Егермайстар

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Егермайстар
Выява лагатыпа
Тып таварны знак, брэнд і Лікёр
Мацунак 35 % (V/V)
Вытворца Mast-Jägermeister SE[d]
Паходжанне
Год 1935
Сайт jagermeister.com
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Егермайстар (ням.: Jägermeister) — папулярны моцны нямецкі лікёр, настоены на зёлках. З катэгорыі бітараў. Напой вытрымліваюць 12 месяцаў, шэсць з якіх — у дубовых бочках, а пэўны склад трымаюць пад сакрэтам. На этыкетцы бутэлькі з лікёрам выяўлены алень з крыжам паміж рог, які паводле легенды явіўся святому Губерту — заступніку паляўнічых.

Егермайстар п’юць ахалоджаным і без дамешкаў, малымі кілішкамі, як дыжэстыў, і ў складзе кактэйляў. Напой з 1934 года вырабляе кампанія Mast-Jägermeister AG, размешчаная ў Вольфенбютэлі (Ніжняя Саксонія, Германія). Рэцэпт лікёру распрацавалі як лекавы сродак для паляпшэння стрававання і іншага.

Выраб[правіць | правіць зыходнік]

Рэцэпт распрацаваны ў 1934 годзе. Выпушчаны на нямецкі рынак у 1935 годзе. Напой вырабляюць і разліваюць па бутэльках у Вольфенбютэлі. У сумесь 56 складнікаў дадаюць спірт, цукар і ваду. Вытрымліваюць на працягу года.

Вядомыя складнікі — аніс, лаванда, корань імбіру, зялёны чай, корань ірыса, шафран, каляндра, жэньшэнь, мята, леманграс, чабор, рамонак, цэдра цытрыны, цэдра апельсіна, цынамон.

Станам на 2024 год Егермайстар экспартуюць у больш за 130 краін свету.

Найменне[правіць | правіць зыходнік]

Егермайстар (Jägermeister) — урад, вядомы ў Германіі некалькі стагоддзяў[1]. Таксама ў 1934 годзе пасада егермайстра ўведзена ў Германіі «Законам Рэйха пра паляванне», як службовая асоба адказная за кантроль лясной і паляўнічай гаспадаркі. То-бок калі лікёр з’явіўся на рынку, назва была ўжо вядомай і зразумелай.

Курт Маст, стваральнік рэцэпту травянога лікёру Jägermeister і ўладальнік кампаніі, сам быў апантаным паляўнічым. Тым часам, Герман Герынг з ліпеня 1934 года быў рэйхсегермайстрам, якому падпарадкоўваліся ўсе дзяржаўныя, акруговыя і раённыя паляўнічыя, таму лікёр часам называлі «шнапс Герынга»[2].

Нашчадкі Курта Маста не агалошваюць абставіны надання назвы. Былы дырэктар Гюнтэр Маст, пляменнік Курта, казаў наступнае:

«Не можа быць сумневу, што мой дзядзька Курт Маст — адзін з тых людзей, якія ўмелі дамовіцца з нацыстамі, не будучы самімі нацыянал-сацыялістам. […] Абсалютна пэўна, што мой дзядзька падтрымліваў кантакты з прэм’ер-міністрам Клагесам. Гэта было ў межах яго дамоўленасці з тагачаснай кіруючай партыяй, якая, безумоўна, заслугоўвае крытыкі. Таксама праўда, што мой дзядзька падтрымліваў цесныя сувязі з групенфюрарам Хіксам пасля вайны. Гэта таксама грунтавалася на яго намаганнях дасягнуць згоды з адпаведнымі кіруючымі асобамі. Кожны, хто мае вельмі высакародныя думкі, будзе справядліва крытыкаваць гэта.»

Лагатып прадукту і кампаніі[правіць | правіць зыходнік]

Мініяцюра візіі святому Губерту аленя з крыжам паміж рог.

Асноўныя элементы дызайну дайшлі да цяперашняга часу амаль нязменнымі з 1935 года.

Этыкетка аблямавана вершам з паэмы Weidmannsheil («Удалага палявання») нямецкага пісьменніка і ляснічага Оскара фон Рызенталя, у якім ён заклікае да адказнага стаўлення да палявання:

" Das ist des Jägers Ehrenschild, daß er beschützt und hegt sein Wild, weidmännisch jagt, wie sich’s gehört, den Schöpfer im Geschöpfe ehrt

(Справа гонару паляўнічага - паважліва і клапатліва ставіцца да дзічыны, паляваць, як і належыць, шануючы Творцу ва ўсякай жывой істоце)

"

Таксама на этыкетцы выяўлены алень, паміж рог якога размешчаны хрысціянскі крыж. Такі алень, паводле легенды, явіўся графу Губерту Льежскаму, які пасля гэтага прыняў хрысціянства і ахвяраваў усю сваю маёмасць царкве. Пасмяротна ён быў прызнаны святым і стаў апекуном паляўнічых.

Дызайн цёмна-зялёнай бутэлькі быў распрацаваны самім Куртам Мастам. Трывалае шкло і форма дазвалялі ўзяць бутэльку лікёру на паляванне і не баяцца за яе. Трываласць Курт тэставаў на сваёй кухні, кідаючы бутэлькі розных формаў на дубовую падлогу, пакуль не была знойдзена самая моцная. Шкло цёмна-зялёнага колеру забяспечвае ўстойлівасць напою ад сонечных прамянёў.

Кактэйлі[правіць | правіць зыходнік]

  • Ягербомба (англ.: Jagerbomb) — келішак Егермайстра, даданая ў шклянку энергетычнага напою.
  • Кіслотны сёрфер (англ.: Surfer on Acid) — гатуецца з роўных частак Егермайстра, лікёру Малібу і ананасавага соку.
  • Чатыры вершнікі апакаліпсісу (англ.: The Four Horsemen of the Apocalypse) — шот з роўных частак Егермайстра, Румпла Мінцэ, Гольдшлегера і Бакардзі 151.[3]
  • Зорная ноч (англ.: Starry Night) — шот з 2⁄3 Егермайстра і 1⁄3 Гольдшлегера.
  • Рудая лахудра (англ.: Redhead slut) — кактэйль з Егермайстра, персікавага шнапсу і журавінавага соку.
  1. www.mast-jaegermeister.de → Unternehmen → Hubertussage(нявызн.). Mast Jägermeister SE. Праверана 16 лютага 2024.
  2. Bärbel Landefeld-Becker Mein zweiter Geburtstag am 17. Januar 1992. Ein Erfahrungsbericht // Und der Tod wird nicht mehr sein .... — Heidelberg: Steinkopff, 1997. — С. 111–116. — ISBN 978-3-7985-1088-3.
  3. Four Horsemen of the Apocalypse drink recipe (англ.). Drinknation.com. Праверана 16 лютага 2024.