Акаралогія ў Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Акаралагічныя даследаванні на Беларусі вядуцца з 1920-х гадоў[1].

Вывучаліся пераважна відавы склад, геаграфічнае пашырэнне іксодавых кляшчоў (Ixodidae) і іх удзел у перадачы ўзбуджальнікаў хвароб чалавека і свойскай жывёлы (М. М. Судзілоўскі, І. В. Шчарбінін, В. Л. Якімаў  (руск.), К. Ф. Расцягаева, А. В. Беліцэр і іншыя). У пасляваенны час даследаваны экалогія, гаспадары, цыклы развіцця, біятопнае і геаграфічнае пашырэнне іксодавых кляшчоў, іх роля ў пашырэнні кляшчовага энцэфаліту, тулярэміі і гемаспарыдыёзаў (В. Ф. Гусеў, І. Ц. Арзамасаў, Б. П. Савіцкі, В. І. Вацякоў, І. М. Воінаў і іншыя). З 195-х гадоў вывучаюцца іншыя групы кляшчоў[1].

Цэнтры навуковых даследаванняў па акаралогіі — Інстытут заалогіі НАН Беларусі, беларускія навукова-даследчыя інстытуты эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, эксперыментальнай ветэрынарыі, аховы раслін, земляробства, лясной гаспадаркі, Віцебская ветэрынарная акадэмія, БДСГА[1].

Кірункі даследаванняў[правіць | правіць зыходнік]

Галоўны кірунак даследаванняў — вывучэнне біялогіі кляшчоў і іх ролі ў фарміраванні эпідэміялагічных і энізаоталагічных сітуацый. Апрача іксодавых даследуюцца гамазавыя, чырванацельцавыя, панцырныя і акароідныя кляшчы — паразіты дробных млекакормячых, птушак і насельнікі іх гнёздаў (І. Ц. Арзамасаў, Н. П. Мішаева, І. В. Чыкілеўская, А. С. Гембіцкі і іншыя). Сабраны звесткі аб панцырных кляшчах (Oribatida) глебы (А. А. Маскачова, З. І. Рубцова), пер’евых, валасяных, кароставых кляшчах. Вывучаюцца раслінаедныя кляшчы (Л. Ц. Крушаў, Н. П. Манько, В. І. Сідлярэвіч, Л. І. Трапашка і іншыя)[1].

Значэнне даследаванняў[правіць | правіць зыходнік]

Па выніках даследаванняў дадзены характарыстыкі кляшчовай сітуацыі ў ачагах энцэфаліту і тулярэміі, якасных і колькасных змен акарафаўны пад уплывам меліярацыі балот, распрацаваны доўгатэрміновыя прагнозы дынамікі колькасці кляшчоў у залежнасці ад гаспадароў і фактараў вонкавага асяроддзя. Апісаны кляшчы насякомаедных, рукакрылых, грызуноў, птушак, буйной рагатай жывёлы. Праведзены аўтаэкалагіныя даследаванні па біялогіі найбольш важных відаў кляшчоў — пераносчыкаў узбуджальнікаў хвароб жывёл і чалавека. Вывучаюцца асаблівасці змен акаракомплексаў у залежнасці ад ландшафтнага размеркавання з мэтай прагназіравання асчагоў масавага размнажэння кляшчоў у асноўных лесараслінных зонах Беларусі. Даследуецца роля кляшчоў — паразітаў птушак у пераносе арбавірусаў на далёкія адлегласці. У імуналагічным аспекце на прыкладзе цеплакроўных жывёл і іксодавых кляшчоў даследуюцца праблемы ўзаемаадносін паміж паразітамі і іх гаспадарамі[1].

Зноскі

  1. а б в г д Арзамасаў І. Ц. Акаралогія // // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.. — С. 55-56

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]