Генетыка ў Беларусі
На Беларусі першыя селекцыйна-генетычныя даследаванні праводзіў у 2-й палове 19 стагоддзя ў Горы-Горацкім земляробчым інстытуце М. В. Рытаў. Развіццё генетыкі звязана з імёнамі вучоных А. Р. Жэбрака, А. М. Іпацьева, М. В. Турбіна, П. Ф. Ракіцкага, Л. У. Хатылёвай, У. К. Саўчанкі, Г. М. Палілавай, А. У. Канстанцінава, У. Я. Борматава, Г. І. Лазюка, Г. В. Краскоўскага і інш.
Даследаванні вядуцца ў Інстытуце генетыкі і цыталогіі НАН РБ, БДУ, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў Міністэрства аховы здароўя, навукова-даследчых інстытутах земляробства і кармоў, жывёлагадоўлі, Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, медыцынскіх інстытутах і інш.
Вывучаюцца генетычныя прынцыпы селекцыі раслін на гетэрозіс, механізмы фарміравання цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці, тэарэтычныя асновы генетыкі паліплоідных папуляцый. Распрацоўваюцца генетычныя асновы селекцыі раслін, жывёл і мікраарганізмаў, метады павышэння прадукцыйнасці культурных раслін і сельскагаспадарчых жывёл, пытанні малекулярнай генетыкі і біятэхналогіі, папуляцыйнай генетыкі, імунагенетыкі, генетыкі чалавека, пухліннага росту, лячэння спадчынных хвароб. Вывучаюцца генетычныя вынікі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).