Арніталогія ў Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Арніталогія ў Беларусі

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першыя звесткі пра птушак Беларусі апублікаваны ў сярэдзіне-канцы XIX стагоддзя (К. Тызенгаўз, У. Тачаноўскі[ru]). У самастойную галіну навукі на Беларусі арніталогія вылучылася ў пачатку XX стагоддзя (У. М. Шнітнікаў)[1].

У 1920-я гады ў галіне арніталогіі працавалі А. У. Фядзюшын, А. Р. Штам, У. У. Станчынскі[ru], С. В. Кірыкаў[ru] і іншыя. Планамерныя даследаванні птушак вяліся ў БДУ, Інбелкульце, з 1930-х у Інстытуце біялагічных навук АН БССР. Галоўная навуковая ўстанова па арніталогіі на сучасным этапе — Інстытут заалогіі НАНБ[1].

У даваенныя и першыя пасляваенныя гады беларускія арнітолагі даследавалі фаўністычныя асаблівасці, склад птушыных папуляцый, характар пашырэння, шляхі фарміравання фаўны птушак, камплектавалі арніталагічныя калекцыі, вялі інвентарызацыю арнітафаўны. З 1950-х гадоў пераважае экалагічны кірунак даследаванняў. Праведзена шырокае біяцэналагічнае вывучэнне найбольш важных у гаспадарчых адносінах птушак — курыных, драпежных, галянастых, вадаплаўных; вывучаны біятапічнае размеркаванне, відавая разнастайнасць, эколага-фізіялагічныя асаблівасці, кармленне, феналогія размнажэння і іншыя пытанні біялогіі найбольш пашыраных відаў (М. С. Долбік, Б. З. Галадушка, А. П. Крапіўны, Я. Е. Падутаў, У. М. Дучыц, Ю. А. Вязовіч, В. Б. Вадкоўскі, А. М. Дарафееў, Л. П. Шкляроў). Звесткі аб птушках Беларусі абагульнены ў працах А. У. Фядзюшына, М. С. Долбіка, Ф. Н. Вароніна[1].

У 1961-62 упершыню праведзены эксперыментальныя даследаванні птушак у палявых умовах, вывучэнне асенніх міграцый птушак па міжнароднай праграме (М. С. Долбік)[1].

З 1974 пачалося вывучэнне арніталагічных комплексаў і відаў у залежнасці ад геаграфічнага стану асяроддзя. Распрацоўваліся і прапагандаваліся метады і спосабы рацыянальнага выкарыстання птушак і іх аховы ва ўмовах Беларусі (Інстытут заалогіі АН БССР, запаведнікі, Віцебскі педагагічны інстытут і іншыя ВНУ, секцыя аховы дзікіх птушак Беларускага таварыства аховы прыроды і іншыя). Даследаванні па арніталогіі каардынаваў Навуковы савет па праблеме «Біялагічныя асновы асваення, рэканструкцыі і аховы жывёльнага свету» АН БССР[1].

Зноскі

  1. а б в г д Долбік М. С. Арніталогія // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.. — С. 119.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]