Касцёл Святога Іосіфа і калегіум езуітаў (Віцебск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сакральнае збудаванне
Касцёл Святога Іосіфа і калегіум езуітаў
Касцёл Св. Іосіфа і калегіум езуітаў, 1860-я
Касцёл Св. Іосіфа і калегіум езуітаў, 1860-я
55°11′35,60″ пн. ш. 30°12′24,49″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Віцебск
Архітэктурны стыль архітэктура барока[d]
Дата заснавання XVII ст.
Дата скасавання 1956
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Святога Іосіфа[1] і калегіум езуітаў — колішні рымска-каталіцкі кляштарны і адукацыйны комплекс у Віцебску. Дзейнічаў у XVII — 1-й пал. XIX стст., існаваў да сяр. XX ст. Знаходзіўся на тэрыторыі Ніжняга замка на левым беразе рэчкі Віцьба.

Займаў вялікую плошчу, на заходнім баку якой размяшчаліся касцёл і будынак калегіума, што ўваходзілі ў адзіны комплекс і складалі замкнёны прамавугольны двор. Усходні бок займаў вялікі сад і агарод. Паміж садам і будынкамі касцёла і калегіума знаходзіўся гаспадарчы двор, перыметрам якога стаялі мураваныя і драўляныя 1-павярховыя службовыя збудаванні. На поўдзень ад гэтай тэрыторыі праз вуліцу знаходзілася 2-павярховая мураваная езуіцкая школа. Ля моста праз Віцьбу стаяла мураваная брама з капліцай, дзе штодня праводзіліся набажэнствы. У 1956 годзе бальшавікі зруйнавалі ўсе кляштарныя збудаванні, да нашага часу захаваліся падмуркі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Праекты і абмеры
Касцёл
Калегіум
Школа

Айцы-езуіты з'явіліся ў Віцебску ў 1637 годзе. У 16401644 гадах з фундацыі ваяводы смаленскага Аляксандра Корвін-Гасеўскага тут збудавалі першы драўляны касцёл Святога Іосіфа, спалены ў 1708 годзе разам з усім горадам на загад цара маскоўскага Пятра I[2].

Езуіцкі кляштарны комлекс хутка зрабіўся значным асветніцкім асяродкам: пры ім дзейнічала семінарыя для дзяцей збяднелай шляхты, друкарня і тэатр[2]. У 1682 годзе адкрыўся калегіум, уводзіліся курсы філасофіі і маральнай тэалогіі[3].

У 1716 годзе на сродкі кашталяна віцебскага Марцыяна Міхала Агінскага і мясцовай шляхты пачалося ўзвядзенне мураванага касцёла, якое завяршылася ў асноўным да 1731 года. Кіраваў працамі італьянскі дойлід К. Ангіяліні, аўтар алтара святыні і выкладчык тэорыі архітэктуры ў калегіуме[4]. Асвячэнне касцёла адбылося ў 1751 годзе пасля аздаблення інтэр'ера.

Мураваныя будынкі калегіума ўзводзіліся ў 16911714 і 17371755 гадах. Яны значна пацярпелі ад пажараў у 1757 і 1762[3]. Аднаўленне калегіума вялося да 1799 года, у выніку чаго ён набыў рысы пераходнага стылю ад барока да класіцызму.

У 1820 годзе расійскія ўлады ліквідавалі ордэн езуітаў. У 18221839 гадах будынкі займалі базыляны (уніяты). Пасля забароны Грэка-Каталіцкай Царквы, у 1843 годзе ўлады перадалі комплекс Маскоўскаму патрыярхату, а касцёл Святога Іосіфа перабудавалі і пераасвяцілі ў сабор Святога Мікалая (у гонар расійскага імператара). Адбылася замена фігурных завяршэнняў вежаў і цэнтральнага купала з «заломам», бачных на акварэлі Ю. Пешкі пачатку ХІХ ст., на паўсферычныя купалы, а над гадзіннікавай вежай з'явіўся высокі ампірны шпіль.

У 1872 годзе ў час капітальнага рамонту комплексу вежу калегіума цалкам разабралі, а вежы касцёла перабудавалі ў стылі маскоўскай сярэднявечнай архітэктуры.

Неаднаразовыя перабудовы значна змянілі аўтэнтычны выгляд помніка, аднак яго значэнне ў арганізацыі прасторы і сілуэтнай панарамы цэнтра Віцебска як і раней заставалася істотным. Разам з комплексам бернардзінскага кляштара калегіум езуітаў ствараў нібыта люстэркавую сіметрыю Рыначнай і Саборнай плошчаў і адзіны архітэктурны ансамбль. Аднак у 1956 годзе (паводле іншых звестак у 1957[3]) бальшавікі знішчылі абодва кляштарныя комплексы з мэтай «упарадкавання і рэканструкцыі» цэнтра горада[5].

У наш час улады Віцебску збіраюцца адбудаваць колішні езуіцкі кляштарны комплекс з далейшай перадачай будынкаў Маскоўскаму патрыярхату. Плануецца, што аднаўленне святыні адбудзецца не ў пачатковым барочным выглядзе, а з пазнейшымі мураўёўскімі перабудовамі (залатыя купалы-цыбуліны над вежамі і барабанам, знявечаны франтон галоўнага фасада і інш.).

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Іканаграфія касцёла Святога Іосіфа і калегіума езуітаў
Агульны выгляд
Фрагмент акварэлі Ю. Пешкі
Выгляд з боку апсіды
Малюнак У. Баярскага
З боку Замкавай вуліцы
У перспектыве ракі Віцьба
У перспектыве Смаленскай вуліцы (па перабудове)
Фрагмент здымку М. Праскудзіна-Горскага (1912)

Касцёл — помнік архітэктуры позняга барока. Гэты была 2-вежавая 3-нефная базіліка з паўкруглай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Над асноўным аб'ёмам узвышаўся магутны 8-гранны светлавы барабан, які завяршаўся высокім ліхтаром[4]. 2-ярусны галоўны фасад завяршаў пластычна выгнуты франтон, па баках фасад фланкіравалі 2-ярусныя 8-гранныя вежы (па перабудове на сабор Маскоўскага патрыярхату набылі завяршэнні ў выглядзе купалоў-цыбулінаў з макаўкамі). Аналагічныя галоўнаму фігурныя франтоны завяршалі крылы трансепта. 2-і ярус галоўнага фасада, падзяляўся аркавымі аконнымі праёмамі ў пластычных ліштвах і крапаваўся пілястрамі. Перадапошні ярус вежаў — аркавыя прасветы-званы. Пад будынкам мелася скляпеністая крыпта[6].

Фасад П-падобнага двухпавярховага корпуса калегіума, што выходзіў на чырвоную лінію забудовы Саборнай плошчы, побач з касцёлам, крапаваў сіметрычны ўваходны аб'ём, які завяршаўся 3-яруснай вежай з гадзіннікам (у 1872 годзе пры капітальным рамонце гэту вежу цалкам разабралі). Будынак меў калідорнае планаванне. На 1-м паверсе размяшчаліся пакоі для вучняў, архіў, рэфектар з кухняй, на 2-м — келлі манахаў і цёплая капліца, у цокальным паверсе — гаспадарчыя службы. Памяшканні ўсіх паверхаў перакрываліся крыжовымі скляпеннямі, а залі рэфектара і капліцы над ім — люстэркавымі скляпеннямі з падугамі (найбольш распаўсюджаны тып скляпення перыяду барочнага класіцызму)[7].

Зноскі

  1. Іншыя варыянты імя святога: Юзаф, Язэп
  2. а б Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001. С. 167.
  3. а б в ЭнцВКЛ 2005.
  4. а б Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 171.
  5. Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001. С. 168.
  6. к // Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мінск: БелЭн, 2001. — 328 с. — ISBN 985-11-0190-7. С. 230.
  7. Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001. С. 167—168.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]