Перайсці да зместу

Плошча Перамогі (Віцебск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Плошча Перамогі
Віцебск
Фатаграфія
Агульная інфармацыя
Краіна Беларусь
Рэгіён Віцебская вобласць
Горад Віцебск
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Забудова паўднёвага боку плошчы

Плошча Перамогі — самая вялікая плошча ў Віцебска. Знаходзіцца побач з перакрыжаваннем Маскоўскага праспекта, вуліцы Леніна, праспекта Чарняхоўскага. Плошча — адзін з лепшых архітэктурна-мастацкіх ансамбляў горада.

Ансамбль плошчы сфарміраваўся ў 1970-я гады. Аўтары праекта забудовы — архітэктары А. Бельскі, В. Данілаў, З. Конаш, З. Озерава, А. Расейкін, А. Фрыдман, Ю. Шпіт, праекта планіроўкі і добраўпарадкавання — А. Данілава, З. Даўгяла, Р. Княжышча і інжынер-азеляніцель Л. Нячай[1]. Будаўніцтва плошчы праводзілася сіламі трэста № 9 з удзелам рабочых і супрацоўнікаў віцебскіх прадпрыемстваў, навучэнцаў, студэнтаў і школьнікаў.

Урачыстае адкрыццё адбылося 30 чэрвеня 1974 года — да святкавання 30-годдзя вызвалення Віцебшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 1000-годдзя Віцебска.

Плошча размешчана па перакрыжаванні 2 агульнагарадскіх транспартных магістралей — Маскоўскага праспекта і праспекта Чарняхоўскага[1]. Прамавугольная ў плане, з 3 бакоў абмежавана жылымі і грамадскімі будынкамі, падзелена перакрыжаваннем транснартных магістралей на 2 няроўныя часткі. Яе даўжыня — 380 м, шырыня 190 м, перыметр — 1140 м, а агульная плошча — 16,5 га.

Ад вуліцы Леніна фронт забудовы ўтвараюць пяціпавярховыя жылыя дамы, пабудаваныя ў 1950-я гады. На процілеглым баку — шасціпавярховыя жылыя дамы з гандлёвымі прадпрыемствамі па першаых паверхах, былы кінатэатр «Беларусь», грамадскія будынкі, шаснаццаціпавярховы жылы дом на рагу Маскоўскага праспекта і праспекта Чарняхоўскага. 3 боку Маскоўскага праспекта плошчу замыкае дзевяціпавярховы першы ў рэспубліцы каркасна-панельны дом. Процілеглы бок плошчы арыентаваны на р. Заходняя Дзвіна і зарэчную частку горада[1].

Кампазіцыйны цэнтр плошчы — мемарыяльны комплекс у гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны (архітэктар Ю. Шпіт, скульптары Б. Маркаў, Я. Печкін) у выглядзе трох трапецападобных пілонаў-абеліскаў вышынёй 56 м[1].

У аснову азелянення плошчы пакладзены ландшафтны прынцып, асноўнае месца адведзена зялёнаму газону з маляўнічымі групамі кустоў і невысокіх дрэў. Афармленне плошчы дапаўняецца «альпійскімі горкамі», групамі валуноў, дэкаратыўнай тэматычнай скульптурай і іншымі малымі архітэктурнымі формамі[1]. Плошча абсталявана спецыяльна распрацаванай сістэмай пражэктараў і ліхтароў, якія асвятляюць скульптурныя кампазіцыі, дарожкі і фантан. Па перыметры плошчы ўсталяваныя камеры відэаназірання.

У 2009 годзе пачата рэканструкцыя часткі плошчы. На месцы зоны адпачынку (сквера) пабудавана пляцоўка для правядзення масавых мерапрыемстваў з чатырма фантанамі.

Плошча Перамогі ў Віцебску. 2006 год.
  1. 1 2 3 4 5 А. А. Воінаў, М. М. Яніцкая. 75. Плошча Перамогі і мемарыяльны комплекс у гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. Мн.: БелСЭ, 1985.  Віцебская вобласць.  496 с., іл.