Гальшанская мова

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гальшанская мова
Саманазва halšanski jazyk
Краіны Літва
Рэгіёны Паўднёва-ўсходняя Літва
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Славянская галіна
Усходнеславянская група
Беларуская мова
Моўныя коды
ISO 639-1
ISO 639-2
ISO 639-3

Гальша́нская мова (эльшанская мова, гальшанская мікрамова; саманазва: halšanski jazyk, elšanski jazyk, часам kul’n’adzka gavenda) — праект літаратурнай мовы на аснове беларускіх гаворак Літвы, які ўзнік у канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў[1]. Створаная групай энтузіястаў, якія аб’ядналіся ў «Таварыства славянамоўных літоўцаў», што прапагандавала таксама віцкую і дзукійскую мову на базе мясцовых польскіх і літоўскіх гаворак[2]. Функцыянаванне гальшанскай мовы абмежавалася выданнем некалькіх публіцыстычных артыкулаў. У 1992 годзе яе выкарыстанне спынілася. У аснове пісьменнасці ляжала лацінская графіка славацкага тыпу[3].

Паводле тэрміналогіі А. Д. Дулічэнкі, гальшанская з’яўляецца так званай славянскай мікрамовай, або малой славянскай літаратурнай мовай[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вобласць рассялення беларусаў у наваколлях Вільні на этнаграфічнай карце
Я. Ф. Карскага (1903)

Беларусы з’яўляюцца адной з асноўных нацыянальных меншасцей Літвы, трэцяй па колькасці пасля палякаў і рускіх. Галоўным чынам беларускамоўнае насельніцтва Літвы гістарычна сканцэнтравана ў паўднёва-ўсходніх раёнах краіны — у наш час беларусы насяляюць Шальчынінкайскі раён, паўднёвую частку Вільнюскага раёна, усходнюю частку Тракайскага раёна і Швянчонскі раён Вільнюскага павета на мяжы Літвы і Беларусі. Паводле перапісу 1989 года, у Літве жыло каля 63 000 беларусаў[4], у 2001 годзе колькасць беларусаў была 42 866 чалавек[5].

Першыя спробы стварэння публіцыстыкі, літаратурных твораў і іншых пісьмовых тэкстаў на беларускай мове адзначаюцца ў Літве (а таксама і ў суседняй Латвіі) галоўным чынам у 1920-я і 1930-я гады. Літоўскія і латышскія беларусы выкарыстоўвалі пры гэтым як кірыліцу, так і лацінку, і арыентаваліся перш за ўсё на стандартную беларускую мову. Нягледзячы на імкненне прытрымлівацца нормаў літаратурнай мовы, у тэксце апублікаванага ў 1930-х гадах у Вільнюсе «Беларускага народнага календара», а таксама ў тэкстах шэрагу іншых выданняў, прасочваліся рысы мясцовых беларускіх гаворак. Пасля Другой сусветнай вайны выкарыстанне пісьменнасці на аснове мясцовых гаворак спынілася аж да канца 1980-х гадоў — да з’яўлення праекта так званай гальшанскай мовы[4].

Ідэя стварэння гальшанскай літаратурнай мовы стала следствам уздыму нацыянальнага руху ў рэспубліках СССР, які ўзнік у эпоху перабудовы, усплёску цікавасці да рэгіянальных моў і нацыянальнай гісторыі, якія наклаліся на складаную этнамоўную сітуацыю ў паўднёва-ўсходняй Літве, распаўсюджанасці тут мясцовых літоўскіх, беларускіх і польскіх гаворак, а таксама рускай мовы (адлюстраваннем этнамоўнай нявызначанасці ў гэтым рэгіёне было, у прыватнасці, існаванне ў літоўскіх беларусаў такой назвы для сваіх гаворак, як простая мова). У канцы 1980-х гадоў моўная сітуацыя ў Літве змяняецца — значна ўзрастае роля літоўскай мовы і памяншаецца значэнне рускай мовы для этнічных літоўцаў. Пытанні роднай мовы сталі актуальнымі і для беларускай і польскай нацыянальных меншасцей у Літве. У гэты перыяд сярод часткі палякаў і беларусаў узнікае грамадскі рух, мэтай якога стала вяртанне да мясцовай культуры і дыялектаў. Вядучую ролю ў гэтым руху адыграла заснаванае ў Каўнасе «Таварыства славянамоўных літоўцаў» (Tuvažystvo slaviansku janzyčnych litvinuv). Ідэалагічнай асновай гэтага таварыства стала сцвярджэнне, што славянскае насельніцтва паўднёва-ўсходняй Літвы з’яўляецца паводле паходжання літоўскім, якое падвергліся з XIV стагоддзя асіміляцыі славянамі. Узначаліў таварыства Э. Б. Саткявічус. Найважнейшай задачай нацыянальнага руху «славянамоўных літоўцаў» стала фарміраванне і прапаганда літаратурных моў на базе мясцовых гаворак: на польскай аснове, ці на аснове так званай простай польскай — віцкая мова (vičski janzyk, vičska gavenda), на беларускай аснове, ці на аснове «простай мовы» — так званая гальшанская мова (halšanski jazyk, elšanski jazyk, kul’n’adzka gavenda), на аснове мясцовых літоўскіх гаворак планавалася стварыць дзукійскую літаратурную мову. Рух «славянамоўных літоўцаў» не быў масавым — ён ахопліваў параўнальна невялікую колькасць паслядоўнікаў і прыхільнікаў, не высоўваў палітычных патрабаванняў, праіснаваў адносна кароткі час і таму не атрымаў шырокай вядомасці[3].

Першымі друкаванымі тэкстамі на гальшанскай і віцкай мовах сталі артыкулы, апублікаваныя «Таварыствам славянамоўных літоўцаў» у пачатку 1990-х гадоў: «Fschodnia Litva» («Усходняя Літва») і «Naš upiakuniac» («Наш абаронца»). Затым рушыла ўслед публікацыя рознага роду дакументаў прапагандысцкай скіраванасці. З’яўленне новых літаратурных моў асвятлялася як у літоўскай, так і беларускай прэсе. У прыватнасці, артыкулы па гэтым пытанні друкавалі ў вільнюскай газеце Czerwony Sztandar, якая выдавалася на польскай мове, і ў беларускай газеце «Чырвоная змена» (май 1991 года). Першапачатковая адсутнасць масавасці руху «славянамоўных літоўцаў» прывяла да таго, што ўжо ў 1992 годзе гальшанская мова практычна перастала выкарыстоўвацца, хоць зрэдку на ёй выдаюцца ці перавыдаюцца кнігі Э. Б. Саткявічуса, напрыклад, адзін з раздзелаў яго кнігі «Гальскія мовы» 1999 года напісаны на гальшанскай[6].

Алфавіт[правіць | правіць зыходнік]

Алфавіт гальшанскай мовы складаецца з 29 літар[6]:

A a B b C c Č č D d E e F f G g H h Ch ch
I i J j Y y K k L l Ł ł M m N n O o P p
R r S s Š š T t U u ŭ V v Z z Ž ž

Першапачаткова выкарыстоўвалася лацінка з выкарыстаннем славацкіх і польскіх графем (č, ž, š, ł), для пазначэння мяккасці зычных выкарыстоўваўся або апостраф (як у славацкай мове) — v’alikaj, або літара i перад зычным (як у польскай мове) — vialikaj. Пазней быў здзейснены пераход на славацкую мадэль: замест літар L l сталі ўжываць L’ l’, замест Ł ł — L l, мяккасць зычных сталі пазначаць толькі апострафам (l’, b’, n’, d’, s’, t’ і т.п.) Губна-губная фанема замест графемы ŭ стала пазначацца як ȗ. Характэрнай асаблівасцю тэкстаў на гальшанскай у пачатку 1990-х гадоў была непаслядоўнасць у выкарыстанні тых або іншых графем[6].

Прыклад тэксту[правіць | правіць зыходнік]

— Фрагмент тэксту з артыкула «Fschodnia Litva»:

Halšanski jazyk — asabisty jazyk, choc’ jon maje podobenstva z biłaruskim, dzukskim, vičskim, trocha słou moža polskich. Halšanski jazyk pa fanetike i hramatyke padobny jazyku pradziedoŭ halšancoŭ — dzukskamu jazyku. Hety jazyk jest bahactva dlia baltoŭ i słavoŭ. Liudzi usej Litvy i Biłarusi pavinny baranic’ hety jazyk. Halšanski jazyk nie chatni jazyk; hety jazyk literaturnyj jazyk vekovaj tradiciji i treba kap halšancy havarili i pisali na hetym jazyku; Hetat listok at 2 s’erpn’a 1998 hoda astavic’ na dolhuju pam’ac’, kab vnuki mahli pačitac’, jak havaric’, čitac’ i pisac’ pa prostamu.

— 1990 (артыкул перавыданы ў 1999 годзе)[6][7]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Дуличенко А. Д. Малые славянские литературные языки. III. Восточнославянские малые литературные языки // Языки мира. Славянские языки. — М.: Academia, 2005. — С. 610. — ISBN 5-87444-216-2.
  2. Duličenko, Aleksandr D.. Slawische Sprachen. Vičsch (ням.)(недаступная спасылка) S. 559—560. Alpen-Adria-Universität Klagenfurt. Enzyklopädie des europäischen Ostens[de] (24 красавіка 2001). Архівавана з першакрыніцы 23 лістапада 2015. (Праверана 1 чэрвеня 2015)
  3. а б Duličenko, Aleksandr D.. Slawische Sprachen. Halschanisch (ням.)(недаступная спасылка) S. 253—254. Alpen-Adria-Universität Klagenfurt. Enzyklopädie des europäischen Ostens[de] (24 красавіка 2001). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. (Праверана 1 чэрвеня 2015)
  4. а б Duličenko, Aleksandr D.. Slawische Sprachen. Halschanisch (ням.)(недаступная спасылка) S. 253. Alpen-Adria-Universität Klagenfurt. Enzyklopädie des europäischen Ostens[de] (24 красавіка 2001). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. (Праверана 1 чэрвеня 2015)
  5. Demografijos metraštis. Demographic Yearbook 2001 (англ.) P. 15. Vilnius: Statistics Lithuania. Official Statistiks Portal (24 красавіка 2002). (Праверана 1 чэрвеня 2015)
  6. а б в г Duličenko, Aleksandr D.. Slawische Sprachen. Halschanisch (ням.)(недаступная спасылка) S. 254. Alpen-Adria-Universität Klagenfurt. Enzyklopädie des europäischen Ostens[de] (24 красавіка 2001). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. (Праверана 1 чэрвеня 2015)
  7. Саткявичюс Э. Б. Гальские языки. — Каунас, 1999. — С. 51. — 48—51 с.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  1. Duličenko A. D. Kleinschriftsprachen in der slawischen Sprachenwelt(ням.) // Zeitschrift für Slawistik 39/4 : журнал. — Dresden: Walter de Gruyter, 1994. — S. 560—567.
  2. Satkevičius E. B. Fschodnia Litva. — Kaunas, 1990.
  3. Дуличенко А. Д. Феномен литературных микроязыков в современном славянском языковом мире // Bibliotheca Slavica Savariensis : журнал. — Szombathely: Szombathely, 1994. — № 2. — С. 76—84. — ISSN 1218-2680.
  4. Дуличенко А. Д. Вичский и гал(ь)шанский: два новых славянских литературных микроязыка в Литве? (С образцами текстов) // Языки малые и большие…In memoriam acad. Nikita I. Tolstoi. — Tartu: 1998. — С. 165—173.
  5. Дуличенко А. Д. Славянские литературные микроязыки: образцы текстов // Slavica Tartuensia : журнал. — Тарту: Tartu Riiklik Ülikool, 2004.
  6. Савіч М. Беларускія гаворкі Віленщіны: гісторыя i сучаснасць // Спадчына : журнал. — Мінск: Рэдакцыя часопіса «Спадчына», 1994. — № 6. — С. 105—109. — ISSN 0236-1019.