глорыя» і бакавымі валютамі з фігуркамі анёлаў. Ідэнтычна, але ў меншым маштабе, былі вырашаны кулісныя алтары. Падлога была выкладзена тэракотавай пліткай. Сярод касцельнага начыння вылучаўся абраз-палатно «Св. Іасафат» у фігурнай разной раме ў стылі ракако.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыклапедычны даведнік — Мн.: БелЭн, 2000. — 216 с. — ISBN 985-11-0187-7
  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001. — С. 240—241. — 287 с.: іл. — ISBN 985-04-0499-X

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]