Перайсці да зместу

Дворышча (Хойніцкі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вёска
Дворышча
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Насельніцтва
  • 258 чал. (2021)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2346
Паштовыя індэксы
247620
Аўтамабільны код
3
СААТА
3254816011
Дворышча на карце Беларусі ±
Дворышча (Хойніцкі раён) (Беларусь)
Дворышча (Хойніцкі раён)
Дворышча (Хойніцкі раён) (Гомельская вобласць)
Дворышча (Хойніцкі раён)

Дво́рышча[1] (трансліт.: Dvoryšča, руск.: Дворище) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Судкоўскага сельсавета.

Вёска знаходзіцца за 6 км у напрамку на паўднёвы захад ад горада Хойнікі, за 109 км ад Гомеля[2], каля Кажушкаўскага канала.

Карона Каралеўства Польскага

[правіць | правіць зыходнік]
Герб «Бонча» роду Харлінскіх.

Упершыню паселішча згаданае ў судовым акце ад 30 сакавіка 1590 года. Гэта пратэст, заяўлены ў Кіеўскім гродскім судзе панам кіеўскім падкаморым Шчасным Харлінскім на адрас князя Аляксандра Вішнявецкага, старосты чаркаскага, і губернатара яго Брагінскага маёнтка Кірыяна Вайніловіча за насланне падданых брагінскіх на вёскі Дворышча і Стралічаў, да ключа Астраглядавіцкага прыналежныя, збіццё і калечанне людзей, забранне коней і быдла, пашкоджанне камораў, учыненне розных гвалтаў[3]. Ад гэтага часу і да рэформеннага ўжо ў Расійскай імперыі перыяду Дворышча належала тым самым дзедзічам, што і Астраглядавічы з Хойнікамі, г. зн. пасля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максіміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[4].

20 чэрвеня 1600 года Шчасны Харлінскі выдаў свайму сыну Мікалаю zapis wieczysty, 26 чэрвеня ў Люблінскім трыбунале прызнаны, на добры ў Кіеўскім ваяводстве Кароны Польскай: двор Астраглядавічы з прыналежнымі да яго «прыселкамі» — сёламі Астраглядавічы, Хойнікі, Дворышча, Храпкаў і яшчэ дзевяцю паселішчамі, а таксама на двор і частку з сямі пляцаў у Кіеве[5]. Пры размежаванні Кіеўскага ваяводства Каралеўства Польскага і Мазырскага павета Вялікага Княства Літоўскага ў снежні 1621 — студзені 1622 гадоў сёлы Дворышча, Храпкаў, Навасёлкі, мястэчка і вёску Хойнікі, сяло Вялікі Бор пана Мікалая Харлінскага паны камісары згодна запісалі прыналежнымі да ваяводства Кіеўскага[6].

У судовым дэкрэце ад 7 чэрвеня 1623 года ўдава Гальшка Харлінская абвінавачвала паноў Станіслава, Юрыя і астатніх Харлінскіх, родных братоў і сваякоў мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёскі Хойнікі, Дворышча, Храпкаў, Руднае, Стралічаў, Паселічы, Малішаў[A][7]. Згодна з тарыфам падымнага падатку, у 1628 годзе з 8 дымоў дымоў (×6 — каля 48 жыхароў) застаўных вёсак Дворышча і Навасёлкі пан Зыгмунт Копець мусіў плаціць па тры злотыя — усяго 24 зл.[8]. 8 ліпеня 1631 года запісам у актах Кіеўскага земскага суда[B] нарэшце засведчана пагадненне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, новаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых. Сярод паселішчаў у дакуменце названае і Дворышча[9]. У 1637 годзе М. Абрамовіч за плату ў 12 000 злотых перадаў фальварак і сяло Руднае ды сёлы Дворышча і Навасёлкі на тры гады ў карыстанне зямяніну Стэфану Воўку[10].

Герб «Святы Юрый» (Георгій Перамаганосец) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука.

Паводле люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1683 года, з дымоў[C] вёскі Дворышча Хойніцкай воласці князя Шуйскага выплачвалася 3 злотых[11]. На 1698 год, як вынікае з інвентара маёнтка Хойнікі, перададзенага князем Дамінікам Шуйскім, берасцейскім харунжым, у кіраванне пану Зыгмунту Шукшце, у Дворышчы было 12 двароў. 6 днём лютага 1711 года датаваная судовая скарга шляхцічаў Аляксандра і Базыля Нячай-Грузевічаў на князя Дамініка Шуйскага за жорсткае збіццё яго людзьмі падаўцаў скаргі і іх сялянаў пры наездзе і захопе ў пацярпелых вёсак Дворышча, Навасёлкі і Храпкаў[D][12]. У рэвізіі года 1716-га сказана, што з 28 двароў цяглых і 4 агароднікаў у Дворышчы за папярэднюю пасэсію скарбнік берасцейскі Станіслаў Шуйскі выбраў 205 злотых. 25 лютага 1719 года, як і пастанавіў раней Жытомірскі гродскі суд, адбылася часовая перадача вёскі Дворышча і фальварка пры сяле Храпкаў, прыналежных князю Д. Шуйскаму, але арандаваных валоскім біскупам Юзафатам Парышэвічам, спадчыннікам чарнігаўскага падкаморага Канстанціна Залескага[E][13]. Згодна з інвентаром 1721 года, калі абцяжараны даўгамі маёнтак ад пасэсара біскупа Юзафата Парышэвіча перайшоў дзедзічнаму ўладальніку князю Мікалаю Шуйскаму, харунжычу берасцейскаму, з 30 двароў вёскі Дворышча, акрамя дзякла, выплачвалася чыншу 132 злотых. Паншчыну адпрацоўвалі «iako na włokach» ад Вялікадня (Wielkiej Nocy) да св. Міхайлы па тры дні, ад Міхайлы да Вялікадня па два дні, гвалты адбывалі, грэблі масцілі, з падводамі ездзілі або грашыма адкупаліся, «быдла рагатага і нерагатага», птушку, як і збожжа ярыннага давалі. Ачковага плацілі па 4 з паловай грошы «dobrej monety» з кожнага вулею. Прозвішчы жыхароў: Якун (Якуненка), Пінчук, Іванчанка, Піліпенка, Белаш, Брыцько, Сцепаненка, Мікуленка, Мошанка (Мошчанка), Керус, Лобан, Дземідзенка, Сяменчанка, Лешчанка, Аўсянік, Ціток, Гладзенка, Сіроценка (Сіраценка)[14].

У тарыфе падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1734 года сказана, што вёска Дворышча ў складзе Хойніцкай воласці належала князю Ігнацыю Шуйскаму, харунжычу берасцейскаму[15]. Паводле звестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Дворышча было сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (з ліку шляхты і яе службы) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканата Кіеўскай дыяцэзіі[16]. У 1754 годзе з 47 двароў (×6 — прыкладна 282 жыхары) вёскі Дворышча Хойніцкага маёнтка «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачвалася 7 злотых і 9 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 29 злотых і 6 грошаў[17].

Згодна з перапісамі яўрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў, у Дворышчы пражывалі адпаведна 5, 5 і 3 чалавекі (głowy), плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Хойніцкага кагала[18].

Расійская імперыя

[правіць | правіць зыходнік]
Дворышча на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.
Герб уласны роду Прозараў.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Дворышча — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[19].

Згодна з рэвізіяй 1795 года, у Дворышчы налічвалася 83 двары, у якіх жылі 305 мужчын і 292 жанчыны з людзей прыгоннага стану. Вёска з дваром Юзафавым была аддадзена панамі Прозарамі ў трохгадовую арэнду братам Мацею, рэчыцкаму павятоваму ротмістру, і Феліксу, рэгенту, Ястржэмбскім за 1 500 чырвоных злотых, пачынаючы з 2 красавіка 1794 года[20].

У спісе рэкрутаў Мінскай губерні, якія загінулі або памерлі на вайсковай службе ў 1808—1815 гадах, знойдзеным у НГАБ гісторыкам Уладзімірам Лякіным, сярод тых, хто загінуў у Барадзінскай бітве 26 жніўня 1812 года, названы грэнадзёр Сібірскага палка Арцём Навумаў Мельнік з вёскі Дворышча, прыгонны абозных Прозараў[21].

Інвентар Юзафаўскага (Езапоўскага) маёнтка 1844 года засведчыў прыналежнасць Дворышча пану Юзафу, сыну Караля, Прозару[22]. У энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі» сказана, што на 1850 год у вёсцы было 80 двароў, 520 жыхароў. «Список населённых мест Минской губернии на 1857 год» паказвае прыналежнасць 522 жыхароў Дворышча да прыходу Загальскай Свята-Троіцкай царквы[23].

У парэформенны перыяд Дворышча — у Хойніцкай воласці. На пачатак 1870 года ў вёсцы налічвалася 264 гаспадары з сялян-уласнікаў, прыпісаных да Дварышчанскага сельскага таварыства[24]. У спісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павета) Мінскай епархіі на 1876 год вёска Дворышча пазначана ў прыходзе Свята-Пакроўскай царквы ў Хойніках[25]. Пра тое сказана і ў даведніку 1879 года[26]. У 1886 годзе ў вёсцы было 78 двароў, 620 жыхароў, працаваў конны млын[27].

Паводле перапісу 1897 года, у Дворышчы — 150 двароў, 918 жыхароў, школа граматы і хлебазапасны магазін. На 1909 год у вёсцы было 183 двары, 1088 жыхароў[28].

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Дворышча, аднак, у складзе Хойніцкай воласці апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[29].

Дворышча на карце генштаба РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле запіскі «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 снежня 1920 і на 15 красавіка 1921 года ў Дварышчанскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) было адпаведна 37 і 72 вучні[30].

Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Дворышча — цэнтр сельсавета ў Хойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет узбуйнены праз далучэнне тэрыторыі скасаванага Руднаўскага сельсавета. У 1930 годзе ў Дворышчы было 247 двароў, 1338 жыхароў, арганізаваныя калгасы «Свабода» і імя К. Я. Варашылава, працавалі дзве кузні, ваўначоска. З 20 лютага 1938 года вёска ў складзе Палескай вобласці. У гады Вялікай Айчыннай вайны на франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 173 жыхары.

З 8 студзеня 1954 года — у складзе Гомельскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года да Дварышчанскага сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Навасёлкаўскага сельсавета[31]. У 1954/1955 навучальным годзе працавала яшчэ сямігадовая школа; з 1955/1956 н. г. яна стала сярэдняй[32]. Паводле перапісу 1959 года, у вёсцы налічвалася 1700 жыхароў. У складзе саўгаса «Судкова» (цэнтр — вёска Судкоў). Дзейнічалі аддзяленне сельгастэхнікі, камбінат бытавога абслугоўвання, сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, крама.

У пачатку 1970-х гадоў у Дворышчы існавала царкоўная грамада «истинно-православных христиан» альбо «непоминающих» (катакомбнікаў), арганізаваная пазбаўленым сану святаром Іосіфам Рынкевічам. 31 мая 1973 года пад хатай мясцовай жыхаркі ўлады знайшлі падземную бетанаваную царкву з двума выхадамі: адзін праз пограб да каморы, другі — да калодзежа. Катакомбны храм быў багата ўпрыгожаны іконамі, меў бібліятэку ў 160 найменняў кніг рэлігійнага зместу, частка якіх была пазначана штампам Ленінградскага музея гісторыі рэлігіі і атэізма. Тамсама ў лёхах — немалы запас харчавання і богаслужэбнага віна. Рэлігійна абумоўленае непрыйманне савецкай улады царкоўнай грамадой вёскі Дворышча прывяло яе не адно да разрыву з Маскоўскай патрыярхіяй, але, напрыклад, і да прынцыповай адмовы ад кантактаў з установамі аховы здароўя[33].

28 лістапада 1991 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Тульгавіцкага сельсавета. 1 снежня 2009 года ў склад сельсавета перададзены 6 населеных пунктаў (Загалле, Загальская Слабада, Казялужжа, Клівы, Небытаў, Паташня) скасаванага Казялужскага сельсавета, а таксама вёскі Будаўнік і Езапоў, якія знаходзіліся ў раённым падпарадкаванні, вёска Храпкаў перададзена ў склад Барысаўшчынскага сельсавета, цэнтр сельсавета перанесены ў аграгарадок Судкова, сельсавет перайменаваны ў Судкоўскі[34].

  • 2021 год — 103 двары, 258 жыхароў[35]
  • 1997 год — 255 двароў, 491 жыхар[2].

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  1. Яшчэ названыя 15 паселішчаў, акрамя «іншых вёсак і прыселкаў».
  2. 22 жніўня 1631 г. тое зроблена і ў Жытомірскім гродскім судзе.
  3. У крыніцы ў адным месцы запісана, што ў Дворышчы было 5 дымоў, без указання сумы падатку; у іншым — 3 дымы з выплатай 3 злотых, г. зн. столькі, як выплачвалася з 18 дымоў вёскі Краснаселле. І колькі ж было дымоў у Дворышчы?..
  4. Напэўна, Грузевічы трымалі іх толькі з-за даўгоў Шуйскага, бо належалі яны да Хойніцкіх добраў.
  5. Зноў жа за даўгі.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. а б БелЭн 1998.
  3. Archiwum Główny Akt Dawnych. Archiwum Prozorów i Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 8
  4. Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12—18
  5. Źródła dziejowe (далей: ŹD). T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 60; AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 46 — 47
  6. ŹD. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX. Dział I-szy. — Warszawa, 1894. S. 96 — 97; Крикун Н. Г. Административно-территориальное устройство Правобережной Украины в XV—XVIII вв. — Киев, 1992. С. 142—145.
  7. ŹD. T. XXI. S. 637
  8. Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 397
  9. AGAD. ApiJ. Sygn. 1. S. 59
  10. Sumariusz Metryki Koronnej. Księga wpisów MK184 z Archiwum Głównego Akt Dawnych [Electronic resource] / Oprac. Janusz Dąbrowski. № 62 – Mode of access: [1]
  11. Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 488—489, 505
  12. Описи актовых книг Киевского центрального архива (далей: Описи). — № 28 / Сост. И. Каманин — Киев, 1883. С. 7
  13. Описи. — № 34 / Сост. А. И. Савенко — Киев, 1906. С. 6
  14. НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 119, 120, 123, 124, 124адв., 131, 140адв., 143адв.
  15. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 285
  16. Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  17. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. / Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 192
  18. Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
  19. Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  20. НГАБ. Ф. 333. Воп.9. Спр. 59. А. 246—260; Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 72
  21. В. Лякин. Наши земляки на Бородинском поле
  22. НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1481. А. 2 і наст.
  23. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 708
  24. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 69
  25. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458
  26. Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 140
  27. Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 113
  28. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 49
  29. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. С. 85
  30. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  31. Указ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Гомельской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
  32. Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы . Ф. 3. Воп. 1. Спр. 10. А. 2. Спр. 12
  33. Слесарев А. В. "Уста Христовы, судья живых и мертвых, протоиерей и доктор богословия..." Сектантско-раскольническая деятельность бывшего священника Иосифа Ринкевича (1925-2008) // Сектоведение. Альманах. Том III. – Жировичи: Издательство Минской Духовной Семинарии, 2013. С. 52 – 54
  34. Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 290 Об изменении административно-территориального устройства Хойникского района Гомельской области Архівавана 29 кастрычніка 2013.
  35. Інфармацыя аб насельніцтве Судкоўскага сельсавета на 01.01.2021 г. Архівавана 20 кастрычніка 2021.
  • Дво́рышча // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 80. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
  • Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Гомельская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2011. — С. 35. — 68 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-107-5. (руск.)
  • Ліст карты M-35-12. Выданне 1989 года. Стан мясцовасці на 1986 год. (руск.)