Вірусалогія ў Беларусі
Даследаванні па вірусалогіі на Беларусі вядуцца з 1920-30-х гадоў, калі пачаўся выраб і выкарыстанне імунных лячэбных сываратак, вакцын супраць воспы і шаленства.
Цэнтрам вірусалагічных даследаванняў стаў створаны ў 1924 годзе НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Міністэрства аховы здароўя.
Пасляваенныя гады
[правіць | правіць зыходнік]Пасляваенныя гады адзначаны дасягненнямі беларускіх вучоных у вывучэнні этыялогіі поліяміэліту, воспы, адру, шаленства, вірусных гепатытаў, грыпу, энтэра- і адэнавірусных інфекцый і інш.(В. Т. Андрэева, В. І. Вацякоў, А. В. Давыдаў, Л. І. Нікановіч, П. Р. Рыцік, Э. У. Фельдман і інш.).
Вірусалагічныя даследаванні інтэнсіўна развіваліся ў выніку стварэння масавай вытворчасці клетачных культур.
Вялікае значэнне мела імунізацыя насельніцтва супраць поліяміэліту жывой вакцынай, што стала асновай для пазбаўлення ад гэтай інфекцыі на Беларусі (Вацякоў, Фельдман).
З 1968 года распрацоўваецца новы кірунак — хіміятэрапія вірусных інфекцый. Створаны банк з 3 тыс. антывірусных злучэнняў, прапанаваны антывірусныя рэчывы для лячэння грыпу, герпесу, клешчавога і заходня-нільскага энцэфалітаў, шаленства (Андрэева, Я. І. Барэка, Вацякоў, Л. В. Каробчанка, Н. П. Мішаева, Г. В. Уладыка і інш.).
З 1970-х гадоў даследуюцца асабліва небяспечныя інфекцыі, ствараюцца дыягнастычныя і хіміятэрапеўтычныя прэпараты (І. С. Лукашэвіч, А. С. Пяткевіч, А. С. Уладыка і інш.). Дасягнуты поспехі ў вырашэнні праблемы павольных вірусных інфекцый. Упершыню ў свеце апісана новая хвароба — аміатрафічны лейкаспангіёз (Вацякоў, Н. Дз. Каламіец, І. І. Протас і інш.).
Прапанавана і эксперыментальна абгрунтавана гіпотэза аб вірусных інфекцыях як фактарах рызыкі атэрасклерозу чалавека, вывучаецца значэнне энтэравіруснай інфекцыі сэрца ў развіцці міякардытаў і кардыяміяпатый (Т. В. Амвросьева, Вацякоў).
Сучаснасць
[правіць | правіць зыходнік]На сучасным этапе фундаментальных даследаванняў, развіцця малекулярна-генетычных і біятэхналагічных работ распрацоўваюцца і ўкараняюцца ў практыку новыя высокатэхналагічныя метады кантролю за актуальнымі ў наш час віруснымі інфекцыямі (СНІД, герпес, вірусныя гепатыты, рота- і энтэравірусныя інфекцыі і інш.).
Распрацаваны эфектыўныя падыходы, метады і сродкі спецыфічнай дыягностыкі вірусных інфекцый, створана больш за 30 айчынных дыягнастычных прэпаратаў, наладжана іх эксперыментальная вытворчасць.
Практычнай медыцынскай вірусалогіяй займаюцца мінскі гарадскі і абласныя цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.18. Кн.2: Рэспубліка Беларусь/ Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — 760 с.: іл.